Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Гуляем у "Сірано" (1985 г., Літаратура і мастацтва)

Гуляем у "Сірано" (1985 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГУЛЯЕМ У "СІРАНО"

Тое, што спярша і само сабой легла на паперу, – накшталт прыпавесці. Пра маленькі надзіманы шар, якому хутчэй за ўсё быў наканаваны банальны лёс дзіцячай цацкі. Ён мог трапіць і ў дарослыя рукі, і тады шарык пранеслі б у калоне святочнай дэманстрацыі або прычапілі б да машыны ў "шлюбным" картэжы... Ды гэты шарык воляю лёсу апынуўся ў музычным тэатры. Тут яму пашылі сукенку ў лёгкіх аборачках, з белай тонкай матэрыі. Разам з дзесяткам яго разнакаляровых братоў, цяпер аднолькава туга надзьмутых і аднолькава апранутых, шарык ператварыўся ў рэквізіт.

Пачнецца спектакль – і ён уключаны ў ігру, нібыта акцёр. Пераўвасабляецца то ва ўяўную булачку, то ў салодкі крэм, то ў галоўку сыру, то ў рыбіну, то ў нешта зусім неканкрэтнае, сімвалічнае, поўнае высокага малазразумелага сэнсу... Неспакойна шарыкам на сцэне: перакідваюцца імі людзі; іх калыша скразняком, пагойдвае хваля музыкі.

Аднойчы ў час дзеі шарык знянацку лопнуў і абмяк. Ці занадта быў надзьмуты, ці прыткнуўся да чагосьці вострага. Праўда, гэта быў зусім не той, не знаёмы нам шарык... Другім разам скразняк зацягнуў шар у аркестравую яму. Дырыжор перасмыкнуў плячамі – і вось ужо цётка з партэра адкінула непрыкаяны шарык далей у публіку. Што з ім сталася потым?..

Байкі байкамі, а надзіманыя шары ў спектаклі "Сірано" і сапраўды "на відных ролях". Тады нават, калі гэтаму цяжка прыдумаць мастацкае апраўданне.

Пачынаць размову пра спектакль музычны (ды яшчэ ў аснове якога класічная літаратура) з дэталей афармлення – дзіўна, праўда? Але ж гаворка нязмушаная заўжды з таго і пачынаецца, што "зачапіла" цябе найперш. Новую пастаноўку тэатра я чамусьці і сустракала, і праводзіла "па адзёжцы" (мастакі У. Жданаў, В. Жалонкіна).

Суперзаслона: у цэнтры шарападобная бялявая галоўка дзьмухаўца: пры асаблівым асвятленні прарысоўваецца і кайма – сілуэты стрэльчатых лістоў, травінак, суквеццяў. Заднік нагадвае шчыльны травяны зараснік. На мяккіх дэкарацыях – прыкметы расліннага свету: краскі, пярэстакрылыя мятлікі. Расліннымі гірляндамі спавітыя драўляныя станкі – універсальная, дзякуючы перастаноўкам, "мэбля". У спектаклі абыгрываюцца ці не сеткі-накамарнікі. Лёгкія надзіманыя шары, апранутыя ў далікатныя чахольчыкі, можна параўнаць з галоўкамі дзьмухаўца. Юны гасконец, што дапамагае пагаліцца Крысціяну, трымае ў руках не місачку з мыльнаю вадою і пэндзлік, а сучасную дзіцячую забаўку "Вясёлкавыя шары" і раз-пораз выдзімае цэлы рой рознакаляровых пузыроў. 3амест плашчоў гасконцы носяць за спіною стракатыя накшталт крылцаў. Белакрылым начным матылём з'яўляецца ў вайсковым лагеры Раксана. Лязо мушкецёрскай шпагі нагадвае не то скрыпічны смык, не то камарынае джальца...

Здаецца, кожная дробязь афармлення акцэнтуе тваю ўвагу на паняццях "ігра", "гульня", "фантазія". I ў сцэнаграфіі ўжо вычытваеш знакі эфемернага свету матылёў і стракоз, пустых надзьмутых шарыкаў і мыльных пузыроў. Падзеі камедыі перанесены ў мікрасвет кузурак?! Задумана паказаць пачатак і развіццё дзеяння ў свеце насякомых, як бы праз старонняе і своеасаблівае ўспрыманне наваколля паэтам дэ Бержэракам, – чаму б і не? Цікава, небанальна. Шкада, не стасуецца з такою задумкай аблічча самога паэта. Ён жа зусім прыпадабняецца да гэтага свету дробных істот: і ў яго за спіной стракатыя крылцы, і клінок у яго несапраўдны. Прырода заўсёды пазначае паэтаў "лица необщим выраженьем". А ў I дзеі – тлумнай, мітуслівай – постаць Сірано не тое што зліваецца з ненавісным яму натоўпам, а часам губляецца сярод шматлікіх дзейных асоб. І вылучаецца хіба што "адмоўнай адметнасцю" твару – даволі грубаватай нашлёпкай на носе. Ні смешна, ні страшна, ні горка, ні пікантна...

Ізноў пра надзіманыя шары. Яны зусім арганічна абыгрываюцца як лёгкія ласункі ў кандытарскай Рагно. Не бянтэжыць, калі ў дуэтах закаханыя героі гуляюць шарыкам. Цярпліва слухаеш, як колішнія "эклеры" Рагно ператвараюцца ў смажанага гусака і да т. п. – абед, што прывозіць гасконцам Раксана ў II дзеі. (З дзеямі баюся наблытаць: спектакль удасканальваецца, і мне давялося бачыць яго варыянты – з двума антрактамі і з адным). У фінале, калі сцэна амаль цалкам "апранута" ў чорнае, калі надоўга змаўкаюць аркестр і спевы, калі героі ў строгіх жалобных уборах падаюцца звычайнымі стомленымі людзьмі на сконе дня і ў іх маруднай гаворцы чуецца меладраматычная нота, аднекуль зверху падае вясёлы шарык. Гэта выглядае выпадковасцю, накладкай. Ды праз нейкі час другі шарык ляціць на сцэну. Потым яшчэ, яшчэ... І недарэчна ажыўляецца зала, і нехта з суседзяў пасміхаецца шэптам: "Бач, рагу паляцела..." Эфектная ды шматзначная метафара аказалася "самазнішчальнай".

Спектакль "Сірано" пазначаны ў праграмцы як музычная фантазія С. Пажлакова на лібрэта В. Сумарокава па матывах вядомай камедыі Э. Растана. Апошнім часам нямала пішуць пра эксперымент па асваенні літаратурных крыніц жанрам музычнай камедыі – як пра плённы напрамак развіцця мастацтва. I "ЛіМ" пісаў ужо, што ў творчым жыцці Дзяржаўнага тэатра музкамедыі БССР гэты напрамак сёння даволі выразны. На яго сцэне – героі Гамера, Б. Шоу, М. Шолахава, Я. Купалы, В. Вольскага, А. Макаёнка. У летапісе тэатра і зварот да твора А. Грыбаедава. Помніце, зрэжысіраваная як змрочны трагіфарс музкамедыя "Гора ад розуму" выклікала агонь на сябе? Ды той "агонь" з боку артадаксальных крытыкаў не знішчыў плён эксперыменту – плён работы акцёраў музычнага тэатра з рэжысёрам драмы над ёмістымі мастацкімі вобразамі.

На мінскую сцэну выйшаў і герой Мапасана. Гэта жывучы "Мілы друг" Дзюруа, які быў "нідзе", а стаў "паўсюль", бо спрыяльную для сябе глебу такія, як ён, знаходзяць і сёння.

Добрая літаратурная аснова неабходная сучаснаму акцёру, які імкнецца да мастацкага сінтэзу музыкі і драмы. Ды ў якой меры спрыяе гэтаму наяўны рэпертуар? Кампазітары, лібрэтысты, паэты прапануюць свае версіі літаратуртнай класікі ў адным-адзіным варыянце, часам спрэчным па мастацкіх вартасцях. Дырыжоры ж, рэжысёры, артысты хочуць эксперыментаваць – а выбар абмежаваны... Ды ў дадзеным жа выпадку была магчымасць выбраць. Сірано дэ Бержэраку прысвечана і музычная камедыя К. Караева "Неистовый гасконец". Спецыялісты аддаюць перавагу менавіта гэтаму варыянту. Чаму ж наш тэатр абраў менш дасканалы музычна-драматычны твор пра легендарнага Сірано?

На жаль, хібы музычнай драматургіі не выправіш ні збалансаванасцю аркестравых груп, ні пастановачнымі сродкамі, ні акцёрскай ігрой. Тым больш, крытычным словам "наўздагон". Дарэчы, помніце рэпліку героя камедыі Рагно, які чаруе на сваёй кухні: "Паменей рамяства – паболей бы натхнення!"? Прарочыя словы. У музыцы можа быць або лёгкасць вынаходлівай дасціпнасці, або лёгкасць, даруйце, бязважкіх надзіманых шароў. Гэта не адно і тое ж...

Музычны кіраўнік і дырыжор А. Лапуноў, рэжысёр-пастаноўшчык В. Цюпа, харэограф Ю. Лапша, здаецца, намагаліся зрабіць усё, каб пераадолець драматургічныя "застоі", каб відовішча разгортвалася дынамічна. Імкліва і празрыста іграе аркестр. Рытмічны мантаж мізансцэн. Рухам насычаны самыя распеўныя, лірычныя вакальныя нумары. У шматфігурных кампазіцыях масавых сцэн – неспакойная, жвавая асіметрыя. Гарэзліва, як на капусніку, асвойваюць сцэнічную прастору артысты. Ігра, што называецца, у ахвотку.

Таму і запамінаецца клапатлівы Рагно (К. Лосеў). I дурнаваты Ліньер (Г. Казлоў). І гуллівая буфетчыца (Л. Станевіч), што прапануе пачастунак, пачціва схіліўшы галаву ў капелюшы, падобным да вялікага сподачка з дэсертам. І дуэння (Р. Курлыкова), якая ад імя Раксаны дамаўляецца пра спатканне з Сірано, нецярпліва камечыць у далонях доўгі пояс сваёй сукенкі, каб, пачуўшы: "Роўна а сёмай", з гатоўнасцю скруціць на ім цяжкі вузел – на памяць.

А вестка пра любоўны ліст дэ Гіша да Раксаны? "Кантрапунктам" сунецца паўз сцэну капанка, якую коцяць манашкі, а ў ёй сам вальяжны граф (У. Лінкевіч) у акружэнні "салодкіх" дзяўчатак.

Яркая сцэнічная постаць – Крысціян (А. Цівуноў). Пра такіх кажуць – відны. Такому, здаецца, толькі галаву ўскінуць – і рабіць нічога больш не трэба. Варты сапернік Сірано ў першым і адзіным слоўным паядынку. Крысціян збірае вакол сябе дагодлівых хлапчанят-"цырульнікаў" і між іншым размаўляе з Сірано, ляніва, паблажліва, раўнадушна кідае слова за словам – нязначныя, дробязныя рэплікі, што на Сірано ўздзейнічаюць як абразлівыя каламбуры.

У спектаклі ёсць персанаж, які суправаджае Сірано, нібы цень. Гэта Ле Брэ (А. Касцецкі). Акцёр вельмі чулы да партнёра: зловіць позірк Сірано Р. Харыка, адкажа бадзёрай усмешкай, кіўне маўкліва, як стары друг, здольны разумець без слоў.

А вось і галоўныя героі. Раксана Н. Гайды, безумоўна, гераіня: "яе іграюць" і партнёры па сцэне, і прыхільнікі ў зале. І Раксана, і Сірано найбольш пераканальныя, жывыя – у заключнай карціне спектакля. (Тут, дарэчы, Р. Харык і ўдала мяняе грым, парык). Эмацыянальная кульмінацыя, гучанне апошняга ліста да Раксаны, лірыка-драматычны дуэт...

Спачатку гераіня Н. Гайды нават не гляне на свайго доўгачаканага візіцёра. Толькі слухае, бо не вачамі – "слыхам кахае", як сапраўдная жанчына. А Сірано Р. Харыка чытае на памяць даўно напісаныя радкі, чытае праз смяротны боль, "душу ўкладаючы ў апошні стогн". Позна, а ўсё ж яны разам. Упершыню сталася гэта і – так быццам заўжды і было. Разам? Ды ён ужо далёка. Хоць абяцае ўваскрэснуць неаднойчы ў радках неўміручай паэзіі...

Пытанне пра "канцэпцыю Сірано" ў музычным тэатры – не жывое пытанне. Ёсць спектакль – прымай ці адмаўляй, абмяркоўвай ці дыпламатычна паціскай плячымі, – але гэта ўжо аб'ектыўная рэальнасць. Слушна Станіслаўскі раіў крытыкам – ісці ў тэатр без папярэдніх "установак" і ўсе высновы браць ад канкрэтнага спектакля. Пра новы спектакль тут, у асноўным, і расказана.

Можна яшчэ паспачуваць тэатру, што ўражанне слухачоў псуюць акустычныя непаладкі. "Сірано" іграецца "на мікрафонах" – інакш нельга, бо аркестравая яма неглыбокая, галасы ў многіх выканаўцаў, вядома, не оперныя, мізансцэны ж вымагаюць спеваў і ў процілеглы ад залы бок. Не віна тэатра, што яго слабая аснашчанасць адпаведнай апаратурай замінае жаданым творчым вынікам.

Мабыць, ад недасканалай гукавой тэхнікі – і невыразная дыкцыя салістаў у многіх вакальных нумарах. А ў лібрэта ж захаваны амаль цалкам растанаўскі тэкст, самкаштоўны, як тая песня, з якой нельга губляць ні слова! Я нават засумнявалася: а ці зразумее масавы глядач (ён можа не ведаць змест першакрыніцы), у чым канфлікт гэтага твора, хто тут хто... Мусіць, патрэбна разгорнутая анатацыя да праграмкі спектакля?

"Сірано" – дэбют у нашым тэатры маладога галоўнага рэжысёра, буйная самастойная работа маладых мастакоў. Усім стваральнікам, удзельнікам спектакля, відавочна, хацелася максімальна "выказацца ў матэрыяле". Першае слова (тым больш, належыць яно не адной асобе, а шматлікай (творчай групе) прагучала, на жаль, не так складна і чотка, як хацелася б усім. Некаторыя мае знаёмыя дасюль вагаюцца: як аднесціся да гэтай прэм'еры, спектакль жа раз ад разу карэкціруецца, ёсць у ім і другі склад выканаўцаў? Адзін параіў: "Не ведаеш, як сябе паводзіць? Усё хвалі!"

У мяне гэтак не атрымалася. Ды не пакрыўлю душой, калі буду чакаць новую пастаноўку рэжысёра-дэбютанта. Цікава паглядзець наступную яго работу. Спекткль "Сірано" мяне на такую цікаўнасць настроіў.

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1985. – 22 лют. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: