Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/І музыка становіцца жыццём (2008 г., Літаратура і мастацтва)

І музыка становіцца жыццём (2008 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

І МУЗЫКА СТАНОВІЦЦА ЖЫЦЦЁМ 

Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Іосіфа Абраміса 

"Ён гарэў, як паходня, асвятляючы ўсё навокал", – так гаварылі калегі-музыканты пра Іосіфа Абраміса. Тэатр. Опера. Класічная музыка. Дырыжорскі пульт. Усё гэта былі для яго сінонімы слова "жыццё". Жыццё, якое Іосіф Самуілавіч прысвяціў самаадданаму служэнню вялікай музыцы. Яго шчасце было ў цяжкай, але ўлюбёнай працы, калі няма ніводнай вольнай хвіліны, калі нават ноччу, пасля цэлага дня стараннай працы над музычнымі творамі, трэба рабіць у студыі новыя запісы. Шчасцем было – наблізіцца да ідэалу ў справе, якой прысвяціў жыццё. І важнай часткай формулы шчасця для яго з’яўлялася сям’я. Дзе любяць і заўсёды гатовы падтрымаць. 

Таццяна Якімовіч, дачка дырыжора, з хваляваннем гартае сямейныя фотальбомы. Яна таксама, як і тата з мамай, музыкант, педагог, выкладае ў музычнай школе. Натхнёна расказвае мне пра свайго бацьку. І нібы ажывае мінулае: Мінск, Траецкае прадмесце, невялікі пакойчык, у якім жыла сям’я будучага дырыжора.

– У таты было складанае дзяцінства, – пачынае свой расповед Т. Якімовіч. – Яго бацька меў добры голас і спяваў у хоры опернага тэатра. Але аднойчы ён, нечакана для сваіх родных, пакінуў дом, з’ехаўшы з нейкай гастрольнай аперэтачнай трупай. Мой бацька застаўся адзін з хворай мамай. Але яна заўважыла ў сына музычныя здольнасці, і хлопчык пачаў вучыцца ігры на валторне ў ваенна-музыканцкай школе. 

Далейшая музычная адукацыя Іосіфа Абраміса была вельмі грунтоўная: скончыў музычнае вучылішча, падчас вучобы ў якім працаваў ужо ў аркестры БДТ-1 (цяпер Купалаўскі тэатр), потым паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю і адначасова працаваў у аркестры опернага тэатра. 

– Вось фота, на якім тата з мамай, Ірынай Мікалаеўнай, у 1939-м годзе. Сустрэліся яны падчас вучобы ў музычным вучылішчы. Перад вайной маці з татам, студэнты кансерваторыі, жылі ў маленечкім пакойчыку ў Траецкім прадмесці. Туліліся там усе: мае бацькі, іх мамы, а таксама мамін брат. Калі пачалася вайна, бацькі якраз здавалі выпускныя экзамены ў кансерваторыі. І раптам – вестка, што будзе бамбёжка. Удваіх пайшлі за горад, а назад іх не пусцілі. З вялікімі цяжкасцямі на перакладных дабіраліся да Ташкента, дзе бацьку, нарэшце, узялі ў армію. Усю вайну ён прайшоў сувязістам, за баявыя заслугі быў узнагароджаны медалямі і ордэнам. І толькі пры канцы вайны давялося вярнуцца да музыкі. А маці заставалася ў Ташкенце, працавала ў дзіцячым доме. Тата дасылаў ёй лісты з фронту, у адзін з іх нават уклаў ноты песні з каментарыем, як трэба яе выконваць… Пасля вайны бацькі разам вярнуліся дамоў у Мінск. І аказалася, што маміны родныя жывыя, а бацькаву матулю забралі ў гета… 

Пасля вайны І. Абраміс шмат вучыўся. Другі раз паступіў у кансерваторыю – на дырыжорска-харавое аддзяленне. 

– У яго быў верны тыл – мая маці. Яна аддана чакала бацьку з вайны, а пасля дала мачымасць вучыцца. Хаця ўжо нарадзілася я, і трэба было карміць сям’ю. Дзеля гэтага маці працавала, здаецца, на дзесяці работах! Бацька таксама працаваў вельмі шмат: акрамя вучобы, працы ў аркестры і хормайстарскай работы, ён удзельнічаў у запісах фанатэкі Беларускага радыё (пісалі ноччу, калі ў горадзе ціха). Але, нягледзячы на такі цяжкі рытм, бацька ўсё вытрымаў: вельмі хацеў стаць дырыжорам. Паехаць кудысьці вучыцца і кінуць сям’ю не мог, а яркіх педагогаў у нашай кансерваторыі на той час не было, даводзілася вучыцца на ўласнай практыцы. Яму ніколі не было сумна ў тэатры, ён наведваў чужыя рэпетыцыі, усе спеўкі, сядзеў у балетнай зале… А калі раптам узнікалі нейкія цяжкасці, з парога ўсё расказваў маці – і заўсёды знаходзіў яе падтрымку. 

Таццяна Іосіфаўна ўспамінае свайго бацьку як чалавека вельмі вясёлага, дасціпнага, з маладосцю ў характары – усялякі канфлікт на рэпетыцыі ён мог "разрадзіць" анекдотам, а яго трапныя жарты нават цытавалі музыканты аркестра; любіў "падурэць" з малой дачкою, пайграць з ёю ў бадмінтон… 

– А яшчэ тата быў вельмі смелым і рызыкоўным чалавекам: ёсць нават узнагарода ад міліцыі за тое, што ён затрымаў злачынцу! Заўсёды імкнуўся ўсё рабіць сам і не перакладваць на іншых. Помню, мы ехалі з мора, і да нас у вагон пасадзілі жанчыну з хлопчыкам, у якога была перавязаная галава. Іх цягнік з дакументамі і грашамі ад'ехаў. Увесь вагон слухаў гэтых гаротнікаў і спачуваў, а тата з мамай проста дапамаглі грашамі ды накармілі… А вось у музыцы тата быў кансерватар: ён абагаўляў класічную музыку ва ўсіх яе праявах, усё астатняе называў "джазікі". Самаахвярна любіў оперны тэатр, і, думаю, тое, што яго вымусілі пакінуць любімую працу, скараціла яго жыццё… 

Калі І. Абрамісу пасля сыходу з опернага тэатра прапанавалі ўзначаліць аркестр тэатра музычнай камедыі, ён спачатку жахнуўся, што давядзецца працаваць у лёгкім жанры. Але згадзіўся, і болей як тры гады змагаўся за павышэнне музычнага ўзроўню маладога тэатра. Людзі дасведчаныя зразумеюць, наколькі гэта было складана: несталічная трупа, няўдалы склад аркестра, нервовая атмасфера ў калектыве… Нягледзячы на гэта, пад музычным кіраўніцтвам І. Абраміса тады быў пастаўлены шэраг цікавых твораў, сярод якіх ужо на сцэне новага будынка тэатра з’явіліся і "Несцерка" Р. Суруса, і "Лятучая мыш" Я. Штраўса. 

– Бацька быў здольны вельмі хутка схопліваць новы музычны матэрыял і з лёгкасцю чытаў партытуру з ліста. Гэта рэдкая і вельмі каштоўная прафесійная вартасць, уласцівая далёка не ўсім дырыжорам. Таму ён мог замяніць практычна любога свайго калегу на любым спектаклі. Як добрага дырыжора бацьку не раз запрашалі паехаць у іншы горад і нават у іншую краіну, але такія прапановы ён адразу адмятаў, бо вельмі сур’ёзна ставіўся да сваёй працы ў Мінску. А працаваць даводзілася з многімі вядомымі людзьмі: Вано Мурадэлі, Арамам Хачатуранам, Алегам Маралёвым, Дзмітрыем Смолічам, Зіновіем Бабіем, Нінэль Ткачэнкай, Ігарам Сарокіным, Мікалаем Ворвулевым. Калі, напрыклад, ставілі балет "Спартак", прыязджаў і сам Арам Хачатуран. Сядзеў у нас дома за сталом, потым іграў свой вальс да спектакля "Маскарад". А на прэм'еры "Спартака" кампазітар сам прадырыжыраваў першай карцінай і потым саступіў пульт майму бацьку. Сучасныя кампазітары вельмі добра да яго ставіліся, бо бацька не навязваў сваю канцэпцыю, а імкнуўся зразумець аўтара. Выканаўцы паважалі дырыжора Абраміса за тое, што ён заўсёды рабіў так, каб ім было зручна, каб аркестр не заглушаў спевакоў, каб ансамбль гучаў зладжана. Ён вельмі добра ўмеў прыбіраць чыесьці хібы. А вось нашы сумесныя музычныя заняткі ніяк не атрымліваліся. Калі ён садзіўся побач са мной, праз дзве хвіліны чуліся заўвагі. У мяне на вачах з’яўляліся слёзы, прыходзіла бабуля і разводзіла нас у розныя бакі. Бацька быў катэгарычна патрабавальны ў прафесіі і лічыў, што яго дачка павінна граць бездакорна. Але менавіта за такі дасканалы падыход да выканальніцкай працы яму былі ўдзячныя многія спевакі.

Чаго ў іх сям’і не было, дык гэта вялікага дастатку і назапашвання. Яны з прыемнасцю адпачывалі на курорце, з радасцю прымалі гасцей і самі хадзілі ў госці. А ў побыце ўсё было надзвычай сціпла. 

– Бацькі імкнуліся, зразумела, каб усе былі нармальна апранутыя, але ніякага золата, ніякай касметыкі. Тата з абурэннем "выгаворваў" мяне за тое, што я пасля 20 гадоў пачала карыстацца памадай. Так, побыт быў вельмі хлебасольны, але просты. Затое які цікавы! Пры магчымасці тата браў мяне з сабой на гастролі. Ніводная тэатральная прэм’ера таксама не праміналася. Мы ўсёй сям’ёй рэгулярна хадзілі на канцэрты класічнай музыкі. Дома была вялікая оперная фанатэка. Спектаклі, якія тата ставіў, ён слухаў у розных выкананнях, а я яшчэ да прэм’еры вывучвала ўсё напамяць… 

Люты 1984-га. Ужо хворы, Іосіф Самуілавіч не здраджваў любімай справе; наколькі мог, працаваў над клавірам "Алека" С. Рахманінава, марыў паставіць гэтую оперу ў канцэртным варыянце… 

Іосіф Абраміс нямала часу аддаваў і студэнтам: шмат гадоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Сярод яго вучняў нямала вядомых сёння музыкантаў: М. Казінец, М. Фінберг, Л. Іваноў, В. Валатковіч, З. Шаціла… Адным з любімых студэнтаў быў галоўны дырыжор Канцэртнага аркестра "Няміга", якога І. Абраміс нават лічыў сваім "унукам". 

Прыгадвае А. Сасноўскі: "У Магілёўскім музычным вучылішчы я вучыўся ў выдатнага педагога, прафесара Леаніда Іванова – вучня Іосіфа Абраміса. Калі паступіў у кансерваторыю, першая сустрэча з Іосіфам Самуілавічам мяне ўразіла: я ўбачыў вельмі маладога і энергічнага, нягледзячы на сівізну, чалавека. Настолькі жывога і яркага! Я акунуўся ў мора гумару і фантазіі, і ўзнікла адчуванне, што мы знаёмыя ўжо даўно. Пазней, на наступнай прыступцы сваёй адукацыі, калі я вучыўся ў Ленінградзе ў геніяльных педагогаў Эдуарда Грыкурава, Ільі Мусіна і Юрыя Цемірканава, мне не давялося нічога ламаць: аказалася, Абраміс з Івановым мыслілі і вучылі так, як гэта было ў вялікай піцерскай школе! Увогуле, Іосіф Самуілавіч за нядоўгае жыццё стварыў і сваю, беларускую, дырыжорскую школу – шкада, што тэарэтыкі нашай музычнай культуры яшчэ не распрацавалі гэтую тэму. "

У беларускім музычным мастацтве ён гарэў, як паходня… І ніколі не згасне яркае святло яго творчасці.

Вольга НАВАЖЫЛАВА. 
Літаратура і мастацтва. – 2008. – 12 снеж. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: