Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/І нават сеткі павуцінны выглядаюць як карункі… (1998 г., Культура)

І нават сеткі павуцінны выглядаюць як карункі… (1998 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

І НАВАТ СЕТКІ ПАВУЦІННЯ ВЫГЛЯДАЮЦЬ ЯК КАРУНКІ…

У Тэатры музычнай камедыі нарэшце адбылася доўгачаканая прэм'ера мюзікла Марка Самойлава "Дарагая Памэла". Адразу ж хочацца звярнуць увагу на яго літаратурную аснову – аднайменную п'есу амерыканскага драматурга Джона Патрыка. Справа ў тым, што пры пастаноўцы спектакля рэжысёр Барыс Утораў абапіраўся ў першую чаргу не на музычную драматургію твора (што для музычнага тэатра з'яўляецца заканамерным), а менавіта на самую п'есу. У гэтым творы рэжысёра прыцягнуў высокі драматызм, а дакладней кажучы – меладраматызм у сваім лепшым праяўленні, і ён не пабаяўся ўзяцца за пастаноўку, якая заведама будзе выглядаць нетыповай для гэтага тэатра. У праграмцы спектакля пазначана, што Б. Утораў з'яўляецца таксама аўтарам літаратурнай рэдакцыі, а гэта значыць, што ён даволі сур'ёзна перапрацаваў тэкст лібрэта (які ў свой час быў зроблены В. Валавым і Ю. Дынавым), у многім пазбавіўшы яго налёту легкаважкасці і аперэтачных штампаў і адначасова зрабіўшы акцэнт на вартасцях самой п'есы.

У свой час гэта п'еса паспяхова ішла на падмостках драматычных тэатраў былога Савецкага Саюза. А ленінградскі кампазітар Марк Самойлаў убачыў у ёй калізіі, блізкія да эстэтыкі музычнага тэатра, – так узнік мюзікл "Дарагая Памэла", які гадоў 25 таму з поспехам ішоў на сцэне ленінградскага і іншых тэатраў музычнай камедыі. Калі гаварыць пра музычны бок гэтага твора, то ў пастаноўцы нашага тэатра ён падвергся яшчэ большай перапрацоўцы, чым лібрэта. Па-першае, музычная драматургія першапачатковага варыянта ўжо чыста тэматычна не адпавядала драматургічнаму ходу спектакля, а па-другое, па сваёй форме і стылістыцы яна ўспрымалася як водгук дня ўчарашняга. Таму неабходнай была новая музычная рэдакцыя гэтага твора. З просьбай зрабіць такую работу Барыс Утораў звярнуўся да вядомага беларускага музыканта і аранжыроўшчыка Уладзіміра Ткачэнкі. У выніку атрымалася рэдакцыя твора ў сучаснай аранжыроўцы, дзе выкарыстаны тэмы і з іншых мюзіклаў Марка Самойлава.

Дакладна вызначыць жанр новага спектакля цяжка нават пастаноўшчыкам. Хоць яго назвалі мюзіклам, але па сваёй форме гэта не класічны мюзікл. У спектаклі акцэнт свядома пераносіцца на літаратурную аснову. I музыка тут уступае ў кантакт з ёмкім і насычаным дыялогам. Такі сінтэз слова і музыкі тут апраўданы, і нават самы з'едлівы крытык наўрад ці стане папракаць пастаноўшчыкаў, што ў гэтым мюзікле "мала музыкі", бо зусім відавочна, якая задача ставілася першапачаткова. Гэты спектакль па сваёй форме і змесце хутчэй можна было б аднесці да меладрамы – у сэнсе напружанасці дзеяння, высокай эмацыйнасці і супрацьпастаўлення дабрыні і зла. Да таго ж, адно з азначэнняў слова "меладрама" гучыць наступным чынам: музычна-драматычны твор, у якім маналогі і дыялогі дзейных асоб суправаджаюцца музыкай. Але ў музычным тэатры такое азначэнне жанру зараз не ўжываецца, таму не варта весці спрэчкі адносна чысціні жанру, тым больш што паняцце "мюзікл" у наш час ужываецца вельмі шырока.

Такім чынам, перад акцёрамі Тэатра музычнай камедыі паўстала задача сыграць амаль што драматычны спектакль. Задача цяжкая, асабліва для выканальніцы галоўнай ролі. Пры падборы выканаўцаў рэжысёр свядома выбраў характарных акцёраў, якія і ў музычных спектаклях разыгрываюць больш-менш драматычныя сцэны. А вось на ролю галоўнай гераіні, Памэлы, была прызначана Наталля Гайда – зорка аперэты. Пастаяннае амплуа, з аднаго боку, шліфуе майстэрства артыста, а з другога – абмяжоўвае яго творчы дыяпазон, таму многім артыстам так страшна выходзіць за яго межы, а для некаторых гэта і не пажадана. Але для такой выканаўцы, як Наталля Гайда, не існуе цесных рамак амплуа. Яна Артыстка з вялікай літары і таму нязвыклую для сябе драматычную ролю здолела выканаць проста бліскуча. У гэтым ёй дапамаглі яе акцёрская арганіка, адчуванне жанру і бездакорны мастацкі густ. 

Псіхалагічна дакладна раскрыць вобраз Памэлы – справа нялёгкая нават для драматычнага акцёра. Тым больш, што ўсё дзеянне, увесь напал эмоцый "круцяцца" вакол гэтага персанажа. I яна адна, самотная старая жанчына, сілай свайго духу і чалавечнасці, без ніякіх знешніх прыкмет барацьбы, перамагае кампанію дзялкоў, маладых і энергічных людзей, якія задумалі яе пагубіць дзеля невялікай сумы грошай.

Наталля Гайда псіхалагічна тонка змагла перадаць усе нюансы ўнутранага стану сваёй гераіні: нічога асаблівага Памэла не робіць, нічога такога разумнага не гаворыць, тым больш – нікога не павучае, але ж яна зусім не такая, якой яе ўспрымае "троіца" дзялкоў. Самае страшнае ў жыцці з ёю ўжо адбылося, і зараз ёй абсалютна няма чаго губляць. Яна сваім чуйным сэрцам улавіла іх бездапаможнасць і трапяткой душой адчула непрыкаяныя душы.

Першым, на каго яна накіравала сваё душэўнае цяпло, была "кампаньёнка" Глорыя, якая нечым напамінала ёй загінуўшую дачку, і якую яна называла яе імем. "Кампаньёны" адразу прыпісалі гэта да ліку яе шматлікіх старэчых дзівацтваў. Памэла цудоўна разумее, што Глорыя – вулічная дзеўка, але ў той жа час яна не магла не бачыць дадатных рыс яе характара.

Ролю Глорыі выконвае Валянціна Пятліцкая – таксама адна з вядучых салістак тэатра. Гэта роля таксама не з лёгкіх. Тут выканаўцу падсцерагала своеасаблівая шаблоннасць ці трафарэтнасць, закладзеная ў самім вобразе, але гэтага В. Пятліцкай удалося пазбегнуць. Гэта артыстка – адна з нямногіх салістак тэатра, чый талент таксама вызначаецца рысамі драматызму. В. Пятліцкая ў гэтым спектаклі паказала тонкае разуменне ўсяго псіхалагічнага падтэксту і прадэманстравала свой дасціпны акцёрскі густ, знайшоўшы ў трафарэтна выпісаным вобразе жывыя чалавечыя штрыхі.

"Галава фірмы" Сол – фігура вельмі каларытная, асабліва ў выкананні Арнольда Ранцанца. Ён – ідэйны натхняльнік усіх афер, на якія пускаецца "троіца". А. Ранцанц з уласцівым яму трагікамічным талентам, паказвае развіццё вобраза ва ў яго дынаміцы. Несумненна, гэта вельмі здольны чалавек: у яго дапытлівы розум, жывая рэакцыя, уменне бачыць перспектыву, развіты інтэлект. Добрыя чалавечыя пачуцці яму таксама ўласцівыя: нягледзячы на сваю прагматычнасць, ён паддаецца сентыментальнасці. А. Ранцанц, яркі характарны акцёр, выконвае гэтую ролю з уласцівай яму імправізацыйнасцю, не выходзячы аднак за рамкі агульнай стылістыкі спектакля.

І нарэшце, трэці "кампаньён" фірмы – Брэд, дыпламаваны інжынер, які хварэе на сухоты і таму не можа нідзе ўладкавацца на працу. Больш за ўсё ў ім Памэла цэніць пачуццё гумару, даруючы яму за гэта едкую іронію, а часам і насмешкі. Гэтую ролю выконвае Віктар Шабуня. Артысту выдатна ўдаецца паказаць унутраную барацьбу свайго героя, асабліва – яго душэўны надрыў. Проста стаіць перад вачамі сцэна, калі Брэд, украўшы аўтамабіль і сабраўшы ў кулак усю сваю рашучасць, выпраўляе Сола завяршыць задуманае, а душа яго разрываецца ад таго, што ён душыць у сабе чалавечнасць. У арыі Брэда, якой завяршаецца напружаны дыялог, вельмі ярка праяўляецца ўся яго супярэчлівая натура і шчырае жаданне звычайнага чалавечага шчасця. Другую грань натуры Брэда – напускную іронію – артыст перадае не так пераканаўча, ды, зрэшты, яна не з’яўляецца ў характары гэтага персанажа дамінуючай. Здаецца, гэта ён ад сораму за самога сябе і сваіх "кампаньёнаў" стараецца надаць усяму адценне іранічнасці.

I вось гэта цудоўная "троіца", карыстаючыся шчырай гасціннасцю Памэлы, адзін за адным рыхтуе ёй няшчасныя выпадкі, ніводзін з якіх, аднак, так і не ўдаецца завяршыць. I яны шчыра гэтаму радуюцца, нягледзячы на тое, што самі капалі ёй яму. Не, смерці Памэлы яны не хацелі, бо самі да яе прывязаліся, яны хацелі толькі грошай, якія прынясе гэтая смерць. I калі Памэла пра ўсё гэта даведалася, яна вырашыла сама пайсці з жыцця...

І вось тут у кульмінацыйнай сцэне адбываюцца метамарфозы. Памэле ўсё ж удаецца выканаць місію выратавальніцы чалавечых душ! Тыя, хто так імкнуўся пагубіць яе дзеля грошай, атрыманых за страхоўку пасля яе смерці, ірвуць гэтую самую страхоўку, яшчэ не ведаючы, што іх дарагая Памэла ў чарговы раз ажыве. А той, каго яна лічыла сапраўдным сябрам і вельмі прыстойным чалавекам, паліцэйскі Джо Янкі сваімі рукамі хацеў абліць усё газай і яшчэ раз падпаліць разам з непрытомнай Памэлай, бо ў страхоўцы значылася і яго імя. Ролю Джо Янкі выконвае Васіль Сердзюкоў. Гэты артыст таксама добра спраўляецца з характарнымі ролямі і асабліва – камічнымі. Але гэты вобраз, з прычыны сваёй абагульненасці і схематычнасці, не дае асаблівага прастору для акцёрскага самавыяўлення. Затое ў гэтай сцэне ёсць вельмі тонкая рэжысёрская знаходка. Памэла, апрытомнеўшы пасля пажару і выпітых таблетак, усё ж здолела разабрацца ў сітуацыі. Яна не папракнула Джо Янкі ніводным словам, нават, як і раней, управіла яму шыйныя пазванкі, але пры гэтым адным вельмі яскравым жэстам развянчала ўсё сваё былое ўяўленне аб ім, элегантным рухам скінуўшы з яго галавы форменную фуражку.

Напружанае дзеянне спектакля як бы "разбаўляе" адна вельмі камічная сцэна – калі Памэлу аглядае доктар, каб выдаць ёй даведку для страхоўкі. Анатоль Касцецкі, непаўторны характарны акцёр, якому падуладны шырокі дыяпазон драматычных роляў, у чарговы раз прадэманстраваў свой талент – на гэты раз камічны. Усё ў гэтай сцэне выверана дакладна: унутраны тэмпарытм, прадуманая пластыка, вынаходлівасць у пераходзе да музычнага нумара і нават эфектная канцоўка. I яшчэ ў гэтай сцэне ў вобразе галоўнай гераіні раскрываюцца дадатковыя штрыхі – яе дзелавітасць і кампетэнтнасць: не доктар яе лечыць, а яна доктара.

Ёсць у спектаклі яшчэ адзін, "нямы" персанаж – Кот, якога Памэла называе містэр Тэнер. "Вельмі разумны кот, але маўклівы", – зазначае яна. Гэта жывая істота нясе ў сабе частку светаўспрымання самой Памэлы. I нездарма гэты персанаж з'яўляецца на сцэне з саксафонам, бо заўсёды пры гэтым у аркестры гучыць адзінокая тэма Памэлы... Ролю Ката выконвае студэнт акадэміі мастацтваў Аляксей Грыненка, які вучыцца на курсе артыстаў музычнай камедыі пад мастацкім кіраўніцтвам Б. Уторава. Гэта чыста пластычная роля, амаль балетная, і ўспрымаецца яна як сцэнічная метафара, як музычны вобраз унутранага свету гераіні – яе ўзвышанай адзіноты. Музычны кіраўнік Аляксандр Сасноўскі дакладна ўявіў стылістыку спектакля, у адпаведнасці з гэтым гучыць і аркестр: дзе трэба, як галоўная дзеючая асоба, а дзе трэба, як акампанемент. Своеасабліва ў спектаклі задзейнічаны балет (балетмайстар-пастаноўшчык народны арыст Беларусі Уладзімір Іваноў). Для гэтага балетмайстра работа ў такім жанры – справа нязвыклая, але, як сапраўдны творца, ён дакладна ўлавіў усю спецыфіку пастаноўкі. Балет тут выконвае падпарадкавальную ролю: стварае дадатковы эмацыйны настрой, сімвалізуючы духаў жытла, у якім існуе Памэла. Сваёй прысутнасцю ў падвале яна нібы ўвачавідкі адухаўляе гэты закінуты куток. I сцэнаграфія народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана падтрымлівае таксама агульную стылістыку пастаноўкі, дзе нават сеткі павуціння выглядаюць як старыя карункавыя занавескі.

Адзін з музычных крытыкаў з захапленнем адзначыў: дык гэта ж зусім іншы тэатр! – маючы на ўвазе высокі драматычны ўзровень пастаноўкі. Ці ж гэта не пахвала выканаўцам і аўтарам спектакля?!


Зоя ЛЫСЕНКА.
Культура. – 1998. – 27 лют. – 6 сак. – С. 8–9.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: