Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/…І па той бок рампы (1976 г., Літаратура і мастацтва)

…І па той бок рампы (1976 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

…І ПА ТОЙ БОК РАМПЫ

Гэта таксама адзін з тых выпадкаў, пра які было сказана ў артыкуле "Вы набылі білет – на што?" С. Берасцень, апублікаваным у "ЛіМе" 26 лістапада гэтага года. Білеты на спектакль заўсёды ўсе прададзены. Дзеці зацікаўлена актыўна рэагуюць на сцэнічныя сітуацыі. Яны нават падказваюць адзін аднаму, што павінна адбыцца далей з героямі відовішча, часам "дапамагаюць" артыстам. Але, у адрозненне ад С. Берасцень, давайце паглядзім не ў залу, а па той бок рампы – на сцэну.

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР, як кажуць, "павярнуўся тварам" да маленькіх гледачоў-слухачоў і падрыхтаваў для іх музычную казку кампазітара Э. Калманоўскага "Беласнежка і сем гномаў". Нельга сказаць, што гэты твор з'яўляецца выдатным музычным эквівалентам гісторыі пра сумленне і подласць, любоў і нянавісць, мужнасць і баязлівасць, пра якія так маляўніча расказвалі нам сусветна вядомыя пісьменнікі браты Грым. Але спевы і танец, музычныя тэмы-вобразы ў выглядзе марша, вальса, полькі, галопа, мазуркі, паланеза, сучасных вострарытмічных мелодый, а таксама гучанне аркестра, каларытная сцэнаграфія, сцэнічная дзея, зварот герояў казкі непасрэдна да глядзельнай залы, – усё гэта спрыяе знешняму поспеху прэм'еры.

Чаму ж у час спектакля мімаволі на ўспамін прыходзіць выдатнае класічнае вызначэнне: творы мастацтва для дзяцей трэба ствараць гэтак жа, як і для дарослых, толькі яшчэ лепей? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.

Так, музычная драматургія казкі не самая высакаякасная. Ёсць у ёй, напрыклад, вельмі статычны вобраз Маладога правадыра. Не маюць яркіх, вострахарактарных рысаў, якія б іх вылучалі, кожны з сямі гномаў. Ёсць і іншыя недахопы. Але гаворку трэба весці перш за ўсё не пра хібы аўтара музычнай казкі, які не надта арганічна паспрабаваў асучасніць казку братоў Грым, а тэатра, які гэтыя пралікі павялічыў сваёй пастаноўкай твора.

Калі казка – музычная, дык музыка ў ёй павінна гучаць сакавіта, хвалююча, пералівацца ўсімі аркестровымі тэмбрамі, каменціраваць сцэнічныя падзеі, ствараць пэўную псіхалагічную атмасферу, настрой для выканаўцаў і глядзельная залы. Дырыжор Э. Арашкевіч вядзе спетакль упэўнена, нават уладарна, але збалансаваць гучанне аркестра ён не мае магчымасці, бо струнная група недаравальна малая, не адпавядае патрабаванням партытуры. Таму і гучаць у спектаклі не аркестровыя мелодыі, а ў большасці акампанемент да іх: нізкія рэгістры духавых і ўдарныя інструменты. Таму нюансы, адценні музыкі абмежаваны двума дынамічнымі градацыямі – "гучна" і "ціха".

Усё гэта – ад некамплекта аркестра і ў пэўнай ступені залежыць ад тэатра не цалкам, як і тое, што аркестровая яма не глыбокая, з-за чаго музыка "перакрывае" сцэну. Але чаму музычны бок большасці партый спектакля і дыкцыя салістаў недаравальна нізкія?

Ролю Каралевы выконвае артыстка В. Мазур. Складаная вакальная партыя Каралевы, пабудаваная на "нязручных" інтанацыях, выконваецца салісткай вельмі "прыблізна" ў параўнанні з аўтарскім музычным тэкстам, асабліва ў яе звароце да чароўнага люстра з пытаннем, ці прыгожая гераіня. У сцэне варажбы Каралевы салістка дыкцыйна не даносіць змест падзеі.

Прыкладам недастатковай патрабавальнасці да музычнага гучання спектакля можа быць таксама і выкананне партыі Маладога правадыра артыстам Р. Харыкам. Яго голас зусім "не гучыць", не даходзіць да залы, ды і эмацыянальна – невыразны. Не ў лепшым стане справы з партыяй Кактуса ў артыста А. Прыходзькі (на ўспамін прыходзіць арыёза "О, зямля…"). Фальшыва гучыць акапэльны ансамбль гномаў у другой дзеі, там жа амаль нельга пачуць хору светлячкоў (хормайстар Н. Андросава).

Не вызначаецца яркай вынаходлівасцю, пошукам нестандартных мізансцэн, высокай сцэнічнай культурай работа рэжысёра В. {У.} Лінкевіча. Гэта датычыцца вядомага по розных пастаноўках праходу гномаў праз глядзельную залу, натуралістычных эпізодаў пакарання Беласнежкі ў лесе (бясконцае "адсяканне" галавы), сцэны падрыхтоўкі гномаў да сну (абыгрываецца начны гаршок!), прыдворнага балю і г. д. Тое, што ўсе гномы, чые імёны адпавядаюць дням тыдня, не маюць уласцівага кожнаму з іх пластычнага малюнка, не дае магчымасці дзецям (ды і дарослым) адрозніць, хто ж з іх хто. Дыкцыя ж у "гномаў" дрэнная!

Сцэнічнае вырашэнне мары Беласнежкі аб святкаванні дня яе нараджэння такое, што глядзельная зала не атрымлівае ўражання "летуценнасці" падзей. Да таго ж, артыст балета, чый сцэнічны вобраз у эпізодзе мары Беласнежкі павінен адпавядаць вобразу Маладога правадыра з рэальнага жыцця гераіні, наогул не мае ніякіх агульных рысаў з гэтым персанажам. Тут дзеці не могуць яго "пазнаць".

Вобраз Беласнежкі, які створаны артысткай Л. Зубцовай, безумоўная ўдача спектакля. Выканаўца вельмі пластычная, непасрэдная ў раскрыцці пачуццяў сваёй гераіні, валодае добрым, рухомым голасам прыгожага тэмбру. З сапраўдным артыстызмам трактуе яна ўсю партыю. Прыгожа гучаць у яе выкананні арыёзныя эпізоды "Добра прачнуцца ранкам", "Знясілена я", "Беласнежкай клічуць мяне", "Ты зноў глядзіш мне ў вочы". Але і для Беласнежкі рэжысёр не заўсёды знаходзіць удалыя мізансцэны. Так, у балетным дывертысменце (танцы добра пастаўлены С. Дрэчыным) у першай дзеі – сцэна мар – гераіня не з'яўляецца цэнтрам свята дня нараджэння. Няма адчування, што ўсё адбываецца тут у яе гонар.

Рэжысёрскім пралікам з'яўляецца мізансцэніроўка эпізодаў з удзелам Кактуса і Рамашкі (добрая выканаўца вакальнай партыі В. Пятліцкая). Напрыклад, у тэксце казкі гаворыцца, што карэнні, замацаваныя ў зямлі, не даюць раслінам рухацца, трымаюць іх на адным месцы, а рэжысёр спектакля прымушае гэтыя персанажы чамусьці блукаць па сцэне. Дынаміка? Ды якім коштам яна даецца – парушэннем логікі!

Было б памылкова сцвярджаць, што рэжысура слабая ва ўсіх кампанентах. Удала акрэслена ў пастаноўцы лінія "Каралева – Галоўны выканаўца" (артысты В. Мазур і У. {В.}Фаменка). Адчуваецца іх духоўная супольнасць, імкненне гэтых натур да зла, што выразна падкрэсліваецца пластыкай і танцамі. Да здабытку пастаноўкі трэба аднесці і сцэнаграфію мастака А. Марозава: яна яркая, дакладна характарызуе месца падзей (палац, зачараваны лес, паляна з кветкамі, аванзанавес і г. д.), іх псіхалагічную атмасферу, казачнасць…

Ёсць удачы, а вось агульнае ўражанне іншае: пасрэднае відовішча. Замала дадатных якасцей для даволі вялікага па аб'ёму і значнага па ідэі спектакля. Дзяцей жа трэба выхоўваць на высакаякасных узорах, выступаць перад імі так, як перад дарослымі, але яшчэ лепей! "Беласнежка…" у тэатры музычнай камедыі не адпавядае такім патрабаванням. Шкада!

І. НІСНЕВІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 1976. – 19 снеж. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: