Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/І ўсё накшталт гэткага (1988 г., Літаратура і мастацтва)

І ўсё накшталт гэткага (1988 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

І ЎСЁ НАКШТАЛТ ГЭТКАГА

Без гучных анонсаў, сціпла адкрыў свой чарговы сезон Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Адкрыў без галоўнага дырыжора, без галоўнага рэжысёра і без мастацкага кіраўніка (народная артыстка БССР Н. Гайда пайшла з гэтай пасады праз некалькі месяцаў працы). Можна ўявіць сабе зусім не парадны настрой і не надта творчы тонус трупы, але… Можна ўявіць і іншае.

Тое, як пераўвасабляюцца акцёры, выходзячы штовечар да публікі (а ў зале столькі заўзятых аматараў аперэты!). Тое, як бесперабойна разгортваецца праца рэжысёра С. Штэйна над пастаноўкай "Прынцэсы цырка". Тое, як ансамбль партнёраў па сцэне жывіць яшчэ не растрачаная энергія тэатральнай імправізацыі – у нядаўняй прэм’ры, спектаклі "Клоп".

Дарэчы, пра гэтую прэм'еру. Рэдка такое бывае, але нават задаволеныя і захопленыя новай работай прыхільнікі жанру вінавата робяць агаворкі: "Штосьці не тое, здаецца, з лібрэта... Ці з музыкай… Не, усё ж з лібрэта: драматургія слабаватая... А следам і музыка..."

Яно і ня дзіўна, калі "Клоп" выклікае супярэчлівыя ўражанні і ваганне думак: твор новы, напісаны спецыяльна для пастаноўкі ў Мінску, не мае шлейфу з аўтарытэтных меркаванняў і ацэнак.

Кампазітар В. Дашкевіч працаваў над лібрэта супольна з Ю. Кімам; працавалі над спектаклем рэжысёр В. Цюпа, дырыжор А. Сасноўскі, сцэнограф У. Жданаў, балетмайстар В. Бутрымовіч і многія іншыя. "Многія іншыя" гэта ў першую чаргу, канечне, артысты. I самаадданасць іх выканання нельга не заўважыць. Нават калі ўсё астатняе ў новым відовішчы выклікае раздражнёнасць, наводзіць на думку пра "избыточность" выразных сродкаў, пра бессэнсоўнае ў выніку, "метафізічнае суіснаванне" замкнёных у саміх сабе рэжысёрскіх ці акцёрскіх эцюдаў – калі дасціпна-вынаходлівых, калі безгустоўна-пашлаватых. Нават калі "Клоп" успрымаецца як прэтэнзія аўтараў музычна-тэатральнай версіі ператварыць гісторыю Прысыпкіна ў трагедыю маленькага чалавека, расціснутага абставінамі бюракратычна-мяшчанскага грамадства.

Ці гэтак, ці інанш успрымае глядач новы спектакль па матывах У. Маякоўскага, ён заўважае выразную работу хору (хормайстар Н. Андросава), арганіку дуэтаў С. Якавец (Зоя) і Р. Харыка (Прысыпкін), умелую ігру аксамітнага голасу I. Лінкевіч (Эльзевіра), гратэскную кідкасць сцэнічных партрэтаў А. Касцецкага (Рэжысёр, Міліцыянер), А. Кузьмянкова (Сакратар, Беспрытульнік)…

Аднак ёсць крытыкі, якія зусім бязлітасна паставіліся да чарговага эксперыменту тэатра: "Дзеля чаго ўсё гэта?!" Сярод такіх крытыкаў маладая тэатразнаўца Н. Госцева, якая напісала іранічную, у духу фельетона, рэцэнзію. Яе вы можаце зараз і прачытаць.

Аддзел музыкі "ЛіМа".

А чаму б Зоі Бярозкінай не застрэліцца ў канцы вяселля Прысылкіна і Эльзевіры, дарэчы, заадно ўжо і ў канцы спектакля (як гэта ў В. Цюпы), а не да таго (як гэта ў У. Маякоўскага)? Калі гэтак зручней, чаму б і не? I заспявае тады раскаяны Скрыпкін: "Ничето-то мне не надо, лишь бы милую вернуть... " I рухне недалёка ад нерухомай сваёй каханай Зоі. А гледачу, які незнаёмы з камедыяй У. Маякоўскага "Клоп", і няўцям, што нічога такога Прысыпкін-Скрыпкін нават і не думаў, што сустрэнуцца яны яшчэ, Зоя Бярозкіна і Іван Прысыпкін, воляю аўтара, праз паўстагоддзя ў Інстытуце чалавечых уваскрэсенняў. I тады Зоя скажа: "Я прожила пятьдесят лет вперед, а могла умереть пятьдесят лет назад из-за такой мрази" (Маякоўскі У. Выбраныя творы. М.. 1982, стар. 482). Так, не даведаецца пра гэта глядач. Зрэшты лепш пра ўсё па парадку.

Такім чынам – "Клоп": спектакль Тэатра музычнай камедыі БССР, або, як абвяшчае праграмны аркуш, "тэатральная варыяцыя на адну тэму фольк-опера ў 2-х актах па матывах твораў У. Маякоўскага".

Вызначана мудрагеліста і наўрад ці вытлумачальна. Хоць наконт фольк-оперы пэўную яснасць уносяць Сіняблузнікі – юнакі і дзяўчаты ў сініх рабочых камбінезонах, якія хорам дакляруюць:

Именем товарищей Гуно и
Чайковского
Даешь оперу по мотивам
Маяковского!


Не магу сказаць, якім чынам спрыялі гэтаму імёны вышэйуказаных "таварышаў", але музыка, напісаная кампазітарам В. Дашкевічам (вядома, пры досыць актыўнай дапамозе "фольк"), аздабляе спектакль. Мелодыі лёгка запамінаюцца, іх слухаюць і выконваюць, як мне падалося, з прыемнасцю. Праўда, найбольш поўнаму іх успрыманню перашкаджае крайняя напружанасць слыхавога апарата гледача...

Але каб аблегчыць нялёгкую глядацкую долю, сёе-тое было ўсё ж зроблена. Так, на авансцэне ўстанавілі тры мікрафоны, а ў многіх эпізодах мікрафоны пабачыш яшчэ і ў руках выканаўцаў. Ну, а ў другім акце спектакля з'явілася нават выключнае вынаходніцтва: у час чырвонага вяселля Прысыпкіна і Эльзевіры са столі на тросах спусцілася вялізная ружовая свіння і, крыху прыўзняўшыся над сцэнай, павісла, хістаючыся з боку ў бок. А мікрафон прытуліўся ў яе пад хвастом. Дзякуючы такому "пікантнаму" вынаходніцтву відовішча перыядычна спяваючага ў мікрафон Сакратара (ён жа Беспрытульнік), які абачліва адсоўвае хвост, можна аднесці да аднаго з найбольш уражлівых месц у спектаклі. Іх нямала, такіх "фантазійных" дэталяў. Адкуль? Адказваючы на гэтае пытанне, відаць, можна цалкам даверыцца ўсё таму ж хору Сіняблузнікаў, які сумленна папярэджвае: 

Там убавим, там прибавим,
Но в главном, конечно же,
все оставим.


Апошнія словы, думаецца, слушныя толькі ў дачыненні да назвы. Яе сапраўды чамусьці пакінулі (магчыма, прычынай для гэтага сталася "Балада пра клапа", якую натхнёна выканалі хорам Сіняблузнікі?). Што ж датычыць зместу, то пры ўсёй стараннасці стваральнікаў спектакля, якія ў даволі туманных паняццях вызначалі, але так і не вызначылі жанр свайго твора... Дык змест наўрад ці можа прэтэндаваць на назву п'есы, якая з такой сілай выкрывае "абывацеліуса вульгарыса" і "клопуса нармаліса".

Цяпер адносна "матываў" У. Маякоўскага. Справа ў тым, што некалькімі, досыць скалечанымі, выказваннямі Івана Іванавіча з "Лазні", запазычанымі для музычна-камедыйнага Сакратара, і некаторымі агульнабюракратычнымі, таксама "лазнавымі", рысамі ў ім жа гэтыя "матывы" вычэрпваюцца.

Далей. Наконт "прибавим". Вось у гэтым якраз недахопу ў спектаклі не будзе.

Прыбаўленне найпершае – яблык. То ён зробіцца вялізным зеланавата-жоўтым зіхоткім фонам, то маланькім, але таксама зіхоткім з'явіцца ў руках Алега Баяна, потым павісне ў яго на шыі, а потым яшчэ недзе і яшчэ ў некага. I той яблык, аказваецца, – нейкі сімвал: "соблазна, познания, мечты, всего на свете". Так мяркуе рэжысёр. (Так гаварыў ён на сустрэчы гледачоў са стваральнікамі спектакля пасля прэм'еры 19 красавіка 1988 года).


Не менш адметныя і "прыбаўленні" ў вонкавых пераўтварэннях некаторых вобразаў, Так, напрыклад, Прадавец селядцоў, у спектаклі вельмі прыкметная фігура, – гэта... ліфчык, бязлітасна размаляваны твар, ператвораны ў мярзотную заганную маску. Гэтая постаць перамяшчаецца на сцэне склізуча-паўзучымі рухамі, пяшчотна, знізу ўверх, пагладжваючы тонкую доўгую рыбіну, якая целяпаецца каля сцягна. Адпавядае яму і Сакратар, які з'явіўся на чырвонае вяселле ў аксамітным, чырвоным з жоўтым калеце і ў да непрыстойнага тонкім балетным трыко.

Аднак, гаварыць пра імправізацыі толькі рэжысёра-пастаноўшчыка і мастака ў гэтай складанай справе "прыбаўленняў", значыць незаслужана абмінуць акцёраў, вынаходлівасць якіх у спектаклі не на апошнім месцы. Ці на карысць гэта спектаклю? Хто ведае... Ды што б там ні было – два маленькія прыклады.

Сцэна маладзёжнага інтэрната. Хто дзе і хто на чым. Першай фразай, якую пачуе глядач, будзе немым голасам пракрычаная і невядома каму адрасаваная пагроза "Убью, ..!" (другое слова-зварот я не бяруся працытаваць, замяняю яго на шматкроп'е).

А вось трамвай, дзе, трымаючыся за ўяўныя парэнчы, едуць панкі, рокеры, Беспрытульнік-металіст, а з імі і Ваня Прысыпкін, у якога раптам знік кашалёк. Добрая справа – акцёрская эрудыцыя! Беспрытульнік (ён жа ў спектаклі Сакратар) нагадае тут злодзея Кірпіча з тэлесерыяла "Месца сустрэчы змяніць нельга", вельмі здорава пераняўшы знакамітае сіпенне: "Косалёк, косалёк, какой косалёк?".

Так, і ўсё гэта – на батуце, ледзь не забылася вам паведаміць. Пасярод сцэны ўстаноўлены велізарны батут, на сетцы якога па чарзе пабываюць ці не ўсе персанажы спектакля. Там млява і паўлежачы будзе заклікаць Прысыпкіна да кахання дзябёлая Эльзевіра, сціпла і міла спяе "пісню ткачых" Зоя Бярозкіна, пераможна падскокваючы, падзеляцца сваімі планамі з гледачом Мадам Рэнесанс і Алег Баян...


Але ў рэшце рэшт усе знікнуць, і ўвагай нашай завалодае лазерны феерверк, які цэлую мінуту наглядна дэманструе ўжо абрыдлыя дасягненні ў галіне выкарыстання палярызаванага святла, а на чорным фоне паступова выступіць велізарная выява пасмяротнай маскі чамусьці У. Маякоўскага. Потым усё патухне, заціхне. Толькі Прадавец шароў з чагосьці журботна зацягне, што ва ўсіх на свеце таты ёсць і мамы, а ён, маўляў, круглы сірата, ды Сакратар, выскачыўшы з глядзельнай залы, будзе бегаць па сцэне, і вельмі актуальна будуць гучаць ягоныя пытанні: "Хто гэта? Што гэта?"

Н. ГОСЦЕВА. 
Літаратура і мастацтва. – 1988. – 14 кастр. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: