Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/…І выйграць залатую ліру (2005 г., Лiтаратура i мастацтва)

…І выйграць залатую ліру (2005 г., Лiтаратура i мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

…І ВЫЙГРАЦЬ ЗАЛАТУЮ ЛІРУ

"Арфей і Эўрыдыка". Прэм'ера Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра

Усё-ткі антычная міфалогія – рэч загадкавая. І, як не чухай патыліцу, а цяжка адразу скеміць: навошта Арфей спускаецца ў пекла, калі Эўрыдыка атрымлівае асалоду ў райскіх шатах? Смела і арыгінальна адказалі на гэта пытанне стваральнікі рок-оперы-балета "Арфей і Эўрыдыка" (музыка А. Журбіна) на мінскай сцэне. У тое не блізкае падарожжа выправіла Арфея сама ж фанабэрлівая Эўрыдыка. Там мае адбыцца спаборніцтва спевакоў. Яна дорыць Арфею сваю песню і дае наказ словамі: "Ідзі! Ты павінен перамагчы і выйграць залатую ліру!" (Гран-пры конкурсу).

Міф пра легендарнага спевака Арфея не дае спакою творцам ужо не адно тысячагоддзе. Оперы, балеты, жывапісныя палотны і скульптурныя кампазіцыі ствараліся, ствараюцца і, пэўна, будуць стварацца на гэтую тэму ў будучыні. З тысяч твораў можна прыгадаць уражлівую маштабнасцю задумы оперу "Арфей і Эўрыдыка" ў пастаноўцы выдатнага рэжысёра У. Меерхольда і геніяльнага балетмайстра М. Фокіна, увасобленую на пачатку мінулага стагоддзя ў Санкт-Пецярбургу. Тады на сцэне адначасова знаходзілася больш як 200 выканаўцаў! І ўся гэтая маса рухалася: акцёры спявалі, гpaлі, танцавалі…

Вядомая ж рок-опера А. Журбіна ўпершыню была ўвасоблена ансамблем "Поющие гитары" ў 1975 г., а пазней пад тую фанаграму выконваліся балетныя версіі "Арфея і Эўрыдыкі" паводле харэаграфіі М. Баярчыкава.

Пераасэнсаваўшы і ў значнай частцы перарабіўшы пластычнае вырашэнне твора, які меў шумны поспех у 70-я гады на сцэнах многіх тэатраў СССР, балетмайстар-пастаноўшчык з Pacіі Юрый Шмаргонер, у свой час бліскучы выканаўца ролі Харона, прапанаваў мінскім артыстам новую, часам арыгінальную харэаграфію, развіў адметнасць характараў асноўных герояў, стварыў шэраг яркіх ансамбляў, дуэтаў, найскладаных варыяцый. Ён лічыць, што "ў аснове канфлікту ляжыць сутыкненне інтарэсаў у працэсе станаўлення творчай асобы артыста, выпрабаванне арэолам зорнасці, славай і грашыма. І тут славутыя Агонь, Вада і Медныя трубы ператвараюцца ў міфічныя персанажы, якія імкнуцца з усяе сілы супрацьстаяць каханню ў вобразе Эўрыдыкі, дзеля Арфея згоднай пайсці на ахвяру…"

Такім чынам, стваральнікі рок-оперы-балета зрабілі спробу сінтэзаваць сюжэтную лінію антычнай міфалогіі, авангардную рок-оперу савецкіх часоў і надзённыя праблемы сучаснай шоў-індустрыі.

Тое, што складае сутнасць падзеі, ляжыць у аснове лібрэта Юрыя Дзімітрына: гэта аповед пра сучасную рок-зорку Арфея, які шукае славы і багацця, выкарыстоўваючы для дасягнення сваёй мэты самае каштоўнае, што аддала яму Эўрыдыка, – песню, у якой "цэлае возера кахання". Kaлі ж герой, дамогшыся прызнання, цешыцца ліслівасцю фанатаў, то ён страчвае свой дар.

Дзеянне спектакля развіваецца імклівa, нібы раскручваецца тугая спіраль. На сцэне бязмежжа святла, колеру, спеваў, музыкі і танцаў. Усё ў жывым гучанні, усё натуральна, усе ўражвае… І хаця аўтары назвалі свой твор "рок-опера-балет", на першым плане стаіць зрокавае, мастацка-пастановачнае і пластычнае вырашэнне. Такім чынам, атрымліваем балет-оперу ў стылі рок.

Цудоўнае дэкарацыйнае афармленне пры хуткай змене колера-светлавых акцэнтаў узмацняе эмацыянальнае гучанне спектакля. Умела і таленавіта арганізаваная сцэнічная прастора дазваляе артыстам свабодна перамяшчацца ў трох асноўных узроўнях, выкарыстоўваючы арыгінальна пабудаваныя маршы і праёмы, а таксама пад'ёмныя краты, якія служаць не толькі функцыянальна (па іх артысты маюць магчымасць жвава з'ехаць з верхняе пляцоўкі на сцэну), але і нясуць вобразна-мастацкую нагрузку (як брама ў іншы свет). Заднік сцэны ўпрыгожвае велічэзны залаты дыск зменлівага колеру, што танальна падтрымлівае драматургію.

Паводле слоў мастака Рамана Іванова, які афармляў спектакль: "Увесь працэс пабудовы дэкарацый, пошуку прасторавых вырашэнняў, уласна жывапісных работ зыходзіў з логікі мэтазгоднасці". І дэкарацыі не загрувашчваюць сцэну, дазваляючы балету танцаваць, хору спяваць у строга арганізаванай прасторы другога ўзроўню, а салістам дамінаваць на трэцім, з магчымасцю трапіць у любую частку сцэнічнай пляцоўкі. Такая мабільнасць надае дадатковую дынаміку, новыя мажлівасці хуткай змены акцёрскіх планаў: ад буйнога да агульнага, што сустракаецца ў тэатры нячаста і вельмі асвяжае ўражанне.

Хаця "Арфей і Эўрыдыка" – сапраўднае феерычнае шоў з вялікай колькасцю рэжысёрска-пастановачных эфектаў, бясспрэчным дасягненнем можна лічыць выдатныя акцёрскія работы выканаўцаў галоўных роляў. Яны – сааўтары пастаноўшчыкаў, яны – сатворцы поспеху.

Увесь лірызм і ўсю рамантыку рок-оперы-балета ўвабраў вобраз Эўрыдыкі. Нягледзячы на тое, што на працягу ўсяго спектакля рэфрэнам гучаць словы: "Арфей пакахаў Эўрыдыку", сапраўдная ўзнёсласць кахання і як вынік самаахвяраванне – гэта сама Эўрыдыка, яе адданасць Арфею, выпрабаваная і тым, і гэтым светам. А захапленне, што распаліла героя, пераходзіць у самалюбства, самаўсхваленне і вядзе да здрады.

Вельмі арганічна і сучасна выглядае Эўрыдыка ў выкананні Рыны Івакіры. Сама як танюткая галінка сакуры, нясе яна каханне сваёй гераіні, быццам крохкі крыштальны званочак, ласкавыя гукі якога саграваюць сэрцы. Вобраз, створаны балерынай, паступова ўзбуйняецца, расце, напаўняецца новымі фарбамі. У кранальна-сарамлівай манеры малюе яна Эўрыдыку крыху насцярожанай, ашчадлівай да раптоўнага пачуцця. Не спячую прыгажуню бачым мы на сцэне, а сучасніцу, якая глыбока хавае і каханне, і эмацыянальнае парыванне, якое толькі зрэдку прарываецца ў трывожных узмахах рук-крылаў, у маленнях-паклонах, у імпэтных узлётах адчаю. Пэўная адсутнасць бляску кампенсуецца ў балерыны прадуманасцю і чысцінёй танца.

Харэаграфічную партыю Арфея выконвае вядучы саліст балета Канстанцін Кузняцоў. Не буду арыгінальны, калі скажу, што паводле якасці акадэмічнага танца – гэта лепшы саліст трупы. Яму падуладныя найскладаныя піруэты, разнастайныя туры і іх камбінацыі з падкрэслена акцэнтаванай позай (напрыклад, у гран-піруэтах), у яго арсенале шмат цікавых скачкоў, дзе асабліва ўражвае, як, ледзь кранаючыся зямлі, узлятае і нібыта лунае па-над сцэнай, ствараючы адчуванне бязважкасці ў танцы. У харэаграфіі ролі Арфея ёсць дзе разгарнуцца таленту Кузняцова. Шматлікія танцавальныя дуэты, ансамблі, маналогі, розныя па пластычна і вобразна, у формах чароўных адажыо і дынамічных варыяцый на працягу ўсяго спектакля мусілі б пазбавіць апошніх cіл нават самага трывушчага танцоўшчыка – ён жа спраўляецца з гэтым бліскуча. Надзейны партнёр дэманструе сваё майстэрства ў падтрымках, дадаючы ўпэўненасці балерыне.

Крыху зніжае яркасць вобраза Арфея невыразная колеравая гама касцюма і некаторая пераўскладнёнасць асобных варыяцый, а таксама падабенства харэаграфічнай лексікі з партыяй Птушкі, выканаўца якой апрануты ў такі ж малаарыгінальны касцюм, што прыводзіць да блытаніны. Мне нават давялося адказваць на пытанні гледачоў-суседзяў: "Хто з іх хто?"

Востра выяўленай характарнасцю поз і жэстаў, адточанасцю выканання рухаў, у якіх рэзкасць і акцэнтаванасць нечакана змяняецца пруткай плаўнасцю і мяккай гнуткасцю хваль і прагібаў, агульнай цэласнасцю вобраза запомніцца Фартуна ў трактоўцы Вольгі Лядскай. У дыялогах-дуэтах з Арфеем паўстае мо не так эратычнай спакусніцай, уладаркай, прагнай да расплаты за славу і багацце. Адной рукой асыпае героя залатым дажджом, другой накідвае ceткі каварства, усё шчыльней закручваючы іх.

Асаблівым драматычным дарам шчодра дзеліцца са сцэны Максім Кілееў у вобразе галоўнага распарадчыка дзеі – легендарнага Харона, які адным усплёскам вясла здатны вырашыць долю чалавека. Калі б адным словам трэба было пазначыць характэрную асаблівасць гэтага артыста, я б прыгадаў раней вельмі моднае, а цяпер рэдка ўжывальнае слова "апломб": у ім квінтэсенцыя таго, што мы бачым на сцэне. Выкананне М. Кілеевым гэтай партыі настолькі эмацыянальна і драматургічна выверанае, па-акцёрску дасканалае, што нават на нейкі момант забываешся на ўмоўнасці балета: настолькі зразумелы кожны рух. Асаблівае захапленне цудоўнай паловы глядацкай залы здабыў яго зіхатлівы позірк, захоплены і загадкавы адначасова.

Адцяняюць напружаны драматызм прывабныя антычныя жрыцы з акружэння Фартуны з чашамі, поўнымі залатога дажджу. Рухаюцца яны лёгка і нязмушана ў жаданні заваражыць героя. Чакаў убачыць на іх месцы фурый з глюкаўскага "Арфея", але і вырашэнне аўтараў спектаклю здаецца апраўданым.

Сярод найвялікшых удач спектакля – цудоўнае адзінства і гармонія Першага, Другога і Трэцяга спевакоў, а дакладней – таленавітых акцёраў, якія падтрымліваюць і дапаўняюць, кожны cваімі выразнымі сродкамі адзін аднаго. Гледзячы і слухаючы іх, так і цягне перайначыць класіка, маўляў, у акцёра ўсё павінна быць цудоўна: і касцюм, і голас, і pyх.

Вельмі ўражвае дынаміка танца Сяргея Глуха і моцны напор спеваў Аляксея Шаўчука. Экспрэсіўнасць артыстаў, падкрэсленая чырвона-чорным адзеннем, вылучае іх на агульным фоне малавыразных мізансцэн з удзелам аляпаватага выгляду фанатаў і яшчэ немаведама якіх герояў ў белай вопратцы ў выкананні ладных хлапчукоў, якія ўдасканальваюцца ў майстэрстве балетнага танцоўшчыка. Да шалёнай хуткасці даводзяць ход спектаклю aгніcтa-рыжыя выканаўцы ролі Дpyгогa спевака. Бравурны і крыху эпатажны Ігap Бычкоў запомніўся яскравай эстраднай манерай спеву. Аляксей Кавалеўскі шпаркім бегам і скачкамі, шпагатамі і віртуозным танцам. Падтрымалі добрае ўражанне ад "зонгаў" выразны спеў Дзмітрыя Якубовіча і пластыка Яўгена Яцкевіча. Вельмі ўдалы падбор артыстаў розных жанраў, нават знешне падобных добра ўпісваецца ў канцэпцыю сінкрэтычнага дзеяння.

Калі разглядаць гэткім чынам асаблівасці выканання партыі Арфея, то побач са знешняй адэкватнасцю створаных Аляксеем Грыненкам і Канстанцінам Кузняцовым вобразаў, ці, калі жадаеце, вобраза, можна адзначыць, што цяжкая вакальная партыя з вялікай колькасцю разнастайных прыёмаў, пададзеная празрыстым, чыстым голасам, знаходзіцца ў А. Грыненкі ў стадыі асэнсавання, дапрацоўкі і творчага пошуку, тады як у Кузняцова харэаграфічны тэкст "адскоквае ад зубоў".

Сцэнічныя Эўрыдыкі – усе зусім розныя. У гучанні голасу Ілоны Казакевіч пераважвае эмацыянальнасць і кранальнасць, а яе дуэт з Арфеем – сапраўдны дыялог, дзе вакалістка не толькі дэманструе свае цудоўныя прафесійныя вартасці, але і чуйна прыслухоўваецца да партнёра.

Трошкі ў баку ад агульнай тэндэнцыі – вакальная партыя Харона ў выкананні Анатоля Олеха. Яго голас, як аскомістae вытрыманае віно, дае задавальненне знаўцам мастацтва. Артыст пераносіць знешнія выявы драматызму ў гучанне: знаходзіць асаблівыя інтанацыі для характарыстыкі героя, выдаткоўвае іх скупа, але заўсёды да месца, умела трымае паўзу.

У тым, што "Арфей і Эўрыдыка" гучыць сучасна і па-мастацку выразна, вялікая заслуга аранжыроўшчыка і дырыжора-пастаноўшчыка Льва Карпенкі, які творча пepapaбіў партытуру і стаў сапраўдным сааўтарам кампазітара. Пра сваю працу ён кажа: "Новае стагоддзе патрабуе новых падыходаў. Мне многае давялося змяніць, зыходзячы з сённяшніх магчымасцей і рэжысёрска-пастановачных ідэй, а таксама ўлічваючы індывідуальныя асаблівасці салістаў. З'явіліся новыя прыёмы выканання, новая манера раскладаць акорды, нарэшце, проста новыя інструменты… Засталося галоўнае: дзівосная мелодыя, багацце гармоніі, вытанчанасць і мудрагелістасць рытмаў, абрэзкавасць сімфа-джаз-рока. Засталіся чароўныя па прыгажосці гучання тэмы: Эўрыдыкі, Фартуны…"

"Арфей і Эўрыдыка" – неардынарная, яркая, па-мастацку цэласная сучасная музычная тэатральная пастаноўка, створаная таленавітымі майстрамі, у якой харэаграфія гарманічна спалучаецца з жывым вакалам і актыўным гучаннем эстрадна-сімфанічнага аркестра. Спектакль радуе і сагравае сэрцы…

Ясь КАВАЛЕВIЧ.
Лiтаратура i мастацтва. – 2005. – 4 сак.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: