Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/І захаваюць добрыя пачуцці… (1980 г., Камуніст)

І захаваюць добрыя пачуцці… (1980 г., Камуніст)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

І ЗАХАВАЮЦЬ ДОБРЫЯ ПАЧУЦЦІ…

У музычнай камедыі "Старыя дамы" (п'еса Г. Галубенкі, А. Сушчэнкі, В. Хаіта, вершы Р. Раждзественскага, музыка А. Фельцмана), якую паказаў бабруйчанам Дзяржаўны тэатр музкамедыі БССР і, дарэчы, пастаўлена зусім нядаўна, нямала прыкмет жанра.

Камічная сама сітуацыя, калі жыхары старога малакватэрнага дома, якія прывыклі жыць нібы адной вялікай сям'ёй, разам вырашаюць пытанне, каго павінен выбраць сабе ў жонкі Андрэй – сын адной з жыхарак, Марыі Іванаўны. Камічна акрэслены аўтарамі характары дзеючых асоб, асабліва былога марака Захара Аляксеевіча, старога акцёра Эрнеста Барысавіча і яго жонкі Лізаветы Сямёнаўны, маладой маці Лены і яе пастаянна адсутнічаючага мужа – футбаліста, іх сына Стасіка. Вясёлы смех выклікаюць лёгка пазнаваемыя дэталі быту жыхароў камунальных кватэр.

Але чаму ж на гэтым спектаклі ў нас часам сціскае сэрца сум, чаму мы сур'ёзна задумваемся?

Ды таму, што гаворка ідзе ў ім увогуле пра зусім не бытавыя рэчы, а пра сур'ёзныя з'явы нашага часу, што кранаюць усіх. I гэтая акалічнасць, памножаная на мастацкія вартасці пастаноўкі, трымае залу ў напружанні, якое ўласцівае п'есам псіхалагічнага плана.

На самой справе, калі Галі, дзяўчыне Андрэя, смешная і незразумелая адмова жыхароў старога, нязручнага для жыцця дома перасяліцца ў новыя камфартабельныя кватэры, то для гледачоў зусім не смешныя матывіроўка гэтай адмовы, словы Андрэя аб тым, што для шчасця гарачай вады і смеццеправоду мала.

Быццам бы ніякіх асаблівых падзей у жыцці герояў не адбываецца на сцэне, калі не лічыць гісторыю з перасяленнем. Людзі жывуць, успамінаюць мінулае, змірыліся з чужымі недахопамі, але адзін без аднаго жыць не могуць. Таму што жылі тут, раслі, улюбляліся, гулялі вяселлі, няньчылі дзяцей, марылі аб будучым. I ўсё, што адбывалася тут, заўсёды дзялілі пароўну. Яны навучыліся быць уважлівымі да навакольных людзей, цярпімымі да чужых недахопаў.

Вось чаму перасяленне страшыць іх, таму што раз'яднае, а ў вялікім новым доме, заўважае Эрнест Барысавіч, "суседзей бачыш толькі ў ліфце".

Так з ростам матэрыяльных даброт мы не заўсёды захоўваем духоўнасць жыцця, у век навукова-тэхнічнага прагрэсу выдатна інфарміраваны аб апошніх падзеях у свеце, у космасе, але мала ведаем аб радасцях і засмучэннях суседзяў.

I яшчэ адной думкай прасякнуты спектакль. Яна атрымлівае яркае абагульненне ў выдатнай па паэтычнаму зместу і меладычнай выразнасці песні маці, якую пранікнёна спявае засл. артыстка БССР Н. Гайда. Гутарка ідзе аб эгаізме бацькоў, калі ім хочацца, як заклінанне, сказаць сыну: "Застанься маленькім!". Але сталеюць дзеці, старэюць маці... Дыялектыка жыцця бярэ сваё, і глядзець на яе трэба па-філасофску.

Рэжысёр спектакля А. Малчанаў, дырыжор, засл. дзеяч мастацтваў БССР I. Абраміс і акцёры, занятыя ў ім, прарабілі вялікую работу. Па сутнасці ж героі п'есы не паказаны ў развіцці. Толькі ў дыялогах і рэпліках даюцца скупыя перадгісторыі іх. Акцёрам трэба паказаць вынік пражытага кожным персанажам жыцця і пераасэнсаванне яго, іграць другі план, дадумваць лёс сваіх герояў.

Нягледзячы на яўную недастатковасць драматургічнага матэрыялу ў вобразе маці Андрэя, Марыі Іванаўны, Н. Гайда ў значнай ступені папаўняе гэты істотны недахоп п'есы за кошт вакальна-паэтычнай лепкі вобраза. Дарэчы, спектакль вельмі выігрывае дзякуючы меладычнай і лірычнай музыцы і паэтычнаму зместу вакальных нумароў. Яны ўносяць у яго вялікую эмацыянальнасць.

На мой погляд, у асобе К. Лосева ўдала знойдзен выканаўца ролі Эрнеста Барысавіча, чалавека, які не валодаў акцёрскім талентам, але веру ў яго ўвесь час падтрымлівалі толькі каханне і самаадданасць жонкі, Лізаветы Сямёнаўны, каларытны вобраз якой стварае засл. арт. РСФСР Н. Рэвінская. Але сам спектакль нібы ставіць пытанне: а ці так ужо карысная хлусня ў выратаванне? Ці не ўпустую пражыў сваё акцёрскае жыццё Эрнест Барысавіч?

Багатая сцэнічная палітра, якой карыстаюцца засл. арт. БССР В. Фаменка (Захар Аляксеевіч) і Ю. Лазоўскі (Цімафей Кузьміч). Запамінаецца Лена (арт. Ф. Дуднік) з яе мацярынскім дэспатызмам.

Больш эмацыянальнай адкрытасці хацелася б бачыць у ігры артыстаў Г. Нікіціна (Ацдрэй) і Н. Харужэнка (Галя).

Вельмі ўдала знойдзена рэжысёрам і мастаком Н. Хрэннікавай сцэнаграфія фіналу пастаноўкі. Яна выразная, светлая і аптымістычная, і мы верым, што, перасяліўшыся ў новыя дамы, героі спектакля захаваюць у сябе ўсё тое добрае, што яны набылі ў старым доме.

Е. ГЕЙКЕР.
Камуніст (Бабруйск). – 1980. – 30 ліп.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: