Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/І зноў пра інтрыгі і каханне… (1995 г., Тэатральная Беларусь)

І зноў пра інтрыгі і каханне… (1995 г., Тэатральная Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

І ЗНОЎ ПРА ІНТРЫГІ І КАХАННЕ…

"Шклянка вады" У. Кандрусевіча ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі

Тэатр музычнай камедыі ў мінулым сезоне зрабіў добры падарунак свайму гледачу, прадставіўшы яго ўвазе мюзікл "Шклянка вады" У. Кандрусевіча (лібрэта Б. Рацара і У. Канстанцінава па аднайменнай п'есе Э. Скрыба). Амаль на кожным спектаклі быў поўны аншлаг, і, відаць, не ўсе жадаючыя змаглі на яго трапіць. Прыемна, што сярод публікі было шмат моладзі. Элегантнай і прыгожай. Шумнай і жыццярадаснай, якая цёпла і непасрэдна ўспрымала спектакль. Вядомая гісторыя кахання англійскай каралевы Ганны і тыя інтрыгі, што вяліся вакол яе, бадай што аднолькава захапляюць як гледачоў, так і артыстаў, і пастаноўшчыкаў "Шклянкі вады". Нельга не адчуць, што на спектаклі пануе атмасфера агульнай зацікаўленасці да лёсаў персанажаў, да тых падзей, якія адбываюцца на сцэне. Я яшчэ адзначыла б атмасферу добразычлівасці адзін да аднаго. I, безумоўна ж, святочнасці, што, на жаль, вялікая рэдкасць апошнім часам у нашым шэрым жыцці. I яшчэ большая рэдкасць, калі няўрымслівая моладзь настойліва патрабуе "Аўтара! Аўтара!" пасля заканчэння відовішча. I доўга не адпускае яго са сцэны, шчодра адорваючы і кветкамі, і апладысментамі.

Поспех кампазітара У. Кандрусевіча невыпадковы. Да тэатра ў яго даўняя любоў. Ён вядомы як аўтар музыкі цэлага шэрагу драматычных спектакляў: "Рэвізор" М. Гогаля ў тэатры імя Янкі Купалы, "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча ў тэатры імя Якуба Коласа, "Амфітрыён" (па творах Плаўта, Мальера, Клейста і інш.) у Рускім драматычным тэатры, "Песня пра зубра" М. Гусоўскага і А. Дударава ў Тэатры юнага гледача і іншыя...

Мюзікл – жанр даволі складаны. Ён мае вялікія адрозненні ад традыцыйнай аперэты. Ён, безумоўна ж, не можа абысціся без музыкі, спеваў, дыялогаў і танцаў. Але сам характар музыкі ў ім – іншы. Калі аперэта меладычная, павольная, размераная, то мюзікл больш шматфарбны. Яму ўласцівы як дысанансы, так і нечаканыя вострыя джазавыя замалёўкі. "Шклянка вады" – таму пацверджанне. У. Кандрусевіч прапануе нам твор яркі, сучасны. У ім вельмі нечакана спалучаюцца самыя розныя меладычныя тэмы: ад ціхіх, спакойных, пастэльных да шумных, нервова-напружаных і іскрамётных. Музыка спектакля насычана шырокім дыяпазонам чалавечых пачуццяў: ад чыстых, узнёслых, шчымлівых парасткаў сапраўднага кахання да каварства і нянавісці, подласці і здрады. У. Кандрусевіч будуе музычную плынь спектакля такім чынам, што ў ім прачытваюцца і сур'ёзныя драматычныя моманты і праследжваюцца чыста аперэтачныя, гумарыстычныя матывы. Характар кожнага персанажа выпісаны аўтарам з непадробнай цікавасцю і да іх унутраных перажыванняў, і да іх учынкаў. Мабыць, таму героі спектакля не дзеляцца на "добрых" і "злых" і адразу ж не выклікаюць аднабаковых ацэнак.

На гэтым настойвае і рэжысёр Б. Утораў. Як і ў папярэдніх сваіх пастаноўках, ён пазбягае бытавізму, адназначнасці. Нават у закулісным жыцці каралевы Ганны і яе фаварыткі герцагіні Мальбара ён вылучае высокі касмічны план. Імкнецца знітаваць падзеі даўно мінулых дзён з днём сённяшнім. Рэжысёр выразна падкрэслівае, што тое, што адбываецца з людзьмі на сцэне, – такое знаёмае і тым, хто сядзіць у глядзельнай зале. "Час праходзіць, але нічога не мяняецца", – падкрэслівае Астролаг – А. Касцецкі. Сапраўды, колькі існуе зямля, людзі на ёй з пакалення ў пакаленне аднолькава нараджаюцца, кахаюць, пакутуюць і смяюцца. I ў гэтым прыгажосць і каштоўнасць нашага жыцця. Нас не стане, а ўсё навокал застанецца па-ранейшаму. Б. Утораў нездарма выводзіць Астролага на авансцэну. Увесь час засяроджвае нашу ўвагу на яго нязменнай прысутнасці побач. Тут жа, на авансцэне, на працягу ўсяго спектакля знаходзіцца і пясочны гадзіннік, акуратна адлічваючы імклівыя хвіліны.

Што вельмі імпануе ў спектаклі Тэатра музычнай камедыі, дык гэта тое, што яго пастаноўшчыкі не проста весела і свавольна пераказваюць усім вядомую гісторыю, а імкнуцца да тэатра больш складанага, здольнага да філасофскіх абагульненняў, да тонкага раскрыцця чалавечых характараў. Прыгадваецца наступнае: "Тэатр – відовішча. Тэатр – свята. Тэатр – забава. Усё гэта справядліва, але ў вельмі своеасаблівым сэнсе. На гэтым свяце не толькі смяюцца, але і плачуць, хвалююцца, пакутуюць, вырашаюць філасофскія праблемы. Святочнасць, відовішчнасць, забаўляльнасць тэатра не заўсёды адлюстроўваецца ў яркіх фарбах, звонкіх песнях і стракатасці падзей. Тэатр павінен быць святам і відовішчам толькі ў тым сэнсе, што кожнае прадстаўленне павінна быць захапляльным і цікавым. Тэатр разумны, але сумны – не тэатр. Тэатр, у якім толькі весела – балаган..." Думаю, што гэта датычыць любога тэатра, і музычнага – у тым ліку. Тым больш што мы гаворым пра мюзікл, які ў сваю чаргу можа быць трагедыяй ці камедыяй, фарсам альбо драмай. Калі прыемнай ва ўсіх адносінах аперэце ўласціва лірыка, рамантызм, то мюзікл больш прыхільны да іроніі, сарказму, ён больш крытычны ў ацэнках штодзённай рэчаіснасці. Гэта дае магчымасць гаварыць аб новай эстэтыцы, якая выбірае сацыяльную вастрыню і высокую мастацкую свабоду відовішча.

Асобных радкоў заслугоўвае мастацкае афармленне "Шклянкі вады" (мастак-пастаноўшчык Б. Герлаван). Яно выканана з вялікім майстэрствам і густам. I многім садзейнічае поспеху спектакля. Месцы яго дзеяння акрэсліваюцца вельмі дакладна і вобразна. Глядач то знаходзіцца на невялікай палацавай пляцоўцы, агорнутай цемрай таямнічай ночы, то пераносіцца ў палац на сняданак каралевы, то, зусім нечакана, – у яе ўтульны раскошны пакой. У мастацкім афармленні "Шклянкі вады" ў асноўным пераважаюць наступныя колеры: чорны, белы, чырвоны, залаціста-жоўты. Яны абраны невыпадкова не толькі таму, што ў спалучэнні адзін з адным выглядаюць эфектна, прывабна, але і таму, што імпануюць касцюмам дзеючых асоб, адпавядаюць інтэр'ерам каралеўскіх пакояў, а таксама ўдала спалучаюцца з сучаснымі рытмамі музыкі, дапаўняюць яе, складаючы адзінае цэлае.

Мастак "апранае" сцэну даволі проста і ўмела, ствараючы пры гэтым атмасферу раскошы і багацця. Так, дастаткова апусціць з-пад каласнікоў прыгожыя, ажурныя, залаціста-белыя люстры-падсвечнікі, як звычайная пляцоўка ператвараецца ў палац каралевы. I дастаткова апусціць некалькі радоў празрыстых, мяккіх заслон, як перад вачыма з'явіцца ўтульны, абсталяваны ў стылі часу пакой, у якім амаль увесь час знаходзіцца самая недасягальная і адзінокая жанчына ва ўсёй Англіі.

Адно з асноўных месц у спектаклі адведзена пластыцы (балетмайстар-пастаноўшчык В. Саркісьян). Рухомы, эфектна-вытанчаны балет, нібы цудоўная рама, упрыгожвае кожную карціну пляцоўкі. Як вядома, пластыка аперэты ў многім адрозніваецца ад пластыкі мюзікла. У першым выпадку яна складаецца толькі з балетнага дывертысмента і "падтанцовак" персанажаў. Існуе строгае правіла падаваць напачатку дыялог, затым – спевы і толькі апошнім – танец. Інакш саб'ецца дыханне ў спевакоў. У гэтым сэнсе мюзікл – поўная процілегласць аперэце. У ім спевы абавязкова суправаджаюцца рухамі. Прапанаваны сюжэтны ход адлюстроўваецца пластыкай. Таму і ў кожнай дзеючай асобы "Шклянкі вады" сваё пластычнае ўвасабленне музычнай партытуры вобраза. Балет жа ў спектаклі аздабляе выразна, прыгожа пабудаваныя мізансцэны. У першай карціне ён чорнай стужкай уецца па бліскучай пляцоўцы, зліваючыся з касмічнай прасторай, бясконцай цемрай Вечнасці, і адразу ж акрэслівае адну з важных тэм, прапанаваных пастаноўшчыкамі: еднасці Сусвету і чалавека, прыналежнасці яго лёсу да чагосьці вельмі важнага, таямнічага і неразгаданага. У палацы каралевы прысутнасць балета абавязковая. Без яго няма ні слуг, якія грацыёзна падаюць сняданак тытулаванай асобе, ні прыдворнага асяроддзя, без якога немагчымы ні адзіны шыкоўны прыём, баль ці проста прыемны вечар. I заўсёды ў яго цэнтры – нязменная Змяя ў бліскучым зялёным трыко, дзякуючы якой, вядома ж, і плятуцца ўсе інтрыгі. У той момант, калі да каралеўскага двара прыходзіць вестка аб забойстве на дуэлі сваяка лорда Балінгброка, балетная група нечакана з'яўляецца перад намі ў ярка-чырвоных плашчах, калышацца, магутнай хваляй разліваецца па ўсім палацы і акцэнтуе яшчэ адну даволі важную тэму спектакля. Яна яскрава прачытваецца і ў музыцы У. Кандрусевіча і ўвесь час вар'іруецца пастаноўшчыкам. Маю на ўвазе тэму "крывавай забавы", якая дысанансам урываецца ў павольную плынь спектакля. Каралеўскія забавы, інтрыгі двара на самай справе не такія ўжо бяскрыўдныя. Ад іх, аказваецца, залежаць многія лёсы і жыцці. Пластычнае асяроддзе спектакля з самага пачатку як бы расшыфроўвае вобраз свету, які за яго кошт на працягу ўсяго дзеяння ўзбагачаецца і расце, становіцца ўсё больш складаным і трывожным.

Асаблівая роля ў стварэнні вобраза спектакля належыць святлу. Пастаноўшчыкі карыстаюцца ім па-майстэрску ўмела: то падкрэсліваюць таямнічасць, якая існуе вакол галоўных герояў, то паказваюць ва ўсёй сваёй прыгажосці раскошу каралеўскіх пакояў, удала набліжаючы да нас твары прыгожых жанчын, якіх нямала на сцэне. Мы заўважаем высакародны колер бязважкіх, празрыстых строяў каралевы Ганны – і загадкавае зорнае неба ў фінале спектакля. Святло становіцца, таксама як і іншыя кампаненты, асноўнай часткай пастаноўкі.

Некалькі асобных радкоў хачу прысвяціць касцюмам. Хаця, на жаль, іх стваральнік не пазначаны ў праграмцы. Сёння такая рэдкасць бачыць у тэатры сапраўдны, добра пашыты касцюм. Тэатр усё больш і больш імкнецца да спрошчанасці, але не той, геніяльнай, да якой на працягу стагоддзяў ішлі майстры касцюма, а хутчэй да той, імя якой – беднасць і якая ўсё бліжэй і бліжэй да безгустоўнасці і неахайнасці. У сваёй вядомай усім тэатралам кнізе "Тэатр для людзей" Дж. Стрэлер слушна заўважыў, што пройдзе яшчэ некалькі год, і ў нас не застанецца ніводнага – прынамсі ніводнага – чалавека, які здольны маляваць у рознай тэхніцы, майстраваць гіганцкія і лёгкія, нібы ветразі, кулісы, фантастычныя, здольныя разгортвацца ў прасторы заслоны, ніводнага чалавека, які ўмеў бы ткаць, шыць, кроіць; уручную, умела, з любоўю майстраваць капелюшы і абутак. Сапраўды, як можна гаварыць пра ідэю "тэатра для людзей" у грамадстве, якое імкнецца да спрошчанасці і абыякавасці да прыгажосці...

Калі ж трапляеш на "Шклянку вады", то здаецца, што цябе запрасілі на цудоўны баль, і вочы ў цябе разбягаюцца ад прапанаванай прыгажосці. Гэта можна сказаць пра кожны персанаж без выключэння. Каралева Ганна апранута, як і належыць быць апранутай першай жанчыне ў высокім грамадстве. Ёй імпануюць пастэльныя, мяккія фарбы ў спалучэнні з золатам і блёсткамі і высока ўзнятай прычоскай. Герцагіня Мальбара з'яўляецца ў яркіх, эфектных строях, пераважна чырвона-чорных, барвовых тонаў з прыгожымі, галаўнымі ўборамі, якія пасуюць да яе сукенак. Каралеву Ганну і герцагіню Мальбара амаль заўсёды акружаюць цудоўныя прыдворныя дамы і статныя мужчыны. Як на жывой карціне, узнікаюць яны на сцэне то ў элегантных чорна-белых, то ў больш яркіх ціхіх, стрыманых фарбах. Іх касцюмы выдатна дапаўняюць вееры, высокія, белыя, гладка прычэсаныя парыкі. Адным словам, сапраўднай каралеве – сапраўднае акружэнне.

Касцюмы спектакля самі па сабе – творы мастацтва. Яны ўдала спалучаюцца з мастацкім афармленнем, адпавядаюць характарам і настроям персанажаў. I тым самым у многім дапамагаюць стварыць адзінае, непарыўнае пластычнае асяроддзе спектакля.

"Шклянка вады" вызначаецца зладжаным акцёрскім ансамблем. Кожны з выканаўцаў знаходзіцца на сваім месцы і прафесійна вядзе сваю ролю. Каралеву Ганну выконваюць дзве актрысы – I. Лінкевіч і В. Пятліцкая. Яны ствараюць два зусім розныя вобразы, характарам непадобныя адзін на аднаго. Гераіня I. Лінкевіч мяккая, пяшчотная, але, безумоўна, здольная на самыя рашучыя і нечаканыя ўчынкі. Ганна – І. Лінкевіч прываблівае сваёй жаноцкасцю, рамантычнасцю. Таму зразумела, чаму больш за ўсё на свеце гэтая жанчына марыць аб звычайным чалавечым шчасці, сапраўдным каханні. Запамінаецца яе пранікнёны дуэт з Абігайль – I. Цярэнцьевай аб ружах. Каралева Ганна – I. Лінкевіч – гэта і ёсць тая самая адзіная белая ружа сярод мноства чырвоных, якой неабходна каханне, але якое не ў кожнага сустракаецца ў жыцці і якое так цяжка распазнаць.

Ганна ў выкананні В. Пятліцкай – па-сапраўднаму ўладарная жанчына. Смелая і самаўпэўненая. Яна паводзіць сябе з вялікай годнасцю, тактам, павагай да субяседнікаў. Нельга адразу ж не распазнаць яе прыгожы розум і высакароднасць. Яна без папярэджанняў ведае, што яе палац напоўнены плёткамі, хлуснёй. I што ёй першай неабходна прыняць цвёрдае рашэнне: пакончыць з гэтым раз і назаўсёды. Цудоўна выконвае актрыса свой песенны маналог: "Я загадаю і пакараю без спачування! Я – каралева, каралева!.." Прыгожая, чароўная, трывожна-імклівая музыка поўнасцю супадае з настроем гераіні В. Пятліцкай. Уся яе істота пратэстуе супраць таго становішча, у якім ёй давялося апынуцца: падпарадкоўвацца правілам той гульні, якая вядзецца ў яе палацы. 

Вельмі тэмпераментна, прафесійна выконвае ролю герцагіні Мальбара актрыса Н. Гайда. Яе гераіня напорыстая, самаўлюбёная і самаўпэўненая. Сваю прыгажосць яна нясе з выклікам, не сумняваючыся ў бездакорнасці свайго густу і правільнасці ўчынкаў. I ў дасягненні сваіх мэт яна выкарыстоўвае любыя сродкі. Тым не менш ў Мальбары – Н. Гайдзе прываблівае жаночы шарм, розум і тое чароўнае прытворства, якое ўласціва не многім жанчынам. Яна адразу ж дае зразумець лорду Балінгброку, што яна – жанчына. I гэтым усё сказана. З ёю спрачацца і сапернічаць – бессэнсоўна. Запамінаецца яе першае з'яўленне ў спектаклі. Раскоша пакоя імпануе яе залатому ўбору. Гучыць мяккая, цёплая музыка. Сапраўды, побач з гераіняй лорд Генры ўсяго толькі "мой мілы, мой салодкі, мой дурненькі...". Менавіта таму Мальбара раскрывае галоўнае жаданне свайго жыцця: "Я народжана кахаць і быць каханай... I каханне для мяне – не проста гук!.." Герцагіня ўсімі праўдамі і няпраўдамі змагаецца за каханне юнага Мэшэма.

Цікавы вобраз лорда Генры Балінгброка стварае акцёр А. Ранцанц. Яго герой – разумны, абаяльны, ліслівы. З майстэрствам сапраўднага махляра ён раскрывае ўсе інтрыгі, якімі перапоўнены палац каралевы Ганны. I накіроўвае ўсё ў патрэбнае яму рэчышча. Чысты, светлы вобраз закаханай дзяўчыны Абігайль стварае актрыса I. Цярэнцьева, запамінаецца капітан Мэшэм у выкананні В. Мінгалёва і В. Шабуні, Астролаг, ён жа камердынер каралевы – А. Касцецкі.

Спектакль вызначае высокі музычны ўзровень – музычны кіраўнік і дырыжор А. Сасноўскі. Хормайстры – Т. Гуліна, С. Пятрова.

Тэатр музычнай камедыі расказвае свайму гледачу гісторыю, вядомую многім з прысутных у зале. Закранае, здавалася б, такія сумныя і надакучлівыя ўсім тэмы: каханне і здрада, нянавісць і злараднасць, плёткі і інтрыгі. I ўсё ж… гэтыя тэмы даўно сталі вечнымі і будуць існаваць, пакуль існуе чалавецтва. Арганічнае суладдзе ўсіх кампанентаў спектакля: музыкі, рэжысуры, сцэнаграфіі, пластыкі і выканання дазволіла стварыць відовішча яркае, выразнае, сучаснае, цікавае гледачам усіх узростаў.


Вераніка КОЗЕЛ.
Тэатральная Беларусь. – 1995. – № 4. – С. 39–41.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: