« Назад
ІМГНЕННЕ ДАЎЖЫНЁЙ У 35 ГАДОЎ
Калі сімвалам Купалаўскага тэатра даўно прызнана "Паўлінка", дык сімвалам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, які днямі справіў сваё 35-годдзе, можа лічыцца не той ці іншы спектакль, а творчая асоба – народная артыстка Беларусі Наталля ГАЙДА. Не, яна не была арганізатарам і стваральнікам гэтага тэатра, але, працуючы ў ім з першых дзён яго адкрыцця, удзельнічала, бадай, ва ўсіх яго спектаклях – за выключэннем хіба гераічнай музычнай камедыі Рыгора Суруса "Судны час". Таму ў дзень святкавання тэатральнага юбілею мы звярнуліся менавіта да яе за ўспамінамі пра "гераічнае мінулае".
– Наталля Віктараўна, сёння ўжо абсалютна відавочна, што Беларускі дзяржаўны музычны тзатр (які раней называўся Тэатрам музычнай камедыі), – ваш лёс. Але ж пачыналі вы з оперы: былі салісткай спачатку ў Свярдлоўскім тэатры оперы і балета, потым у Вялікім тэатры Беларусі. Ці не шкада было мяняць паненку оперу на яе "малодшую сястру" аперэту?
– Лёс літаральна з самага пачатку вадзіў мяне "кругом і наўкола" аперэты. Уральская кансерваторыя, якую я скончыла як оперная спявачка, рыхтавала таксама артыстаў музычнай камедыі. На гэтым аддзяленні было больш заняткаў па сцэнічным майстэрстве, па харэаграфіі, і я часцяком наведвала іх. Тым больш, што выкладчыкі па вакале ў нас былі аднолькавыя і не выказвалі сваёй незадаволенасці, што я, маўляў, займаюся не тым, што трэба. Мне ўвогуле падабаліся жанры аперэты, музычнай камедыі. Я часта наведвала Свярдлоўскі (цяпер Екацярынбургскі) тэатр музычнай камедыі, які лічыўся і лічыцца адным з лепшых на савецкай і постсавецкай прасторы. А на 4-ым курсе мяне разам з мужам Юрыем Бастрыкавым запрасілі ў Свярдлоўскую оперу. I хаця запрашала таксама і аперэта, як не спакусіцца? Я спявала Мюзету ў "Багеме" Пучыні, Джыльду ў "Рыгалета" Вердзі, Разіну ў "Севільскім цырульніку" Расіні – усяго 15 оперных партый. А потым муж прайшоў па конкурсе ў Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, і мяне туды ўзялі таксама – ну, як "бясплатны дадатак", каб сям'ю не парушаць.
– Гэткая самаіронія ў вас відаць, у музкамедыі выпрацавалася?
– На той час у Мінску спявалі Тамара Ніжнікава, Людміла Златава – што мне было рабіць побач з такімі непераўзыдзенымі опернымі зоркамі? Ды й тэатр тады быў, як і зараз, на рамонце, мы шмат гастралявалі па Саюзе, выступалі з канцэртамі. Раптам мяне запрасілі на кіназдымкі: у Свярдлоўску пачалі здымаць фільм-аперэту паводле "Вечара з італьянцамі" Жака Афенбаха. I мяне адпусцілі на паўгады. Якраз за гэты час канчаткова вырашылася пытанне аб адкрыцці ў Мінску Тэатра музкамедыі. I я вырашыла перайсці туды. Мне ў Міністэрстве культуры гавораць: не хвалюйцеся, аформім вас пераводам. А я кажу: не трэба. Давайце я праслухаюся разам з усімі. Падыду – возьмуць, не – дык не. Менавіта на тых праслухоўваннях я ўпершыню сустрэлася са знакамітым кампазітарам Юрыем Уладзіміравічам Семянякам, які ўваходзіў у камісію. Памятаю, ён падышоў і паціснуў мне руку: "Дзякуй вам за Дунаеўскага!". А я спявала тады Тоні з "Белай акацыі" і найпапулярную "Карамбаліну". I спадніцу адпаведную прыдбала, і да харэографа звярталася, каб танец мне паставілі: вельмі хацелася паказаць усё, на што я здольная. Муж, праўда, быў супраць: "Навошта табе тая аперэта, калі і ў оперы – няблага?". Але пасля прэм'еры "Спявае "Жаўранак" Юрыя Семянякі (а гэтым спектаклем, дарэчы, і адкрываўся тэатр) ён сказаў: "Так, Націк, гэта тваё". Тым больш, адначасова з "Жаўранкам" мы падрыхтавалі "Фіялку Манмартра" Кальмана і "Вольны вецер" Дунаеўскага, дзе ў мяне таксама былі цэнтральныя ролі. I яшчэ – вялікі гала-канцэрт. I я канчаткова зразумела: гэта мой жанр.
– I няўжо так ніколі і не было шкада? У оперным жанры ўсё ж больш шырокі эмацыйны дыяпазон.
– Калі б у мяне было мецца ці хаця б моцнае драматычнае сапрана, можа, я б ніколі і не адважылася сысці, а так… Мне яшчэ ў Свярдлоўску, калі ў аперэту заманьвалі, гаварылі: "Ну, што ты будзеш "чырыкаць" сваім танюткім, лёгкім галасочкам усяго некалькі партый? А ў аперэце ж для такога голасу – ледзь не ўвесь рэпертуар прызначаны".
– Аглядаючы зараз усю 35-гадовую гісторыю Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, якая не проста прайшла на вашых вачах, а ў якой вы самым непасрэдным чынам удзельнічалі, як бы вы вызначылі асноўныя вехі яго развіцця? Што, на ваш погляд, было яго кульмінацыяй?
– Лічу, што лёс кожнага тэатра больш за ўсё залежыць ад рэжысёраў. Нашаму тэатру неяк не надта шанцавала на галоўных рэжысёраў, але шмат было таленавітых творцаў, якія запрашаліся на тую ці іншую пастаноўку. Таму я звязвала б "перыядызацыю" тэатральнага жыцця ў адпаведнасці менавіта з рэжысёрскімі стылямі. Той жа Барыс Утораў яшчэ ў 1970-ыя імкнуўся да такога моднага зараз жанру, як мюзікл. I паставіў першы мюзікл на нашай сцэне – "Мост мары" Лебедзева, таго самага, чый фільм "Нябесныя ластаўкі" ўсе добра ведаюць. Рэжысёра Сямёна Штэйна заўсёды вельмі хваляваў характар узаемаадносін персанажаў, ён дэталёва распрацоўваў кожны псіхалагічны нюанс, не стамляючыся растлумачваць усю падаплёку паводзін герояў. Для Вячаслава Цюпы была важная ўласна рэжысёрская канцэпцыя, нават нейкі эпатаж. Першы спектакль, які ён у нас ставіў, быў "Сірано" Пажлакова. У ім усё было надзвычай музычна і пластычна, быццам у запаволенай дымцы, – проста нейкая "паэтычная сімфонія". Новую рэжысуру не адразу ўспрынялі і артысты, і самі гледачы, але чым долей ішоў гэты спектакль, тым больш яго ўсе любілі. А той жа "Клоп" Уладзіміра Дашкевіча!
– Нафантазіраваць, што прымадонна Наталля Гайда будзе скакаць на батуце ды яшчэ ў балетнай пачцы – гэта дадзена не кожнаму!
– Гэта было вельмі незвычайна, але ж так цікава! А як паказалі гэты спектакль на фестывалях у Маскве, у Адэсе, наш тэатр быў прызнаны ці не лепшым у Саюзе.
– Але ж "перыядызацыя" тэатральнага жыцця шмат у чым залежыць і ўласна ад рэпертуару, які, у сваю чаргу, павінен арыентавацца на пэўных артыстаў. У гэтай сувязі можна ўзгадаць, што менавіта на вас не толькі ставіліся, але і замаўляліся некаторыя спектаклі. Ведаю, што і Юрый Семяняка сваю "Паўлінку", і Уладзімір Кандрусевіч "Джулію", "Шклянку вады" пісалі з разлікам менавіта на вас.
– Асабліва я хвалявалася за Паўлінку: як жа сыграць мне нацыянальны характар, каб усе ўбачылі ўва мне сапраўдную беларуску? Неаднойчы хадзіла ў Купалаўскі тэатр, назірала там за артыстамі. Але ж у нашай "Паўлінцы" было ўсё іншае, нават фінал іншы – і, адпаведна, сама гераіня. А як дэкарацыі паставілі адразу неяк усё стала блізкім і родным. Дзякуючы ж "Джуліі" Кандрусевіча я змагла лягчэй перайсці да ўзроставых роляў, бо там чаргуюцца сцэны сталай гераіні з успамінамі пра яе маладосць.
– Гісторыя тэатра музкамедыі немагчыма без "прыколаў" і смешных сітуацый: сам жанр да гэтага схіляе.
– Ой, нават і не ўзгадаю.
– А вось я памятаю, як на адным са спектакляў "Джуліі" (я глядзела яго шмат разоў) у сцэне, дзе вы высвятляеце стасункі з мужам, да вас прыляцеў паветраны шарык. Відаць, застаўся ад ранішніка, лётаў дзесьці пад каласнікамі, а потым паціху спусціўся акурат вам у рукі. Вядома, ён быў зусім недарэчы, гледачы пачалі пырскаць, вам трэба было ад яго неяк пазбавіцца – і вы, пагуляўшы з ім, бы з цацкай, вельмі эмацыйна, у парыве сцэнічнай рэўнасці поркнулі яго відэльцам. Я пачула побач шэпат: "Якая тонкая рэжысёрская задума! Шарык – увасабленне рамантычных ілюзій гераіні. Яна пазбаўляецца іх – каханне скончана. Але ж як яны разлічылі траекторыю палёту, каб той шарык апусціўся ёй у рукі?".
– Цяпер і я ўзгадала – таксама пра шарыкі. У адной са сцэн "Сірано" я павінна была прысесці сярод рассыпаных па падлозе шарыкаў. Раптам адчуваю – мяне "заносіць", я падаю. Але ж трэба зрабіць гэта прыгожа! Гладжу тыя шарыкі, літаральна купаюся ў іх, быццам так і задумана, думаю, як бы потым падняцца. А пасля рэжысёр мне кажа: "Мне спадабалася, як вы там насачынялі!".
– Каб была магчымасць, насачынялі б сабе яшчэ роляў?
– Шкада, што ў нашым тэатры малавата ішло сучасных твораў. У класічнай аперэце цалкам прамінулі мы творчасць Лекока, Мілёкера, Афенбаха. Канешне, немагчыма ахапіць неабдымнае, але ў творчасці вельмі важны пошук, які не дае стамляцца. I з-за гэтага тыя 35 гадоў праляцелі бы адно імгненне, бы нейкая камета…
Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ. Культура. – 2006. – 21–27 кастр. – С. 6.
|