Главная \ Пресса \ Iсцiна? У любовi! (2003 г., Лiтаратура і мастацтва)
« Назад

IСЦIНА? У ЛЮБОВI!

10 гадоў для балета – шмат. Сярэдзіна творчага шляху. Зеніт жыцця ў мастацтве. У Юліі Дзятко ды Канстанціна Кузняцова – вядучага дуэта балетнай трупы Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра (i дуэта сямейнага) – жыццё яркае. Як i належыць зоркам. Яны ззяюць на першых ролях у спектаклях "Жызель", "Дон Kіхот", "Зачараваны прынц" ("Шчаўкунчык")… Іх запрашае маэстра В. Елізар'еў танцаваць галоўныя партыі ў спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета.

Дарэчы, сцэна з "Рамэо i Джульеты" ў яго пастаноўцы была паказана падчас вечарыны, зладкаванай да 10-годдзя творчай дзейнасці дуэта. Прыгожае атрымалася свята! Класічнымі (i класнымі) танцоўшчыкамі паўсталі Ю. Дзятко ды К. Кузняцоў у "Арлекінадзе", "Эсмеральдзе". Артыстызм, стыльнасць, адухоўленасць мастацкага вобраза, тэхнічнасць у выкананні скачкоў i вярчэнняў. Скульптурная выразнасць складаных падтрымак. Агульнае творчае дыханне…

Нібы ўсё новыя размаітыя кветкі, "юбілейны букет" дапаўнялі нумары іншых артыстаў Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра: класіка, мадэрн… Прынамсі, мініяцюры ў пастаноўцы Раду Паклітару "Беларускае галашэнне" ды "Флейта Пана". Знаны балетмайстар з Малдовы, вучань Валянціна Елізар'ева, да вечарыны cвaix сяброў падрыхтаваў i прэм'еру. Яго харэаграфічная сюіта "In pivo Veritas" на матывы ірландскіх піўных песень ды музыку эпoxi Рэнесансу была паказана ў другой частцы імпрэзы. Бурапеннай фантазіяй, простанародным гумарам, дасціпнай пластыкай поўніліся агульныя мізансцэны, ансамблі вясёлых маладых танцораў, сольныя варыяцыі герояў урачыстасці.

"Ісціна – ў віне", – сцвярджае антычная мудрасць. "У півe", – з усмешкаю папраўляюць чыннікі новага відовішча. "Ісціна – ў любові, – пераконваюць тыя, хто аддае сябе мастацтву. Сярод ix – i лаурэаты шасці міжнародных конкурсаў Ю. Дзятко ды К. Кузняцоў.

Пры канцы вечарыны ix віншавалі ўсе разам. Калегі, публіка, кіраўніцтва культуры горада, галоўны балетмайстар тэатра Н. Дзячэнка i дырэктар A. Icaeў. Ён, дарэчы, выказаў пажаданне, каб радзіма лепш ведала i цаніла свае таленты, любіла i своечасова падтрымлівала ix, не шкадуючы i ганаровых званняў…

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Лiтаратура і мастацтва. – 2003. – 28 лют.