« НазадКАБ МУЗЫКА СТАЛА КАСАВАЙ…Кампазітары і грошы — рэчы несумяшчальныя? 23 красавіка — Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права. 26-га — Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці. Гэтыя святы — яшчэ і нагода для роздуму. Ці могуць сёння кампазітары самастойна зарабляць грошы, прычым за ўласную творчасць? Як ім не толькі прасоўваць свае творы, але і атрымліваць за іх грошы, калі нават з праславутым "прасоўваннем" справа ідзе не так гладка, як хацелася б? І ці можа пражыць сёння "вольны мастак" выключна на свае ганарары? Усе гэтыя праблемы паўстаюць перад творцамі і грамадствам, якое дбае пра духоўны патэнцыял нацыі, з яшчэ большай актуальнасцю, чым калісьці. І датычацца літаральна кожнага з нас, бо ўскосна закранаюць пытанні тых нашых культурных запатрабаванасцей, якія мы гатовы аплачваць. Рэкламная сімфонія Ёсць "музычны" анекдот прыблізна дзесяцігадовай даўніны. Сустракаюцца двое сяброў, якія не бачыліся з часоў заканчэння кансерваторыі. Адзін стаў членам Саюза кампазітараў, аўтарам некалькіх сімфоній, напісаў безліч іншых буйных партытур. Пра другога ж ніхто нічога не чуў: скончыў навучанне — і быццам "знік". Але першы — усё ў тым жа касцюме, у якім дыплом атрымліваў. А другі — на крутым аўто, цалкам "упакаваны". — Што ж ты такое напісаў? — ніяк не ўцяміць сімфаніст. — Ды ты ведаеш! Вось гэта… — і далей — рэкламная мелодыя. Сёння наўрад ці беларускі кампазітар будзе сыты, нават калі напіша музыку не да аднаго, а да шэрагу рэкламных ролікаў — айчынных. Дый у рэкламах, каб абышлося танней, імкнуцца выкарыстаць класіку: і плаціць не трэба, і мелодыя, калі ўжо даўно знаёмая, пачынае асацыіравацца з таварам, які рэкламуюць. Зайздросціць кампазітарам-сімфаністам? У савецкія часы за буйную партытуру яшчэ можна было атрымаць больш-менш прыстойную суму. Праўда, калі спрабавалі падзяліць тыя быццам бы вялікія грошы на год ці нават некалькі гадоў, якіх патрабуе падобная праца, "заработная плата" аказвалася зусім непрывабнай. У апошнія гады Беларусь застаецца ледзь не адзінай краінай былога Саюза, дзе яшчэ захоўваецца практыка набыцця новых кампазітарскіх твораў за дзяржаўныя сродкі. Ажыццяўляе такія закупкі мастацкі савет Міністэрства культуры, які і назву мае адпаведную: "Па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў". Праўда, сумы становяцца ўсё меншымі, а часам і зусім смешнымі (як жартуюць самі кампазітары, тыя грошы — каб акупіць выдаткі на паперу). На дадзены ж момант пасяджэнні мастацкага савета, які апошнім разам збіраўся напрыканцы мінулага года, пакуль не праводзяцца: пастанова Савета Міністраў аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджвання знаходзіцца на ўдакладненні. Адлічэнні Правы, зразумела, ёсць. Ды ёсць і некаторыя "але". Яшчэ ў савецкія часы, калі сур'ёзным кампазітарам жылося зусім няблага (усё спазнаецца ў параўнанні), куды больш забяспечанымі, у параўнанні з імі, былі тыя аўтары, якія пісалі музыку (ці рабілі аранжыроўкі) для… цырка. Усяго толькі таму, што цыркавыя выступленні, здаралася, ішлі па тры на дзень, прычым пры поўных аншлагах! Адпаведна, і сумы набягалі больш значныя. Калі раней былі афіцыйна зацверджаны ніжняя і верхняя планкі працэнтных адлічэнняў, дык цяпер — толькі ніжняя. Наконт верхняй — маўляў, як аўтар дамовіцца. Але са снежня мінулага года ўступіў у сілу новы закон, што прадугледжвае магчымасць бясплатных дамоў. Нічога дрэннага ў гэтым няма. Але кампазітарам, якія прызвычаіліся падпісваць дакументы не чытаючы, давядзецца быць больш абачлівымі, каб не падпісаць, таго не ведаючы, "дароўную грамату". Ды ўсё ж возьмем ідэальны варыянт: аўтару гатовы плаціць за выкарыстанне твора — нават на радыё і тэлебачанні, дзе гэта сталі рабіць толькі некалькі гадоў таму. Адлічэнні ад канцэртаў у галіне акадэмічнай музыкі складаюць дзесяць працэнтаў за ўсю праграму — ад сумы, выручанай за прададзеныя білеты. У галіне ж эстраднай музыкі — удвая менш: усяго пяць працэнтаў. А цяпер падлічыце, хто больш атрымае грошай: той, чый вялізны вакальна-сімфанічны твор прагучыць у першы і апошні раз (а гэта звыклая практыка), той, чые песні больш-менш рэгулярна гучаць у раённых ДК, дзе кошт білетаў яшчэ больш сімвалічны, ці той, хто збірае стадыёны… Мастацкая якасць тут, зразумела, ніяк не ўплывае на ганарар. А вось папулярнасць нават не кампазітара, а артыстаў — іншая справа. Так што тут усе пытанні — адно да густаў слухачоў. Яшчэ адна цікавая дэталь. Паводле статыстыкі, з данымі якой можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, больш за трэцюю частку (35 працэнтаў) ад усіх сабраных гэтай установай аўтарскіх узнагароджванняў прыпадае на так званую фонавую музыку: як растлумачылі спецыялісты Цэнтра, гэта тое, што гучыць у кафэ, барах, рэстаранах. Словам, матайце на вус, кампазітары, што вам трэба ствараць для дабрабыту! Можа, калі радыё і — асабліва — тэлебачанне будуць больш трансліраваць добрай айчыннай музыкі, дык гэта паўплывае і на густы? Трэк, трык, трак! Што ж перашкаджае сур'ёзнаму аўтару напісаць хаця б адзін "забойны" хіт, які будзе прыносіць яму грошы, а тады ўжо, маўляў, ствараць свае сімфоніі? Па-першае, спярша трэба знайсці тое "рыбнае месца", уся ніша якога даўно не занята іншымі. Па-другое, формула слухацкага поспеху — непрадказальная. Па-трэцяе, марнуючы час на спасціжэнне законаў папулярнасці, кампазітар рызыкуе так і не напісаць "галоўны твор свайго жыцця": пераключэнне на штосьці іншае бясследна не праходзіць. Можа, пашукаем выключэнні ў замежных аўтараў? Расійскі кампазітар Уладзімір Баскін, якога прывяла ў Мінск хуткая пастаноўка яго вадэвіля "Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага", зарабіў грошы на музыцы да модных расійскіх тэлесерыялаў: — Калі паглядзеў, як усё гэта здымаецца, — шчыра ўсміхаецца Уладзімір Маісеевіч, — адпала ўсякая ахвота глядзець серыялы ўвогуле. Патрабаванні да музыкі — абсалютна "фонавыя". Мне нават казалі: вось тут, маўляў, надта прыгожая мелодыя не патрэбна, бо на яе фоне будзе заўважна, як дрэнна і ненатуральна іграюць акцёры… Але ж і трапіць у гэтую сферу няпроста: з аднаго боку, ёсць куды больш "раскручаныя" кампазітарскія імёны, з іншага — цэлая армія гукарэжысёраў ды іншых даволі далёкіх ад музыкі людзей, здольных выпусціць падобную прадукцыю. Там нават нот ведаць не трэба! Ад цябе чакаюць не партытуру, якую потым давядзецца яшчэ агучваць, а гэта значыць — шукаць выканаўцаў, рабіць запіс, усё гэта аплачваць… Навошта прадзюсарам лішнія выдаткі? Таму кампазітар павінен адразу выдаць гатовы прадукт — трэк. А ўжо як ты яго рабіў, нікога не хвалюе. Сёння, каб працаваць у той жа музыцы да кіно ці тэатра, трэба ўсё ўмець рабіць самому. Сам прыдумваеш, сам агучваеш — выдаеш гатовы трэк… Трэк выводзіць на тракт: фінансавы складнік такой працы дапамог кампазітару пераехаць з Кургана ў Санкт-Пецярбург. І цяпер ён марыць напісаць, нарэшце, оперу: можа сабе дазволіць, пакуль "мыльныя" грошы не скончыліся. Падобны прынцып (зарабіў на чымсьці грошы — можаш укласці іх у тое, чаго хочацца) шмат у чым дзейнічае і на Захадзе. Там вельмі распаўсюджана, калі музыкант, зарабляючы сваёй выканальніцкай дзейнасцю, укладае частку грошай у свае аўтарскія фантазіі. Тых, хто атрымлівае менавіта кампазітарскія ганарары за сур'ёзную прафесійную працу, вельмі і вельмі мала. І мы можам толькі ганарыцца, што сярод нашых такія — ёсць. Імідж — усё Валерый Галаўко — адзіны на сёння беларускі кампазітар, запатрабаваны ў Галівудзе. А вось у нас, напісаўшы музыку да фільма "Дняпроўскі рубеж", ад ганарару адмовіўся. Што гэта было — падарунак "Беларусьфільму"? Ці — прынцыповы жэст: маўляў, навошта мне вашы "капейкі"? Пасля прэм'еры Валерый Іванавіч не хацеў пра гэта гаварыць, а цяпер — адкрыў таямніцу: — У мяне кантракт з адной кампаніяй, паводле якога я не маю права пагаджацца на ганарар, меншы за чатырнаццаць з паловай тысяч долараў. І гэта не прыхамаць! Яны ўкладаюць грошы ў прамоўшн, робяць імідж — іх можна зразумець. У такой жа сітуацыі апынаюцца і артысты, якія маюць кантракты… А ў нас і дагэтуль, пагаджаючыся на творчую працу, неяк не прынята запытваць, колькі за яе атрымаеш. Можа, нас так прывучылі? Маўляў, матэрыяльная каштоўнасць — гэта тое, што можна "памацаць". А ўсё тое, што з духоўнай галіны і "зроблена", найперш, галавой, — павінна быць "бясплатным". А можа, уся справа — у эфемернасці самой музыкі? Яшчэ адзін бок праблемы — пасіўнасць саміх кампазітараў: неяк "нясціпла", маўляў, саміх сябе "прапаноўваць". Але, падобна на тое, іншага выйсця ў цяперашніх умовах — няма. Самарэклама — Я "саджуся на тэлефон", — працягвае расіянін Уладзімір Баскін, — і абзвоньваю ўсе расійскія музычныя тэатры — што называецца, "па спісе". Прапаноўваю тэму. Рэакцыя бывае рознай. Хтосьці рэагуе толькі на раскручаныя імёны, і гэта зразумела: публіка таксама будзе прываблена знаёмым ёй прозвішчам. У Расіі ёсць аўтары, за прэм'еры якіх "змагаюцца" па некалькі тэатраў адразу. А што рабіць іншым? Вось і тэлефаную. Хтосьці адразу адказвае: не, не трэба. Хтосьці бывае больш "шматзначным": маўляў, вы нам дашліце гатовы матэрыял, а мы ўжо тады падумаем. Але пісаць у разліку на "падумаем"?.. Хаця часта так і здараецца: пішаш штосьці "для сябе", бо не напісаць не можаш: тэма "зачапіла", ці лібрэтыст падабаецца, ці ўнутрана адчуваеш, што гэта абавязкова будзе запатрабавана… Так атрымалася, між іншым, з "Сапраўднай гісторыяй паручніка Ржэўскага": я разумеў, што публіка на такі спектакль пойдзе — ужо з-за адной назвы. І калі ваш рэжысёр Сусанна Цырук, якая ставіла ў Іркуцку мой "Паядынак" паводле Купрына, папрасіла напісаць яшчэ адзін мюзікл — "Сірано дэ Бержэрак", бо ў вас ёсць адпаведныя для такой тэмы салісты, я прапанаваў таксама "…Ржэўскага". Кіраўніцтва тэатра адразу пагадзілася, бо гэта — касавы спектакль!.. Слухаю і думаю: паспяшаўся Баскін. Цікава было б правесці эксперымент: што было б, калі тую ж самую музычную камедыю пра Ржэўскага прынёс хтосьці з нашых беларускіх кампазітараў? Ды я першая яму сказала б: маўляў, няўжо беларускую тэму нельга было ўзяць? Вось і атрымліваецца: з падобнымі "ненашанскімі" творамі беларускія аўтары павінны звяртацца па іншых адрасах — у тую ж Расію. Бо "замежныя" тэмы — можна і ў замежжы прыдбаць. Між іншым, інфармацыя пра "…Ржэўскага", якая пачынаецца фразай, што твор прысвечаны 200-годдзю Барадзінскай бітвы, змешчана і ў Інтэрнеце. Там, дарэчы, апошнім часам з'явіліся старонкі гэткіх "нотных крам на дыване": кампазітар змяшчае інфармацыю пра свае новыя творы, а патэнцыйныя выканаўцы, калі зацікавіліся прапановай, звязваюцца з ім і працягваюць перамовы. Менавіта па гэтай "аб'яўцы" спектакль быў упершыню ўвасоблены ў Магадане — праўда, як сведчыць кампазітар, музыкі там засталося куды менш, чым было прадугледжана, бо пастаноўка ажыццяўлялася ў драматычным тэатры. Я спытаў у пошукавіка… З беларускіх кампазітараў далёка не кожны можа пахваліцца тым, што ягонае імя ёсць у Інтэрнэце. Адзін з першых, хто яшчэ дзесяцігоддзе таму адкрыў свой персанальны сайт, не дачакаўшыся з'яўлення сайта Беларускага саюза кампазітараў (апошняга няма і дагэтуль), быў Аляксандр Літвіноўскі. Сёння гэта — адзін з самых актыўных творцаў, запатрабаваны ва ўсіх сферах — ад сур'ёзных сімфанічных партытур да прыкладной музыкі. Яго творы паспяхова гучаць не толькі ў нас, але і ў замежжы. Можа, дзякуючы яшчэ і таму, што інфармацыя пра яго больш даступная? — Насамрэч, — распавядае Аляксандр Фёдаравіч, — куды часцей "кідаюць". Не, я не скарджуся: многія сапраўды мяне праз Інтэрнэт знаходзілі, дзе, што вельмі важна, можна паслухаць маю музыку. З дапамогай сайта, да прыкладу, здзейсніліся мае канцэрты з Кёльнскім аркестрам. У мяне так і некалькі замоў на новыя творы ўзнікла — праз Сеціва. Галоўнае, каб інфармацыя пра цябе была ў агульнай сістэме каардынат. Але апошнім часам з'явіліся і карыстальнікі іншага роду. Звяртаюцца, мы пра ўсё нібыта дамаўляемся, я высылаю ноты — і ўсё. Цішыня. Больш на кантакт не ідуць. Адпаведна, ніякіх аўтарскіх адлічэнняў я таксама не атрымліваю. Але што рабіць? Застаецца думаць, што мая музыка гучыць, да прыкладу, на бясплатных канцэртах дзесьці ў тамтэйшых кансерваторыях… Сапраўды, як праверыць, пад якім, прабачце, прозвішчам агучваюцца дасланыя кампазітарам ноты? Можа, іх проста хтосьці "прыкішэніў"? — Асабістыя кантакты, — працягвае Аляксандр Літвіноўскі, — значаць куды больш. Я спрабаваў усё: конкурсы, фестывалі, удзел у творчых праектах, атрыманне грантаў. Вельмі шмат дала мне праца ў Кракаве над электраакустычнай музыкай, у Амерыцы, дзе я мог супрацоўнічаць з салістамі з усяго свету… Ва ўсе гэтыя праекты я трапіў, прайшоўшы міжнародныя конкурсы. Але яны таксама бываюць розныя. Памятаю, прывабіў мяне адзін, я таксама вырашыў паўдзельнічаць. Адкрыў старонку пераможцаў мінулых гадоў, а там — адно прадстаўнікі гэтай краіны, і ніводнага вядомага ў свеце імя. Значыць, усе астатнія ўдзельнікі ім патрабуюцца "дзеля статыстыкі". Увогуле, у многіх краінах перавага аддаецца сваім творцам. Каб выконвалі чужую сучасную музыку, калі гэта толькі не адпаведны міжнародны фестываль, яна павінна быць у некалькі разоў больш "шэдэўральнай", чым свая. Толькі тады ёсць хоць які-небудзь шанец… Днямі Аляксандру Літвіноўскаму споўніцца 50 гадоў. Да свайго юбілею ён вырашыў зрабіць сабе падарунак: пад час Міжнародных навуковых чытанняў імя Л.Мухарынскай, дзе была запланавана творчая сустрэча з ім, перадаў у дар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі камплект з шасці сваіх кампакт-дыскаў. Кампазітар у ролі мецэната? Яно, можа, і добра. І гэтая практыка становіцца ўсё больш распаўсюджанай: усё сваё рабі сам. Але вельмі хочацца, каб было і наадварот: мецэнат — для кампазітара. Каб рубрыка "зрабі сам" распаўсюджвалася толькі ўласна на кампазітарскую прафесію. І на магчымасць аўтараў удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства ды творчыя пошукі, а не толькі пошукі грошай, маючы якія, можна, нарэшце, і творчасцю заняцца… Надзея БУНЦЭВІЧ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by