Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Каб за каханне і гонар змагацца!" (1985 г., Вячэрні Мінск)

"Каб за каханне і гонар змагацца!" (1985 г., Вячэрні Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"КАБ ЗА КАХАННЕ І ГОНАР ЗМАГАЦЦА!"

Музычная фантазія "Сірано" С. Пажлакова ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР

Вы ўваходзіце ў глядзельную залу. На сцэне пажы з захапленнем засяроджана пускаюць у паветра мыльныя пухіры. Гульня? Так, і нам прапаноўваюць уключыцца ў яе. Яна будзе працягнута, калі з'явяцца дзеючыя асобы і пачнецца спектакль. Свет, створаны на сцэне, нерэальны, ўяўны. Ён – плён фантазіі паэта Сірано дэ Бержэка.

Тэатр музычнай камедыі прапаноўвае нам сваю версію прачытання камедыі Э. Растана. У сваім творчым пошуку тэатр не ўпершыню звяртаецца да сур'ёзнай, вялікай літаратуры. Абраўшы такі па-філасофску глыбокі матэрыял, як "Сірано дэ Бержэрак", ішоў на вядомую рызыку. Як мовай музыкі, вакала, танца перадаць шматбакоўнасць і складанасць душэўных пошукаў Сірано – паэта, вучонага, мысліцеля? У той жа час, як дабіцца таго, каб вобраз легендарнага гасконца ў пастаноўцы музычнага тэатра не зліўся з вобразамі яго шматлікіх варыянтаў у драматычных спектаклях?

У цэлым гэта ўдалося пастаноўшчыкам – рэжысёру В. Цюпе, дырыжору А. Лапунову. Менавіта музычны тэатр з яго вельмі багатай палітрай выразных сродкаў даў гледачам магчымасць па-новаму зірнуць на класічны вобраз. І хаця жыццё спектакля толькі пачынаецца і яшчэ адчуваецца яўнае адставанне ўвасаблення ад задумы, прыемна адзначыць, што рэжысёр В. Цюпа, мастак В.{У.} Жданаў і балетмайстар Ю. Лапша дасягнулі таго адзінства, пры якім творчасць кожнага цячэ ў рэчышчы агульнага рэжысёрскага рашэння, свежага і неардынарнага.

Стваральнікі спектакля прымушаюць нас пранікнуцца яго атмасферай. Мы прымаем умоўныя законы жыцця-гульні яго герояў. Аднак свет мары разбураецца на нашых вачах. Рэальнае жыццё аказваецца мацнейшым за цудоўнае, але крохкае стварэнне паэтычнай фантазіі. Сірано ўступае з ім у няроўны паядынак. Паражэнне яго ў гэтай бітве прадвызначана: у свеце, дзе правяць крывадушнасць, жорсткасць і подласць, паэт не можа быць шчаслівым.

Камедыя ператвараецца ў драму, а бесшабашны забіяка і рамантычны закаханы прадстае перад намі геніяльным паэтам, які дарэмна спрабуе дасягнуць гармоніі ў сабе самім і ў навакольнай рэчаіснасці.

Характар Сірано ў гэтым спектаклі паварочваецца да нас незвычайнымі бакамі. Ён скаваны і ранімы. Рэзкія, вуглаватыя рухі паэта рэзка выдзяляюцца на фоне грацыёзна танцуючых фігур яго сяброў – гасконцаў. Такім падобным на дзіўную параненую птушку іграе Сірано артыст Рыгор Харык. I хаця яшчэ не ўсе фарбы знойдзены ім для стварэння вобраза аднаго з самых абаяльных герояў сусветнай драматургіі, гэту акцёрскую работу можна аднесці да ліку творчых удач тэатра.

Каханы кузіны Сірано Раксаны – Крысціян дэ Невілет у выкананні Алега Ціунова мужны, прамы і сумленны. Маладому артысту ўдалося пазбегнуць карыкатурных мазкоў пры абрысоўцы характару свайго героя, адысці ад трафарэтнага вобраза "пустога, але прыгожага малага". Акцёр здолеў пранікнуць у глыбокую асабістую драму свайго героя і прымусіў нас суперажываць ёй.

Тонка, усхвалявана і пранікнёна выконвае ролю Раксаны Наталля Гайда. На працягу амаль усяго спектакля яе гераіня прадстае перад намі капрызнай прыгажуняй, узведзенай на недасягальны п'едэстал вялікім каханнем і геніяльнай фантазіяй паэта. У гарманічным адзінстве слова, вакалу і пластыкі ствараецца актрысай незямное, летуценнае аблічча яе гераіні.

У эпілогу спектакля перад намі прадстае ўжо іншая жанчына, па-сапраўднаму прыгожая і мудрая. Толькі такая Раксана магла спасцігнуць неардынарнасць Сірано, зразумець і прыняць яго каханне. Паэт гіне, але яго цудоўныя вершы, геніяльныя думкі, вялікі дух застаюцца на зямлі.

...Скончыўся спектакль. I мы ўспрынялі яго як гімн высакароднасці, розуму, таенту, каханню.

С. КЛІМКОВІЧ.
Вячэрні Мінск. – 1985. – 26 лют.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: