« Назад
КАЛІ КРЫШТАЛІЗУЕЦЦА ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦЬ
Яе творчы дзень пачынаецца на досвітку. Першая думка – пра сцэну. З самай раніцы – рэпетыцыя ў тэатры. Тэатр музычнай камедыі БССР – малады калектыў, няспынна ідзе працэс накаплення рэпертуару. Заўсёды ў рабоце новыя спектаклі. Наталлі Гайдзе даручаюць вядучыя ролі амаль у кожным з іх.
Калі няма рэпетыцый новых спектакляў, адбываюцца так званыя "уводы" акцёраў у раней выпушчаныя. Гэта таксама адказны працэс, у якім артыстка прымае непасрэдны ўдзел. У "Пацалунку Чаніты", "Увага, здымка!" і "Паўлінцы" Наталля Гайда адказвае за дублёраў, і працуе з імі ахвотна, з поўнай самааддачай. I ў такой рабоце ёсць сапраўдны творчы пачатак: Гайда дасканала ведае спектакль, у які ёй прадстаіць уводзіць новых вынанаўцаў, ведае патрабаванні рэжысёра, яго трактоўку вобразаў, арганічна адчувае звышзадачу спектакля. Не мае значэння пры гэтым, ці назірае пастаноўшчык за спектаклем, ці яго ўжо няма ў тэатры. У другім выпадку асабліва пільна трэба прасачыць, каб спектакль "не расхістаўся", каб не парушылася ладная драматургічная кампазіцыя і ідэйна-мастацкая канцэпцыя рэжысуры.
Свет яе тэатральных гераінь... З кожнай з іх звязаны кавалачак асабістага жыцця актрысы, у кожнай з іх – часцінка яе сэрца. Многія гадзіны роздумаў, сумненняў, дзёрзкіх мараў і творчых пошукаў аддаюцца ролям. Яна любіць свой тэатр. Стаж яе работы ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР усяго тры гады. За гэты час яна так зжылася са сваімі гераінямі, з усёй спецыфікай аперэтачнай сцэны, як быццам прысвяціла гэтаму ўсё сваё творчае жыццё. Часам здаецца, што яна цалкам паглыблена толькі ў свет музычнай камедыі.
Аднак усё было зусім не так. Першыя яе крокі, першыя поспехі ў мастацтве былі звязаны... з оперным тэатрам.
...У сям'і заўсёды кумірам была музыка. Маці – спявачка. I ў дзяцінстве Наташа слухала, як яна працавала – дома і на сцэне, спрабавала пець "матчыны партыі". Бацька – геолаг, аматар аперэты. Гучанне музыкі, заўсёдныя размовы аб ёй...
Пасля заканчэння школы выспела рашэнне – спяваць!.. Два гады запар Наталля рабіла спробы паступіць спачатку ў Маскоўскую кансерваторыю, потым – у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага. У сэрцы жыла музыка, яна была марай. Ды на справе ўсё выглядала вельмі празаічна: не паступіла, значыць, няма дастатковых дадзеных, значыць, лёс "не той"…
Наташа паступіла ў юрыдычны інстытут у Свярдлоўску. Але музыка "не адпускала" ад сябе. Яна гучала побач і вакол, трымцела ў душы. Дзяўчына разам з вучобай у юрыдычным, пачынае вучыцца ў кансерваторыі. Яна займаецца ў класе вакалу Людмілы Флягонтаўны Драздовай. Атрыманы першы дыплом – каля года Наташа працуе юрысконсультам. Праз тры гады другі дыплом зацвердзіў яе прыналежнасць да прафесійнага музычнага мастацтва...
Яшчэ ў студэнцкія гады, на чацвёртым курсе кансерваторыі Наташа была запрошана ў трупу Свярдлоўскага тэатра оперы і балета. Яе лёгкае, празрыстае лірыка-каларатурнае сапрана было заўважана і маладая спявачка хутка і рашуча ўваходзіць у рэпертуар. Першая яе оперная партыя – Біанка ў оперы В. Шабаліна "Утаймаванне свавольніцы". За чатыры гады яна спела многа вядучых партый і сярод іх – Мюзэту ў "Багеме" Пучыні, Джыльду ў оперы "Рыгалета" Вердзі, Разіну ў "Севільскім цырульніну" Расіні, Марфу і Снягурачку ў "Царскай нявесце" і "Снягурачцы" Рымскага-Корсакава, Людмілу ў оперы "Руслан і Людміла" Глінкі, Царліну ў "Дон-Жуане" Моцарта. З поспехам выступала ў операх савецкіх кампазітараў – "Варына каханне" М. Магідзенкі (Варуха) і "Рамэа, Джульета і цемра" К. Малчанава (Эстэр). Цэлая галерэя яскравых вобразаў і арыгінальных характараў!..
Разам з мужам, оперным спеваком Юрыем Бастрыкавым, Наталля пераязджае ў Мінск, яе запрашаюць салісткай у Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР. Праз год яна ўступае ў трупу Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, які толькі адкрываўся. Рашэнне гэта прыйшло не адразу.
Цяжка было адважыцца на гэта самой, цяжка было пераканаць мужа – саліста оперы ў неабходнасці такога кроку. Успомнілася: яшчэ ў юныя гады спрабавала паступіць у тэатральны інстытут на аддзяленне аперэты, значыць, ужо тады адчувала, што музычны тэатр вабіць яе ў любой форме. Няхай, імкненне да аперэты было яшчэ няяснае і несвядомае. Усе наступныя гады цікавасць да жанру, які спалучае музыку, слова, спевы і харэаграфію не праходзіла. Недзе ў глыбіні душы спелі парасткі будучага прызвання. I вось Наталля Гайда становіцца артысткай аперэты. Можа даводзіцца ёй калі-небудзь шкадаваць аб гэтым?
– Шкадаваць? Не, ніколі, – кажа актрыса. – Помню, яшчэ ў гады работы на опернай сцэне не аднойчы адчувала крыўду на сябе за тое, што ў мяне... не драматычнае сапрана. Для гэтага голасу кампазітары ствараюць такія моцныя і яркія характары, такія выразныя вакальныя партыі. Як шкадавала я аб тым, што не магу пець Аіду, Лізу! Мае гераіні ў асноўным заўсёды былі пяшчотнымі натурамі... А ў аперэце я сутыкаюся амаль кожны раз з зусім рознымі характарамі. Для іх сцэнічнага ўвасаблення маю ў сваім распараджэнні вакал, слова, танец, пластыку... Гэта пашырае дыяпазон маіх кантактаў з залай.
А мне прыгадваецца яе мінскі дэбют... Яна з'явілася на сцэне, па-жаночы ладная, уся нейкая на дзіва зграбная, але нешта ў ёй было такое, што прымушала адразу паверыць: перад намі моцны характар. Гэта дзяўчына здольная на подзвіг... Ірына ў гераічнай музычнай камедыі Ю. Семянякі "Пяе "Жаўранак". Завершаны сцэнічны партрэт. Было такое ўражанне, нібы Наталля Гайда не ўпершыню выступае на аперэтачнай сцэне. Яна з лёгкасцю пераўвасаблялася: савецкая разведчыца... спявачка ў нямецкім вар'етэ... свецкая дама... звычайная летуценная дзяўчынка, якая кахае і чакае. I яе голас, які перадаваў усе пералівы складаных пачуццяў, цёплы, звонкі, лёгкі і глыбокі.
Гэта багацце – голас. Ён зачароўвае слухачоў. Вабіць і акцёрская абаяльнасць, пластыка руху, свежыя інтанацыі мовы. Здзіўляе і радуе яе, здаецца, невычэрпная эмацыянальнасць і вялікая шчырасць пачуцця. Бадай, гэта ўсё, што патрэбна для атрысы і спявачкі аперэты. I таму так ўпэўнена выступае Наталля Гайда ў кожнай новай ролі.
Разам з тым яна заўсёды зноў і зноў самым сур'ёзным чынам распрацоўвае, як кажуць, "партытуру" сцэнічных паводзін, шукае нюансы і штрыхі, якія могуць даць уяўленне пра ўнутраныя матывы жыцця гераіні.
Перад выхадам на сцэну хвалюецца, як і ўпершыню. Адчувае адказнасць перад гледачом, перад калегамі, перад мастацтвам.
Яна любіць амаль усіх сваіх гераінь. Чаму "амаль усіх"? Бо не ў кожнай ролі актрыса адчувае глыбоказмястоўны чалавечы характар, псіхалагічную вастрыню, шчырасць драматургічных сітуацый. У такіх выпадках ёй бывае вельмі цяжка. Ды нічога не зробіш – праца ёсць праца. І нават не зусім любімая роля ёй дарагая: у яе ўкладзены часцінка жыцця і сэрца.
...Сільва і Віялета – гераіні аперэт Кальмана "Сільва" і "Фіялка Манмартра". А побач – галерэя гераінь з твораў савецкіх кампазітараў – Стэла ў "Вольным ветры" I. Дунаеўскага, Вера Чарнова ("Увага, здымка!" А. Эшпая), Чаніта і Анжэла ("Пацалунак Чаніты" Ю. Мілюціна), Марыя ("Чацвёра з вуліцы Жаны" А. Сандлера), Лала ("Каўказская пляменніца" Р. Гаджыева). Калі вы ведаеце гэтыя творы, бачылі Наталлю Гайду хоць бы ў некаторых з гэтых спектакляў, вы самі адкрывалі для сябе багатую псіхалагічную палітру, якой валодае актрыса.
Успамінаю яе ў спектаклях. То яна гарэзлівая, то пераважна летуценная, то апантаная пэўнай ідэяй, то па-жаночы дыпламатычная ў дасягненні жыццёвай мэты. Розная! I заўсёды яна – Гайда. Віртуозная актрыса.
Асобнае месца займае ў творчай біяграфіі Наталлі Гайды спектакль "Паўлінка", дзе яна выконвае галоўную ролю. Тут артыстка працавала асабліва паглыблена, з абвостраным пачуццём адказнасці. Прыемна было ёй усведамляць сябе ўдзельніцай нараджэння музычнага купалаўскага спектакля. Вядомая чытачам і гледачам усёй рэспублікі камедыя набывала пад пяром Юрыя Семянякі музычныя крылы, пераходзіла ў новы жанр.
Спектакль адбыўся. На яго ідзе глядач. I цяпер актрыса можа (і аб гэтым марыць) звярнуцца да другіх твораў беларускіх кампазітараў – песень, камерна-вакальнай лірыкі. Яна рыхтуе канцэртную праграму і збіраецца вынесці яе на суд слухачоў...
А Паўлінка – любімая яе гераіня. Усё вабіць у гэтай ролі: пяшчотны лірызм, душэўная чысціня, мяккасць і сардэчнасць. Разам з гэтым – і сакавіты народны гумар, і цвёрдасць характару, мэтанакіраванасць і жывы практычны розум, уменне трымацца ў горы і вера ў дабро. Гэтыя якасці гераіні Наталля Гайда бліскуча ўвасобіла ў спектаклі. Роля цяжкая – Паўлінка знаходзіцца ў цэнтры падзей на працягу ўсяго спектакля. У яе многа вакалу, танцаў, размоў. Яна жыва пераходзіць ад смутку да жарту, ад адчування шчасця да роспачы, ад гора да надзеі. Сустрэча з Паўлінкай заўсёды свята для артысткі, гэта свята і для нас, гледачоў, аматараў аперэты.
Мы гутарым з актрысай дома. Тут усё сведчыць аб прафесійнай стыхіі сям'і – яна акцёрская. Наталля і дома працуе над роллю, а Юрый уважліва слухае жонку, раіць, дапамагае. Да яго заўваг яна ставіцца вельмі сур'ёзна, цэніць іх. У сваю чаргу і яна ўдзельнічае ў працэсе яго работы над опернымі партыямі: іншы раз дапамагае яму самым непасрэдным чынам – разам яны рэпеціруюць сцэны і дуэты з оперных спектакляў (пры падрыхтоўцы партыі Дон Жуана Наталля рэпеціравала з Юрыем сцэны э Царлінай).
Падрастае дачушка. Маленькай Анастассі хутка шэсць гадоў. Яна любіць танцаваць, наведвае дзіцячую харэаграфічную студыю Палаца прафсаюзаў. Можа быць і ёй наканава калісьці выйсці на прафесійную сцэну?.. Дачка бывае іншы раз на рэпетыцыях у аперэце, любіць слухаць музыку і глядзець на маму з залы, чакаючы, калі тая прыйдзе да яе са сцэны.
З Наталляй цікава размаўляць – яна вельмі эмацыянальная (на сцэне гэта служыць ёй вялікую службу). Жывыя ззяючыя вочы... Добрая ўсмешка... Адкрытая натура. 3 людзьмі Наталля сыходзіцца хутка, лёгка, умее з імі ладзіць ("але не падладжваецца!"), знаходзіць агульную мову ("люблю людзей!"). Праўда, можа, як кажуць, і ўскіпець, ды затое хутка "адыходзіць". Пачуццё гумару? З ім усё ў парадку: умее цаніць яго і разумее самыя нечаканыя жарты.
Заслужаная артыстка рэспублікі, яна вельмі мэтанакіраваны чалавек.
– Аперэта – гэта яшчэ і вельмі абмежаваны вольны час. Ты ўвесь час там, на сцэне. Кніга, музей, прырода – гэта паміж рэпетыцыямі і спектаклямі, – скардзіцца з усмешкай мая субяседніца. – Я мала бывала ў іншых тэатрах. Мала бачыла на сцэне вялікіх акцёраў. Мару пабываць у розных гарадах, паглядзець і паслухаць драматычныя і музычныя спектаклі. Тэлебачанне не можа замяніць уражанняў ад жывой сувязі з тэатрам, сцэнай, як не можа яе замяніць і крытычная літаратура, якую многа чытаю. Трэба ўсё бачыць і чуць самой...
Яна, бясспрэчна, шмат чаго ўбачыць і пачуе ў сваім жыцці. I лепшае з гэтага, самае каштоўнае, возьме для сябе. Наталля Гайда глыбока разумее мастацтва і ўмее дзяліцца з людзьмі тым, чым багатая сама. Яе творчыя вышыні наперадзе.
Алена РАКАВА. Літаратура і мастацтва. – 1974. – 19 крас.
|