« Назад "КАПЯЛЮШ НАПАЛЕОНА" І ЗМЕНА СТАТУСА
На пачатку бягучага сезона ў тэатры адбылася прэм'ера аперэты Оскара Штрауса "Капялюш Напалеона", для пастакоўкі якой быў запрошаны Барыс Лагода – рэжысёр з Новасібірска. У свой час ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, але творчыя шляхі-дарогі завялі яго ў іншую рэспубліку. У Мінск ён прыехаў па запрашэнні – для пастаноўкі свайго спектакля, а атрымалася што застаўся ў нашым тэатры на пастаянную работу. Другую сваю пастаноўку – "Цыганскі барон" Іагана Штрауса – ён здзейсніў ужо як галоўны рэжысёр тэатра.
Такім чынам, сёлетні тэатральны сезон і пачынаўся, і заканчваецца новымі спектаклямі ў пастаноўцы новага рэжысёра. Гэта адразу прыцягнула ўвагу прыхільнікаў гэтага жанру. У рэпертуарнай афішы Тэатра музкамедыі ёсць нямала добрых спектакляў, пастаўленых вядомымі рэжысёрамі, але гэта ўсё пастаноўкі мінулых гадоў. А вядома ж, тэатру, таксама як і гледачу, неабходна пастаяннае абнаўленне рэпертуару. "Капялюш Напалеона" – даволі рэдкая з'ява на музычнай сцэне. Калісьці гэты спектакль ставіўся ў Рыжскім тэатры музкамедыі, і менавіта адтуль наш тэатр атрымаў нотны матэрыял гэтай аперэты. Усё тут адпавядае асноўным прынцыпам класічнай аперэты: і тэматыка, і адпаведны выбар персанажаў, і характар пабудовы музычнай драматургіі і г.д. Але аперэта тым і цікавая, што, не выходзячы з зададзеных жанрам рамак, яна заўсёды мае рысы навізны і прыцягальнасці. Вядома, гэта ў значнай ступені залежыць ад пастаноўшчыкаў і выканаўцаў. Разам з Барысам Лагодам над спектаклем працавалі музычны кіраўнік і дырыжор Аляксандр Сасноўскі, балетмайстар Ніна Дзьячэнка, хормайстар Тамара Гуліна, мастак Яўген Ждан. У спектаклі заняты лепшыя акцёры тэатра: Аляксей Ісаеў, Арнольд Ранцанц, Людміла Станевіч, Зінаіда Вяржбіцкая, Герман Казлоў, Аляксей Кузьмін, Анатоль Касцецкі, Васіль Сердзюкоў і іншыя выканаўцы. Гэты спектакль ужо ацанілі прыхільнікі аперэты, і цяпер у іх ёсць магчымасць параўнаць яго з новай работай Барыса Лагоды – з "Цыганскім баронам". У іх шмат агульнага. Па-першае, адна і тая ж пастановачная група і амаль той жа склад акцёраў. А па-другое, спектаклі блізкія па сваёй тэматыцы і эстэтыцы пастаноўкі. Але гэта не азначае, што рэжысёр у чымсьці паўтараецца ці пераносіць гатовыя штампы з аднаго спектакля ў другі. Проста ў абедзвюх пастаноўках праглядваюцца індывідуальныя рысы ягонага творчага стылю. Спектакль "Цыганскі барон" Барыс Лагода паставіў як оперу, хоць традыцыйна ён лічыцца лірычнай аперэтай. У пастаноўшчыка заўсёды ёсць права творчага асэнсавання таго матэрыялу, над якім ён працуе, і права ўласнага бачання яго сцэнічнага ўвасаблення. А драматычнае развіццё вобразаў і буйныя музычныя пабудовы дазваляюць трактаваць гэты твор як оперу. Музыка гэтага спектакля заварожвае: высокі драматызм і пяшчотная лірыка, цудоўныя вальсавыя мелодыі, цыганскі хор... Нават толькі дзеля музыкі варта наведаць гэты спектакль – нездарма ж сучаснікі называлі Штрауса каралём вальса і князем аперэты. Шмат паралеляў можна праводзіць паміж двума гэтымі спектаклямі. Звяртае на сябе ўвагу і іх сцэнаграфія. Мастак-пастаноўшчык Яўген Ждан – вельмі вопытны сцэнограф, ён шмат гадоў працаваў у оперным тэатры, аформіў дзесяткі спектакляў і свой багаты творчы вопыт і талент перанёс цяпер у Тэатр музкамедыі. Гэта здараецца не часта, калі пры адкрыцці заслоны публіка апладзіруе рабоце мастака. Асабліва ўражвае яго суперзаслона да спектакля "Цыганскі барон", на якой у вобразнай форме сканцэнтравана ўся тэматыка пастаноўкі. Нельга таксама не сказаць пра ролю балета ў гэтых спектаклях – без яго яны не былі б такімі відовішчнымі. Гэта не толькі чыста балетныя нумары, такія, як, да прыкладу, "Карсіканскі танец" і "Цыганскія напевы", але і ўдзел артыстаў балета ў скразным дзеянні спектакля, што стварае яшчэ адзін вобразны рад. У Тэатры музычнай камедыі былі і іншыя пастаноўкі, якія выходзілі за рамкі жанру. Напрыклад, італьянская камічная опера "Viva la Mamma!", дзіцячая опера "Гісторыя Кая і Герды", амерыканскі мюзікл "Хэло, Долі!", мюзіклы беларускіх аўтараў – "Мільянерка" Яўгена Глебава і "Шклянка вады" Уладзіміра Кандрусевіча. З той прычыны, што ў тэатры доўгі час не было галоўнага рэжысёра, да пастаноўкі гэтых складаных спектакляў запрашаліся вядомыя пастаноўшчыкі з Санкт-Пецярбурга і Масквы. Ужо даўно стала відавочным, што наш Тэатр музычнай камедыі можа не толькі паставіць любы спектакль у сваім жанры, але яму пад сілу практычна любы музычны спектакль: балет, опера, нават мюзікл. Таму ў апошні час перад творчым калектывам паўстала пытанне аб змене статуса тэатра, а дакладней, аб ператварэнні Дзяржаўнага тэатра музкамедыі ў Дзяржаўны музычны тэатр. Гэта не значыць, што з тэатра знікне аперэта – без яе музычны тэатр цяжка сабе ўявіць. Проста са зменай статуса тэатр зможа смела брацца за пастаноўкі ў любым музычным жанры, мюзікл і опера не будуць рэдкімі гасцямі ў рэпертуары тэатра, і ніхто не будзе папракаць, што, маўляў, музкамедыя займаецца не сваёй справай. Калі тэатр так вырас – яму трэба даць дарогу. У вышэйшых кіраўнічых структурах гэтую ідэю падтрымалі, а ўлічваючы тое, што ў тэатра ёсць ужо галоўны рэжысёр, які сябе добра зарэкамендаваў, пытаннем аб змене статуса тэатра цяпер займаецца Савет Міністраў. I цалкам верагодна, што новы тэатральны сезон стане ў гісторыі тэатра пераломным.
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by