Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Карабліку ветразяў мала: патрэбны яшчэ вецер перамен (2000 г., Культура)

Карабліку ветразяў мала: патрэбны яшчэ вецер перамен (2000 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КАРАБЛІКУ ВЕТРАЗЯЎ МАЛА: ПАТРЭБНЫ ЯШЧЭ ВЕЦЕР ПЕРАМЕН

Хто з нас не зачытваецца ў дзяцінстве "Пунсовымі ветразямі" Аляксандра Грына! Дзяўчынкі ўяўляюць сябе на месцы Асоль, мроячы пра казачнага прынца. Хлопчыкі – на месцы капітана Грэя, якому падуладны карабель "Сакрэт", а разам з ім усе моры і акіяны, у тым ліку жыццёвыя. I толькі ў больш сталым узросце мы раптам заўважаем, што гэты рамантычны аповед з дзіўнай назвай "феерыя" быў напісаны на пачатку 1920-ых гадоў, калі так верылася ў казку. I што ён – пра тыя цуды, якія ў стане здзейсніць сам чалавек: "Я понял одну нехитрую истину. Она в том, чтобы делать так называемые чудеса своими руками".

Таму зусім невыпадкова, што ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры "Пунсовыя ветразі" з'явіліся на мяжы тысячагоддзя, калі душа так прагне цудаў і верыць у іх. Але ж – ці змаглі стваральнікі спектакля зрабіць сапраўдны цуд?

Па-першае, цуду, на які разлічвалі, не атрымалася ўжо таму, што не ўдзельнічалі ў прэм'еры ні Іна Афанасьева, ні Валерый Дайнека, ні Георгій Волчак, якія павінны былі стацца "цвіком праграмы". Дарэчы, за мяжой, у тым ліку ў блізкай да нас Расіі, падобныя "зборныя каманды" шырока практыкуюцца: на галоўныя ролі мюзіклаў запрашаюцца не прымадонны аперэты, а эстрадныя зоркі, вядомыя драматычныя акцёры і нават артысты балета. Але нават, калі б і загарэліся над "Пунсовымі ветразямі" ўсе-ўсе эстрадныя зоркі, ці асвяцілі б яны шлях караблю рэжысёра Барыса Лагоды? Сумняваюся, бо ім у спектаклі пакуль проста няма куды прыкласці сваё майстэрства.

Знакаміты беларускі кампазітар Валерый Іваноў, працуючы над гэтым творам паводле лібрэта Алены Туравай, першапачаткова назваў яго рамантычнай операй. Пры пастаноўцы твор быў азначаны як мюзікл. Але па сваёй драматургіі як быў, так і застаўся наборам асобных песень і "інструменталак", некаторыя з якіх, паўтараючыся па 2-3 разы без змяненняў, паспяваюць надакучыць. Не вельмі рупліва распрацаваны і характары персанажаў. Больш за іншых пашанцавала хіба што маленькай Асоль (яе па чарзе натхнёна ўвасабляюць тры выхаванкі Беларускага харэаграфічнага каледжа – адна лепей за адну) і яе бацьку Лангрэну (той мае ажно два сольныя нумары ў выкананні Валерыя Разанава, які ўвогуле, у параўнанні з іншымі, найбольш утульна адчувае сябе ў сцэнічнай прасторы мюзікла). Казачнік Эгль, святар, карчмар, гандляр – усе яны застаюцца практычна "нядзейнымі асобамі": не спяваюць і амаль не размаўляюць. Але што казаць пра іх, калі нават Грэй і Асоль маюць усяго па адной "выхадной арыі" і дуэт напрыканцы. Усё псіхалагічнае багацце характараў, уласцівае прозе А. Грына, застаецца "за бортам" тэатральнага карабля. Пазбаўленыя кожны сваёй "перадгісторыі", героі ператвараюцца ў маскі, казачныя фантомы, і натоўп суседзяў (у чорных балахонах, масках і пальчатках) становіцца нібыта сімвалам усяго спектакля – такога ж безаблічнага, напісанага шырокім пэндзлем, без дэталяў. Таму і Грэй, як гаворыцца, "не грэе". Як бачыце, справа зусім не ў тым, што замест Валерыя Дайнекі, які бліскуча валодае мікрафоннай каларыстыкай гуку і джазавай манерай спеваў, мы пачулі Васіля Мінгалёва, які толькі ўзмацняў мікрафонам свой оперны голас.

Узмацнення ў спектаклі патрабуе літаральна ўсё. Адзінае, што не выклікае аніякіх унутраных галасоў "супраць", – гэта сцэнаграфія Ганны Мятліцкай, зробленая з павевамі інсітнага мастацтва, дзіцячых малюнкаў, што не толькі блізкае дзіцячаму ўспрыманню, але і "бліскае" праменьчыкамі юначай чысціні і светлага сонечнага настрою.

На жаль, усе астатнія элементы спектакля вырашаны кожны ў сваім стылі. Харэаграфія Юрыя Лапшы не мае нічога агульнага ні з мюзіклам, ні ўвогуле з сучаснай пластыкай, уяўляючы сабой шэраг "старарамантычных" рухаў у нікуды. Дый выконваюцца гэтыя рухі млява, без аніякай энергетыкі, якая павінна злучаць сцэну і залу. Нічога не зробіш: гэта тое, што засталося ад славутай балетнай трупы тэатра (пра яе праблемы "К" пісала ў № 29). Так што самым "балетным" у спектаклі глядзіцца ўсё той жа В. Разанаў – саліст зусім не "танцавальнай" групы "Сябры".

Мяркуецца, што "сябрамі" спектакля ў новым сезоне стануць дзеці: ён будзе дэманстравацца на ранішніках. Што ж, у цяперашнім выглядзе ён і сапраўды нагадвае трывіяльную дзіцячую казачку: "Жыла-была добрая дзяўчынка. Сябровак у яе не было, бо ўсе вакол былі дрэнныя. А потым з'явіўся прынц і забраў яе на свой карабель".

3-4-гадовыя гэтага не зразумеюць, напалохаўшыся "масак смерці". Старэйшыя – усміхнуцца "голай" фабуле, дзе ўсё так прымітыўна і далёка ад рэалій жыцця. Але ж змаглі калісьці стваральнікі "Вестсайдскай гісторыі" наблізіць да тагачаснай амерыканскай рэальнасці Шэкспіра! Бо прапанавалі не "школьны" пераказ, а сваё асабістае прачытанне – у адпаведнасці з ветрам стылістычных перамен.

Менавіта гэтых перамен у тэатральным мысленні і не хапае: не толькі пастаноўцы "Пунсовых ветразяў", але і ўсяму Беларускаму дзяржаўнаму музычнаму тэатру. Няўжо так і будзем чакаць "казачнага прынца", які б іх здзейсніў? А сваімі рукамі – слабо?

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2000. – 2 верас.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: