Гастроли Свердловского государственного академического театра музыкальной комедии
« Назад КАРАЛЕВА
У Тэатры музычнай камедыі Вікторыя Мазур – з дня яго заснаваньня, а гэта ўжо ні многа ні мала – 23 гады! За гэты час яна прасьпявала-сыграла вялікую колькасьць роляў, атрымала прызнаньне гледачоў і званьне заслужанай артысткі Беларусі.
Пра жанчын, якія нарадзіліся пад сузор'ем Льва, у адным з гараскопаў напісана наступнае: "Ільвіца сентыментальная. Яна вельмі папулярная сярод мужчын. Прырода аднеслася да яе надзвычай прыхільна, надзяліўшы жвавасьцю розуму, зграбнасьцю і прыгажосьцю. Ільвіца мала цэніць жаночае сяброўства і аддае перавагу кампаніі мужчын. У большасьці выпадкаў яна ўзвышаецца над іншымі жанчынамі, як каралева. Ільвіца народжана, каб кіраваць. I дыктаваць стылі, моды, звычкі і манеры...". Можна зусім не верыць у тое, што гавораць зоркі, але ў дачыненьні да Вікторыі Мазур, па гараскопу ільвіцы, гэтыя словы – зусім дакладны і выразны партрэт. Мна застаецца толькі дапоўніць яго некаторымі штрыхамі. Дачка Анжэліка, падтрымліваючы яе "імідж", не-не дый скажа жартам штосьці накшталт: "Графіня сказала", "Графіня зрабіла", "Графіня пайшла" і г. д. Дый у тэатры пра Вікторыю Мазур таксама жартам гавораць словамі аднаго з герояў славутай "Сільвы": "У яе ёсьць парода". Маўляў, ёй нічога не трэба рабіць на сцэне, дастаткова проста моўчкі стаяць – і ўжо будзе зразумела, што перад табой графіня, княгіня ці каралева. Жарты жартамі, але гэта і на самай справе так, – Вікторыя Мазур і сапраўды выглядае па-каралеўску. I ў жыцьці, і на сцэне. Яна любіць раскошу, заможнасьць і наогул усё тое, што зьвязана са словам "шыкоўна". Усяго, што ёсьць у яе жыцьці, яна дабілася толькі сама. У яе ўпарты характар. Сваёй кіпучай энергіяй яна можа зьвярнуць горы, але час ад часу, згодна таму гараскопу, "паддаецца ляноце і можа ляжаць на канапе, як кошка на сонцы". Усё гэта пра яе. Паспрабуйце прымусіць В. Мазур зрабіць тое, чаго ёй рабіць зусім не хочацца, ці скажыце што-небудзь упоперак – і вы адразу ж пачуеце ўсё, што яна пра вас думае. Гэтую "праўду" пра сябе чулі ў такія гарачыя хвіліны яе шматлікія калегі, у тым ліку рэжысёры-пастаноўшчыкі і дырыжоры сьпектакляў, у якіх ёй даводзілася ўдзельнічаць. У выніку гэтыя сьпектаклі далей ішлі ўжо без яе. Апошні прыклад – новая пастаноўка "Марыцы", у якой яна надзвычай удала, з вялікім посьпехам сыграла толькі адзін раз – больш за год таму назад. I сьпектакль, і артыстка наўрад ці што-небудзь набылі ад гэтага. – Сьпектакль "Марыца" мне вельмі дарагі, – гаворыць В. Мазур. – Бо гэту партыю я ўжо сьпявала – у старым сьпектаклі, які ставіў калісьці цудоўны дырыжор Фоцін, ён працаваў некаторы час у нашым тэатры. На канцэрце ў Ленінградзе я сьпявала фінал ІІ дзеі "Марыцы" з выдатным дырыжорам Гаркавенкам. I мне нясьцерпна крыўдна, што такая вялікая і цікавая музыка зусім згублена ў нашай новай пастаноўцы. Там безнадзейна правалена рэжысура. Дакладней, яе няма наогул... Гэта па-першае. Па-другое. Разумееце, у Кальмана, і наогул ва ўсіх класічных аперэтах, уся драматургія – гэта музыка, музыка, музыка. Няважна, направа я пайду ці прама. I калі я драматургію музычную данясу – тры чвэрці сьпектакля ўжо ёсьць. А ў нас атрымліваецца так: я сьпяваю, а замест таго каб дапамагчы, каб існаваць на адным дыханьні, дырыжор і аркестр быццам імкнуцца зрабіць усё насуперак. Саліст таму і называецца салістам, што ўсё ў сьпектаклі існуе дзеля яго. I пакуль пастаноўшчыкі не зразумеюць гэтага, сьпектакля не атрымаецца. Таму што ўсе мы – і я ў тым ліку – працуем не для сябе, не для дырыжора, не для дырэктара і не для сяброў ці прыяцеляў. Мы працуем для гледача, які плаціць за гэта грошы і, пэўна ж, хоча не толькі пабачыць, але й пачуць, я падкрэсьліваю – пачуць. А калі ён нічога не чуе з-за аркестра, не можа зразумець слоў, дык справядліва абураецца. Ведаеце, калі "Марыца" была яшчэ толькі прынята да пастаноўкі, я вельмі хацела верыць, што атрымаецца добры сьпектакль. Але надзеі мае не спраўдзіліся. Пастановачная праца ішла амаль год. I гэты год для мяне прапаў. Ну, як да гэтага можна спакойна ставіцца?! Ведаеце, я магу дараваць усё, магу забыць нават асабістую абразу. Але вось загубленага сьпектакля не магу дараваць. – А ці ёсьць у вас на сёньняшні дзень роля, у якой ажыцьцявіліся б вашы мары, дзе спалучылася б усё – і колькасьць укладзенай працы, і добры агульны вынік сьпектакля, і яго посьпех у гледачоў? – Мне цяжка ў гэтым прызнацца, але на сёньняшні дзень па розных прычынах такой ролі і такога сьпектакля ў мяне няма. Наогул, я лічу, што "залаты век" нашага тэатра прыпаў на першае 10-годдзе яго існаваньня. Можа, нашы сьпектаклі былі тады і не такія глыбокія па сваёй філасофіі, не такія пышныя, багатыя па афармленьню, але яны былі больш шчырыя, сардэчныя, гучалі чысьцей і сьвятлей, чым зараз. Зараз мы шмат шукаем, "глыбока капаем", як кажуць, а ў выніку на сцэне атрымліваецца штосьці незразумелае. – Чаму, на вашу думку, гэтак адбываецца? – Чаму? Мне здаецца, галоўная прычына ў тым, што нам шмат гадоў не шанцавала з мастацкім кіраўніцтвам. У нас у тэатры ніколі не было сапраўднага гаспадара, які б, стоячы ля руля тэатра, разумеў наш жанр, нашы праблемы, хварэў бы за іх душой. Былі людзі выпадковыя, якія немаведама адкуль узяліся, яны прыходзілі і адыходзілі, а час ішоў... Божухна, колькі ў нас зьмянілася адных толькі дырэктараў! А колькі рэжысёраў і дырыжораў! У нас у тэатры быў адзіны чалавек, які, на маю думку, па-сапраўднаму хварэў за справу і любіў тэатр. Гэта былы галоўны дырыжор нябожчык Фоцін, якога я ўжо згадвала. Я ўжо не кажу пра тое, што ён раней за ўсіх прыходзіў у тэатр і пазьней за ўсіх адыходзіў. Калі ён ставіў тую, ранейшую "Марыцу", дык ва ўсіх вакальных партыях, якія мы атрымалі для рэпетыцый, кожны нюанс, кожны штрых быў адзначаны асабіста яго рукой. Прычым партыя была так зроблена ў класе, што, выходзячы на сцэну, ты ў гэтай музыцы купаўся. Потым, дырыжор так паважаў гледача, што не дазваляў сабе глушыць акцёраў аркестрам, вымушаючы іх фарсіраваць гук. Глядач кожнае слова чуў, нават у сьпевакоў з самымі маленькімі галасамі. Я зьдзіўлялася! I сёньня калі я заходжу іншым разам у залу, дык з жахам адзначаю, што мне нічога не чутно! Фоцін не быў мастацкім кіраўніком тэатра. Але гэта ж фармальнасьць! Ён быў адзіны, хто да гэтай пары адпавядае маім уяўленьням пра чалавека, які павінен займаць пасаду мастацкага кіраўніка тэатра. – Вікторыя Мікалаеўна, мы пазнаёміліся з вамі амаль тры гады назад у час запісу перадачы, якая прысьвячалася вам. I я вельмі добра памятаю, што апошнія вашы словы ў гэтай перадачы былі такія: "Тэатр – гэта цудоўна". Зараз адчуваю, што ваш настрой зьмяніўся, дадалася нейкая разгубленасьць, горыч... – Так, вы маеце рацыю. Я не адчуваю зьмен у тэатры, у мяне няма новых роляў. Гады праходзяць дарэмна, марна, і нікому няма да гэтага справы. Сапраўды, два-тры гады назад у мяне аптымізму было значна больш. А зараз ён гасьне, прычым у геаметрычнай прагрэсіі. Так, тэатр працуе. Так, ён існуе. Але таго тэатра, які быў спачатку, – яго няма. Няма сьвята. I не толькі на сцэне – у глядзельнай зале таксама. Ведаеце, іншы раз страшна глядзець у залу. Ці прыходзяць п'яныя, ці спазьняюцца, ці сядзяць у шапках. Бачыш гэта, і так сумна робіцца! Усіх нас прыгнятаюць жыцьцёвыя праблемы, і я ў гэтым сэнсе таксама не выключэньне. Адзінае, што мяне выратоўвае ад журботных думак, – гэта музыка. Калі я займаюся музыкай – гэта можа быць і рэпетыцыя на сцэне, і работа з канцэртмайстрам у класе, – я забываюся. Мне здаецца, што калі б я ў гэткім стане каго-небудзь сустрэла, дык у той момант нават не пазнала б – проста прайшла б міма. Сьвет музыкі настолькі цудоўны, што калі я ўваходжу ў яго, дык па-сапраўднаму ратуюся ад нашага цяперашняга жыцьця. – А што вы яшчэ любіце, апрача музыцы і сьпеваў? – Я надзвычай люблю чытаць. Кнігі, як і музыка, – гэта таксама маё выратаваньне. Нават калі я ў жудасным стане – з кнігай забываюся пра ўсё на сьвеце. Наогул, я шмат чаго люблю. Люблю сваю дачку, сваіх сяброў і свайго сабаку. (Дарэчы, сабаку В. Мазур завуць Тоні – як героя адной з аперэт Кальмана... – В. Б.) – Ёсьць такая прымаўка: "Жыві не так як хочацца". Не буду пытацца, як вам хацелася б жыць. Спытаю, як жывяце. Вось, напрыклад, ці часта вам даводзіцца хадзіць у магазін? – Мне пастаянна даводзіцца гэта рабіць, Гэта, безумоўна, адымае шмат часу, але, на жаль, няма каму дапамагчы, бо дачка прыходзіць з інстытута позна... – А як вы ставіцеся да таго, што заслужаную артыстку бачаць з авоськай, у якой, цыбуля, бульба?.. – Ведаеце, раней мяне гэта бянтэжыла, я перажывала. Зараз мне стала ўсё роўна. Я не магу сказаць, добра гэта ці дрэнна. Вось вы дакладна заўважылі, што ў мяне дабавілася горычы. I яна, напэўна, не толькі ў адносінах да тэатра, а наогул да ўсяго нашага жыцьця, якое, на жаль, павярнулася зусім не да лепшага. Вакол праблемы, якія неверагодна прыгнятаюць. Пастаянна адны і тыя ж думкі: дзе купіць, што купіць, за што купіць... Калісьці ў "Советской культуре" я прачытала інтэрв'ю з Інай Чурыкавай, дзе яна сказала – я запомніла гэта на ўсё жыцьцё, – што Каралева і чарга – дзьве рэчы несумяшчальныя. Так што наш брудны побыт і графіня Марыца – дзьве рэчы несумяшчальныя. Але сумяшчаць іх, на жаль, даводзіцца. I вось таму я ўсё часьцей і часьцей адчуваю нейкую безнадзейнасьць... – Дарэчы, Вікторыя Мікалаеўна, што вы больш за ўсё любіце рабіць дома? – Дом – гэта маленькі астравочак, дзе ты застаешся сам-насам з сабой. І, безумоўна, хочацца, каб дома адпачывалі і душа, і вочы. Таму я стараюся, каб у мяне было прыгожа, утульна, цёпла ў доме. Мая дачка – вялікая акуратыстка. Вось гэтым яна мне вельмі дапамагае. А гатаваць даводзіцца мне. Гэта мой заўсёдны абавязак... Раптам Тоні з радасным віскам і гаўканьнем кінуўся да дзьвярэй. Гэта прыйшла з заняткаў Анжэла. I пакуль маці рыхтавала вячэру, я пасьпяшалася задаць пытаньне і ёй. – Анжэла, як вы ўспрымаеце маму на сцэне? Вам заўсёды падабаецца тое, што яна робіць? – Калі шчыра, дык мне заўсёды падабаецца. Там яна – мой кумір. Выходзіць на сцэну – ну, каралева! I ўсе мае сябры ад яе ў поўным захапленьні. Кажуць, другой такой няма... Вось і дачка параўнала яе з каралевай. I калі В. Мазур вярнулася, мне захацелася спытаць, што такое жанчына? Ці часта яна адчувае сябе жанчынай? – Яна павінна выпраменьваць сьвятло, прыгажосьць, ствараць утульнасьць. А жанчыны цяпер злыя, раздражнёныя, незадаволеныя. Ну як можна жыць, атрымліваючы капейкі, і выглядаць пры гэтым цудоўна? Гэта ж фантастыка! Але прафесія шмат да чаго абавязвае. Вось мне мая дачка кажа: "Мама, нас іншым разам блытаюць", – не могуць паверыць, што ў мяне такая дарослая дачка. Гавораць: "Сёстры, напэўна?" I я часам адказваю: "Так, сёстры". Ну, як я, змучаная, зьнясіленая, выйду на сцэну вечарам і буду паказваць Сільву – прыгожую, раскошную жанчыну? Я сьвядома адсоўваю ўсе праблемы, кладуся і сплю паўтары гадзіны, каб вечарам быць сьвежай, бадзёрай. А вось наконт "адчуваць сябе жанчынай"... Я думаю, што, напэўна, не, нечаста. Але я зусім не адзінокі чалавек, у мяне шмаг сяброў, дарэчы, пераважна – мужчын, якія з вялікай цеплынёй і павагай ставяцца да мяне. У сяброўстве мужчыны больш надзейныя. Ва ўсякім выпадку, у мяне заўсёды было больш сяброў-мужчын, чым жанчын. Наогул, я да мужчын, шчыра кажучы, лепш адношуся. – Пачаўся новы тэатральны сезон. Што б вы хацелі сабе пажадаць у гэтым сезоне? – Ну, па-першае, творчасьці. Надакучылі тэатральныя звадкі. У апошнія гады нецікава зрабілася працаваць. Таму што праца па вялікаму рахунку – гэта прафесійна зробленыя сьпектаклі, добрыя рэжысёры, руплівая работа з дырыжорамі – усё гэта адсутнічае зараз. Ёсьць нейкія пробліскі, але ўвогуле стабільнай і цікавай працы няма. Я памятаю сябе ў першыя гады, калі я прыйшла ў тэатр. I калі была не на сцэне, дык вельмі кепска адчувала сябе. Мне ўвесь час хацелася туды – захапляла работа. А зараз я занята ў сьпектаклях мала – і раптам пачала адчуваць, што мне вельмі добра, разумееце? Хачу пажадаць сабе сапраўды творчай, цікавай работы. Калі проста пералічыць сьпектаклі, у якіх Вікторыя Мазур выконвала галоўныя ролі, атрымаецца вельмі ўнушальны "паслужны сьпіс". Толькі з класікі гэта і "Фіялка Манмартра", і "Сільва", і "Прынцэса цырка", і "Марыца" I. Кальмана, "Лятучая мыш" і "Ноч у Венецыі" I. Штраўса, "Фраскіта" і "Вясёлая ўдава", "Цыганскае каханьне" Ф. Легара, гэта вялікая колькасьць роляў у аперэтах і музычных камедыях савецкіх кампазітараў. Зараз яна ў цудоўнай форме. Але на сёньняшні дзень В. Мазур можна пабачыць на сцэне вельмі рэдка. Цяжка сказаць адназначна, у чым тут прычына. Можна нават папракнуць і саму актрысу ў некаторай інертнасьці. Але сама па сабе тэндэнцыя яе паступовага адмежаваньня ад работы, свайго роду адыходу ад спраў вельмі насьцярожвае. Зусім не хацелася б шукаць у гэтым чыйсьці злосны намер, але не зьвярнуць на гэта ўвагу таксама нельга. Дарэчы, гэтыя нататкі ўзьніклі менавіта таму, што асабіста мяне вельмі хвалюе лёс В. Мазур. Мяне непакоіць, што актрыса з такімі надзвычайнымі дадзенымі ў сваім родным тэатры не можа рэалізаваць сябе ў належнай меры. А вось чаму – гэта ўжо пытаньне да мастацкага кіраўніцтва тэатра. Зорак трэба берагчы, бо незаменныя ўсё-такі ёсьць, і трэба з гэтым у рэшце рэшт пагадзіцца!
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by