Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Хачу, магу, павінен (1988 г., Тэатральны Мінск)

Хачу, магу, павінен (1988 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ХАЧУ, МАГУ, ПАВІНЕН

"Ало! Добры дзень! Вы сёння ўвечары заняты?

У нас – "Вайна і мір".

"Я "Вайну і мір" слухала двойчы..."

"Але ў нас новая Наташа, і Валодзя з кожным спектаклем набірае, а Аркадзь які..."

I я збіраюся (таму што сапраўды цікава) – іду ў трэці раз.

(Валодзя – гэта Уладзімір Экнадзіёсаў, а Аркадзь – Саўчанка).

Ну што ж, сапраўды, спектакль, як сказаў рэжысёр, – набірае...

Вось такі ён – Сямён Аляксандравіч Штэйн. Ён наогул не абыякавы чалавек, а што датычыць прафесіі – гэта вулкан. Заўсёды бурліць, заўсёды ўлюбёны ў сваіх артыстаў, захапляецца матэрыялам оперы, марыць аб новых спектаклях... Адзін толькі пералік здзейсненага, перажытага, пражытага, пастаўленага гаворыць аб тытанічнай энергіі і ўзнёсласці, шматграннасці і глыбіні пранікнення ў прафесію, здзіўляючай, выключнай працаздольнасці. П.I. Чайкоўскі, Б. Сметана, Дж. Пучыні, Дж. Вердзі, Ж. Бізэ, С. Пракоф'еў, Л. Дэліб, Р. Леанкавала, Ф. Легар, А. Тама, К. Малчанаў і раптам... Аляксандр Карняйчук... Што такое? Карняйчук? Так, так, не здзіўляйцеся – драматычны спектакль у драматычным тэатры...

I далей – Вольфганг Амадэй Моцарт, Мадэст Мусаргскі, Масканьі і... камерная опера "Альпійская балада".

Тут я хацела б перавесці дух, спыніўшыся на хвілінку. Я ўспамінаю сваю рэакцыю на гэты спектакль. Слухала я яго двойчы, а пасля першага знаёмства доўга не магла справіцца з самой сабой, а калі справілася, вымавіць толькі магла – "дзякуй..." Тады я амаль нічога не сказала, а вось зараз – скажу: гэта недаравальна, што такая ўзнёсласць і глыбіня, усхваляванасць і чалавечнасць не паказваецца на сцэне, не можа падарыць людзям трагічнасць і свет надзеі, якімі перапоўнены твор Васіля Быкава і кампазітара Віталя Губарэнкі.

Няма памяшкання для малой сцэны опернага тэатра? Не веру! Прабачце, калі ласка. Няма, напэўна, жадання займацца гэтым пытаннем. Але гэта ж не па-гаспадарску! Ёсць жывыя два спектаклі, туды ўкладзена энергія, талент, самаадданасць вялікай групы энтузіястаў. Я сказала два, таму што, апрача "Альпійскай балады", ёсць "Медыум" Дж.К. Меноці і, калі не загасіць энтузіязм, з'явяцца яшчэ многія арыгінальныя і таленавітыя творы.

Колькі назваў упершыню! "Пацалунак" Б. Сметаны – упершыню на савецкай сцэне, "Таня" Г. Крэйтнера – наогул упершыню. Далей – В. Шабалін – "Утаймаванне свавольніцы" (гэта ў 1957 годзе), а праз пяць гадоў з'яўляецца ў Варонежы опера К. Лістова "Дачка Кубы"...

"Ало! Добры дзень! Вы едзеце ў Маскву?"

"Еду, Сенечка".

"Там зараз на гастролях Свярдлоўская опера, я закажу вам білеты на "Сілу лёсу" Вердзі. Вельмі таленавітыя салісты і выдатны ансамбль..."

I я слухаю оперу ў Маскве.

Слухаю і кажу дзякуй свайму лёсу, што не прайшла міма незвычайнай музыкі і выдатнага спектакля С.А. Штэйна.

"Ало! Сямён Аляксандравіч, як справы?" (Гэта я званю ў Маскву).

"Нармальна, многа працуем, чакаем Лену – яна на генеральную прыедзе проста з аэрадрома..."

Лена – гэта Алена Васільеўна Абразцова. Сапраўды, так і было – яна прыляцела з Італіі на рэпетыцыю, і хоць стомленасць адчувалася, пела выдатна, усё было адшліфавана, усё дасканала вывучана. Да прэм'еры "Балю-маскараду" Вердзі ў Вялікім тэатры заставалася некалькі рэпетыцый... У дзень першага спектакля я паслала з Мінска тэлеграму – "Хачу сказаць, што вельмі рада гучанню "Балю-маскараду ...

У Вялікім тэатры ідуць спектаклі, зробленыя, пастаўленыя, пражытыя Штэйнам – "Досвіткі тут ціхія" Кірыла Малчанава, "Сельскі гонар" П. Масканьі і "Паяцы" Р. Леанкавала.

Не так многа ў нас рэжысёраў, чатыры спектаклі якіх ставіліся б на галоўнай сцэне Савецкага Саюза... Ставіліся б і ішлі з поспехам. "Досвіткі" зачароўваюць Нью-Йорк", – напіша сведка гастроляў Вялікага тэатра ў Нью-Йорку. I Алена Васільеўна Абразцова будзе ўспамінаць пра гэты спектакль як пра падзею.

А задоўга да работы ў Маскве, ў кватэры Штэйна я бачыла раскладзеныя на канапе, на стале, на крэслах і нават на падлозе эскізы, матэрыялы да гэтага спектакля... Ішла напружаная падрыхтоўка – набіраліся ўражанні, перачытваўся ўвесь Барыс Васільеў, гучала музыка ваенных гадоў. Ішоў працэс нараджэння.

Бурліць думка, трэба дабіцца абсалютнай даставернасці існавання. Тут няпраўды ніхто не даруе, тут трэба жыць, усё прапускаючы праз сябе, праз сваё сэрца, праз сваю біяграфію і праз біяграфію цэлага пакалення... Трэба спяваць, не гледзячы на дырыжора, мізансцэны могуць быць нязручнымі, пець прыдзецца і на падлозе...

Дарэчы, у "Альпійскай баладзе" оперныя артысты (я іх вельмі палюбіла – і Валодзю Экнадзіёсава, і Наташу Рудневу) існуюць на такой высокай ноце духоўнага ўзлёту, што зусім забываеш, што ў оперы ёсць свае законы, законы падачы гука, дыхання, існавання ў прасторы – нас бярэ ў палон мастацкая праўда.

I яшчэ нельга не сказаць пра тое, з якой зацікаўленасцю і цеплынёй працуе Штэйн з беларускімі кампазітарамі. Ён пачынаў з "Зоркі Венеры" Ю. Семянякі і прадоўжыў працу з ім, паставіўшы "Новую зямлю". "Сівая легенда" Д. Смольскага, "Сцежкай жыцця" Г. Вагнера, "Джардана Бруна" С. Картэса – усё ўпершыню! Дарэчы, чаму ў Беларусі не ідзе опера С. Картэса "Матухна Кураж"? Незразумела, чым нам Брэхт не дагадзіў. У Малдавіі, у Літве ідзе, а ў нас...

"Ало! добры дзень! Вы любіце Наталлю Гайду?"

"Люблю".

"А аперэту?"

"Не вельмі. Больш люблю сімфанічную музыку, а потым – оперу..."

"А я запрашаю вас на спектакль па Бернарду Шоў!"

"Мая чароўная лэдзі"?

"Я лепш паглядзела б "Пігмаліён"...

"Гэта той жа "Пігмаліён", але толькі чароўная лэдзі – чароўная Гайда!"

Я засмяялася і сказала: "Буду, абавязкова".

I – была. I слухала. I глядзела.

Колькі выдумкі, лёгкасці, гарэзлівасці, майстэрства! I хоць "Пігмаліён" – гэта цудоўная драматургія, наконт аперэты я, магчыма, памыляюся – усе жанры добрыя, калі гэта таленавіта!

У Беларускім тэатры музычнай камедыі ішлі ў пастаноўцы Штэйна "Ноч у Венецыі" Штрауса і "Паўлінка" Семянякі. Ну, безумоўна, я да гэтага матэрыялу адношуся раўніва, і "Паўлінка" ў купалаўскім тэатры мне бліжэй, даражэй. Але і тут, ізноў... упершыню!

"Ало! Сенечка! Я еду ў Балгарыю, што перадаць вашым сябрам? Вы ж некалькі разоў ставілі ў іх спектаклі!"

"Хвіліначку! Я дыктую вам прозвішчы спевакоў, мастакоў, дырыжораў"...

"Ой"...

"Хвіліначку – і іх нумары тэлефонаў... Дарэчы, паглядзіце там спектакль "Тэатр – любоў мая" на драматычнай сцэне... мне спадабаўся вельмі".

I вось я ў Сафіі, у гасцініцы. У маім нумары літаральна паломніцтва – ідуць, звоняць, распытваюць, перадаюць прывітанні, запрашаюць да сябе кранальныя, шчырыя і вельмі ўдзячныя калегі Сямёна Аляксандравіча.

Сямён Аляксандравіч Штэйн адносіцца да той катэгорыі людзей, усё жыццё якіх, падпарадкоўваецца тром дзеясловам у непарыўнай еднасці – хачу, магу, павінен (гэта фармуліроўка не мая, гэта – Леанарда да Вінчы).

У Сямёна Штэйна хачу – такое вялікае, такое бурнае, што калі ён загарэўся нейкай ідэяй, калі яго ўсхваляваў які-небудзь твор – яго ўжо не спыніць... Ён шукае, збірае матэрыял, арганізоўвае аднадумцаў, прабіваецца праз сцяну перашкод, раўнадушша, абыякавасці (на жаль, бывае і такое!), а сам існуе радасна, усхвалявана, актыўна, таму што кіруе ім упэўненасць – магу. Я – змагу, мы – зможам, пераадолеем складанасці твору (якое шчасце, што яны ёсць), пераадолеем складанасці сітуацыі.

I вось, нарэшце – павінен. Што гэта значыць – трэба, павінен? Гэта, на маю думку, значыць, што ў чалавека ёсць дамінанта адказнасці. Што б чалавек ні рабіў, як гэта ні было б цяжка – пачуццё адказнасці не дасць яму знізіць патрабавальнасць і ўзровень прафесіяналізму.

Сямён Аляксандравіч Штэйн у пастаянным пошуку, у эксперыменце, і ў той жа час у яго ўсё падрыхтавана, прадумана, акрэслена, выверана – нічога "ад лукавага", нічога выпадковага.

Гэты неспакойны чалавек ставіць спектаклі ў Ленінградзе, Кішынёве, Каўнасе, Свярдлоўску, Куйбышаве, Адэсе, Варонежы, Новасібірску... У гэтага чалавека шмат сяброў у Грузіі, на Украіне, у Маскве і ў Мінску...

"Ало! Добры дзень! Не забудзьце, калі ласка, запішыце... У красавіку на сцэне беларускай оперы – "Баль-маскарад"...

"Запісваю. Буду".

З. БРАВАРСКАЯ,
народная артыстка БССР.
Тэатральны Мінск. – 1988. – № 2.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: