Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Харавы партрэт плюс сімфанічны відарыс (2010 г., Культура)

Харавы партрэт плюс сімфанічны відарыс (2010 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ХАРАВЫ ПАРТРЭТ ПЛЮС СІМФАНІЧНЫ ВІДАРЫС 

Апошнім часам літаральна адна за адной адбыліся некалькі значных прэм’ер беларускіх твораў розных жанраў. Яшчэ некалькі – наперадзе. Раней такія святы прымяркоўваліся хіба да чарговага з’езда Беларускага саюза кампазітараў, што заставаўся, бадай, адзіным мерапрыемствам, дзе сучасная айчынная музыка гучыць так шырока. Але ж не: з’езд будзе толькі ў лістападзе. А музыка – гучыць! Прычым самая разнастайная.

Адухоўленыя духавыя


Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Рыгор Сурус правёў канцэрт-прэзентацыю свайго зборніка для драўляных духавых "Гук адухоўлены". Складальнікам гэтага выдання і аўтарам артыкула пра кампазітара, а да таго ж, вядучым канцэрта выступіў выкладчык Валерый Грыгор'еў (між іншым, былы аднакласнік аўтара). Сам канцэрт прысвячаўся памяці Яўгена Глебава – першага педагога Р. Суруса па кампазіцыі. Сярод іншых твораў, выканаўцамі якіх выступілі маладыя музыканты, прагучаў і "Глебаўскі калейдаскоп", сатканы з вянка цудоўных мелодый нашага класіка. Твор быў напісаны па просьбе В. Грыгор'ева, але ў зборнік увайсці не паспеў. Прагучалі на канцэрце і іншыя "дадатковыя" п'есы.

Трубач пад дахам

Прэм'ера Сімфоніі № 14 народнага артыста краіны Дзмітрыя Смольскага амаль супала з аўдыё-выданнем яго ранейшых твораў гэтага жанру. У альбом з чатырох кампакт-дыскаў увайшлі восем сімфоній.

Новая сімфанічная партытура, пры ўсіх пазнавальных рысах стылю Д. Смольскага, уразіла папраўдзе новым падыходам аўтара і да драматургіі, і да самой трактоўкі жанру. Гэты твор, выкананы Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава, з'яднаў бетховенскую лінію сімфанізму з вытанчанай інтелігентнасцю, эмацыйную трагедыйнасць – з паглыбленай філасофскай канцэпцыяй. Прысвячэнне сімфоніі П. Чайкоўскаму было выклікана не толькі філіграннай кампазітарскай працай з ягонымі цытатамі, але і новым прачытаннем многіх вобразных лейттэм рускага класіка. Аўтар, бы навуковец-даследчык, выявіў блізкасць многіх, здавалася б, вельмі аддаленых адна ад адной тэм П. Чайкоўскага, адначасова знайшоўшы ў іх малераўска-шастаковічаўскую амбівалентнасць, уменне паварочвацца то адным, то другім бокам двухаблічнага Януса. А ці ж не постмадэрнісцкім ледзь заўважным "кіўком-прывітаннем" стала ператварэнне "цацачных" вобразаў у жудасныя, цёплых – у халодныя, паслядоўнага разгортвання – у касмыкаватыя "нарэзкі"? І такім жа мяккім, ненастырным – прыём інструментальнага тэатра са з'яўленнем трубача на балкончыку Вялікай залы сталічнай філармоніі, што яшчэ больш пашырыла гукавую прастору сімфоніі, нарасціўшы яе не толькі "ўшыр", але і ўверх, да каларыстычных сутыкненняў як з Боскімі вяршынямі, так і з жыццёвай драмай.

"Цягучасць" калейдаскопу не сяброўка?

Шэрагам беларускіх прэм'ер і лепшых твораў мінулых гадоў здзівіў сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Больш ці менш традыцыйнай для гэтай тэатральнай трупы была праграма другога аддзялення "Музычнага калейдаскопа", куды дадаліся фрагменты з музычных камедый і аперэт Ю. Семянякі, Р. Суруса, Я. Глебава, мюзікла У. Кандрусевіча (Наталля Гайда – лепшая за ўсіх! Дый выглядаць яна ўмее маладзей за сіх-тых 20-гадовых салістак). Але ж былі там і беларускія оперныя арыі розных эпох, і музыка інструментальная, у тым ліку для аркестра з квартэтам драўляных духавых "Riviera". Першае ж аддзяленне адпавядала вечарам нават не ў філармоніі, а ў… Акадэміі музыкі. Бо некаторыя творы былі літаральна першай спробай пяра маладых творцаў. Абсалютна сучаснай выглядала паэма В. Кузняцова "Беларусь" для сімфанічнага аркестра, напісаная ў 1980-я. Фантазія ж "Па кім звіняць званы" для кларнета з аркестрам, прапанаваная студэнткай В. Кузняцова Кацярынай Шымановіч, стала цудоўнай дэманстрацыяй таго, чаму навучыўся сам і цяпер вучыць сваіх выхаванцаў гэты прафесар: уменню не толькі выкласці музычную думку, але і доўжыць яе столькі, колькі патрабуецца. Твор разгортваўся паступова, бы гнуткая стужка, што зачароўвала сваёй "бясконцасцю".

На жаль, такой жа "зачараванай гнуткасці" часам не хапала ўласна выкананню. Дырыжоры Мікалай Макарэвіч і Юрый Галяс здзейснілі папраўдзе творчы подзвіг, але ж зрабілі гэта неяк надта… будзённа, без таго асаблівага "смаку", што ў стане выклікаць гётэўскую фразу: "Спыніся, імгненне!.."

Хто "каваль" фестывалю?

Затое сапраўдным "спыненым імгненнем Боскай прыгажосці" стаўся цэлы фестываль з трох вечароў, здзейснены студэнтамі БДАМ і маладымі музыкантамі да 55-годдзя кампазітара Вячаслава Кузняцова. Цікава, што музыка гэтага творцы ўжо не ўпершыню выклікае такое "спантаннае" канцэртаванне, прадыктаванае пажаданнямі саміх выканаўцаў, а не чыімсьці распараджэннем. Дый гэтым разам галоўныя ініцыятары і арганізатары праекта Аляксандр Хумала і Вольга Падгайская выступілі ў некалькіх іпастасях, напоўніцу раскрыўшы свае адметныя творчыя індывідуальнасці.

Але ж яшчэ большае ўражанне пакінуў заключны акорд свята – харавыя творы В. Кузняцова, сабраныя ў асобны канцэрт. Напісаныя ў розныя гады, ледзь не ўсе яны гучалі ўпершыню, стварыўшы абсалютна новы харавы "партрэт" В. Кузняцова. Замест развітага голасавядзення, разнастайных поліфанічных прыёмаў ды іншых, звыклых ужо, "прыбамбасаў" кампазітар прыйшоў да самай, здавалася б, "прымітыўнай" харавой фактуры, якую называюць "нота супраць ноты". Аказалася ж – не "супраць", а – выключна "за". Бо засяроджаныя, адкінутыя ад жыццёвых перыпетый прыгожыя працяглыя гучанні, на зайздрасць "аскоміста-гарманічныя", міжволі настройвалі на новыя вакальныя вымярэнні- шматмерныя і прасторавыя.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2010. – 26 чэрв. – 2 ліп. – С. 14.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: