« НазадКНЯЖНА TАРАКАНАВА І Ко"Папса" на акадэмічнай сцэне "Візітная картка" калектыву – паняцце зменлівае. Заўсёднікі Музычнага тэатра згадаюць, што ў 1990-я гады пад такую катэгорыю траплялі мюзіклы Уладзіміра Кандрусевіча "Джулія" і "Шклянка вады". У складаныя для трупы 2000-я іх месца занялі мюзіклы для дзяцей і дарослых "Бураціна.by" і "Прыгоды брэменскіх музыкантаў", пастаўленыя рэжысёрам Настассяй Грыненка. Цяпер жа вектар зрушыўся ў бок міжнародных праектаў, дзякуючы якім тэатр, відаць, спадзяецца прыцягнуць да сябе ўвагу публікі як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама палепшыць уласнае фінансавае становішча. Таму пасля нядаўняга ўвасаблення на сцэне азербайджанскай музычнай камедыі "Аршын мал Алан" чарга дайшла і да рускага мюзікла "Блакітная камея". Ідэя твора належыць кампазітару Кіму Брэйтбургу і паэту Карэну Кавалерану. Паводле іх слоў, яны захацелі "здзейсніць сумесную працу, якая б выходзіла за межы эстэтыкі поп-культуры". Асновай "Блакітнай камеі" сталі падзеі другой паловы XVIII стагоддзя, што адбываліся ў Расійскай імперыі. Падчас праўлення імператрыцы Кацярыны ІІ (Маргарыта Александровіч) за мяжой з’явілася княжна Тараканава (у розных складах Ілона Казакевіч, Ірына Дарафеева, Кацярына Муратава), якая абвясціла сябе дачкой імператрыцы Лізаветы, а значыць, спадчынніцай расійскага трона. Каб прывезці самазванку ў Расію, імператрыца накіравала ў Венецыю графа Аляксея Арлова (Дзмітрый Якубовіч), а ён закахаўся ў прыгажуню… Праца над творам пачалася ў 2005-м, і праз тры гады асобныя ўрыўкі ўжо былі напісаны. Штуршком для заканчэння мюзікла стала прапанова аб супрацоўніцтве з боку Рускага драматычнага тэатра Рэспублікі Башкартастан (Уфа). У 2009-м прайшоў рэспубліканскі кастынг, пераможцы якога разам з часткай стацыянарнай трупы сталі выканаўцамі спектакля. Прэм’ера "Камеі" ў Башкірыі адбылася ў снежні таго ж года. У канцы наступнага, 2010-га, спектакль паставілі ў Краснаярскім музычным тэатры, а сёлета "Блакітную камею" прыняў у сябе Мінск. Падрыхтоўка мюзікла адбывалася па вядомай і напрацаванай схеме. Выканаўцы прайшлі кастынг і ўмоўна складаліся з дзвюх груп: "прафесіяналаў" з ліку салістаў тэатра і "аматараў", адабраных пастановачнай трупай. Між іншым, амаль усе яе прадстаўнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы папярэдніх спектакляў. Такім чынам, беларускія гледачы змаглі ўбачыць "прадукт", згатаваны з тых жа інгрэдыентаў, якія ўжо пакаштавалі жыхары Уфы і Краснаярска. Якім паўстае спектакль з глядзельнай залы? Упэўнены, што сярод публікі знойдзецца пара-тройка тэатральных снобаў, якія назавуць гэтую пастаноўку "таннай папсой", убачаць у ёй пошласць і безгустоўнасць і ў лепшым выпадку здолеюць толькі асцярожна пахваліць некалькі нумароў княжны Тараканавай за лірызм, прадэманстраваны кампазітарам і выканаўцай вядучай жаночай партыі. Вузкае кола гэтых эстэтаў! Страшэнна далёкія яны ад народа! Музыка спектакля (кампазітар Кім Брэйтбург, музычны кіраўнік і педагог па вакале Валерыя Брэйтбург) вызначалася прыцягальнасцю і стылістычнай вытрыманасцю. Апошняя акалічнасць асабліва праявілася ў імклівых і часам зусім нечаканых пераходах ад лірыкі да шансона, ад вальса да хіп-хопа. Пагадзіцеся, далёка не кожны аркестр можа выканаць такія шэдэўры на належным узроўні! Тым больш што нядаўна новым галоўным дырыжорам тэатра стаў Алег Лясун, які працаваў раней усяго толькі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Таму Кім Брэйтбург эфектна вырашыў праблему… шляхам выкарыстання фанаграмы. Яна пераважна інструментальная, але дзе-нідзе ў ёй дапісаны і "бэкі". У тым выпадку, калі публіка акажацца скупаватай і пашкадуе набыць вельмі танныя квіткі (ад 65 да 90 тысяч беларускіх рублёў), аркестр можна будзе пасадзіць у глядзельнай зале. Высокі мастацкі ўзровень прадэманстраваў Карэн Кавалеран, аўтар лібрэта і тэкстаў песень. Ён здолеў стварыць вобразы сапраўды дэмакратычнай, простай арыстакратыі і нават каранаваных асоб, гатовых падтрымліваць "кантакт" з падданымі ("…я одна, а вас так много"; "…все реально, все возможно, если только осторожно"). Пасля спектакля міжволі пачынаеш шкадаваць, што княжна Тараканава не апынулася на чале Расійскай імперыі. Можа, пры такім узаемаразуменні манархія працягвала б існаваць у краіне і дагэтуль? Бясспрэчна, надзіва ўдалай знаходкай аўтараў стаў вобраз Нуарэ (Дзяніс Баевіч), сакратара княжны. Гэты герой літаральна прасякнуты мужчынскай годнасцю і сілай. Менавіта такая катэгорыя персанажаў звычайна з непераймальнай інтанацыяй прамаўляе: "Какой противный!" Найбольш ярка запаветныя памкненні Нуарэ праяўляюцца ў той момант, калі герой прызнаецца, што падчас вяселля Арлова і Тараканавай марыць аказацца… на месцы княжны. А калі ён пазірае на дзеншчыка Арлова, дык, паводле слоў апошняга, "не по-хорошему". А якія сапраўды глыбокія, філасофскія думкі і арыгінальныя афарызмы гучаць у спектаклі з вуснаў герояў: "Все люди носят маски, чтоб избежать огласки, и чтоб добиться ласки, все люди носят маски"; "улыбки, улыбки рождают в нас ошибки"; "любовь бывает зла, полюбишь и козла"; "жить надо играючи, а играть умеючи". А як вам такая свежая сентэнцыя: "оставайтесь молодыми, чтобы не состариться"? Нарэшце, Кавалеран вуснамі сваіх гераінь задае надзвычай цікавае і актуальнае пытанне: "Зачем нужны мужчины?" – і адказвае, што "есть разные причины", удакладняючы, што яны (мужчыны) патрэбныя для "сладости и утех". І дадае: "а с остальным совсем у женщин нет проблем". Між іншым, лібрэта да мюзікла было ацэнена вельмі і вельмі сціпла. Кавалеран атрымаў ад Саюза пісьменнікаў Расіі, сябрам якога з’яўляецца, усяго толькі медаль Антона Паўлавіча Чэхава. Якое неадэкватнае маштабнаму таленту прызнанне! Упэўнены, што мала хто з класікаў рускай літаратуры дарос да філасофскай глыбіні Карэна Кавалерана, вартага, як мінімум, Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Да сапраўднага адкрыцця ў сусветнай культуры спрычыніўся рэжысёр і харэограф-пастаноўшчык Мікалай Андросаў. Нечакана высветлілася, што знакаміты канкан прыдумалі… менавіта ў часы Кацярыны ІІ. Нездарма яго так эфектна выконваюць дамы са світы імператрыцы. З якім задавальненнем, дзе трэба і дзе не трэба, яны падымаюць свае пышныя спадніцы! Думаецца, прыкладна тады ж на берагах Нявы або на ўзбярэжжы Венецыянскага заліва ўзнік і брэйк-данс, якім радавалі гледача ўдзельнікі "Камеі". Рэжысёр здолеў напоўніцу перадаць разняволенасць грамадства і свабоду, з якой вышэйшы свет віхляўся і "зажигал" у такт мелодыям Брэйтбурга. На славу папрацавалі мастак-пастаноўшчык Рыгор Бялоў і мастак па касцюмах Марыяна Сычова. Першы сваімі моцнымі ляпістымі мазкамі наблізіў сусветную сцэнаграфію да апошніх дасягненняў самадзейных мастакоў правінцыйных Дамоў культуры. На жаль, Марыяна Сычова ў рабоце над касцюмамі галоўных герояў часам выкарыстоўвала банальны класічны стыль. Думаецца, найперш задачам патрыятычнага выхавання павінен быў спрыяць бела-сіне-чырвоны трыкалор, у якім былі вырашаны касцюмы фрэйлін. Але вопратка іншых герояў "радавала" стракатасцю і абсалютнай неспалучальнасцю колераў. Паміж усімі ўдзельнікамі трэба размеркаваць лаўры за стварэнне маштабнай і надзвычай арыгінальнай камп’ютарнай графікі. Абрысы карабля, што рухаецца па моры, віртуальныя аблокі, што нясуцца па небе, бясспрэчна адпавядаюць найноўшым сусветным тэндэнцыям у гэтай галіне. На прэс-канферэнцыі стваральнікі мюзікла прызналіся, што падчас яго паказу ва Уфе і Краснаярску асобныя нумары выклікалі бязмежнае захапленне публікі. Іх нават давялося выконваць на "біс". Напэўна, менавіта таму аўтары прапанавалі гледачам шчаслівую канцоўку. Бо, пагадзіцеся, калі б "Блакітная камея" заканчвалася смерцю Тараканавай падчас наваднення, гераіню давялося б тэрмінова рэінкарнаваць. А то і выкарыстоўваць для кожнага паказу па дзве княжны. Таму "хэпі энд" у фінале мюзікла выглядае абсалютна лагічным і мэтазгодным. Як сціпла заўважыў на прэс-канферэнцыі Кім Брэйтбург, кампазітар і прадзюсар праекта, відовішчнасці такога ўзроўню, як у "Блакітнай камеі", няма нават на Брадвеі! Таму спектакль на беларускай сцэне выглядае проста непаўторным. Будзем спадзявацца, што работы такога кшталту на нашай акадэмічнай музычнай сцэне сапраўды не паўторацца больш ніколі… Дзяніс МАРЦІНОВІЧ. На здымку: Ілона Казакевіч (княжна Тараканава), Дзмітрый Якубовіч (граф Аляксей Арлоў). |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by