« Назад КРЫМІНАЛЬНАЕ ТРЫО НА МУЗЫЧНАЙ СЦЭНЕ,
або Новае аблічча "Дарагой Памелы" На жаль, я не адношуся да таго пакалення крытыкаў, якія маглі бачыць спектакль "Дарагая Памела" ў яго "лепшыя", так бы мовіць, гады – г. зн. тады, калі п'есу Дж. Патрыка ў чыстым выглядзе, пакладзеную на музыку М. Самойлавым, насаджалі ў тэатрах аперэты былога Саюза, як тую кукурузу. Гавораць, што тады спадар Самойлаў "сватаў" сваю "Памелу" і ў наш тэатр, але беспаспяхова. Прайшло па меншай меры гадоў 20, перш чым твор гэты ўбачыў сцэну тэатра музычнай камедыі Беларусі. I калі гэта, нарэшце, адбылося, я, здаецца, вызначыла для сябе прычыну, з-за якой маэстра Самойлаву ў свой час было адмоўлена.
Рэч у тым, што музыкі ў ягоным творы... няма. Ёсць некалькі, з дазволу сказаць, музычных абрыўкаў, якія сваім нечаканым з'яўленнем зусім не абцяжарваюць вушы слухачоў (выключэнне, бадай, адзіная мелодыя – кранальнае танга "Пласцінка старая", якую ў 2-й дзеі спяваюць Памела і Сол). Такім чынам, звонкае слова "мюзікл", якім тэатр пазначыў спектакль, не мае да стварэння спадара Самойлава ніякага дачынення. Цяпер, як высветлілася, кампазітар жыве ў Амерыцы і непасрэдна сутыкаецца з мастацтвам брадвейскіх тэатраў. Гэтая акалічнасць наводзіць на нясмелае меркаванне: калі б у ім, як у героях п'есы Дж. Патрыка, раптам прачнуліся гуманныя пачуцці, ён здолеў бы не толькі паглядзець праўдзе ў вочы і шчыра прызнаць абсалютную бездапаможнасць свайго "опуса", але і ацаніць належным чынам майстэрства беларускага аранжыроўшчыка Уладзіміра Ткачэнкі, які "апрануў" напісанае Самойлавым у сучаснае моднае адзенне і такім чынам быццам даў усяму гэтаму другое жыццё. Хаця ў выніку атрымалася штосьці накшталт замежнай цукеркі: з выгляду – прыгожа, а на смак – брыдка. Сп. Самойлаў ацаніў бы і вынаходніцтва рэжысёра Б. Уторава, які ўвёў у тканіну спектакля адсутныя ў партытуры харавыя ды балетныя ўстаўкі. Нарэшце, ён разам з іншымі гледачамі захапіўся б тым густам, з якім мастак Б. Герлаван аформіў сцэну. Аднак, нягледзячы ні на што, свабоднага месца для музыкі ў спектаклі ўсё роўна застаецца зашмат. Бадай, зародкавы стан музычнага матэрыялу ў "Дарагой Памеле" – гэта галоўная прычына, якая ставіць мяне ў тупік і як крытыка, і як гледача. Бо драматычныя спектаклі я прывыкла глядзець на сцэнах адпаведных тэатраў. Калі разглядаць "Памелу" перш за ўсе як драматычны спектакль, дык і ігру акцёраў трэба ацэньваць з адпаведных пазіцый. А тады пачынаеш разумець, што далёка не ўсё ў гэтым сэнсе пераконвае. Падчас спектакля я не раз – на жаль! – лавіла сябе на думцы, што многае ў ігры акцёраў мяне нават раздражняе. Бо п'еса Дж. Патрыка – парадаксальная, у ёй шмат умоўнасцяў і выключна тэатральных прыёмаў. Ну, не бывае ж такога ў жыцці, каб злодзеі, якія задумалі забойства, раптоўна перавыхаваліся пад уплывам блазнаватага аб'екта сваіх злачынных замахаў! Але ў тым і справа, што тое, чаго не бывае ў жыцці, мажлівае ў тэатры. Толькі тут важна адразу ж вызначыць умовы гульні і адшукаць для гэтага патрэбную танальнасць. Аднак, на мой погляд, спектакль "Дарагая Памела" атрымаўся грувасткі, абцяжараны рознымі сэнсамі і таму – крыху навучальны, маралізатарскі. Яму бракуе пэўнай лёгкасці, так бы мовіць, вытанчанасці. Сцэна і нават сама зала тэатра музычнай камедыі аказаліся залішне вялікімі – у сэнсе габарытаў – для такой камернай п'есы. Гэта твор не масавы, нягледзячы на тое, што масавыя сцэны, безумоўна ж, упрыгожваюць яго. Але, нават калі б і не было там прыдуманых рэжысурай "дамавікоў" (пра сябе я ахрысціла іх "гнюсікамі") – добрых геніяў Памелы, якія насяляюць яе ўбогае жытло і якіх паказваюць артысты кардэбалету (балетмайстар У. Іваноў), гэта нічога не змяніла б у канве спектакля. Як нічога не змяніла б у ёй і адсутнасць хору (хормайстар С. Пятрова), бо хор выконвае ў "Памеле" толькі адзін (!) вакаліз, ды і той гучыць у фанаграме (!!!). Жанравая нявызначанасць спектакля (драма? фарс? музкамедыя?) бянтэжыць, напэўна, і саміх акцёраў. Бо ўсе яны іграюць у розных ключах: В. Пятліцкая і В. Шабуня (Глорыя і Брэд) – у драматычным, А. Касцецкі (Урач) – у фарсавым, А. Ранцанц (Сол) – у камедыйным. I кожны з іх па-свойму пераканаўчы, і ў ігры кожнага ёсць сапраўдныя азарэнні. Але нельга сцвярджаць, як той кажа, "адназначна", што акцёры дасягаюць ансамбля. Безумоўна, галоўная цэнтраімклівая сіла спектакля – Памела Кронкі (Н. Гайда). Гэта яе, 50-гадовую "старую", задумала забіць крымінальнае трыо Сол – Глорыя – Брэд. I гэта яна дабрынёй і душэўнай адкрытасцю быццам прыручыла сваіх патэнцыяльных забойцаў, ачалавечыла іх. Гераіня Н. Гайды кранальна-бездапаможная, і менавіта гэтым абяззбройвае з першай хвіліны. Актрыса, як заўсёды, захапляе дакладнасцю і асэнсаванасцю сцэнічных паводзін. Аднак дазволю сабе заўважыць, ейная Памела значна маладзейшая за тую, за якую спрабуе сябе выдаць. Абаяльнасць Н. Гайды самадастатковая, і залішняй падаецца "старэчая" хада ды іншыя "спецэфекты", якімі актрыса стараецца надаць сабе ўзросту. Прынамсі, хацела яна ці не, а ейная Памела атрымалася такой, пра якіх кажуць: жанчына без узросту. I менавіта гэта апраўдвае многае ў ейных узаемаадносінах з Солам. У "Дарагой Памеле" рэжысёр Б. Утораў застаецца верны сваім творчым прынцыпам, якія выяўляюцца ў ягонай зацікаўленасці сапраўднай драматургіяй. Дастаткова прыгадаць такія адметныя яго пастаноўкі на сцэне гэтага тэатра, як "Джулія" паводле рамана С. Моэма "Тэатр" ці "Шклянка вады" па матывах аднайменнай п'есы Э. Скрыба. Відавочна, Б. Утораў імкнецца ствараць свой тэатр, які стаіць на памежжы драмы і музыкі. Але гэтыя памкненні даюць плён тады, калі лібрэта і музыка з'яўляюцца саюзнікамі рэжысёра, а не ягонымі праціўнікамі. Мне здаецца, што п'еса Дж. Патрыка больш прыдатная ўсё ж для ўвасаблення на сцэне драматычнага тэатра. I таму, гледзячы "Дарагую Памелу" ў тэатры музычным, міжволі ўсведамляеш, што стваральнікі яе "аперэтачнай версіі" спачатку выдумлялі сабе неверагодныя цяжкасці, а цяпер гераічна іх перамагаюць.
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by