Главная \ Пресса \ Крыштальныя надзеі ў Дзень тэатра… (2000 г., Звязда)
« Назад

КРЫШТАЛЬНЫЯ НАДЗЕІ Ў ДЗЕНЬ ТЭАТРА…

Традыцыйна ў Міжнародны дзень тэатра адбываецца цырымонія ўзнагароджання лепшых артыстаў і дзеячаў тэатра Беларусі. Канешне, гледачы, якія сочаць за тэатральнымі падзеямі, самі ведаюць, хто ёсць хто і якія спектаклі ім патрэбны. Асабліва зараз, калі тэатры перажываюць уздым цікавасці да сябе з боку публікі. Так, у наш эканамічна цяжкі час – напэўна, насуперак яму – у тэатрах адбываецца неверагоднае: па-першае, ёсць магчымасць радавацца прэм'ерам; па-другое, ёсць каму радавацца, бо апошнім часам аншлагі ў многіх мінскіх тэтрах сталі звычайнай справай. Але пры ўсім гэтым артысты вымушаны здымацца ў рэкламных роліках і шукаць розныя прыработкі да сваёго законнага тэатральнага заробку, на які ўтрымліваць сям'ю сёння вельмі цяжка. Парадокс! Бо гэта людзі, якімі мы шчыра захапляемся са сцэны, якія для кагосьці становяцца кумірамі.

Затое ёсць для нашых любімцаў гэтае свята, калі яны збіраюцца ў тэатры імя Янкі Купалы, каб напоўніцца хрустальнымі надзеямі на сваё жыццё ў магчымым будучым. Узнагарода "Хрустальная Паўлінка" – самая ганаровая ў тэатральнай Беларусі. Сёлета яе ўручылі народнаму артысту СССР Фёдару Шмакаву за адданасць беларускаму нацыянальнаму тэатру. "Хрустальная зорка" паедзе ў Магілёў, дзе працуе яе цяперашні ўладальнік Аляксандр Парфяновіч. Артыстка балетнай трупы тэатра Музычнай камедыі Дзіяна Сцяцура адзначана за лепшы дэбют "Хрустальнай кветкай".

Два драматычныя спектаклі спецыялісты-тэатралы вылучылі з шэрагу іншых, адзначыўшы іх дыпломамі: "Чорная Нявеста" паводле п'есы Аляксея Дударава у пастаноўцы Віцебскага абласнога тэатра і "Стомлены д'ябал" Сяргея Кавалёва, які на "Вольнай сцэне" паставіў Рыд Таліпаў. Асаблівае мастацтва – лялечны тэатр, таму асобна вылучаны з іншых падобных работ таксама дзве: "Братка анёл" (Брэст) і "Трагедыя аб Макбеце" (Магілёў).

Ларыса ЦІМОШЫК.
Звязда. – 2000. – 31 сак.