« Назад КУМІР, ЯКОГА СТВАРАЕ ГЛЯДАЧ
З нагоды юбілею ўлюбёнага тэатра
Дзяржаўнаму тэатру музычнай камедыі Беларусі мае глядацкія сімпатыі былі аддадзены аднойчы і назаўсёды. Я нават памятаю дзень, калі восем гадоў таму па-сапраўднаму "закахалася" ў гэты тэатр. I з таго часу сустрэчы з артыстамі беларускай аперэты зрабіліся для мяне вялікім святам і вялікім адкрыццём. Але, вядома, я не адзіная сёння ў сваім прызнанні: у папулярнага тэатра заўсёды было шмат прыхільнікаў ("добрых зрителей в девятом ряду", як спяваў калісьці Аркадзь Райкін). I не толькі таму, што сам па сабе аперэтачны жанр заўсёды вылучалі лёгкасць, жыццярадаснасць, зграбнасць. Проста ў мінскім калектыве гэтыя якасці шматкроць памножаныя на талент і майстэрства акцёраў, на ўменне і здольнасць мяняць сваё аблічча, быць цікавым гледачам розных пакаленняў і густаў. Аперэта і мюзікл, самастойныя балетныя пастаноўкі, сімфанічныя вечары і бенефісы вядучых акцёраў, – вось тое, што прапануецца апошнім часам наведнікам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі, якому сёлета спаўняецца 25 гадоў. Ёсць яшчэ адна "рыса да партрэта" юбіляра: сёння ён мае суперсучасныя гуказапісную і светлавую апаратуру, што дае неабсяжныя магчымасці для творчасці. Я ўжо не кажу пра сам будынак – раскошны, найпрыгожы, які нагадвае сапраўдны Палац і куды можна папросту хадзіць, як на экскурсію. Наш Тэатр музычнай камедыі высока каціруецца сярод прафесіяналаў. Напрыклад, вядомыя рэжысёры Ю. Аляксандраў (С.-Пецярбург) і М. Дотлібаў (Масква), якія ў розны час ставілі тут спектаклі, у адзін голас сцвярджаюць, што на сённяшні дзень сярод падобных устаноў колішняга Саюза мінская аперэта, што называецца, – нумар адзін. Па сваіх магчымасцях і творчых выніках наш тэатр стаіць вышэй за аналагічныя – і славутыя! – свярдлоўскі, маскоўскі і адэскі. Так мяркуюць сапраўдныя знаўцы. 25-годдзе – не такі ўжо вялікі ўзрост для тэатра. Але ўсё ж чвэрць стагоддзя – гэта пэўны тэрмін, за які было, напрыклад, пастаўлена каля сотні спектакляў. Сярод іх, безумоўна, былі самыя розныя – і добрыя, нават выдатныя, і дрэнныя. Пра апошнія гаварыць не вельмі хочацца, тым больш, што ў кожным тэатры няўдач назбіраецца нямала: увогуле, хто ад іх застрахаваны? А вось пра самыя адметныя, самыя выдатныя пастаноўкі з нагоды юбілею грэх не ўспомніць. Першай "ластаўкай" у іх ліку – прабачце за каламбур – быў "Пяе "Жаваранак" Ю. Семянякі, "гераічная музычная камедыя", як пазначыў кампазітар. Менавіта гэтым спектаклем 17 студзеня 1971 года тэатр музычнай камедыі адкрыўся. I цяпер, праз 25 гадоў, Наталля Гайда, выканаўца галоўнай ролі – разведчыцы Ірыны – успамінае, якая гэта была яркая работа і наколькі цёпла прымалі яе тагачасныя гледачы. Сярод іншых беларускіх спектакляў, што пакінулі яркі след у гісторыі тэатра – "Паўлінка", таксама з музыкай Ю. Семянякі (рэжысёр – С. Штэйн), "Несцерка" і "Судны час" Р. Суруса, "Дзяніс Давыдаў" А. Мдзівані і "Шклянка вады" У. Кандрусевіча (усе – у пастаноўцы Б. Уторава). Дарэчы, апошні спектакль, створаны год таму, мае асаблівы поспех у моладзі – факт вельмі важны і паказальны, бо далёка не кожны тэатр аперэты, асабліва сёння, можа пахваліцца гледачамі маладога ўзросту. У маім пераліку спектакляў прозвішчы стваральнікаў апынуліся ў дужках, – так зручней чытаць, каб не страчвалася думка. Але пра тое, наколькі важным аказалася для тэатра супрацоўніцтва з выдатнымі беларускімі рэжысёрамі Сямёнам Штэйнам і Барысам Уторавым, можна было б пісаць асобна. Яны прышчапілі акцёрам густ да добрай драматургіі, навучылі моладзь арганічна трымацца на сцэне, быць шчырымі ў спевах і ігры. Яны – сапраўдныя рыцары беларускага тэатра музычнай камедыі. На вялікі жаль, С. Штэйн пайшоў з жыцця, не дажыўшы некалькі гадоў да першага юбілею свайго ўлюбёнага тэатра. Але лепшыя спектаклі гэтага рэжысёра ўпісаны ў гісторыю калектыву залатымі літарамі: "Паўлінка", "Мая цудоўная лэдзі", "Ноч у Венецыі"… Дарэчы, артысты нашай музкамедыі добра ведаюць, што такое сапраўдная рэжысура. Былі пастаноўкі знаных майстроў – Рамана Вікцюка (мюзікл "Гора ад розуму"), Юрыя Аляксандрава (дзіцячая опера "Гісторыя Кая і Герды" і камічная – "Viva la Mamma!"). Нарэшце, зорны момант у гісторыі тэатра – спектаклі Вячаслава Цюпы: "Сірано", "Гуляем у Прынца і Жабрака", "Сільва", "Клоп". Менавіта "Клоп" і быў тым першым каханнем, з якога пачалося маё асабістае захапленне гэтым тэатрам. "Клоп" – мой любімы спектакль, памяць пра які як просты глядач і як музычны крытык я захаваю на ўсё жыццё. У год сваёй прэм'еры (1988) "Клоп" быў вызначаны экспертамі як лепшы спектакль сезона ў рэспубліцы. Ён стаў лаўрэатам двух міжнародных тэатральных фестываляў – "Тэатр-88" у Маскве (там наш калектыў аказаўся адзіным аперэтачным сярод трынаццаці іншых, такіх, напрыклад, як Тэатр на Таганцы, Каўнаскі драматычны, Саратаўскі акадэмічны, Літоўскі тэатр моладзі) і Першага Усесаюзнага фестывалю аперэты, музычнай камедыі і мюзікла (1990 г., Адэса). На абодвух фестывалях "Клоп" аказаўся спектаклем-трыумфатарам, атрымаў усхваляваную і захопленую прэсу і самыя , высокія адзнакі крытыкаў-прафесіяналаў. Гэта былі зорныя часы для тэатра яшчэ і ў тым сэнсе, што трупа выязджала на прэстыжныя форумы, на адказныя ГАСТРОЛІ. Апошнім часам на гастролі нават па Беларусі не хапае сродкаў. Дзіўна, ці не так? Тэатр з такой надзвычайнай матэрыяльнай базай – і адсутнасць грошай для новых пастановак, для гастроляў… Хапае і іншых праблем. Але ўсё ж тэатр "трымае марку" і дорыць сваім паклоннікам радасць сустрэч з неўвядальным і вечна юным мастацтвам аперэты, з цудоўнымі акцёрамі. Не магу не ўспомніць сёння аднаго з самых адметных артыстаў, які стаяў ля вытокаў у ліку самых першых акцёраў трупы – заслужанага артыста Беларусі Юрыя Лазоўскага, вялікага коміка, якога гледачы літаральна абажалі. Амаль да самых апошніх гадоў жыцця Юрый Віктаравіч іграў у спектаклях. Гэты таленавіты акцёр варты таго, каб пра яго помнілі – і не толькі ў юбілейныя дні, помнілі б таксама і пра былога галоўнага мастака тэатра Уладзіміра Жданава, які не дажыў да сёлетняга свята крыху менш чым год. Дай Бог, каб гэты жалобны спіс не меў свайго працягу як мага даўжэй… А яшчэ дай Бог тэатру захоўваць адпаведныя ўмовы для працы, падтрымліваць творчы настрой акцёраў, каб тыя не пакідалі яго, ад'язджаючы далёка, як здарылася гэта з улюбёнцамі публікі Рыгорам Харыкам і Аляксандрам Кузьмянковым. I ўсё ж такі, пакуль у нашым тэатры застаюцца Наталля Гайда і Вікторыя Мазур, Ніна Равінская і Вячаслаў Фаменка, Пётр Рыдзігер і Ірына Лінкевіч, Зінаіда Вяржбіцкая і Герман Казлоў, Арнольд Ранцанц і Святлана Якавец, Анатоль Касцецкі і Людміла Станевіч, Валянціна Пятліцкая і Васіль Мінгалёў, – яму нішто не пагражае. Прабачце, мае любімыя артысты, што не магу назваць кожнага з вас. Усе вы мае куміры, я вас усіх люблю і ў кожнага веру. Думаю, што да маіх слоў з задавальненнем далучацца тысячы гледачоў, адданых паклоннікаў свайго тэатра-куміра. Верыцца, што самыя лепшыя вашы ролі – наперадзе, што будуць яшчэ ў вас сапраўдныя Спектаклі – менавіта так, з вялікай літары – і што хопіць у вас на ўсё-ўсё аптымізму. Заставайцеся заўсёды 25-гадовымі, прынамсі, адчувайце сябе такімі. Бо ў 25 жыццё яшчэ толькі пачынаецца!..
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by