« Назад ЛЕПШЫ ДУЭТ
Не зусім звычайны быў гэты балетны спектакль "Шахеразада" на музыку М. Рымскага-Корсакава ў тэатры музычнай камедыі. Галоўныя партыі – Сіндбада і Царэўны выканалі Канстанцін Кузняцоў ды Юлія Дзятко, якія толькі што вярнуліся з Масквы, пасля паспяховага выступлення на восьмым Міжнародным конкурсе артыстаў балета. Канстанцін стаў лаўрэатам, заняў другое месца, Юлія на чацвёртым месцы, атрымала званне дыпламанта. Акрамя таго, гэта цудоўная сямейная пара заваявала званне "Лепшы дуэт конкурсу".
Чатыры гады таму яны скончылі Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча і адразу прыйшлі ў балетную трупу тэатра музычнай камедыі. Станцавалі тут вядучыя партыі амаль ва ўсім рэпертуары. Балетмайстар-рэпетытар народная артыстка Расіі Марыяна Подкіна адзначае ў маладых артыстах незвычайную працаздольнасць, сур'ёзнасць, любоў да сваёй прафесіі, што і дапамагло ім паспяхова выступіць на вельмі адказным конкурсе. Дарэчы, галоўны балетмайстар тэатра Ніна Дзячэнка і балетмайстар-рэпетытар Марыяна Подкіна, якія таксама былі адзначаны аўтарытэтным журы, рыхтавалі Юлію і Канстанціна да конкурсу. У складзе журы пад старшынствам прафесара Юрыя Грыгаровіча былі такія славутасці, як Галіна Уланава, Наталля Макарава, Валянцін Елізар'еў, іншыя сусветнавядомыя артысты, балетмайстры. – Маскоўскі конкурс працягваўся дзесяць дзён, – расказвае Канстанцін Кузняцоў. – З трох тураў, на мой погляд, самы складаны быў другі. Ад яго ж вынікаў залежаў лёс канкурсанта – ці пройдзе ён у фінал. I трэба было выканаць два нумары. Мы, напрыклад, танцавалі па-дэ-дэ з балета Людвіга Мінкуса "Дон Кіхот" і пастаўлены Нінай Дзячэнкай сучасны нумар на музыку Пабла Сарасатэ "Цыганскія напевы". З удзельнікаў маскоўскага конкурсу нас асабліва ўразіў уладальнік Гран-пры Андрэй Баталаў з Санкт-Пецярбурга, а таксама шаснаццацігадовая румынка Аліна Кажукара, якая заняла другое месца. Дарэчы, на працягу васьмі маскоўскіх конкурсаў толькі трэці раз была прысуджана прэмія Гран-пры. Папярэднія атрымалі Надзея Паўлава, Ірэк Мухамедаў. Што датычыць маскоўскіх гледачоў, дык нам здалося, што яны ў асноўным перажываюць толькі за сваіх. У родным калектыве Юлію Дзятко і Канстанціна Кузняцова віншавалі сябры, калегі. Да іх віншаванняў далучаемся і мы.
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by