Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Любоў яе — аперэта (1978 г., Работніца і сялянка)

Любоў яе — аперэта (1978 г., Работніца і сялянка)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЛЮБОЎ ЯЕ – АПЕРЭТА

У канцы 1970 года на базе Магілёўскага абласнога музычна-драматычнага тэатра быў створаны Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Ад ранейшай акцёрскай трупы засталося ўсяго некалькі чалавек. Асноўны склад выканаўцаў сфарміравалі з выпускнікоў Беларускай кансерваторыі і іншых музычных навучальных устаноў краіны. 

Тады ў спісах прынятых па конкурсу салістаў аперэты ўпершыню з'явілася імя Наталлі Гайды. Маладая спявачка прыехала ў Мінск з далёкага Урала і спачатку была прынята ў калектыў беларускага опернага тэатра, маючы за плячамі пяцігадовы стаж работы ў Свярдлоўскай оперы. Але чаму яна, здрадзіўшы опернаму жанру, звязала свой лёс з аперэтай – для многіх у той час заставалася загадкай. 

Вельмі сціплая, стрыманая, ветлівая з калегамі па рабоце, яна ніколі не старалася вылучыцца з акцёрскага асяроддзя. I знешнасць у яе была простая і непрыкметная: сярэдні рост, кароткая хлапечая прычоска, не зусім правільныя рысы твару. Але варта было ёй паказаць сваю асляпляльную ўсмешку, як твар імгненна рабіўся надзвычай мілым і прывабным. 

Калі паўстала пытанне, чым павінен адкрывацца першы сезон новага тэатра, усе ў калектыве сышліся на адным – гераічнай музычнай камедыяй кампазітара Ю. Семянякі "Спявае "Жаваранак", прысвечанай подзвігам беларускіх партызан і падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры вызначэнні выканаўцы галоўнай ролі выбар паў на Наталлю Гайду. Рэжысёру В. Ажарэльеву і дырыжору П. Кірыльчанку яна падыходзіла перш за ўсё па сваіх вакальных даных: яе лірыка-каларатурнае сапрана гучала ва ўсіх рэгістрах лёгка і свабодна, без асаблівых цяжкасцей пераадольваючы тэхнічна складаныя месцы ў арыях, рамансах і песнях. Не выпадкова ў оперных тэатрах Свярдлоўска і Мінска ёй смела давяралі выкананне партый Віялеты ў "Травіяце" і Джыльды ў "Рыгалета" Дж. Вердзі. 

I што не менш важна – ужо на першых рэпетыцыях музычнай камедыі "Спявае "Жаваранак" можна было пераканацца, што ў асобе Наталлі Гайды новы тэатр мае справу не проста з добрай спявачкай, а з тонкай удумлівай актрысай, надзеленай здольнасцю пераўвасабляцца, праўдзіва раскрываць музычна-вобразны змест ролі. 

Гераічная аперэта Ю. Семянякі па значнасці ўзнятай у ёй тэмы і незвычайнасці музычна-драматычнай пабудовы сюжэта працягвае лепшыя традыцыі савецкага аперэтачнага жанру. Яе вострыя канфліктныя сітуацыі і ярка акрэсленыя чалавечыя характары вяртаюць сённяшняга гледача ў грозныя дні мінулай вайны. 

...У акупіраваным гітлераўцамі невялікім беларускім горадзе на берагах хуткацечнай Бярэзіны, нягледзячы на жорсткі фашысцкі тэрор, бясстрашна дзейнічае савецкае падполле. I ніхто не здагадваецца, што сувязь паміж падпольшчыкамі і партызанамі пры дапамозе спецыяльнай рацыі тайна падтрымлівае прыгожая аперэтачная артыстка Ірына з фашысцкага кабарэ, ад якой мясцовыя жыхары з агідай і нянавісцю адварочваюцца, палічыўшы яе здрадніцай. 

Вобраз Ірыны ў спектаклі – складаны і шматпланавы. Ад яго цягнуцца сюжэтныя ніткі да ўсіх астатніх дзеючых асоб, ён нясе асноўную сэнсавую нагрузку. Пастаўленая ў вельмі цяжкія абставіны, гераіня Н. Гайды вымушана весці двайную ігру і насіць маску адданасці і пакорлівасці акупацыйным уладам. 

Ужо ў першай арыі спявачка псіхалагічна тонка і пераканаўча раскрывае вымушаную патаемную раздвоенасць характару Ірыны. Слухаючы шчодрыя кампліменты нацысцкага маёра Вілі фон Вітэнберга, яна адказвае на яго настойлівыя заляцанні гуллівай факстротнай песенькай. I раптам, пераўвасобіўшыся, са смуткам спявае пра родны горад, сяброў, з якімі разлучыла вайна. Але ненадоўга – перад намі ўсё тая ж знешне вясёлая і бестурботная "фройляйн Ірэн", і толькі ў самым канцы яе арыі-маналога зноў гучаць поўныя ўнутранай трывогі і душэўнага смутку словы "О горад мой родны..." 

Адзін з асноўных лейтматываў семянякаўскай аперэты – лірыка-драматычная "Песня "Жаваранка", якая выказвае галоўную ідэю твора і больш поўна малюе вобраз партызанскай разведчыцы. Напісаная ў стылі лепшых узораў савецкай вакальнай лірыкі, гэтая песня тройчы гучыць у спектаклі як своеасаблівы пароль, як пазыўныя перад выхадам у эфір. Выконваючы свайго "Жаваранка" з вялікім душэўным парывам і глыбокай усхваляванасцю, гераіня Гайды нібы прагне вырвацца ўслед за птушкай-песняй з душных сцен фашысцкага кабарэ на волю, да сяброў-партызан і разам з імі, не тоячыся, адкрыта змагацца за вызваленне роднай зямлі ад ворагаў. 

Гэта быў яе сапраўдны вялікі дэбют на аперэтачнай сцэне, які прынёс заслужаны поспех і прызнанне шырокай публікі, хоць упершыню Н. Гайда блізка сутыкнулася з жанрам музычнай камедыі на год раней, у Свярдлоўску, прымаючы ўдзел у тэлепастаноўцы аднаактовай класічнай аперэты Ж. Афенбаха "Званая вячэра з італьянцамі". Аднак роля мілай і забаўнай выхаванкі пансіёна Эрнэсціны – толькі першы крок маладой салісткі на шляху да вялікай самастойнай творчасці. 

Яшчэ ў час вучобы ва Уральскай кансерваторыі Н. Гайда марыла пра аперэту. Але чамусьці не асмельвалася нікому ў гэтым прызнацца. Калі аднойчы ёй, студэнтцы другога курса кансерваторыі, галоўны рэжысёр Свярдлоўскага тэатра музкамедыі В. Курачкін прапанаваў месца салісткі, яна адмовілася, як ад "забароннага плоду", хоць потым вельмі шкадавала. 

Мінск аказаўся для Н. Гайды якраз тым горадам, дзе яна знайшла сваё сапраўднае прызванне, дзе на поўную сілу раскрыўся яе прыродны талент. Ёй уласцівы не толькі тонкая музычнасць, умелае валоданне голасам, але і зайздросная здольнасць арганічна пераходзіць ад спявання да акцёрскай мовы, ад мовы да танца. I ўсё ў яе выходзіць неяк само сабой, лёгка і проста, без ніякага націску і нацягнутасці. Нават у аперэтах Кальмана і Легара, нягледзячы на стэрэатыпнасць і ўмоўнасць іх сюжэтных ліній, ідэйную абмежаванасць, артыстка стварае яркія, запамінальныя вобразы, напоўненыя жыццёвай праўдай. 

Кальманаўскія "княгіня чардаша" Сільва, вулічная кветачніца Віялета з "Фіялкі Манмартра", пакутуючая графіня Марыца, легараўская парывістая Зорыка з "Цыганскага кахання" – гэтыя персанажы ў выкананні Н. Гайды вызначаюцца непасрэднасцю і шчырасцю багатай чалавечай натуры. У вобразе Сільвы яна паказвае перш за ўсё яе высокую чалавечую годнасць, высакародства і душэўную прыгажосць, імкненне да вялікага ўзвышанага кахання насуперак недарэчным саслоўным забабонам. Раскрываючы ў сваёй гераіні пры дапамозе вакальных сродкаў рысы выдатнай артысткі вар'етэ, якая выйшла з народных глыбінь, Н. Гайда не траціць пачуцця меры – не дапускае развязнасці і "цыганшчыны" ў час спявання, голас гучыць роўна і прыгожа. 

Асаблівае месца ў творчасці Наталлі Гайды займае роля Паўлінкі з аднайменнай народна-бытавой музычнай камедыі Ю. Семянякі, якая напісана ім у садружнасці з паэтам А. Бачылам паводле вядомай п'есы Я. Купалы. Прэм'ера яе адбылася больш як чатыры гады назад, але спектакль і па сённяшні дзень не сыходзіць з рэпертуару. 

У чым жа сакрэт послеху музычнай камедыі Ю. Семянякі? У час работы над цэнтральным персанажам, ствараючы яго музычную характарыстыку, кампазітар і лібрэтыст у першую чаргу зыходзілі з вакальных і акцёрскіх магчымасцей Н. Гайды. I гэта станоўча адбілася на ўсім спектаклі. Пасля прэм'еры рэспубліканскі друк у адзін голас заявіў аб другім нараджэнні "Паўлінкі". А народная артыстка СССР Л. Александроўская даволі дакладна адзначыла: 

– Калі б гэтую Паўлінку ды ў купалаўскі тэатр... 

Гераіня Н. Гайды па-сапраўднаму радуецца і глыбока пакутуе, весела смяецца, танцуе і, затаіўшы боль у сэрцы, пакутліва перажывае разлуку з каханым. Душэўны стан сельскай дзяўчыны ярка і пераканаўча перадаецца ў яе арыях, песнях і ансамблях. 

Лірыка-псіхалагічны вобраз Паўлінкі вельмі пранікнёна і шчыра ўвасабляе спявачка-артыстка праз выразнае, асэнсаванае спяванне ўжо ў першым вакальным маналогу "Вось і сонца заходзіць да рання". Чакаючы спаткання з Якімам, дзяўчына трывожыцца: а ці прыйдзе яе жаданы? А вось і ён. У шырока распеўным, яркім па мелодыі дуэце Паўлінкі і Якіма – "Як у лесе зацвіталі..." выказана ўся радасць сустрэчы двух закаханых сэрцаў. 

На працягу ўсяго спектакля гераіня Наталлі Гайды ўпарта змагаецца за асабістае шчасце: не хоча мірыцца з жаданнем роднага бацькі насільна прасватаць яе за Адольфа Быкоўскага і нават збіраецца ўцячы разам са сваім каханым з бацькоўскага дома. I калі, здавалася, мэта блізка, раптам прыходзіць страшная вестка: Якіма арыштавалі. На твары Паўлінкі – Н. Гайды застылі душэўная пакута, гнеў і роспач: што рабіць далей? Артыстка разам з рэжысёрам знайшлі ў гэтай сцэне правільнае рашэнне – без слоў паставіць фінальную кропку ў спектаклі. 

Работа над вобразам купалаўскай гераіні – новы этап у творчасці Н. Гайды, адзначаны ў 1973 годзе прысваеннем ёй ганаровага звання заслужанай артысткі рэспублікі. 

Ролі, ролі... Колькі іх сыграна за сем тэатральных сезонаў – адразу нават цяжка прыпомніць. За кожнай роллю стаіць жывы чалавек з яго трывогамі, надзеямі і хваляваннямі. I выканаўца абавязана знайсці для кожнай з іх асобны ключ творчага рашэння, укласці частачку сваёй душы. 

Ад рэжысёра С. Штэйна, якому даводзілася нямала працаваць з Н. Гайдай, я даведаўся яшчэ пра адну цікавую рысу творчага аблічча артысткі. 

– Мала таго, што яна неймаверна працаздольная, у яе – велізарны імпульс жыццярадаснасці,– гаворыць рэжысёр.– Ён прысутнічае літаральна ў кожнай ролі, і асабліва гэта датычыць савецкіх аперэт. 

I сапраўды, калі бачыш Н. Гайду ў такіх аперэтачных спектаклях, як "Вольны вецер" I. Дунаеўскага, "Увага, здымка!" А Эшпая, "Патрабуецца гераіня" В. Баснера, "Тыдзень вечнага кахання" Ю. Семянякі, – жыццярадаснасць салісткі, яе незвычайная абаяльнасць заваёўваюць гледачоў, надоўга застаюцца ў памяці. 

Аперэта – яе любоў, яе творчы лёс. Удзень – рэпетыцыя, вечарам – спектакль. У гэтым сэнс жыцця Наталлі Гайды, закліканай несці людзям радасць, эстэтычную асалоду, абуджаць добрае, вечнае. 

Г. ЗАГАРОДНІ. 
Работніца і сялянка. – 1978. – № 10. – С. 14–15.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: