Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Мадэрн, які ўзвышае (2011 г., Мастацтва)

Мадэрн, які ўзвышае (2011 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МАДЭРН, ЯКІ ЎЗВЫШАЕ

11-55aУ Музычным – "Сільва"

Вось ужо амаль стагоддзе "Сільва" застаецца "аперэтай аперэт", разабранай на цытаты і бісовыя канцэртныя нумары. Ці магчыма з усяго гэтага парослага мохам традыцыяналізму сабраць штосьці канструкцыйна новае? Ды так, каб атрымалася менавіта "Сільва" Імрэ Кальмана, а не постмадэрнісцкая гульня ў яе? Цяперашняя пастаноўка Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра даказала: гармонія паміж пазнавальным і непазнавальным магчымая, калі за справу бяруцца майстры.

Рэжысёрская каманда наўмысна не разбурала нічога ўшчэнт, не стварала "ад адваротнага", а імкнулася да іншага – знайсці першасны, не забруджаны штампамі сэнс літаральна ў кожнай дробязі. Вы прызвычаіліся да пёраў, аголеных ножак і веераў у абліччы кабарэшных дзіў? Калі ласка! Мужчынскі балет возьме ў рукі па два пунсовыя вееры, адзін прыладзіць на галаве замест пер’я, другі – значна ніжэй, замест спадніцы. Пазнавальна? І адначасова не заштампавана. Вы не супакоіцеся, пакуль не ўбачыце ўзнятыя вышэй галавы ногі ў час песенькі Боні? Зробім і гэта: маўляў, дзяўчаты хочуць спадабацца балетмайстру, вось і дэманструюць яму свае вертыкальныя шпагаты. І такія пераасэнсаванні – ва ўсім!

Рэжысёрская канцэпцыя, што вельмі важна, зыходзіла менавіта з музыкі, а не толькі з сюжэтнай канвы. Таму ўзнікла аўтарская версія лібрэта – больш інтэлігентная, настальгічна мяккая, без рогату, але з псіхалагічна дакладна расстаўленымі акцэнтамі, якія парушаюць звыклыя аперэтачныя амплуа.

У выніку спектакль наблізіўся да… оперы з размоўнымі дыялогамі. Пастаноўшчыкі, зноў-такі, папросту выявілі пачатковае значэнне самога тэрміна: аперэта – значыць маленькая опера. Асабліва паспрыяла гэтаму сур’ёзнае і надзвычай беражлівае стаўленне да партытуры. Галоўны дырыжор тэатра Алег Лясун, нягледзячы на спрадвечныя акустычныя хібы тэатральнай залы, адмовіўся ад мікрафонаў, пакінуўшы толькі некаторае падгучванне сцэнічнай прасторы. Ад спектакля да спектакля было заўважна, як шляхам спроб і нават эксперыментаў ідзе пошук аптымальнага балансу паміж аркестрам, хорам і салістамі. Але падкрэслім больш значнае – саму музычнасць новай пастаноўкі, дзе нумары ўзнікаюць не як ілюстрацыя да тэксту, а як асноўны, галоўны, самы важны тэкст, у якім насамрэч сказана куды больш, чымсьці ў словах.

Улічваючы пазнавальнасць мелодый, дырыжор-пастаноўшчык зрабіў стаўку на "непазнавальнасць" лейтматываў: кожны з іх штораз гучыць іначай, з усё новымі сэнсавымі адценнямі. А выяўляюцца тыя праз выразнасць фразіроўкі, дынамікі, штрыхоў – без аніякіх перабольшванняў, што звычайна мяжуюць з пародыяй.

Гэты прынцып тычыцца ўсіх складнікаў спектакля. Металічныя лесвіцы, часткова запазычаныя з "Аднойчы ў Чыкага" – ранейшай прэм’еры той жа пастановачнай групы, застаюцца толькі знешнім антуражам, які паступова сыходзіць на другі план, саступаючы месца люстэрку. Ля яго пачынаюць свой урок за балетным станком "прыгажуні кабарэ" (харэаграфія ў спектаклі ўвогуле вельмі выйгрышная, з цікавымі сюжэтнымі прыдумкамі), да яго дакранаецца маці Эдвіна перш чым ператварыцца, узгадаўшы маладосць, з княгіні ў спявачку Салоўку (з арыяй з "Балю ў Савоі" Пала Абрахама, якая стылёва не пярэчыць музыцы Кальмана). Але, акрамя выканання такой прамой "побытавай" функцыі, люстэрка становіцца шматзначным сімвалам. У яго глядзіцца нават публіка: больш як палову спектакля мы бачым на задніку гэткую рэтраспектыўную відэапраекцыю залы стогадовай даўніны. Дый паміж персанажамі наладжаны "люстэркавыя масточкі", замацаваныя не на парадыйных "крывых адбітках", а на псіхалагічным багацці характараў і розных варыянтаў выхаду з падобных сітуацый.

11-55bКожны з персанажаў робіць выбар – і гэтым новае прачытанне "Сільвы" адрозніваецца ад ранейшых: там героі рабілі быццам тое, што ім наканавана "паводле статусу". Ці ролі. Ці, яшчэ горш, "тэатральнай маскі". Сусанна Цырук не баіцца прызначаць на адну партыю акцёраў розных узростаў, вагавых катэгорый, тэмпераменту, падрыхтоўкі – і ніколі нікога не падганяе пад нейкае "ідэальнае лякала". Таму яе спектаклі можна глядзець бясконца: штораз раскрываюцца новыя сэнсы і адценні, штораз – новая расстаноўка сіл, новая інтрыга і нават іншы вынік пры знешне аднолькавых (а часам і крыху адрозных, у залежнасці ад магчымасцей артыстаў) мізансцэнах. І штораз – новыя якасці саміх артыстаў, кожны з якіх пры такой рэжысуры (і тактоўнай, добразычлівай атмасферы на рэпетыцыях) становіцца зоркай.

Паглядзіце, як узрасло акцёрскае майстэрства Яўгена Ермакова! Яго тэнар з адметнымі характарнымі ноткамі быў заўважным яшчэ ў гады вучобы ў Беларускай акадэміі музыкі, падчас працы ў капэле "Санорус". А вось артыстычная раскаванасць, уменне пачуваць сябе пад той ці іншай маскай натуральна, цалкам пераўвасобіўшыся ў свайго героя, прыходзіла да спевака паступова, ад партыі да партыі. Яго Боні не легкадумны летуценнік, а хітравата-разважлівы "працаголік", які раптам сустракае дзівосна прыгожую какетку з выключна цвярозым розумам, здольную "пралічваць" на некалькі хадоў далей за яго. Ідэальная пара!

Леся Лют (Стасі) паўстала сапраўднай суперзоркай. Яна заўсёды зіхацела і сваімі чароўнымі бліскаўкамі ў голасе, і гнуткай грацыяй, і надзвычай выразным позіркам, што працінае ажно да апошняга рада партэра. Але ў гэтай партыі ёй папраўдзе няма роўных. Бо сваю характарную гераіню яна здолела зрабіць яшчэ і прымадоннай (калі не шоу-бізнесу, дык бізнесу – дакладна: гэткая юная "дзелавая лэдзі", якая добра разумее перавагі жаноцкасці і ўмела імі карыстаецца, не страчваючы абаяння шчырасці, сардэчнасці, добрага гумару).

А Дзяніс Нямцоў! Ён таксама ў любым спектаклі быў, ёсць і будзе ў цэнтры ўвагі. Але ў тых, што пастаўлены Сусаннай Цырук (узгадаем нядаўнюю прэм’еру "Аднойчы ў Чыкага"), адчуваецца, што многія мізансцэны былі разлічаны менавіта на яго неабсяжныя здольнасці і, галоўнае, на ягоныя "гены ігры", якім толькі дай дзе разгуляцца.

У "Сільве" (дарэчы, як і ў іншых спектаклях Цырук) ёсць дзе "разгуляцца" абсалютна ўсім. Здавалася б, ну што гэта за партыя – Натарыуса. Акурат з катэгорыі "Есці пададзена!", бо розніца хіба ў тым, што замест гэтай аб’яўкі ён літаральна на адной ноце "перачытвае" шлюбную дамову – і ўсё, можна вяртацца ў грымёрку, збірацца дадому. Ажно не – які тыпаж атрымаўся ў таго ж Алега Прохарава! Чаго вартая хоць бы адна дэталь. Патрапіўшы на імправізаванае вяселле і апынуўшыся сярод гуллівых, насмешлівых прыгажунь, ён напіваецца да "свіных галасоў". Ці можа хтосьці ці штосьці хутка прывесці яго ў свядомы стан? Вядома, не! Але ж ледзь ён бачыць кінутую паперчыну (гэта ж дакумент, што мае юрыдычную вагу!), як тут жа кідаецца да яе, з любоўю паднімае, распраўляе, хавае ля сэрца. І тады зразумела: перад намі – сапраўдны прафесіянал.

Такая тонкасць псіхалагічных характарыстык – паўсюль. Што ж тады казаць пра цэнтральных персанажаў? Хіба тое, што іх, быццам каралёў, іграе ўжо іх атачэнне – папраўдзе каралеўскае, у самым высокім сэнсе слова. Таму выканаўцам партый Сільвы (Маргарыта Александроўская, Наталля Дзяменцьева, Ганна Бяляева) і Эдвіна (Антон Заянчкоўскі, Андрэй Марозаў, Яўген Суцько) даводзіцца няпроста, каб вытрымаць гэткую "канкурэнцыю" (не толькі спяваць, а яшчэ і іграць лірычных герояў на фоне яркіх характарных – складаней). Але, можа, у гэтым і ёсць дадатковы філасофскі сэнс спектакля?

Маці Эдвіна ў свой час кінула сцэну дзеля… сямейнага жыцця ці свецка-побытавай утульнасці? Знакамітая Наталля Гайда і непрадказальная ў кожнай сваёй ролі Лідзія Кузьміцкая вырашаюць гэту "задачку з невядомымі" па-рознаму. Для першай гераіні сцэна – светлая настальгія, для другой – яшчэ і цяперашні стан, бо ёй і ў жыцці даводзіцца іграць, прычым няблізкую ролю княгіні Аляксандры. Дык дзе сцэна, а дзе – жыццё? Спектакль менавіта пра гэта. І Сільва – не столькі ахвяра сацыяльнай няроўнасці, колькі сімвал творчай жанчыны, якая стаіць на скрыжаванні прызвання і кахання. Вось вам і разгадка "высокага мадэрна", як акрэслілі спектакль самі пастаноўшчыкі: узвышаецца спектакль – узвышаецца і публіка.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Мастацтва. – 2011. – № 6. – С. 8–9. 

На здымках: Маргарыта Александровіч (Сільва), Антон Заянчкоўскі (Эдвін). "Сільва". Сцэна са спектакля.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: