Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Манмартраўскі раён ці Версальскі сельсавет? (Дзяніс Марціновіч, "Мастацтва", 2012, № 6)

Манмартраўскі раён ці Версальскі сельсавет? (Дзяніс Марціновіч, "Мастацтва", 2012, № 6)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

МАНМАРТРАЎСКІ РАЁН ЦІ ВЕРСАЛЬСКІ СЕЛЬСАВЕТ?

lux3aa"Граф Люксембург" у Музычным тэатры

Знакаміты аўстра-венгерскі кампазітар Франц Легар — часты госць Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра. На гэтай сцэне ў розныя часы з поспехам ішлі яго аперэты "Цыганскае каханне" і "Фраскіта", а "Вясёлая ўдава" і сёння знаходзіцца ў рэпертуары. Але да "Графа Люксембурга", упершыню пастаўленага ў 1909 годзе ў Вене, тэатр яшчэ не звяртаўся.

Паводле лібрэта (аўтарская версія Сусанны Цырук) князь Базінэлі (Аляксандр Асіпец, Андрэй Марозаў) жадае ўзяць шлюб з артысткай Анжэль Дзідзье (Наталля Дзяменцьева, Вольга Перагуд). Але паколькі правілы вышэйшага свету патрабуюць заключаць саюзы толькі паміж арыстакратамі, Базінэлі знаходзіць збяднелага графа Люксембурга (Сяргей Суцько, Арцём Хамічонак), які па дамове павінен за грошы ажаніцца з Анжэль і праз год развесціся. Пасля чаго князь можа згуляць вяселле ўжо не са спявачкай, а з графіняй. Але Базінэлі не мог улічыць узаемных сімпатый, якія ўзніклі паміж маладымі людзьмі...

Класічныя аперэты заўжды займалі важкае месца ў рэпертуары калектыву, хоць апошнім часам ставіліся нячаста. У выніку на сцэне дагэтуль ідуць спектаклі, ажыццёўленыя ў традыцыйнай, савецкай стылістыцы. Імкнучыся далучыць Музычны да сучасных тэндэнцый, галоўны рэжысёр Сусанна Цырук зрабіла стаўку на паступовае сцэнічнае абнаўленне класікі. "Першай ластаўкай" стала мінулагодняя "Сільва". Таму ўвасабленне "Графа Люксембурга" неабходна разглядаць як працяг рэпертуарнай палітыкі тэатра.

У абедзвюх пастаноўках Цырук трансфармавала тры дзеянні ў два. Але вынікі атрымаліся цалкам розныя. Прычыны трэба шукаць у структуры класічнай аперэты і ўнутраных законах яе развіцця. Як вядома, яна традыцыйна складаецца з трох дзей, падчас якіх адбываюцца завязка, канфлікт і развязка. У гэтую структуру ўпісаныя ўзаемаадносіны трох пар (герой і гераіня, субрэтка і прасцяк, а таксама немаладая пара), прычым учынкі кожнай звязаныя з іншымі і ўплываюць на развіццё сюжэта. Згаданыя асаблівасці застаюцца нязменнымі з XIX стагоддзя. Паколькі пастаноўшчыкі жадаюць крочыць у нагу з часам, яны, безумоўна, маюць права на купюры. Але толькі тады, калі робяць іх удумліва, захоўваючы логіку развіцця сюжэта і абгрунтаванасць у паводзінах герояў.

У "Сільве" падобныя скарачэнні пайшлі на карысць спектаклю. Сюжэт пазбавіўся статыкі, набыў лёгкасць і дынамізм. На першы план выйшла пара вядучых выканаўцаў. Акцэнт быў зроблены на тым, што яны самі павінны вырашаць уласны лёс. Такі ход успрымаўся слушным, бо Цырук пакінула ў лібрэта прынцыповыя, сюжэтна-вызначальныя дыялогі паміж галоўнымі героямі і дзвюма астатнімі парамі.

У "Графе Люксембургу" назіраецца цалкам адваротная сітуацыя. Першая частка фактычна пераўтварылася ў пралог. А вось другая была спрасавана да немагчымасці. Праз гэта некаторыя істотныя дыялогі зніклі з лібрэта, а сувязі паміж парамі былі парушаны. Па вялікім рахунку, уплыў "прасцяка" Армана Брысара (Сяргей Спруць, Анзор Алімірзоеў) на лёс графа абмяжоўваецца яго ўдзелам у гадавым падарожжы па Еўропе, куды Люксембург накіроўваецца пасля фіктыўнага вяселля. А "субрэтка" Жульета (Леся Лют, Ірына Кучынская), якая паступае на службу да Анжэль, толькі дакладвае гаспадыні пра з'яўленне "мужа" і спявае страсны дуэт з князем.

Такая сітуацыя захоўваецца амаль да фіналу, пакуль на сцэне не з'яўляецца баранеса Клеменціна Каказі (Вікторыя Стрыганкова), якая мае свае разлікі на Базінэлі. (Цікава, што ў арыгінальным лібрэта князь аб'яўляў усім пра свае заручыны з Анжэль, і толькі з'яўленне Каказі ратавала сітуацыю.) Магчыма, рэжысёр кіравалася дэвізам "Прыйшоў. Убачыў. Узаемна закахаўся. Узяў шлюб"? У выніку логіка развіцця аперэты не працуе на працягу большай часткі спектакля. Замест паслядоўнага разгортвання сюжэта і паступовага нарастання канфлікту гледачы сталі сведкамі спярша павольнага цячэння падзей, а потым іх штучнай канцэнтрацыі бліжэй да фіналу.

lux7aЗначныя пытанні выклікае і рэжысёрская інтэрпрэтацыя. Дзеянне "Графа Люксембурга" пачынаецца ў Парыжы ў час карнавалу і заканчваецца там жа роўна праз год. Магчыма, элементы пераапранання і гульні якраз і натхнілі Сусанну Цырук на фарсавае прачытанне шэрагу сцэн. Менавіта ў такой манеры іграюць выканаўцы партый Армана і Жульеты, князя і баранесы, а таксама ўдзельнікі карнавалу Зразумела, як і ў сітуацыі з купюрамі, рэжысёр мела права на ўласнае прачытанне вядомай партытуры. Але ці грунтавалася яно на логіцы пастаноўкі? Калі інтэрпрэтаваць "Графа Люксембурга" як фарс, дык у такой манеры варта было вырашаць усю пастаноўку. У рэальнасці натуральнасць паводзін галоўных герояў, рамантызм іх пачуццяў увесь час уступаюць у супярэчнасць з наўмыснай тэатральнасцю іншых удзельнікаў спектакля. Да таго ж Анжэль з'яўляецца артысткай, але паводзіць сябе натуральна. Дык дзе ж тут логіка?

Але яшчэ большай "нестыкоўкай" нечакана паўстае праблема арыстакратызму і добрага густу. На вялікі жаль, апошні ўласцівы толькі музыцы Легара. Астатнія элементы спектакля ніяк не маглі адпавядаць такому вызначэнню. Не ў апошнюю чаргу заўвага датычыць выканаўцаў. Зразумела, сваю ролю адыграла дастаткова рызыкоўнае рашэнне Цырук даверыць выкананне вядучых партый у другім складзе маладым артыстам. З аднаго боку, такі ход часткова апраўданы. У многіх аперэтах, што ідуць на сцэне Музычнага, вядучыя ролі выконваюць адны і тыя ж салісты — Антон Заянчкоўскі, Лідзія Кузьміцкая, Маргарыта Александровіч і іншыя. Самы час загадзя паклапаціцца пра іх змену! Але ў "Графе Люксембургу" кантраст паміж першым і другім складамі атрымаўся занадта вялікім. Калі больш вопытныя выканаўцы імкнуліся адпавядаць жанру (асабліва хацелася б вылучыць Лесю Лют), дык моладзь аказалася негатовай да сваіх роляў. Бадай, упершыню так відавочна праявіліся праблемы з вакалам. Акрамя таго, салісты другога складу не змаглі пераканаць прысутных у арыстакратызме сваіх герояў, таму больш нагадвалі сучасных хлопцаў і дзяўчат. Надзвычай красамоўна выглядала рэпліка "Короче, я пришёл сюда" графа Люксембурга. У вялікай і магутнай рускай мове ёсць безліч шматзначных выразаў такога кшталту. Але ці ёсць неабходнасць іх ужываць?

Дзеля аб'ектыўнасці трэба прызнаць, што на акцёрскі "антыарыстакратызм" паўплывала некалькі спрэчных рашэнняў. Вялікія пярэчанні выклікае праца мастака па касцюмах Таццяны Каралёвай. Вопратка галоўных герояў падчас карнавалу нагадвала што заўгодна, але не тое, што маглі насіць элегантныя парыжане. Толькі ў фантастычным сне князь мог апрануць сваю нявесту ў балахон, які асацыяваўся з пёрамі папугая ці паўліна.У фінале, калі граф Люксембург і Анжэль выйшлі на сцэну ў стыльных строях, сталі відавочнымі іх маладосць і абаянне. Няўжо нельга было дасягнуць такога эфекту раней?

Але самым вялікім расчараваннем зрабілася агульная атмасфера спектакля, які часам пераўтвараўся ў мітуслівы і безгустоўны балаган. У гэтай сувязі ўзнікае мноства пытанняў. Ці варта ў жартах апускацца да такога ўзроўню, калі князь пляскае па мяккім месцы сяброўку сваёй патэнцыйнай жонкі? Наколькі лагічная сітуацыя, калі паўраспранутая Анжэль з сур'ёзным тварам пытаецца, ці прыстойна яна выглядае для нявесты мільянера... і просіць запрасіць да сябе іншага мужчыну? Як суадносяцца арыстакратычныя забабоны, характэрныя для пачатку XX стагоддзя, і сучасны фотаапарат, якім здымаюць турыстаў? Чым кіраваліся стваральнікі спектакля, пераймяноўваючы муніцыпальную акругу ў "Манмартраўскі раён"? Добра, што дзеянне адбываецца ў Парыжы, а не ў яго прыгарадах. Іначай давялося б згадваць "Версальскі сельсавет".

На заканчэнне рэцэнзіі хацелася б выказаць меркаванне, якое можа падацца наўпрост не звязаным з папярэднімі разважаннямі. Але ўпэўнены, што яго абавязкова зразумеюць сталыя прыхільнікі Музычнага. Нягледзячы на супярэчлівыя ўражанні, што пакінуў апошні спектакль, на сённяшні дзень Цырук застаецца адным з лепшых беларускіх пастаноўшчыкаў якія працуюць на музычнай сцэне.

У свой час яе вяртанне з Расіі і прызначэнне на пасаду галоўнага рэжысёра калектыву выклікала спадзяванні на адраджэнне тэатра, якія хутка пачалі спраўджвацца. Арыгінальныя, нестандартныя спектаклі "Аднойчы ў Чыкага", "Сільва", "Мелодыі неапалітанскага квартала" ўспрымаліся як сапраўдныя промні святла. А "Снягурку", бліскуча пастаўленую ў Тэатры оперы і балета, спецыялісты назвалі ці не лепшым спектаклем калектыву ў мінулым годзе.

Першыя пытанні ўзніклі пасля дзіцячага мюзікла "Чароўная лямпа Аладдзіна", які спярша можна было ўспрыняць як непаразуменне, прыкрую памылку. Але "Граф Люксембург" засведчыў: у творчасці Сусанны Цырук разгортваецца дастаткова небяспечная эвалюцыя, што можа аддаліць рэжысёра (дарэчы, уладальніка прэстыжнай расійскай прэміі "Залатая маска") ад яго лепшага ўзроўню.

Цудоўна ўсведамляю: такі водгук можа быць па-рознаму ўспрыняты ў сценах Музычнага тэатра. У суцяшэнне самому сабе і ў апраўданне перад магчымымі абаронцамі спектакля скажу, што асаблівую крыўду і расчараванне заўсёды выклікаюць працы рэжысёраў, якіх ты ўвогуле паважаеш. Апошнія гады сталі для мяне часам блізкага знаёмства з рэпертуарам тэатра і яго праграмамі. Яно засведчыла, які глыбокі патэнцыял хаваецца ў асобах акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў Музычнага. Менавіта таму шчыра спадзяюся: стваральнікі "Графа Люксембурга" ўбачаць сябе збоку і будуць доўжыць рух наперад, а не ў адваротным накірунку.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ.
Мастацтва. – 2012. – № 6. – С. 16–17.

На здымках:
Наталля Дзяменцьева (Анжэль), Дзмітрый Маціеўскі (натарыус Пелегрын), Арцём Хамічонак (граф Люксембург).
"Граф Люксембург". Сцэна са спектакля.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: