« Назад НІНА ДЗЬЯЧЭНКА: "МАРУ, КАБ З "МІНСК-БАЛЕТАМ" СУПРАЦОЎНІЧАЛІ БУЙНЕЙШЫЯ СУЧАСНЫЯ ХАРЭОГРАФЫ…"
З галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага тэатра музкамедыі Беларусі Нінай ДЗЬЯЧЭНКА гутарыць крытык Таццяна МУШЫНСКАЯ
– Ніна Мікалаеўна, мы размаўляем з вамі неўзабаве пасля вяртання "Мінск-балета" з першых і вельмі ўдалых гастроляў у Іспаніі. Паколькі наша музкамедыя за ўсю сваю 25-гадовую гісторыю яшчэ ніводнага разу не выязджала за мяжу, дык поспех балетнай трупы тэатра выклікае пільную цікавасць. Што папярэднічала вандроўцы, як узнікла яе ідэя? – Вандроўцы папярэднічала ўся наша праца. Цяпер такі час, што сядзець на адным месцы немагчыма. Артысты павінны мяняць гледача, абстаноўку – гэта проста неабходна. Раней тэатр гастраляваў па рэспубліцы. Але зараз гэта нерэальна ў сувязі са складаным эканамічным становішчам. Прыняць нават такі маленькі калектыў, як наш, – 35 чалавек, – гэта вялікія фінансавыя затраты. Зараз усе глядзяць у бок Захаду, імкнуцца на гастролі туды, бо гэта дапамагае артыстам матэрыяльна выжыць. Таму, калі мы ўсталі на ногі, займелі ўласны рэпертуар, у "Мінск-балета" таксама з'явілася мара – паспрабаваць свае сілы на гледачы, які шмат бачыў і ведае. Аднойчы Мінск наведаў імпрэсарыо з Іспаніі, які арганізаваў шмат вандровак опернага тэатра ў гэтую краіну. Ён прыехаў па сваіх справах, але я змагла запрасіць яго ў наш калектыў. У той момант на афішы не быў пазначаны балетны спектакль. Але ён усё ж адбыўся – у дэкарацыях і касцюмах – для аднаго гледача. Пасля паказу аднаактовай "Шэхеразады" на музыку М. Рымскага-Корсакава і канцэртнай праграмы імпрэсарыо выйшаў з залы і сказаў: "Вы мне спадабаліся, будзем супрацоўнічаць". Пасля гэтага прайшоў год. I раптам раздаецца званок. Наш знаёмы імпрэсарыо цікавіцца: "Ці не мог бы калектыў зрабіць спектакль "Кармэн-сюіта" ў пастаноўцы Альберта Алонса для летніх гастроляў у Іспаніі?" Гэтага балета ў нашым рэпертуары не было, але, тым не менш, я рызыкнула і сказала: "Добра, зробім!" З просьбай паставіць спектакль звярнулася да знакамітага танцоўшчыка, былога саліста маскоўскага Вялікага тэатра, Гедымінаса Таранды, які ў свой час у "Кармэн-сюіце" танцаваў разам з Маяй Плісецкай. Але, як чалавек вельмі заняты, мастацкі кіраўнік уласнага калектыву, ён меў магчымасць прыехаць у Мінск толькі на тры дні. I гэтыя дні якраз прыпалі на майскія святы, выхадныя. За гэты час нашы артысты ўсё ж зрабілі спектакль – цалкам і поўнасцю. Здзіўлены Таранда потым прызнаўся, што ў Маскве з такой хуткасцю ніхто не працуе… Дарэчы, калі параўнаць маскоўскую харэаграфічную трупу "Рэнесанс-балет" і наш калектыў, а ўзніклі яны адначасова, дык за тры гады на нашай афішы з'явілася шэсць новых назваў, а ў масквічоў – толькі тры… – Але вернемся да ўласна гастроляў… – Вандроўка праходзіла ў нялёгкіх умовах, – працягвае Н. Дзьячэнка. – "Наша сауна", "наш крэматорый" – так калі ласкава, калі яхідна называлі артысты ўласны аўтобус, у якім слупок замацаванага тэрмометра падымаўся да адзнакі 60°. Маршрут гастроляў быў пабудаваны такім чынам, што даводзілася некалькі разоў перасякаць краіну па горных дарогах. Нялёгкае выпрабаванне! Але малады ўзрост, цікавасць да невядомай краіны, яе экзатычных пейзажаў, дзівоснай старадаўняй архітэктуры перамагалі стомленасць. У старажытнай Малазе, на поўдні Іспаніі, сталі сведкамі свята, у якім удзельнічаў увесь горад. Усе, ад старых людзей да малых дзяцей, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, спявалі, танцавалі, весяліліся… У Камбрыльсе ўдзельнічалі ў фестывалі класічнага мастацтва. Сцэнічныя пляцоўкі, на якіх выступалі нашы артысты, былі самыя розныя – прасторныя, вельмі вялікія і малыя, прыстасаваныя і не дужа, пад адкрытым небам, у натуральных умовах, на беразе возера. Здаралася і так, што прыязджалі да месца будучага выступлення – і сустракалі літаральна пустое месца. За некалькі гадзін усё непазнавальна змянялася – узнікала сцэна, ставіліся крэслы для гледачоў. (Дарэчы, сістэма на Захадзе такая: імпрэсарыо, які арганізоўвае гастролі, прадае білеты муніцыпалітэту горада. Першыя рады, найбольш дарагія, звычайна даюць суму, роўную кошту часткі альбо ўсіх астатніх білетаў.) Велізарныя маляўнічыя палотнішчы, якія цягнуцца на некалькі метраў уздоўж вуліцы, – усюдыісная рэклама не магла не прыцягнуць увагі патэнцыяльных гледачоў. Напэўна, яшчэ ніколі нашы артысты не мелі такой шматлікай аўдыторыі – ад паўтара да пяці тысяч чалавек. Нярэдка пасля спектакля і выканання асобных нумароў гучала вышэйшая пахвала іспанцаў – апладысменты ў рытме фламенка. Напэўна, ніколі не забудуць артысты спектакль, які ім давялося танцаваць у рамантычным старажытным замку семнаццатага стагоддзя, які знаходзіцца на гарыстай узвышанасці. Аўтамабільная дарога скончылася далёка ўнізе, і трэба было доўга тупаць уверх… I яшчэ адзін штрых. У сярэдзіне дня іспанскія гарады як бы выміраюць. Спёка! I ажываюць толькі з прыцемкамі. Спектаклі нашай балетнай трупы пачыналіся ў дзесяць-адзінаццаць гадзін вечара. Фактычна ноччу. Таму і з'явіўся такі радок у рэцэнзіі на наша выступленне: "адна ноч класічнага балета…" За 25 дзён балетная трупа дала 19 спектакляў. Інакш кажучы, артысты атрымалі рэдкую магчымасць кожны дзень выходзіць да гледача. Сапраўднымі любімцамі іспанцаў зрабіліся маладыя салісты Ю. Дзятко і К. Кузняцоў. – А якім было агульнае меркаванне іспанскай крытыкі? – Уплывовая мадрыдская газета "Эль Паіс" змясціла 5 жніўня артыкул Рахера Саласа, які сцвярджаў: "Мінскі класічны балет – гэта калектыў невялікі, але дастаткова сур'ёзны. Трупа прадставіла балет "Кармэн", які заснавала на першай арыгінальнай версіі, створанай Альберта Алонса… Таццяна Беранава моцная ў выкананні Кармэн, але ёй не хапае валодання магутнымі эмоцыямі… Лепш выглядала гэтая балерына, калі танцавала "Вальпургіеву ноч"… Вольга Іванчанка была стрыманай у сваім "Цыганскім танцы" да такой ступені, што можна было адчуць у гэтым сувязь з Анісімавай, легендарнай характарнай танцоўшчыцай". – Ніна Мікалаеўна, беларускі глядач ведае вас як кіраўніка "Мінск-балета". Але ваша ранейшая творчая біяграфія нашым аматарам балета незнаёмая. Заслужаная артыстка Расіі, вы доўгі час былі адной з вядучых балерын Пермскага тэатра оперы і балета, на яго сцэне танцавалі Вулічную танцоўшчыцу і Мерседэс у "Дон-Кіхоце", Зарэму, Эгіну, сіньёру Капулеці, Кармэн у "Кармэн-сюіце", галоўную партыю ў балеце "Іспанскія мініяцюры". – Перм заўсёды была сапраўды тэатральным горадам. Можа, справа ў тым, што там шмат інтэлігенцыі, нашчадкаў людзей, сасланых яшчэ пры цары або ў савецкі час. Атмасферай любві да мастацтва, тэатра, захаплення артыстамі было, здаецца, прасякнута ўсё. Раніцою ідзеш на ўрок, мароз, халадэча, а каля тэатра – доўгія чэргі людзей па білеты… На руцэ пісалі парадкавы нумар. У час вайны ў Пярмі працавала асноўная частка балетнай трупы Кіраўскага тэатра, і таму славутыя традыцыі ленінградскага – пецярбургскага балета тут, на так званай перыферыі, захаваліся нават лепш, чым у цэнтры. – Вам можна пазайздросціць, бо пермская балетная трупа, дарэчы, акадэмічная, лічылася адной з найбольш моцных у былым Савецкім Саюзе. Ад досыць патрабавальных пецярбургскіх балетных крытыкаў мне давялося чуць меркаванне: самыя цікавыя балетныя артысты, чыя высокая тэхнічнасць, адчуванне стылю спалучаюцца з зайздроснымі акцёрскімі здольнасцямі, артысты, якія ўпрыгожваюць вядучыя харэаграфічныя трупы Масквы і Пецярбурга, – гэта часцей за ўсё выхаванцы менавіта пермскай, а не сталічных балетных школ. Тут можна згадаць знакамітых Любоў Кунакову, Юрыя Петухова, Святлану Смірнову, Галіну Шляпіну, Надзею Паўлаву, Людмілу Шыпуліну, Яўгена Нефа… – Мне вельмі прыемна чуць усе гэтыя прозвішчы. Бо мы працавалі разам у адной трупе, у адзін час… – Агульная сапраўды творчая атмасфера пермскай трупы шмат у чым вызначалася, на маю думку, і арыгінальным рэпертуарам, створаным адным з найцікавейшых сучасных харэографаў Мікалаем Баярчыкавым. (Беларускія аматары балета маглі бачыць яго спектакль "Макбет" на музыку Ш. Калаша падчас I Усесаюзнага фестывалю музычных тэатраў, які праходзіў у Мінску ў снежні 1987 года.) Якія са сваіх спектакляў Баярчыкаў ставіў на вашых вачах? У якіх з гэтых балетаў вы танцавалі? – Пры мне былі пастаўлены "Тры мушкецёры" В. Баснера, "Тры карты" і "Цар Барыс" – абодва спектаклі на музыку С. Пракоф'ева, "Служка двух паноў" М. Чулакі, "Арфей і Эўрыдыка" А. Журбіна. У "Трох картах" (паводле пушкінскай "Пікавай дамы") я танцавала Графіню, у "Цару Барысе" – Шынкарку, у "Арфеі…" – Фартуну. Адной з прынцыповых удач Баярчыкава было тое, што многія свае спектаклі ён ставіў з разлікам на канкрэтных выканаўцаў. Потым, калі балетмайстар пачаў працаваць у ленінградскім Малым акадэмічным тэатры, дык перанёс на яго сцэну многія свае пастаноўкі з Пярмі. I яны крыху прайгравалі ў параўнанні з першапачатковым варыянтам… – Вы скончылі славутае Пермскае харэаграфічнае вучылішча… – Заснавальнікам і першым – на працягу дзесяці гадоў – мастацкім кіраўніком вучылішча была знакамітая балерына Кацярына Мікалаеўна Гэйдэнрэйх, якая танцавала на марыінскай сцэне яшчэ да рэвалюцыі і два дзесяцігоддзі пасля яе. А вучылася я ў педагога Л. Сахаравай… – …Прабачце, пераб'ю вас. Небалетнай публіцы яна вядома як педагог Надзеі Паўлавай. Памятаю, у 1973 годзе, калі вучаніца атрымала Гран-пры міжнароднага балетнага конкурсу ў Маскве, нарысы пра Сахараву і інтэрв'ю з ёю змяшчалі ці не ўсе ўсесаюзныя газеты і часопісы. – Сярод вучаніц Людмілы Паўлаўны таксама Л. Кунакова. Л. Фаміных, С. Смірнова, I. Хакімава. Пэўны час Сахарава была мастацкім кіраўніком вучылішча, а пасля Баярчыкава – і балетнай трупы тэатра. – Вядомы ці не на ўвесь свет балетны педагог, якая яна ў жыцці? – Вельмі абаяльная, з ямачкамі на шчоках. Кіпучая энергія заўсёды дапамагала ёй вырашаць часам невырашальныя пытанні, літаральна рухаць сцены. Дарэчы, многія гады паралельна з выступленнямі на сцэне я таксама выкладала ў вучылішчы народна-сцэнічны танец. Вяла гэты прадмет і ў тым класе, дзе займаліся Н. Паўлава і В. Чэнчыкава. – Якім чынам вы апынуліся ў Мінску? – Справа ў тым, што ў 1985 годзе майго мужа, народнага артыста Расіі спевака Эдуарда Пелагейчанку, запрасілі працаваць у Беларускі тэатр оперы і балета. Разам з ім перабралася ў Мінск і я. На той час я яшчэ была ў добрай балетнай форме, але разумела: тое, што даруюць мне як салістцы пермскай трупы, якая пратанцавала дваццаць два гады, там, зусім не абавязкова даруюць тут. I таму вырашыла скончыць сваю сцэнічную кар'еру і працаваць толькі як педагог-рэпетытар. – З якімі артыстамі нашай акадэмічнай балетнай трупы вы займаліся? – У тэатр я прыйшла ў той час, калі актыўна ішла змена акцёрскіх пакаленняў. Збіраліся на пенсію Л. Бржазоўская, Ю. Траян, Н. Паўлава, В. Саркісьян, С. Пясцехін. Гэты момант у жыцці калектыву заўсёды складаны. Трэба было тэрмінова рыхтаваць маладых артыстаў для выступленняў у вядучых партыях. Спачатку зрабілі цалкам маладзёжны балет "Дон-Кіхот", дзе вялікае мноства сольных партый (за выключэннем галоўных) выконвалі маладыя артысты. Прычым упершыню. Наогул я не прымаю сістэму, якая існуе ў многіх нашых калектывах, калі з адным маладым артыстам увесь час працуюць розныя рэпетытары. Гэта дэзарыентуе, бо ў кожнага педагога рознае разуменне і канкрэтнай мастацкай індывідуальнасці, і балетнай партыі. Загадчыкам трупы ў той час быў А. Смалянскі, і ў нас з ім заўсёды было ўзаемаразуменне. Таму я прапанавала яму сваю ідэю: мне хацелася б узяць некалькі маладых артыстаў і рэпеціраваць толькі з імі. Смалянскі адказаў: "Ідзіце на ўрок і выбірайце, хто вам спадабаецца". Звярнула ўвагу на Святлану Раманаву, тады артыстку кардэбалета, у яе былі прыгожыя лініі, выразная пластыка, але не хапала сцэнічнага, акцёрскага вопыту. Мне яна спадабалася, і мы пачалі працаваць. Падрыхтавалі тыя вядучыя партыі, якія яна выконвала на працягу некалькіх сезонаў. А паколькі Раманава танцавала з В. Захаравым, А. Карзянковым, дык рэпеціравала і з імі. Кацярыну Фурман (цяпер яна выступае пад прозвішчам К. Фадзеева) я таксама заўважыла ў кардэбалеце. Рыхтавала з ёю і Мірту, і Фею Бэзу – наогул усе яе першыя партыі. – Ужо дзесяць гадоў вы ў Мінску. Тры з іх вы працавалі ў елізар'еўскай трупе, потым перайшлі ў харэаграфічнае вучылішча выкладаць народна-сцэнічны танец. А якім чынам вы трапілі ў музкамедыю? – Аднойчы мне пазваніў дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра С. Косцін і прапанаваў пасаду галоўнага балетмайстра. Вядома, я адмовілася, бо ніколі не працавала ў музкамедыі, спецыфікі яе не ведаю. Косцін параіў падумаць і сказаў, што патэлефануе праз паўгода. Я ўжо пачала забываць пра гэтую размову, але роўна праз паўгода ізноў раздаўся тэлефонны званок. "Калі вы марыце мець балетную трупу, тады згода; калі трэба ставіць "падтанцоўкі" ў аперэтах, тады я адмаўляюся". Мая прапанова была прынята. Гэта быў сезон 1991–1992 гадоў. – Агульны ўзровень балетнага калектыву вызначаецца яшчэ і тым, якія педагогі-рэпетытары працуюць з артыстамі штодня… – Жаночы клас раніцою вяду я. Мужчынскі адзін час вёў у нас Аляксандр Рымашэўскі, былы артыст акадэмічнай трупы. (Пераканана, што з танцоўшчыкамі павінен займацца менавіта педагог-мужчына. Бо тут шмат псіхалагічных нюансаў, якія ў рэшце рэшт фарміруюць і вызначаюць агульны стыль выканання.) Рымашэўскага, які паехаў працаваць у Польшчу, пэўны час замяняў народны артыст Уладзімір Іваноў. Зараз мы запрасілі ў нашу трупу заслужанага артыста Леаніда Чахоўскага. У свой час вядомы выкладчык харэаграфічнага вучылішча, ён выхаваў многіх маладых танцоўшчыкаў, якія працавалі ці зараз працуюць у елізар'еўскай трупе. Дастаткова згадаць А. Карзянкова, В. Захарава… З салістамі ў нас рэпеціруе народная артыстка Расіі Марыяна Подкіна, у свой час адна з вядучых балерын Пермскага тэатра, якая танцавала на яго сцэне Зарэму, Эсмеральду, Нікію, Адылію, Эгіну… – З вашым калектывам супрацоўнічаюць вядомыя артысты, прызнаныя пастаноўшчыкі. Наладзіць творчыя сувязі вам дапамагаюць ранейшыя кантакты, аўтарытэт усяго беларускага балета, прэстыж нашай харэаграфічнай школы або жаданне пастаноўшчыкаў працаваць з маладой трупай? – Напэўна, усё разам, але галоўнае – асабістыя кантакты. Гэта ж цудоўна, калі балерына такога ўзроўню, як Любоў Кунакова, сапраўдная "зорка" балета, мае магчымасць рэпеціраваць з нашымі артыстамі, калі яна займаецца разам з імі раніцою ў класе! Так задаецца высокі ўзровень тэхнікі, артыстызму, майстэрства, да якога можна імкнуцца ўсё творчае жыццё. – Афіша вашага калектыву салідная і выклікае павагу гледачоў і крытыкі. Мне ўжо даводзілася пісаць пра тое, што ўжо адзін толькі пералік назваў адлюстроўвае арыентацыю на класіку, на лепшыя ўзоры балетнага тэатра. Гэта арыентацыя свядомая? – Сапраўды, класічных твораў у нас больш. Да таго ж класіка – цудоўная школа для маладога артыста. Але мне вельмі хацелася б, каб свае "харэаграфічныя аўтографы" пакінулі на нашай сцэне і Мікалай Баярчыкаў, і Барыс Эйфман, каб у нас нешта паставіў і Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў. Інакш кажучы, мая мара – каб з "Мінск-балетам" супрацоўнічалі буйнейшыя сучасныя харэографы. Што да цяперашніх клопатаў, дык ужо зараз трэба рыхтавацца да гастрольнай вандроўкі летам 1996 года. Падчас першых гастроляў у Іспаніі мы атрымалі прэстыжнае запрашэнне на працягу месяца паказваць сваю праграму ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў у горадзе Камбрыльсе.
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by