Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Майскіх птушак чарада (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Майскіх птушак чарада (2012 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МАЙСКІХ ПТУШАК ЧАРАДА

12-110aТыдзень таму завяршыўся Адкрыты конкурс маладых выканаўцаў "Убельская ластаўка", які носіць імя класіка беларускай і польскай музыкі Станіслава Манюшкі. Арганізавалі, а дакладней — адрадзілі гэтае, некалі даволі папулярнае, спаборніцтва спевакоў-пачаткоўцаў упраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр і Творчы калектыў "Беларуская Капэла".

Перад узлётам

Што гэта было? Вельмі сур’ёзная ў сваёй сутнасці (нягледзячы на вонкавую някідкасць, пэўную камернасць) падзея, у якой ёсць магутны творчы, духоўны патэнцыял, а пры адпаведнай рэгулярнай фінансавай падтрымцы можа быць нават міжнародная перспектыва, бо конкурс паводле свайго статусу — Адкрыты. Дзякуючы энтузіязму людзей мастацтва, неабыякавых да лёсу айчыннага вакальнага выканальніцтва, і мудрай дальнабачнасці спонсара ўдалося зладзіць праект, скіраваны на падтрымку адораных маладых выканаўцаў і на развіццё нацыянальнага вакальнага мастацтва. Гэта значыць, скіраваны ў будучыню.

Менавіта арыентуючыся на будучыню, на штогадовы працяг свайго праекта, арганізатары конкурсу маюць на мэце прымнажэнне духоўнага, інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу моладзі з дапамогай вакальнага мастацтва, яе патрыятычнае выхаванне праз выкананне музычных твораў беларускіх аўтараў; папулярызацыю творчай спадчыны выдатнага беларуска-польскага кампазітара Станіслава Манюшкі; вывучэнне творчага патэнцыялу маладых выканаўцаў, выяўленне на раннім этапе навучання найбольш таленавітых вакалістаў, стымуляванне іх далейшага развіцця ў абраным кірунку дзейнасці; павышэнне выканальніцкага ўзроўню канкурсантаў шляхам прафесійных кансультацый з членамі журы; абмен прафесійным досведам паміж педагогамі музычных навучальных устаноў Беларусі.

Многія добрыя людзі дапамагалі ўдзельнікам конкурсу "станавіцца на крыло". А іх узлётная пляцоўка трымалася, можна сказаць, на трох кітах. Гэта знаны вакальны педагог Адам Мурзіч, які з прыходам на пасаду мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра задумаў наладзіць пад эгідай БДАМТ прафесійнае спаборніцтва для маладых спевакоў, перастварыўшы на новым узроўні ўсебеларускі конкурс "Убельская ластаўка". Гэта кіраўнік "Беларускай Капэлы" Віктар Скорабагатаў, які цягам дваццаці гадоў праз асветніцкія праграмы фестывалю "Адраджэнне беларускай капэлы", выдавецкія праекты, уласную канцэртную і педагагічную дзейнасць шмат зрабіў для вяртання імя і творчасці нашага земляка С. Манюшкі ў культурную свядомасць беларусаў, для прапаганды ў нас, на радзіме вялікага славянскага кампазітара-класіка, перадусім яго вакальнай музыкі з тэкстамі, агучанымі па-беларуску. А трэці "кіт"? Гэта не так даўно прадстаўлены чытачам "ЛіМа"мецэнат Алег Уладзіміраў, які забяспечыў істотную матэрыяльную падтрымку ў правядзенні конкурсу.

Адборачны тур "Убельскай ластаўкі" прайшоў у спецыялізаваных навучальных установах розных рэгіёнаў краіны і сталіцы. Наступныя два ладзіліся ўжо ў сценах музычнага тэатра. Урачысты інтэр’ер артфае, магія вялікай залы! Так што і настрой у маладых спевакоў быў як ніколі ўрачысты, і хваляванне асаблівае, і пачуццё прафесійнай адказнасці шчырае. Паводле конкурсных умоў удзельнікі II тура выконвалі старадаўнюю арыю і беларускую народную песню, а фіналісты — твор С. Манюшкі (песню альбо раманс) і раманс на ўласны выбар (рускага або іншага замежнага аўтара ці кампазітара ХХ — ХХI стст.).

Спаборнікаў ацэньвала каманда высакакласных "суддзяў": тытулаваны артыст, прафесар Віктар Скорабагатаў (старшыня журы); заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік БДАМТ Адам Мурзіч; знакамітая салістка гэтага тэатра і педагог Наталля Гайда; дэкан вакальна-харавога факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прафесар Валерый Аўраменка; зоркі айчыннай опернай сцэны Аксана Волкава і Уладзімір Громаў (дарэчы, абое ў студэнцкія гады сталі адкрыццямі "Убельскай ластаўкі", лаўрэатамі І прэміі).

Акрыленыя галасы

Праслухоўванне завяршылася, вынікі абвясцілі ў той жа дзень. І назаўтра ўдзельнікі конкурсу выправіліся на радзіму Станіслава Манюшкі. Наведалі адзіны ў свеце музей кампазітара, размешчаны на гістарычнай ігуменскай зямлі, ды тое памятнае месца, дзе яшчэ на пачатку Вялікай Айчыннай вайны стаяла колішняя радзінная сядзіба Манюшкаў — Убель. А праз некалькі гадзін у горадзе Чэрвені, у раённым Цэнтры культуры і адпачынку адбылася ўрачыстая імпрэза з уручэннем дыпломаў і каштоўных прызоў ды заключным гала-канцэртам. Ладзілася яна напярэдадні дня нараджэння С. Манюшкі (5.05.1819 — 4.06.1872). Зусім лагічна, што В. Скорабагатаў перш чым распачаць цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў нагадаў некалькі фактаў з біяграфіі кампазітара і з гісторыі конкурсу, які быў арганізаваны ў межах колішняга фестывалю "Убельская ластаўка", запачаткаванага па ініцыятыве "Беларускай Капэлы" да 180-годдзя слыннага земляка.

Сама назва — крылатая, спеўная і вельмі сімвалічная — паходзіць ад сямейнага падання Манюшкаў, пра што мы пісалі ўжо неаднойчы. Але, мабыць, варта і нагадаць? Дык вось, на сядзібе Убель неўзабаве пасля нараджэння Станіслава адбылося нешта дзіўнае: заляцела ў дом ластаўка і акурат над калыскай немаўляці пачала гняздо ладзіць. Людзі ўбачылі ў гэтым знак ласкі Божай: дзіцяці дадзены асаблівы талент, яму наканаваны паспяховы творчы лёс!

Каму ж сёлета з нашых студэнтаў і навучэнцаў пашчасціла на сімвалічную ўвагу празорлівай майскай птушкі? Дыпламантамі конкурсу сталі Ілья Белякоў (Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава), Святлана Русак (Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі), Алеся Шкатула (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

А вось і лаўрэаты: ІІІ прэмію атрымалі Дзмітрый Мулярчык (Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі) ды Крысціна Нікалаева (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі); ІІ прэмію — Дар’я Валожына (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), Андрэй Мацюшонак (Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага) ды Дзмітрый Янчанка (Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі); І прэміяй узнагароджаныя Віктар Гайдукоў (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) ды Вольга Маліноўская (Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі).

Вызначыліся пераможцы ў такіх важных конкурсных намінацыях, як "Найлепшае выкананне беларускай песні" — Аляксей Яравенка (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і "Найлепшае выкананне твора Станіслава Манюшкі" — Андрэй Мацюшонак.

Дыпломамі за найлепшы акампанемент журы ўзнагародзіла канцэртмайстраў Лілію Грыневіч і Таццяну Лойшу.

Канцэртная праграма, якую вяла маладая салістка БДАМТ Ганна Бяляева, уразіла палітрай мужчынскіх галасоў — і новых, і добра знаёмых (поруч з лаўрэатамі "Убельскай ластаўкі-2012" выступілі прызнаныя, вядомыя далёка за межамі Беларусі, майстры музычнай сцэны і вакальнага мастацтва). Першым нумарам была знакамітая Манюшкава "Праснічка" (вершы Яна Чачота) у тэнаровай версіі. Выкананне Андрэя Мацюшонка ў ансамблі з канцэртмайстрам Веранікай Жданюк кранала адчуваннем стылю, свежым, роўным, напоўненым гучаннем голасу. Яшчэ адзін прыгожы і моцны тэнар з лірыка-драматычным адценнем раскрыўся ў беларускай народнай песні "Ой, рана на Івана": спяваў Дзмітрый Янчанка (канцэртмайстар Ірына Падамацка). Незвычайным тэмбрам, у якім можна вызначыць рэдкасныя фарбы контр-тэнара, уразіў Ілья Белякоў.

Уладальнікі нізкіх галасоў Віктар Гайдукоў, Дзмітрый Мулярчык і Аляксей Яравенка адмыслова ўзбагацілі атмасферу вечара. Прытым А. Яравенка, пакуль не скіраваны на прафесію спевака (вучыцца "на акцёра"), паланіў нават самых патрабавальных спецыялістаў надзвычайнай абаяльнасцю і артыстызмам, інтанацыйнай трапнасцю, стварыўшы на сцэне яскравы жанравы вобраз песні "Ой, ды ў нашым сяле свадзьба будзе" (канцэртмайстар Таццяна Лойша). А В. Гайдукоў выканаў, апроч замоўленага ў праграме раманса П. Чайкоўскага на верш А. Талстога "Средь шумного бала" песню І. Лучанка на верш М. Ясеня "Ліст з 45-га" — з прысвячэннем Дню Перамогі (канцэртмайстар Тамара Астапенка). А што ўжо казаць пра нашых оперных майстроў-барытонаў Віктара Скорабагатава ("Дзед і баба" С. Манюшкі на тэкст Ю. Крашэўскага воляю яго таленту ператвораны ў монаспектакль!), Ілью Сільчукова (з якім узрушальным трагізмам пражыў ён баладны расповед С. Манюшкі на верш Я. Чачота "Казак", а затым зачараваў віртуозным бельканта ў "Світанку" Р. Леанкавала!)...

Выразныя беларускія вобразы, афарбаваныя гумарам і лірычныя, раскрываліся ў выступленнях Крысціны Нікалаевай, Дар’і Валожынай, Вольгі Маліноўскай... А шыкоўныя зоркі двух сталічных тэатраў — Аксана Волкава і Наталля Гайда — паказалі найвышэйшы клас прафесіяналізму ды акцёрскага майстэрства як у творах С. Манюшкі, так і ў заходнееўрапейскай класіцы.

Галубы, шпак ды... бусел

Перад выездам з Мінска ў Чэрвень нас праводзілі галубы. Ля музея Манюшкі сустракаў шпак. Ластавак мы там не заўважылі: магчыма, усе зляцеліся ў той дзень да вокнаў раённага Цэнтра культуры. Затое па дарозе дадому, на мурожным лузе ля старога Ігуменскага тракта, убачылі вялікага паважнага бусла. Ён стаяў у траве, нібыта паглядаў на сонца, якое ўжо спускалася на спачын. Таксама птушка сімвалічная! Магчыма, бусел прынясе ў наш край новыя таленты, якія атуліць сваімі крыламі спеўная ластаўка, і час адкрые нам іх імёны... Зрэшты, гэта будзе яшчэ не хутка, як, дарэчы, не так і хутка, гадоў праз дзесяць, вызначыцца творчы шлях пераможцаў сёлетняга конкурсу.

Ён паспяхова завяршыўся, і цяпер можна паглыбіцца ў сутнасць падзеі, памеркаваць і паспрачацца, што ўдалося, а што не, зрабіць высновы на будучыню. Адно бясспрэчна: "Убельская ластаўка" павінна прылятаць да нас кожную вясну.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Фота Віктара Кавалёва.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 11 мая. – С. 18.

На здымку: лаўрэат І прэміі Віктар Гайдукоў.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: