Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Мільёны для Мельпамены (1981 г., Голас Радзімы)

Мільёны для Мельпамены (1981 г., Голас Радзімы)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МІЛЬЁНЫ ДЛЯ МЕЛЬПАМЕНЫ

"Бухгалтэрыя" і творчасць аднаго тэатра

Вясной 1971 года гераічнай музычнай камедыяй Юрыя Семянякі "Спявае "Жаваранак" адкрыў у Мінску свой першы сезон Беларускі дзяржаўны тэатр музычнай камедыі. Яго трупа – акцёрскі састаў, хор, балет, аркестр – была сфарміравана ў асноўным з выпускнікоў мастацкіх навучальных устаноў Мінска, Масквы і іншых гарадоў краіны. Разнастайны рэпертуар, маладзёжны ў асноўным састаў – усё гэта садзейнічала хуткаму прызнанню тэатра ў гледача. Восень 1981 года стане таксама падзеяй у яго гісторыі: тэатр пераехаў у новы прыгожы будынак, які ўзняўся амаль у самым цэнтры горада. 

3 гэтай нагоды карэспандэнт "Голасу Радзімы" звярнулася да намесніка дырэктара тэатра музкамедыі Аляксандра ШАХУРДЗІНА. Але гаворка знарок пачалася нетрадыцыйна – з фінансавых спраў гэтай установы культуры. 

– Аляксандр Іванавіч, ведаючы, што ў тэатральным мастацтве пытанні творчыя і арганізацыйныя цесна ўзаемазвязаны, я пачну з вельмі празаічнага: колькі каштуе новы будынак тэатра? 


– Падабаецца ён вам? Сапраўды, ён прыцягвае ўвагу своеасаблівасцю архітэктуры. Фасад велічнага белага будынка ўпрыгожвае кампазіцыя з пяці жаночых фігур, якія сімвалізуюць муз паэзіі, тэатра, музыкі, жывапісу, танца – тых, якіх аб'ядноўвае ў сабе мастацтва аперэты. Прасторныя, аздобленыя мармурам, дэкаратыўным гіпсам і шклом фае і холы, лесвічныя маршы... 

Размешчаныя амфітэатрам рады ў глядзельнай зале на 800 месц, выдатная акустыка дазваляюць адусюль добра бачыць і чуць усё, што адбываецца на сцэне. Новы будынак тэатра зручны і для акцёраў. Тут ёсць спецыяльныя памяшканні для рэпетыцый хору, аркестра, танцоўшчыкаў, салістаў. Утульна абсталяваны і грымёрныя. Не забыліся нават пра медыцынскія кабінеты. Словам, створаны ўсе ўмовы для творчай працы. Будаўніцтва ж гэтага сапраўднага храма мастацтва абышлося амаль у 5 мільёнаў рублёў. 

– Сучасны тэатр вельмі "дарагі". I нават самаму папулярнаму сталічнаму "не па кішэні" акупіць свае расходы. Большасць калектываў, як і беларускі тэатр музкамедыі, толькі палавіну сваіх расходаў "пакрываюць" уласнымі сіламі... 

– Пачну здалёк. Як і іншыя тэатры ў Савецкай краіне, наш знаходзіцца на дзяржаўнай датацыі. Апошнія прыватныя тэатры ў СССР спынілі сваё існаванне ў канцы 20-х гадоў. Менавіта з гэтага часу яны перасталі з'яўляцца крыніцай даходу. Клопаты аб фінансавым дабрабыце тэатральна-відовішчных устаноў узяла на сябе дзяржава. Тэатры былі вызвалены ад аплаты падаткаў. Сістэма ж дзяржаўных датацый забяспечыла іх незалежнасць ад капрызаў і густаў публікі, прыхільнасцей мецэнатаў, што, нарэшце, сведчыла пра дадатковую гарантыю свабоды творчасці. Велічыня ж гадавой датацыі вызначаецца ў залежнасці ад канкрэтных патрэб. Напрыклад, для нашага тэатра яна складае 535 тысяч рублёў, з якіх 60 тысяч прызначаны на пастаноўку новых спектакляў. У сувязі з ростам калектыву тэатра, што адбылося пасля сёлетняга "наваселля", гэтая сума павялічыцца. Павялічацца, спадзяёмся, адначасова і касавыя зборы... 

 – I кошт білетаў?

– Ні ў якім разе! Кошт білетаў застаецца стабільным і складае ў сярэднім 1,5 рубля. Дарэчы, стабільныя і выдаткі дзяржавы на аплату працы акцёраў і іншых творчых асоб. Іх заработная плата гарантуецца і не залежыць ад стану фінансавых спраў тэатра, яго папулярнасці. Да таго ж, зарплата іх вар'іруецца ў залежнасці ад нагрузак. Маладыя акцёры, як правіла, пачынаюць з "маленькага". Зарплата іх у пачатку творчага шляху невялікая. Аднак талент не застанецца непрыкмечаным. I ўжо першыя цікава сыграныя ролі даюць падставу адміністрацыі тэатра павысіць стаўку. 

 – Расходы ў тэатра вялікія – на аплату працы творчых і нятворчых супрацоўнікаў, на дэкарацыі і касцюмы, на транспарт, на рэкламу... З чаго ж звычайна складаюцца даходы?

– Даходы тэатра – перш за ўсё яго рэгулярныя касавыя зборы. Яны ж, як правіла, застаюцца адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі работы тэатра. Акрамя гэтага, даходы прыносяць гастрольныя выступленні, выязныя спектаклі, запісы на радыё і тэлебачанні. 

– Сёлетні сезон тэатр адкрыў прэм'ерай – аперэтай "Лятучая мыш" Штраўса, якая ўвайшла ў залаты фонд сусветнай музычнай культуры. Што абяцае новы сезон гледачам? 

– Прэм'еры, цікавыя спектаклі. У афішы тэатра – "Сільва" Кальмана, "Вясёлая ўдава" Легара, музычныя камедыі савецкіх аўтараў "Бабскі бунт" Пцічкіна, "Старыя дамы" Фельцмана, спектаклі для дзяцей "Беласнежка і сем гномаў" Калманоўскага і "Трубадур і яго сябры" Гладкова. Асаблівае месца ў рэпертуары займаюць творы беларускіх аўтараў. Так, гледачы ў новым сезоне ўбачаць "Паўлінку" па матывах аднайменнай п'есы Янкі Купалы. Кампазітар Юрый Семяняка і паэт Алесь Бачыла стварылі яркі, захапляючы спектакль. Новае сцэнічнае жыццё атрымаў усім вядомы "Несцерка", музыку да якога напісаў малады кампазітар Рыгор Сурус. 

Бліжэйшыя прэм'еры – мюзікл Лоу "Мая цудоўная лэдзі" і "Прынцэса цырка" Кальмана. Вядомы савецкі кампазітар Ціхан Хрэннікаў заканчвае аперэту "Дуэння", якую першым у краіне мяркуе паставіць наш тэатр. Цяпер над матэрыялам будучага спектакля па купалаўскіх "Прымаках" працуе кампазітар Аляксандр {Алег} Чыркун. Супрацоўнічаюць з намі кампазітары і пісьменнікі Рыгор Сурус, Андрэй Макаёнак, Артур Вольскі, Леанід Захлеўны, Аляксандр Дзялендзік, Кім Цесакоў, Хведар Шычка, Алег Залётнаў, Валянцін Лукша, Юрый Семяняка, Ігар Лучанок. Здаецца мне, што гэта абяцае арыгінальныя творы, якія і павінны скласці ў далейшым своеасаблівае творчае аблічча беларускага тэатра музкамедыі. Дадам, што маладыя кампазітары і драматургі пішуць для нашага тэатра, імкнучыся да стварэння спектакляў, дзе шырока выкарыстаны народны фальклор, музычныя і танцавальныя традыцыі беларусаў. Гаворачы пра кампазітараў і драматургаў, мне б хацелася зазначыць таксама, што аўтарскі ганарар ім выплачваецца не з сумы датацыі. На гэта дзяржава выдзяляе сродкі асобна. Між іншым, у рэпертуары тэатра часам з'яўляюцца цікавыя спектаклі, пастаўленыя, умоўна кажучы, на самадзейных пачатках... 

 – Што вы маеце на ўвазе?

– Тая атмасфера свабоднага эксперымента, што існуе ў савецкіх тэатрах, дае магчымасць рэжысёрам (у адпаведнасці з іх творчымі імкненнямі і метадамі) брацца за пастаноўку той ці іншай п'есы ў вольны ад работы час. Так было, напрыклад, у тэатры юнага гледача ў Мінску, дзе быў пастаўлены спектакль "Эдзіт Піяф". Цяпер ён уключаны ў асноўны рэпертуар тэатра, з поспехам ідзе на яго сцэне. I ў нас таксама ёсць свая "другая" сцэна, дзе наладжваюцца рэпетыцыі вадэвіля Гладкова "Жаніцьба гусара". I хаця на яго пастаноўку дзяржава не выдаткавала як і на іншыя планавыя спектаклі 20 – 25 тысяч рублёў, аднак адміністрацыя зацікаўлена ў рабоце над ім, дапамагае зрабіць дэкарацыі, касцюмы. Мы ўсяляк садзейнічаем існаванню здаровай творчай атмасферы ў тэатры.

 – Пра што вашы галоўныя думкі цяпер, пасля наваселля?

– Пра гледача. Пра таго гледача, што патрабуе ад нас высокага мастацтва, якое можа прымусіць чалавека пакутаваць, смяяцца і плакаць, I якое ачышчае душу і ўзвышае яе.

Таццяна АНТОНАВА.
Голас Радзімы. – 1981. – 5 ліст. – С. 7.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: