« Назад
АНАТОЛЬ КАСЦЕЦКІ: "МНЕ РАДАСНА – РАБІЦЬ ПРЫЕМНАЕ…"
Знаёмства з цікавай творчай асобай заўсёды прыносіць радасць. Анатоля Касцецкага, артыста Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі, гледачы добра ведаюць па ролях дасціпнага і знаходлівага Пеніжака ("Марыца" I. Кальмана), загадкавага мудрага Астролага ("Шклянка вады" У. Кандрусевіча), Фрэда Грэхема ("Цалуй мяне, Кэт" К. Портэра), Сола Боза і Доктара ("Дарагая Памела" М. Самойлава), Рэжысёра ("Клоп" У. Дашкевіча), Пісьменніка ("Дзіцячы альбом" П. Чайкоўскага) і інш. Шлях Анатоля Уладзіміравіча да сцэны быў своеасаблівы. А сёння ён, гісторык паводле адукацыі, акцёр па прафесіі і прызванні, працуе і як педагог: перадае свой вопыт юным артыстам.
У нясвіжскай школе № 1 дзеці з цікавасцю слухалі настаўніцу, якая расказвала ім пра М. Рымскага-Корсакава. Гучала музыка… На дошцы былі размешчаны рэпрадукцыі карцін знакамітых мастакоў… Ішоў урок хіміі. Так-так, хіміі. Класны кіраўнік – настаўніца хіміі Валянціна Мікалаеўна Самусевіч – рэгулярна аддавала 15 хвілін свайго ўрока класічнай музыцы…
Анатоль Касцецкі, успамінаючы сёння сваё школьнае дзяцінства, расказвае, як па некалькі разоў за год яны класам выязджалі ў сталіцу, у тэатр.
…Зіма. Да опернага тэатра пад'язджаў аўтобус з дзецьмі. Дзяўчынкі, не выходзячы з аўтобуса, пераабуваліся ў прыгожыя туфлікі,басаножачкі… I вось акуратненькія, у адпрасаваным адзенні дзеці заходзілі ў тэатр…
Параўноўваючы дзяцей сённяшніх з тагачаснымі, артыст заўважае:
– Цяпер час іншы: дзеці не гатовыя да ўспрымання спектакля, на які іх вядуць настаўнікі. А мы, перш чым ехаць у оперны тэатр, ведалі амаль усё: на памяць маглі напяваць нейкія арыі, мелодыі; ведалі, якія рэжысёры і дзе гэта ставілі, якія мастакі афармлялі, якія артысты яшчэ спяваюць гэтыя партыі…
– Што ж трэба рабіць, каб падрыхтаваць сучасных дзяцей да ўспрымання спектакля?
– Іх рыхтаваць не трэба. Як толькі ты ставіш задачу: "Я падрыхтую…" – усё, ты ўзводзіш сцяну. Наша настаўніца з нас нікога не рыхтавала, яна дзялілася тым, што ведала і ўмела сама. Гэта для яе было важна. Мы потым даведаліся, што яна не запісвала такія ўрокі ў план мерапрыемстваў.
– А з чым звязана сённяшняе бескультур'е моладзі?
– З сям'ёй. Жывём паводле старой звычкі – "нам нехта нешта зробіць". А бескультур'е ў нас у сем'ях. Калі б бацька добра зарабляў, а маці сядзела дома і гадавала дзіця, дык і дзіця б атрымлівала тое, што трэба. А ў нас што? Дзяцей – у яслі, у сад. Вось гэта адчуванне статкавасці з пялёнак. Хто выхоўвае? У дзіцячым садку – нянечкі, выхавальніцы. У школах – настаўнікі, людзі таксама розныя. Мы нават не можам знайсці кантакт адно з адным! А ў педагога трыццаць індывідуальнасцяў у класе. I вось што яшчэ наконт бескультур'я: у школах зноў вярнуліся да практыкі культпаходаў. Вядома, адміністратарам прасцей "загнаць" тэатральныя білеты ў школу. Настаўніцу дапытваюць: "Чаму вы не праводзіце выхаваўчую работу?" Яна бярэ свой "статак" і, згараючы ад сораму, вядзе ў тэатр…
Я лічу: тое, што лёгка даецца, ніколі не цэніцца – гэта яшчэ наконт прычыны негатыўнага стаўлення моладзі да тэатра. Калі пачак цыгарэт у два разы даражэйшы за білеты ў тэатр, то як падлетак будзе ставіцца да тэатра?! I як бы трапятліва ні адносіліся дарослыя інтэлігентныя людзі да вялікага мастацтва, якое пры ўсёй нашай беднасці ўсё роўна існуе, падлетак гэтага зразумець не можа. Для яго што порцыя марожанага, што білет у тэатр, – кошт аднолькавы. Гэта прыніжае тэатр: тое, што дорага, павінна мець адпаведны кошт.
– Але ж даступны кошт білета – гэта для многіх гледачоў сёння адзіная магчымасць трапіць у тэатр.
– Гэта для дарослых людзей, а не для падлеткаў. Але, вядома, і камусьці з іх тэатр запомніцца на ўсё жыццё. Хаця, лічу, павінен быць іншы прынцып: калі падлетак не хоча сам, няхай і не ідзе. Калі вы ведзяце школьнікаў, дык паклічце і бацькоў. У дзіцяці тады будзе зусім іншае адчуванне. Я супраць культпаходаў. Яны – не выхаванне, а "галачка". Калі бацькі будуць самі адчуваць адказнасць за выхаванне сваіх дзяцей, тады і школа, і тэатр, і тыя ж газеты, – усё будзе дапамагаць сям'і.
У сям'і А. Касцецкага ніхто не быў звязаны з тэатрам. Сам ён у школе вучыўся добра, і, як іншыя дзеці, удзельнічаў у розных імпрэзах, чытаў вершы… А яшчэ да школы ён з сябрамі гуляў у кіно, у тэатр: у "акенцы" ў плоце яны паказвалі ''мульцікі", якія самі малявалі на доўгай стужцы, самі ж іх агучвалі. Таксама ставілі "Казку пра сем асілкаў". Праўда, "акцёраў" было толькі трое, але яны спраўляліся, бо самім было цікава.
– Мне вельмі хацелася ўсіх разыгрываць (я ўжо быў старэйшы). Браў вычасаны лён, рабіў бараду, вусы – поспех меў неверагодны. Мяне нават родныя бабка з дзедам не пазнавалі. А першае маё ўспрыманне сур'ёзнага мастацтва адбылося, калі я яшчэ не хадзіў у школу. Гэта быў, як я цяпер разумею, трафейны фільм, нават не памятаю, на якой мове, унізе ішлі субцітры, але я яшчэ чытаць не ўмеў. Гэта быў "Зорны хлопчык" Уайльда, як пазней здагадаўся, прачытаўшы кніжку. I мяне гэты фільм узрушыў. Я плакаў так, што да сённяшняга дня памятаю гэта адчуванне.
Першая сапраўдная роля з'явілася ў А. Касцецкага, калі ён вучыўся ў 10 класе – пан Быкоўскі ў "Паўлінцы". Артыст гэтую ролю і зараз хацеў бы сыграць.
– Яшчэ мне пашчасціла ў школьныя гады трапіць на абласны агляд, дзе мяне пачуў Ілья Курган. Ён мяне зараз і не ўспомніць. Але ж я яму вельмі ўдзячны. Ён мяне выклікаў, і я з Нясвіжа ездзіў да яго на заняткі на радыё. I потым гаварыў: "Паступайце абавязкова ў тэатральны!" Я скончыў школу, якраз тады толькі-толькі адмянілі медалі, а ўвялі граматы. А я ішоў "на медаль". Паехаў у тэатральны (сказаўшы бацькам, што буду паступаць ва універсітэт на гістфак),там паглядзелі на мой атэстат і кажуць: "Хлопец, куды вы ідзяце? Навошта вам гэта? У вас вельмі вялікая розніца паміж унутраным і знешнім, вы сацыяльны герой, а ўнутры ў вас ёсць нешта палярнае". Для мяне гэта быў шок. I я пайшоў ва універсітэт. У першы год не паступіў, а ў тэатральным экзамены скончыліся… На наступны год бацькоў падрыхтаваў: "Для вас, канечне, буду паступаць на гістфак…" Я ведаў, што пры Купалаўскім тэатры яшчэ існавала студыя, і калі я не паступлю ва універсітэт, то пайду туды. Ды яшчэ ў тэатральна-мастацкім інстытуце загадзя аб'явілі дадатковы набор. Я ж паступіў ва універсітэт на гістфак. Вырашыў, што універсітэцкі дыплом не перашкодзіць. Адразу ж трапіў у студэнцкі тэатр, а кіраваў ім тады былы галоўны рэжысёр рускага тэатра (і яго колішні дырэктар) Аляксандр Міхайлавіч Озераў, выдатны чалавек, заслужаны артыст Латвіі.
Анатоля Касцецкага ўжо з 3-га курса запрашалі ў прафесійныя тэатры. Але пасля заканчэння БДУ ён яшчэ на два гады застаўся ў alma mater працаваць. У 1977-м стаў артыстам Дзяржаўнага тэатра музкамедыі. Нягледзячы на тое, што яго папярэдзілі: "Вам будзе вельмі цяжка: вы не вакаліст".
– Перш за ўсё гэта тэатр, – лічыць А. Касцецкі, – тут акцёр больш важны. Зразумела і вакалісты патрэбныя: герой – гераіня, прасцяк – субрэтка, а астатняе ж усё – вымагае куплетнай формы.
– Ці не шкадуеце, што трапілі менавіта ў гэты тэатр?
– Не. У мяне была магчымасць – неаднойчы – пайсці, прычым дастаткова прыемныя былі прапановы. Масква, напрыклад. Я не паехаў. Па-першае, я прывязаны да Беларусі, тут мае родныя, я б там не вытрымаў. Дый у нас магчымасцяў больш. Я маю на ўвазе музычны тэатр у параўнанні з драмай. Зараз драма спрабуе то спяваць, то танцаваць, а мы можам іграць так, як у драме.
Іграць, як у драме, а спяваць, як у оперы, вучаць дзяцей у 170-й мінскай школе з эстэтычным ухілам. Майстэрства акцёра выкладае тут А. Касцецкі.
– Анатоль Уладзіміравіч, як вы прыйшлі да педагагічнай дзейнасці?
– Адчуў момант, калі адбылося нейкае назапашванне, а рэалізацыі – няма. Ведаю, што магу больш, чым маю магчымасць рабіць у тэатры. Хоць мне, здаецца, і грэх скардзіцца: маю вялікі аб'ём новай працы, плюс стары рэпертуар… Прапанавала працаваць з дзецьмі Алена Гуляева, чые выхаванцы ўдзельнічалі ў спектаклях нашага тэатра. Яны добра спявалі, але ж сцэна вымагае большага. Я згадзіўся з імі займацца. Потым паставілі спектакль "Прыгоды ў замку Алфавіт", які, дарэчы, стаў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю ў Санкт-Пецярбурзе, адзначаны на нацыянальным фестывалі "Музыка і тэатр", з поспехам ідзе і сёння на сцэне нашага тэатра музкамедыі. У ім удзельнічае адначасова 46 выхаванцаў. Поспех акрыліў. Мы стварылі свой школьны тэатр-студыю "Алфавіт". Некаторыя з нашых выхаванцаў ужо ў музвучылішчы, вучылішчы мастацтваў і нават у Акадэміі музыкі.
З дзецьмі надзвычай цікава, я не ведаю, хто больш атрымлівае: яны ці я. Па-першае, я пачаў па-іншаму думаць. Барыс Утораў мне гаварыў: "У вас рэжысёрскія мазгі". Дык вось, з'явілася свежасць адчуванняў, развіваецца назіральнасць, я заўважыў, што магу цяпер у адну секунду бачыць усіх вучняў: трэба ж заўсёды трымаць іх пад увагай.
– Чым цікавыя вам вучні?
– Нешта я ім даю, вядома, але ў мяне такое ўражанне, што я ў іх больш бяру. Тым болей, што яны – сучасныя. Наша пакаленне было зашоранае, мы палову не бачылі і не ведалі з таго, што існавала. У іх ёсць вы6ар: "відзікі", тэлебачанне – што хочаш. "Свабодай выбару" можна абурацца, але тое, што ёсць магчымасць усё бачыць, – гэта здорава. Мы ж многага былі пазбаўлены: Пастарнака і таго не маглі пачытаць. Іншая справа, што зараз дзяцей не прымусіш чытаць. Мы больш усё-такі да кніг імкнуліся. Караткевіч тады з'явіўся, дык мы кнігу адзін у аднаго ноччу з-пад падушкі выцягвалі, каб першым чытаць. А Высоцкага як мы ведалі… Маладзейшыя гэтага ўжо не ведаюць. Вось, можа, я ім, як сувязное звяно, пры сустрэчы і тлумачу. А тое, што ходзяць да нас – значыць, выбралі паміж заняткамі і вуліцай. Мы з імі на роўных, бо я з іх артыстаў не рыхтую. Хай робяць свой выбар, ведаючы цану прафесіі, ведаючы, наколькі гэта цяжка. А ўвогуле, дзеці за гады вучобы змяніліся. Яны ўжо разняволеныя, не баяцца выказацца, не баяцца прызнаць, што нечага не ведаюць, у іх новы погляд на знаёмыя рэчы, – я лічу гэта вялікім маім дасягненнем. Яны робяцца лепшымі. Здаецца, у тым, чым мы займаемся, павінна пераважаць эгаістычнасць, а яны ўсе адзін за аднаго, заўсёды разам. Нават педагогі кажуць: "Вось пойдуць – шкада…"
– Як вы лічыце, акцёрам трэба ўсё ж нарадзіцца?
– Навучыць "на артыста" нельга, я зараз амаль упэўнены ў гэтым. Можна навучыць рамяству: "пайдзі ўлева – управа", зносінам на сцэне, уменню насіць касцюм, а ўсё астатняе, калі яго няма ўнутры, калі з дзяцінства не развівалася, то гэта не з'явіцца. Хіба можна было Смактуноўскага навучыць іграць? Сучасная рэжысура разбівае ўсе каноны Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі, заходніх рэжысёраў. Мы бачым нешта новае, старыя мізансцэны ўжо нецікавыя, усё рухаецца, мы жывём ва ўшчыльненым часе, складаным, паскораным, але ж мы ў ім жывём, ён усё дыктуе. Сцэна як лакмусавая паперка або як павелічальнае шкло, прабачце за банальнасць. Іншая справа, што глядач часам не гатовы да ўспрымання таго, што робіцца на сцэне. Але я не хачу падабацца ўсім. Мне важна, каб тое, што я раблю, спадабалася двум-тром у зале, каб яны гэта ацанілі. Люблю гледача ўдумлівага, з якім мы "на адной хвалі". Мы дыхаем разам, адчуваем разам і… творым разам. Вось гэта тэатр! Перад такім гледачом гатовы ўкленчыць з удзячнасцю за яго сатворчасць з артыстам.
– А ці змаглі б людзі жыць без тэатра?
– Не. А што ж мы ў жыцці робім? Муж з жонкай сварацца – гэта што? Тэатр. А бабулі на ганку? Тэатр, ды яшчэ які! А ўсе нашы святы, абрады? Гэта таксама тэатр. Нам ён здаецца прасцейшым, бо мы не ведаем яго асновы, як правіла, філасофскай. Я вельмі люблю ўсё, што звязана з народам. Я надзвычайна люблю, калі бабкі пачынаюць спяваць. Аўтэнтычны фальклор – гэта нешта неверагоднае. У мяне такое адчуванне, быццам праз мяне ток праходзіць. Калі б мы маглі такое рабіць на сцэне! Часам гэта адбываецца, але рэдка. Можа, яшчэ і таму, што ад нас гэтага не чакаюць.
– Ці ёсць у вас нейкі жыццёвы прынцып?
– Калісьці мяне ўразіла, як заканчваецца раман "Граф Монтэ-Крыста": "Уся чалавечая мудрасць заключаецца ў двух словах: чакаць і спадзявацца". I я спачатку разумеў літаральна: трэба сесці, чакаць і спадзявацца. Потым я ўпэўніўся, што трэба працаваць, трэба заўсёды нешта рабіць. Такіх прынцыпаў, каб я напісаў лозунгі і імі кіраваўся, у мяне няма. Адзінае – я не магу і не хачу злавацца ні на каго. Хутчэй раззлуюся на сябе. Мне больш радасна зрабіць некаму прыемнае, чым чакаць гэтага для сябе. Калі я магу нешта зрабіць, я раблю і ўдзячнасці не чакаю. Я вельмі цярпліва стаўлюся да людзей. Не магу сказаць, што я ўсіх люблю. Для мяне гэта слова нейкае іншае. Я цаню чалавека такім, які ён ёсць, спачуваю людзям і дапамагаю ім.
…А яшчэ Анатоль Касцецкі дапамагае і дзецям, і дарослым убачыць незвычайную прыгажосць, якую дорыць людзям мастацтва. Вучні Анатоля Уладзіміравіча, а таксама гледачы, што прыходзяць на яго спектаклі, адчуваюць не толькі шчырасць і дабрыню, якія ідуць ад акцёра, але і нейкае незвычайнае цяпло і добрую энергію, што напаўняюць усіх навокал. Анатоль Касцецкі называе сябе фаталістам, ён лічыць, што ўсё адбываецца так, як і павінна, што прымаць усё трэба спакойна. "Але ж гэта не значыць, што трэба сядзець і чакаць, – удакладняе артыст, – трэба ўвесь час старанна працаваць".
Гутарыла Вольга НАВАЖЫЛАВА. Літаратура і мастацтва. – 1999. – 1 кастр. – С. 10–11.
|