Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Музычнае ўвасабленне "Несцеркі" (1980 г., Звязда)

Музычнае ўвасабленне "Несцеркі" (1980 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МУЗЫЧНАЕ ЎВАСАБЛЕННЕ "НЕСЦЕРКІ"

Ведаюць Несцерку даўно: з таго часу, як герой беларускага фальклору з'явіўся ў спектаклі драматычнага тэатра імя Я. Коласа па п'есе В. Вольскага, прайшло сорак гадоў. Сёння Несцерка прыйшоў на сцэну музычнага тэатра. Кампазітар Рыгор Сурус не ўпершыню мае справу з гэтым яркім, самабытным нацыянальным характарам. Некалькі гадоў назад ён напісаў музыку да драматычнага спектакля Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З таго часу вобраз Несцеркі застаўся з кампазітарам, абуджаў яго думкі пра стварэнне музычнага спектакля. 

Але перш за ўсё павінна было з'явіцца лібрэта, за стварэнне якога ўзяліся аўтар п'есы В. Вольскі і паэт А. Вольскі. 

Работа аўтараў лібрэта была лёгкая, крапатлівая. Трэба было перакласці дзеянне п'есы на новую мову – мову музычнага спектакля. Па сутнасці лібрэта стала зусім новым літаратурным творам. 

Кампазітар атрымаў літаратурны матэрыял, які даў яму магчымасць для стварэння музычнай драматургіі. Гаварыць пра змест, напэўна, няма патрэбы – амаль кожны, відаць, дастаткова ўяўляе сабе сюжэт твора, усе перыпетыі вясёлага і разам з тым сацыяльна завостранага спектакля. 

"Несцерка" атрымаўся сапраўды музычным спектаклем. Пачынаючы ад першай тэмы ва ўступе і да апошніх акордаў музыка ўладае ўвагай залы. Яна з'яўляецца, па сутнасці, галоўнай "дзеючай асобай". Р. Сурус расказвае: "У п'есе Віталя Вольскага ёсць удалае спалучэнне сакавітага тэксту са сцэнамі, якія самі просяцца на музыку – гэта кірмаш, сцэна вяселля з яго абрадавымі песнямі і хорамі, сцэна дыспуту Несцеркі і Шкаляра, лялечнае прадстаўленне ў стылі батлейкі. Тут і лірычныя эпізоды, і, нарэшце, вобраз Несцеркі... Дух "Несцеркі", эмацыянальны склад, народнасць настолькі былі мне блізкія, што я з вялікім натхненнем працаваў над музычным увасабленнем п'есы". 

Самая станоўчая якасць музыкі Р. Суруса, якую трэба адзначыць у першую чаргу, – гэта яе народны характар. Кампазітар шырока выкарыстаў інтанацыйны лад беларускай народнай музыкі. Адразу першая музычная тэма "задае тон" усёй музыцы. Яе народны каларыт стаў тым "зыходным пунктам", ад якога ідзе ўсё музычнае развіццё. Па ўсёй партытуры "раскінуты" тэмы народных песень, якія арганічна ўплецены ў музычную тканіну твора. Кампазітар выкарыстоўвае песні "Кацілася ды ясная зоранька" (песня Юрася), "Туман, туман пры даліне", "Ой, ляцелі гусанькі цераз сад", "Сваток" (у сцэне вясельнага абраду), асобныя мелодыі народных песень і танцаў, папеўкі і інтанацыі ("А ў полі яліначка", "Кола", "А ў полі ніўка", "Саўка ды Грышка", "Бульба", "Антон маладзенькі"). 

Сістэма лейттэматызму дазваляе Р. Сурусу стварыць стройную музычную драматургію. Галоўныя персанажы надзелены сваімі музычнымі тэмамі, якія развіваюцца на працягу дзеяння. Партытура цікавая не толькі меладычнай мовай. Удала знойдзены і аркестравыя фарбы – у аркестроўцы традыцыйныя прыёмы спалучаюцца з элементамі эстраднага музычнага пісьма, сучаснае музычнае мысленне кампазітара нараджае і сучасны музычны почырк, выразную сучасную музычную мову. 

Рэжысёр-пастаноўшчык Б. Утораў выбудаваў стройную канцэпцыю спектакля, у якім на першы план вылучыў тэму скамарохаў і Несцеркі. Многія сцэны выглядаюць ярка, па-народнаму сакавіта, асабліва масавыя. 

У спектаклі нямала акцёрскіх удач. Тут з вопытнымі майстрамі сцэны актыўна спаборнічаюць і маладыя артысты. Адзначым пачуццё партнёрства: кожны з герояў адчувае "локаць" партнёра і ўносіць сваю лепту ў агульны стройны ансамбль. 

Пераканаўча, упэўнена вядзе ролю Несцеркі артыст К. Лосеў. Гэта роля нялёгкая. Несцерка-Лосеў увесь час знаходзіцца ў цэнтры дзеяння, актыўная пазіцыя героя вымагае ад акцёра вялікай энергіі, эмацыянальнага ўздыму. Але хацелася б, каб К. Лосеў асцерагаўся перабольшвання гэтай эмацыянальнасці, якая дзе-нідзе пагражае перайсці рамкі строга акрэсленай ім ролі. 

Побач з Несцеркам – яго сябры скамарохі. Заслужаны артыст БССР В. Фаменка, артысты В. Сердзюкоў, Г. Ваўчок, Ю. Лазоўскі – кожны па-свойму, індывідуальнымі выразнымі сродкамі ствараюць каларытныя запамінальныя вобразы. 

Цікава вырашана роля Мальвіны. Заслужаная артыстка РСФСР Н. Равінская стварае надзвычай яркі вобраз ганчарыхі. Клопаты аб удалым, на яе погляд, жаніху для дачкі Насці, улешчванне Шкаляра, турботы на кірмашы і ў час вясельнага абраду – усе матывы паводзін сваёй гераіні Н. Равінская падае абгрунтавана і пераканальна. Менш цікавым выглядае яе муж Мацей. Але заслужаны артыст БССР В. Шаўкалюк у гэтым не вінаваты. Матэрыял п'есы не даў выдатнаму акцёру магчымасці "разгарнуцца" ў сапраўдным камедыйным плане. 

Насцю выдатна іграе заслужаная артыстка БССР Н. Гайда. Умовы, у якія пастаўлена гераіня, не даюць ёй магчымасці актыўна змагацца за сваё каханне да Юрася, але яна па-свойму адстойвае свой гонар, свае правы кахаць і быць каханай. Пяшчотная, жаноцкая, у чымсьці безабаронная, Насця Гайды вабіць вялікай шчырасцю, чысцінёй пачуцця. 

Каларытны Пан у выкананні У. Лінкевіча. Гэты востра сатырычны вобраз артыст падае ў гратэскным плане, выкрываючы невуцтва пана, поўную адсутнасць культуры, прымітыўнасць мыслення. Служкі Пана – артысты Г. Нікіцін, В. Бажэнаў, А. Ранцанц, Р. Эстэрлейн. Работа гэтага ўдалага "квартэта" выдатная, хоць у праграмцы спектакля іх прозвішчы і не пазначаны. Яны дамалёўваюць вобраз свайго Пана, і робяць гэта сціплымі, але выразнымі штрыхамі. 

Два шляхцюкі, якія ўвесь час ганяюцца за Несцеркам, каб пакараць яго, у выкананні артыстаў Ю. Харытонава і А. Касцецкага – гэта два вельмі індывідуальныя – па знешняму выгляду і манеры паводзін – персанажы. Абодва героі адчуваюць сябе ў агульнай дзеі свабодна, уносяць свае фарбы ў палітру спектакля. Асабліва варта адзначыць маладога артыста А. Касцецкага, яго поўную аддачу ролі. 

Добра паказалі сябе ў спектаклі яшчэ два маладыя артысты тэатра. Р. Харык выступае ў ролі Юрася. Яго лірычны герой прывабны сваёй сціпласцю, чысцінёй пачуццяў да Насці, імкненнем "адваяваць" сваю каханую ў яе ж маці, якая "бачыць" сваім зяцем Шкаляра. 

Шкаляр Самахвальскі – рэзкі кантраст Юрасю. Артыст Г. Казлоў добра іграе свайго героя. Недавучка, прайдзісвет і нахабнік, Шкаляр за знешнімі "свецкімі" манерамі хавае сваё нутро. Малады артыст паказвае свайго героя гратэскава, кожны раз знаходзіць для гэтага новыя фарбы. 

Пахвалы заслугоўвае работа хору пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра Н. Андросавай. У партытуры Р. Суруса шмат харавых эпізодаў, якія асвоены хорам на добрым мастацкім узроўні. Цікавыя і многія танцавальныя эпізоды (у прыватнасці – у лялечным прадстаўленні), пастаўленыя народным артыстам БССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР С. Дрэчыным. 

Сцэнаграфія заслужанага дзеяча мастацваў БССР Б. Герлавана – гэта лёгкія і аб'ёмнныя, стылізаваныя пад народны беларускі арнамент канструкцыі, прывабныя для вока, у якіх шмат шырыні, прасторы. Алі не толькі гэта вабіць у мастацкім афармленні; сціплыя і выразныя дэкарацыі "іграюць" на агульную задуму спектакля, і ў гэтым іх прынцыповае мастацкае значэнне. Яркія і прыгожыя касцюмы, у якія апрануты персанажы – Мальвіна, Насця, яе сяброўкі-дзяўчаты, гандляркі на кірмашы. Можа толькі касцюм галоўнага героя занадта прыземлены і будзённы, занадта "рэалістычны". Несцерка можа быць апрануты хай сабе і крыху ўмоўна, але больш маляўніча і выразна. 

...На ўсім працягу спектакля на сцэне пануе музыка – у песнях, куплетах, ансамблях салістаў, у хоры, танцавальных нумарах. Музычны кіраўнік пастаноўкі – галоўны дырыжор тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР I. Абраміс прачытаў партытуру сур'ёзна, ад музыкантаў аркестра патрабаваў поўнай творчай аддачы, работы без усялякіх скідак на "лёгкі" жанр. 

Артысты працягваюць працаваць над сваімі ролямі. Працаваць ёсць над чым, галоўным чынам – у галіне сцэнічных малюнкаў кожнай ролі. Ад спектакля да спектакля з'яўляюцца новыя мізансцэны і новыя выканаўчыя нюансы. Па ўсяму відаць, "Несцерку" наканавана доўгае жыццё на сцэне тэатра музычнай камедыі.

А. РАКАВА. 
Звязда. – 1980. – 5 крас.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: