« Назад
МУЗЫЧНЫ ТЭАТР ІЗНОЎ АНАНСУЕ АМБІТНЫЯ ПЛАНЫ
Напрыканцы сезону, калі ўсе думкі мусяць быць пра адпачынак, Музычны тэатр надзвычай актыўна анансуе праекты на наступны сезон.
13 ліпеня з журналістамі сустракалася беларускі рэжысёр Сусана Цырук. Карэнная мінчанка, дачка славутага беларускага дырыжора Юрыя Цырука, яна ў 1990-х гадах працавала ў Оперы. У 1997 г. яна паставіла "Травіяту" Вэрдзі, якая да сёння застаецца рэпертуарным хітом Нацыянальнага тэатру оперы і балета.
Апошнія 11 гадоў сп-ня Цырук жыве і працуе ў Расіі. Пэўны час працавала ў Марыінскім тэатры, з 2001 г. – галоўным рэжысёрам у Растоўскім музычным тэатры. Станаўленне гэтага цікавага калектыву – заслуга беларускіх артыстаў, якім паводле розных прычын не знаходзілася месца на радзіме. З 1999 па 2003 год галоўным дырыжорам тэатру быў Андрэй Галанаў, потым – Аляксандр Анісімаў. Рэгулярна прыязджаў на пастаноўкі дырыжор Алег Лясун. Менавіта "беларуская брыгада" зарабіла для Растоўскага музычнага тэатру найвялікшую адзнаку у ягонай гісторыі. У сезоне 2003–2004 гг. "Лэдзі Макбет Мцэнскага ўезда" беларуса Дзмітрыя Шастаковіча (дырыжор Аляксандр Анісімаў, рэжысёр Сусана Цырук, мастак Зіновій Марголін) атрымала ажно 4 намінацыі (лепшы оперны спектакль, лепшая работа дырыжора і рэжысёра ў оперы, лепшая работа мастака ў музычным тэатры) самага прэстыжнага расійскага тэатральнага конкурсу "Залатая маска". І хаця лаўрэатам стаўся толькі спадар Анісімаў, гэта вялізная перамога беларускіх артыстаў, хай і далёка ад радзімы.
Сёння беларусаў у Растове ўжо няма. Новае кіраўніцтва выкрасліла іх нават з гісторыі тэатру. Няўжо і тут палітыка.
А сп-ня Цырук у той самы год атрымала намінацыю ў раздзеле "Аперэта і мюзікл" за спектакль "У джазе толькі дзяўчаты" у Новасібірскім тэатры музычнай камедыі. Спектакль стаў лаўрэатам – перамога яшчэ больш пачэсная, чым асабістая прэмія за рэжысуру.
У Мінску пра гэтыя перамогі амаль ніхто не ведаў. Тут уладарылі зусім іншыя рэжысёры, для якіх спадарыня Цырук была нежаданай канкурэнткай. Аднак іхняя ўлада скончылася, і у абодвух нашых музычных тэатрах адразу згадалі пра Цырук. Генеральны дырэктар Нацыянальнага тэатру оперы і балета Уладзімер Грыдзюшка запрасіў яе на пастаноўку "Снягурачкі" Н.А. Рымскага-Корсакава, а дырэктар Музычнага тэатру Александр Пятровіч – на пастаноўку мюзікла "У джазе толькі дзяўчаты". Праўда, называцца ён будзе "Аднойчы ў Чыкага", дый сам тэкст будзе зусім іншы, чым у навасібірскай пастаноўцы. У наш час ставіць арыгінальныя версіі брадвейскіх мюзіклаў – занадта дарагая асалода. Трэба купляць ліцэнзію, выплачваць аўтарскія ганарары… Тут не хопіць усіх фінансаў Міністэрства культуры. Таму нашы пастаноўшчыкі робяць рэвю "па матывах", падбіраюць музыку некалькіх аўтараў, пішуць новыя дыялогі і тэксты для песень. Тым болей, што Сусана Цырук у гэтай справе – чалавек дасведчаны. Яна пераклала на расійскую мову сем мюзіклаў, прычым першымі былі ў 1993 годзе акурат "Дзяўчаты". Пазней была расійская версія культавага французскага мюзікла "Romeo & Juliette" і песні да расійскай версіі "Notre Dame de Paris".
Для нашага Музычнага тэатру сп-ня Цырук амаль цалкам перарабіла той матэрыял, які яна ставіла і ў Навасібірску, і пазней у Іркуцку і Карагандзе. А ўлічваючы тое, што сам мюзікл вельмі адрозніваецца ад славутага фільму, ёсць надзея ўбачыць арыгінальны твор з самабытнай рэжысурай. На рэпетыцыі адводзіцца ўсяго 26 дзён, прэм’ера адбудзецца 11–12 верасня (адкрыццё сезону).
Прэм’ерай адзначылася і закрыццё сезону. Аднак "Мая жонка – падманшчыца" рэжысёркі Галіны Галкоўскай мяне расчаравала. Слабая п’еса, невыразная музыка, прымітыўны ўзровень акцёрскай гульні. Тыповая савецкая музычная камедыя для рабочых і сялян даўно састарэлая як жанр. Навошта ў сталічным тэатры ставіць гэта? Хіба толькі для таго, каб вечна маладая сп-ня Гайда выйшла на сцэну ў шыкоўным касцюме, які зусім не пасаваў да яе персанажу, і паказала сваё бліскучае майстэрства аперэтачнага каскаду.
Патрэбна нешта цалкам новае. Хіба сімвалічна, што галоўнай падзеяй 14 ліпеня ў Музычным тэатры стала зусім не прэм’ера, а прэзентацыя мюзікла "Блакітная камея", які толькі запускаецца ў вытворчасць.
"Блакітную камею" прапанаваў яе аўтар – расійскі эстрадны кампазітар і прадзюсер Кім Брэйтбург. У ягоным творчым багажы 500 песень і супрацоўніцтва амаль з усімі расійскімі зоркамі. Вялікую папулярнасць набыў ягоны тэлевізійны праект "Народны артыст". Аднак для Брэйтбурга гэтыя рамкі сталі цесныя, адсюль і цікавасць да жанру мюзікла. Поплеч з ім – выдатная каманда прафесіяналаў. Аўтар лібрэта – паэт Карэн Кавалер’ян, рэжысёр і харэограф пастаноўкі – Мікалай Андросаў, рэпетытар па эстраднаму вакалу – вядомы спецыяліст у гэтай галіне, жонка кампазітара Валерыя Брэйтбург.
"Блакітная камея" ўжо вытрымала ў Дзяржаўным акадэмічным расійскім драматычным тэатры Рэспублікі Башкартастан больш за 40 прадстаўленняў. У аснове сюжэта – гісторыя княжны Тараканавай і графа Арлова, сярод персанажаў – Кацярына Другая. Галоўная пікантнасць – спалучэнне прыдворных касцюмаў 18 стагоддзя з сучаснай поп-музыкай і танцавальнымі стылямі накшталт брэйк-дансу. Усё гэта, на думку аўтараў, мусіць быць прыцягальным для моладзі. Сумняваюся, што наша нацыянальна свядомая моладзь пойдзе глядзець на Кацярыну і Арлова. Аднак аўтарам мюзікла такая ідэя ў галаву не прыходзіць. Яны ж ведаюць толькі тую Беларусь, якую бачаць на "Славянскім базары", і гэтая Беларусь падаецца ім часткай Расеі.
Аднак у кожным разе кантакт з прафесіяналамі гэткага класу будзе для нашай культуры вельмі карысны. Тым болей, што яны прапануюць цалкам незнаёмы для нас амерыканскі падыход да творчага працэсу. Апрача ўнутранага кастынгу, які ўжо прайшоў, будзе арганізаваны знешні кастынг, на які запрашаюцца ўсе ахвотныя. Кожны, хто ўмее спяваць ці танцаваць, можа прыйсці і атрымаць галоўную ролю. Гэткі цуд ужо адбыўся ва Уфе, дзе ролю Тараканавай выконвае дзяўчына-рыэлтар, а ролю Арлова – журналіст. Зрэшты, абодва яны ўжо змянілі прафесію. Кастынг адбудзецца ў сярэдзіне верасня ў Музычным тэатры, прэм’ера запланаваная на 4 лютага 2011 году. Падрабязнасці можна паглядзець на сайце http://golubaya-kameya.ru/musical/.
Юлія АНДРЭЕВА. Наша ніва. – 2010. – 19 ліп.
|