Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Мюзікл Бернстайна. Беларуская версія (2012 г., Настаўніцкая газета)

Мюзікл Бернстайна. Беларуская версія (2012 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МЮЗІКЛ БЕРНСТАЙНА. БЕЛАРУСКАЯ ВЕРСІЯ 

west_000У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм’ера мюзікла Леанарда Бернстайна "Вестсайдская гісторыя".

У свой час знакаміты англійскі гісторык Арнольд Тойнбі ўжыў у сваіх даследаваннях для характарыстыкі сусветных цывілізацый катэгорыі "выкліку" і "адказу". Упэўнены, іх выкарыстанне ў дачыненні да прэм’еры "Вестсайдскай гісторыі" больш чым карэктнае.

На першы погляд, пастаноўкі ў жанры мюзікла даўно ідуць на сцэне Музычнага тэатра. Але згадзіцеся, мы можам гаварыць або пра ўласнабеларускія творы ("Шклянка вады"), або пра адаптацыю сусветнай класікі да айчыннага гледача ("Аднойчы ў Чыкага"), што абумоўлівае "ўнутраны характар" аўдыторыі гэтых спектакляў. "Вестсайдская гісторыя" стала першым ліцэнзійным мюзіклам сусветнага ўзроўню, правы на пастаноўку якога былі прадастаўлены кампаніяй Music Theatre International на адзін год (пасля чаго яны будуць прадоўжаны або ануляваны). Істотна, што Музычны тэатр атрымаў права не на перанос мюзікла, а на яго арыгінальную інтэрпрэтацыю (пры захаванні агульнай канцэпцыі ў харэаграфіі).

Пэўны выклік стаяў і перад сталымі наведвальнікамі Музычнага тэатра. Шэраг з іх, на жаль, па-ранейшаму ўспрымае калектыў як музычную камедыю, куды прыходзяць адпачыць, пасмяяцца і добра правесці час. Красамоўна, што за выключэннем некалькіх балетаў толькі ў адным спектаклі (рок-оперы "Юнона" і "Авось") гледачы перажываюць драматычны фінал. Між тым, сюжэт "Вестсайдскай гісторыі" трагічны. Дзеянне мюзікла разгортваецца ў 1950-я гады ў Нью-Йорку. За ўладу на вуліцы змагаюцца дзве банды: "Ракеты" на чале з Рыфам (Эдуард Вайніловіч), што складаюцца з "белых", і "Акулы" на чале з Бернарда (Дзяніс Нямцоў), куды ўваходзяць эмігранты з Пуэрта-Рыка. Тоні (Дзмітрый Якубовіч), лепшы сябра Рыфа, сустракае Марыю (Ілона Казакевіч), сястру Бернарда. Але амерыканскія Рамэо і Джульета сутыкаюцца з забабонамі грамадства…

west_01Выклік стаяў і перад пастановачнай групы беларускага спектакля, на якую не мог не ўздзейнічаць аўтарытэт імёнаў. Для стваральнікаў культавага амерыканскага мюзікла, упершыню пастаўленага ў 1957 годзе на Брадвеі (кампазітара Леанарда Бернстайна, драматурга Артура Лорэнса, лібрэтыста Сцівена Сандхайма, а таксама рэжысёра і харэографа Джэрома Робінса), "Вестсайдская гісторыя" стала першай прыступкай да ўсеагульнага прызнання і славы. Нездарма кінаверсія мюкзікла атрымала прэмію "Оскар" у 10 з 11 намінацый. Наколькі рэальна паўтарыць такі поспех (нават улічваючы досвед запрошаных гасцей-амерыканцаў: дырыжора Філіпа Сіманса і харэографа Пола Гордана Эмерсана)?

Што датычыцца рэжысёра-пастаноўшчыка Анастасіі Грыненка, дык для яе "Вестсайдская гісторыя" павінна была стаць момантам ісціны. У свой час яна паставіла некалькі антэпрызных мюзіклаў на розных сталічных пляцоўках. А вось у родным калектыве рэжысёр дастаткова доўга спецыялізавалася на дзіцячых спектаклях, якія могуць цікавымі і дарослай аўдыторыі. Аднак апошнія пастаноўкі ("Чырвоны каптурок. Пакаленне next" і асабліва "Чароўны гадзіннік, або Хто выратуе Новы год") пакінулі адчуванне таго, што А.Грыненка дасягнула свайго піку ў гэтым жанры. І можна было толькі здагадвацца: здолее рэжысёр узняцца на новую прыступку ці будзе і далей выкарыстоўваць уласныя творчыя здабыткі? Першым адказам на гэта пытанне стаў шыкоўны эксцэнтрычны балет "12 крэслаў", у якім Грыненка выступіла рэжысёрам. "Вестсайдская гісторыя" мусіла канчаткова расставіць кропкі над "і".

Мяркую, у аснове мюзікла пакладзены прынцып кантраснасці. Перш за ўсё, гэта непасрэднае процістаянне "Ракет" і "Акул". Потым супярэчнасць паміж мужчынскім і жаночым светам. Прычым, увасабленне іх кардынальна адрозніваецца. Амаль усе мужчыны выступаюць носьбітамі бессэнсоўнай агрэсіі, што выяўляецца ў харэаграфіі (заўважу, у выніку працяглых рэпетыцый з амерыканскімі пастаноўшчыкамі трупа пачала рухацца непараўнальна лепш, чым раней). А вось стваральны, гарманічны свет жанчыны хутчэй знаходзіць адлюстраванне ў лірычных вакальных фрагментах. Нарэшце, найбольш вострым, сапраўды тэктанічным разломам у свеце, у якім існуюць героі "Вестсайдскай гісторыі", стала ўсеагульная нянавісць, што літаральна апаноўвае ўсіх персанажаў. Тоні, Марыя і Док (Аляксей Кузьмін), падобны на шэкспіраўскага патэра Ларэнца, з’яўляюцца ці не адзінымі героямі, якія не трапляюць на тэрыторыі агульнага зла, агрэсіі і істэрыі.

На маю думку, менавіта такія акцэнты абумоўліваюць актуальнасць спектакля. У інтэрнеце сустракаліся меркаванні, што пастаноўка атрымалася не пра наш час. Так, супярэчнасці паміж "белымі" і пуэртарыканцамі могуць быць далёкімі для беларусаў. Але для суайчыннікаў, чые продкі падтрымлівалі ўтварэнне ў пачатку ХХ стагоддзя беларускай дзяржавы ці супрацьстаялі гэтаму, змагаліся па розныя па бакі ў часы грамадзянскай вайны, такі ракурс з’яўляецца надзіва актуальным.

west_02На ўспрыняцце спектакля істотна паплываў асобы галоўных герояў. І. Казакевіч і Д.Якубовіч не ўпершыню выступаюць дуэтам (варта згадаць Абігаіль і Мешэма са "Шклянкі вады", Прынцэсу і Трубадура з "Брэменскіх музыкантаў", урыўкі з мюзіклаў, напрыклад, "Прывід оперы", што выконваюцца падчас канцэртных праграм). Але кожны раз артысты здзіўляюць шчырасцю, кранальнасцю, небанальнасцю вобразаў. А яшчэ бясспрэчнай уласнай харызмай. Бадай, менавіта такіх артыстаў варта называць героямі нашага часу.

Крыху супэрэчлівай атрымалася сцэнаграфія Андрэя Меранкова. З аднаго боку, у ёй хапае відавочных і прыхаваных сімвалаў, а таксама мастацкіх знаходак. Асабліва ўдалай атрымалася сцэна ў вясельным салоне, дзе працуе Марыя. У сучаснай візуальнай культуры вяселле часта з’яўляецца элементам гламура. Але ў "Вестсайдскай гісторыі" бялюткія вясельныя сукенкі ў паветры, ствараюць кранальны вобраз, які сімвалізуе шчасце.

west_08Эфектным і дасціпным ходам стаў партрэт легендарнага лацінаамерыканскага рэвалюцыянера Чэ Гевары, што пазначае кварталы пуэртарыканцаў. Сімвалічнай выглядае лінія, якая падзяляла сцэну на дзве часткі – паміж "Акуламі" і "Ракетамі". Але, з другога боку, крыху расчаравала чарговае выкарыстанне ў сцэнаграфіі лесвічных канструкцый. Згаджуся, у сцэне "ля балкона" яна глядзяцца вельмі дарэчы. Але такія эпізоды можна літаральна пералічыць па пальцам. У дадатак лесвіцы выкарыстоўваліся самім А.Меранковым у "Брэменскіх музыкантах", яго калегамі ў іншых спектаклях (напрыклад, "Аднойчы ў Чыкага", "Сільва", "Графе Люксембург"). Разумею, што фінансавы бюджэт кожнай пастаноўкі абмежаваны. Але можа варта пашукаць новыя рашэнні, замест таго, каб эксплуатаваць старыя?

Увогуле "Вестсайдская гісторыя" стала поспехам Музычнага тэатра і засведчыла, што, нягледзячы на асобныя спрэчныя пастаноўкі, калектыў працягвае развіваецца па ўзыходзячай лініі.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Настаўніцкая газета. – 2012. – 2 чэрвеня. – С. 14.

На здымках:
Сцэна з мюзікла.
Ракеты (злева направа): Алег Прохараў, Дзмітрый Філіповіч, Дзмітрый Маціеўскі, Аляксандра Жук.
Марыя (Ілона Казакевіч).
Сцэна ў вясельным салоне.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: