« НазадНА БАЛЬ ДА РАДЗІВІЛАЎСённяшняя ноч увойдзе ў гісторыю Беларусі адраджэннем знакамітых радзівілаўскіх баляў: у Нясвіж з’едуцца шматлікія госці, нават замежныя. Але наш Першы Палацавы баль, што пройдзе ў Культурнай сталіцы Беларусі, яшчэ і дабрачынны: частка сродкаў ад яго будзе накіравана на аднаўленне Навагрудскага замка. Ідэя правядзення такога балю належыла Міністэрству культуры Беларусі. Пры яго падтрымцы і дапамозе Мінскага аблвыканкама, арганізатарамі буйнога мерапрыемства выступілі не толькі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", але і міжнародная прадзюсарская кампанія, добра вядомая ў нас па правядзенні Міжнародных фестываляў "Уладзімір Співакоў запрашае", буйнога Фартэпіяннага форуму, шматлікіх адметных канцэртаў ды іншых імпрэз, звязаных з прыездам знаных зорак. Вось і Першы дабрачынны Палацавы баль упрыгожаць сваім удзелам Анастасія Валачкова (яна, дарэчы, і сапраўды будзе танцаваць), Дзмітрый Харацьян (які ж "гардэмарын" без песні?), Марат Башараў (гэтым разам знакаміты акцёр і вядучы шматлікіх шоу будзе сустракаць гасцей у пары з нашай Алінай Краўцовай). — Такія баляванні, — паведаміў "К" дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Клімаў, — з’яўляюцца для нас часткай канцэпцыі развіцця музея, бо ён павінен быць жывым, прымаць гасцей, як у былыя часы, калі тут валадарылі прадстаўнікі знакамітага шляхецкага роду. Таму ўжо зараз у нас ёсць планы на далейшыя такія святы — пры ўмове, вядома, што цяперашняе пройдзе добра. Разам з той жа кампаніяй збіраемся ладзіць тут Калядныя святы, калі падрыхтаваная праграма будзе паўтарацца некалькі дзён запар. Ну а надвор’е, на якое многія скардзяцца, нам не перашкода: ва ўнутраным дворыку палаца ўстаноўлены своеасаблівы "шацёр" — насамрэч, гэта трывалая канструкцыя з дахам, драўлянай падлогай, падагрэвам. Да таго ж, задзейнічаны ўсе асноўныя залы: дзесьці можна будзе патанчыць, дзесьці — паўдзельнічаць у гульнях ды іншых забавах, дзесьці — крыху адпачыць. Адкрыты будзе ўвесь палац!.. — Мы імкнуліся, — больш падрабязна распавяла пра сюрпрызы бальнай ночы рэжысёр Вераніка Ільяш, — адрадзіць старадаўнія бальныя традыцыі. Яшчэ навучаючыся ў БДУ я вывучала гісторыю баляў, займалася гістарычным танцам. І цяпер рэгулярна езджу ў Санкт-Пецярбург удасканальваць майстэрства. Шмат мне даў і ўдзел у Калядных балях, што ўжо тры гады запар ладзіліся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Студыя, якой я кірую, праводзіла, так бы мовіць, "гістарычную частку" тых баляванняў. А ў Нясвіжы ўжо само паветра дыхае гісторыяй! Але не трэба думаць, што мы зробім танцы "музейнымі". У Вялікай бальнай зале, што змесціцца ў "адбудаваным" унутраным дворыку палаца, будуць ісці канцэртныя праграмы. У іншых залах зладзім міні-пастаноўкі невялікага фармату, у тым ліку — аматарскіх тэатраў, бо нам вельмі хочацца "ажывіць" тутэйшых герояў мінулых эпох. Арганізуем і інтэрактыўныя гульні, і "ўрокі танцаў" для ахвотных. Але галоўнае — вядома, уласна танцавальная праграма. Распачнецца яна, зразумела, паланэзам, але надалей будуць пераважна вальсы — папраўдзе чароўныя вальсы Іагана Штраўса ў выкананні сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, за пультам якога ў гэтую ноч будзе стаяць вядомы беларускі (а апошнім часам — знакаміты нямецкі) дырыжор Аркадзь Берын… Н.Б. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by