Главная \ Пресса \ На "біс" выклікала… Іспанія (1995 г., Літаратура і мастацтва)
« Назад

НА "БІС" ВЫКЛІКАЛА… ІСПАНІЯ

Чытач наш ужо інфармаваны пра тое, што харэаграфічная трупа Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі адкрыла новы сезон прэм'ерай. Малады калектыў адважыўся ўзяцца за "Кармэн-сюіту" Ж. Бізэ – Р. Шчадрына, прычым за той, самы першы варыянт харэаграфіі, які прапаноўваўся адзінай і непаўторнай Маяй Плісецкай. Аўтарства гэтай харэаграфіі належыць славутаму Альберта Алонса, перанос яе на мінскую сцэну рабіў знаны ў свеце танцоўшчык Гедымінас Таранда, працавалі з выканаўцамі балетмайстры-рэпетьгтары Ніна Дзячэнка ды Мар'яна Подкіна. Дэкарацыі ўзнаўляюць таксама першы, "аўтэнтычны" варыянт сцэнаграфіі Барыса Месэрэра. Партытура "Кармэн-сюіты" ажыла дзякуючы аркестру на чале з дырыжорам Аляксандрам Сасноўскім. А танцуюць у спектаклі Ю. Дзятко, Т. Ерахавец, К. Кузняцоў ды іншыя маладыя салісты.

Як гэта ні дзіўна, самымі першымі гледачамі новай пастаноўкі былі іншаземцы: з прэм'ерай "Кармэн-сюіты" балетная трупа тэатра выправілася ўлетку на гастролі па гарадах Іспаніі. Надзвычай зычлівыя да мастацтва іспанцы так упадабалі мінскіх артыстаў, што запрасілі іх да сябе зноў. I новая гастрольная вандроўка харэаграфічнай трупы Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі ў Іспаніі адбылася зусім нядаўна.


Літаратура і мастацтва. – 1995. – 8 снеж. – С. 10.