Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/На чарговым спектаклі (1973 г., Літаратура і мастацтва)

На чарговым спектаклі (1973 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НА ЧАРГОВЫМ СПЕКТАКЛІ

73-е прадстаўленне аперэты "Сільва" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР 

Майстэрства тэатральнага калектыву, скажам больш, яго мастацкая сталасць вызначаецца не толькі колькасцю і якасцю прэм’ер, якія ён здольны ажыццявіць за сезон, але і тым, ці здольная трупа зберагчы свае спектаклі так, каб не губляліся вартасці кожнага з іх, каб чарговы паказ пастаноўкі захаваў узнёсласць, святочнасць першай сустрэчы аўтараў і выканаўцаў з гледачамі. 

У пачатку мінулага года мне давялося пісаць пра пастаноўку "Сільвы" ў нашым тэатры музычнай камедыі. Прэм’ера наогул паказала, што гэты калектыў можа цікава інтэрпрэтаваць класічную аперэтачную спадчыну. Праўда, яна выклікала і жаданне ў чымсьці паспрачацца з рэжысурай, параіць выканаўцам пазбавіцца ад пралікаў артыстычнага плана. 

З таго часу "Сільва" пад музычным кіраўніцтвам дырыжора Г. Хананьева была паказана на нашай сцэне некалькі дзесяткаў разоў. Цікава зноў сустрэцца са спектаклем, каб паглядзець, як склалася яго "жыццё", як сталее трупа тэатра. Гэтымі ўражаннямі паспрабуем тут падзяліцца. 

Прыемна ўжо тое, што не знікла маляўнічасць пастаноўкі, як гэта, на жаль, бывае з цягам часу. Няма тут замаруджанасці падзей, страты ранейшага тэмпу, неахайнасці манціровачнага парадку, выканаўчай абыякавасці. Я сказаў бы нават, што адбыліся некаторыя карысныя змены ў спектаклі за кошт уключэння ў яго новых выканаўцаў. 

Калі ж гаварыць пра ўсё гэта больш канкрэтна, дык адзначым адразу поспех В. Мазур – Сільвы і Ю. Баратава – Эдвіна. У параўнанні з першымі выканаўцамі гэтых ролей у спектаклі яны па-акцёрску больш шчырыя, пластычныя і дасканалыя ў сцэнічных паводзінах. Задавальняе і вакальнае выкананне партый. Галасы гучаць чыста, інтанацыйна дакладна. Абодва артысты лёгка пераходзяць ад спеву да гаворкі і наадварот. А гэта звычайна даецца цяжка аперэтачным вакалістам. 

Звяртае на сябе ўвагу прыгожы, цёплы тэмбр голасу В. Мазур, яе добрае адчуванне акцёрскага і музычнага ансамблю, сувязь з партнёрамі на сцэне. 

Больш барытанальны, чым тэнаровы тэмбр голасу Ю. Баратава робіць яго героя, мажліва, не такім "бліскучым" закаханым, але надае Эдвіну чалавечую пранікнёнасць. 

Хочацца адно параіць В. Мазур – удасканаліць гучанне голасу ў ніжнім рэгістры, дамагчыся дыкцыйнай яснасці ў асобных драматычных эпізодах, вызваліцца ў іх ад паспешлівасці. А вось Ю. Баратаву варта разам з мастаком спектакля перагледзець грым, малюнак цывільнага касцюма (афіцэрскі – больш удалы) і прычоску. Знешні выгляд не адпавядае пакуль што фактурным дадзеным выканаўцы. 

Прыемнай для гледачоў стала сустрэча і з Т. Брагінай – Ангільтай і С. Муратавай – Стасі. Выканаўцы гэтых партый у мінскай "Сільве" добра адчуваюць характары сваіх гераінь і вельмі непасрэдна раскрываюць іх. З сапраўдным бляскам і майстэрствам праводзіць Т. Брагіна сцэну з А. Прыходзькам – дырэктарам кабарэ Феры ў апошняй дзеі спектакля. Вельмі яркая, уражлівая С. Муратава – Стасі ў дуэтах з Ю. Баратавым – Эдвінам і В. Фаменкам – Боні. 

Да здабыткаў 73-га спектакля "Сільвы", пастаўленага на нашай сцэне рэжысёрам В. Вярбоўской, трэба аднесці чысціню і зладжанасць выканання харавых эпізодаў, адточанасць танцавальных нумароў. Галасы аркестра цяпер больш адпавядаюць патрабаванням той партытуры, што тэатр узяў для пастаноўкі. 

Але зноў зазначым, што абрана была недасканалая партытура. Яе аркестроўка не здольна раскрыць багацце музычных вобразаў Імрэ Кальмана, бо не адпавядае бляску музыкі, яе сімфанічнаму подыху, маляўнічасці вобразаў, шырыні мелодыі. Увесь час не пакідае ўражанне, што аўтар аркестроўкі клапоціцца аб адным: каб аркестр не "перашкаджаў" спевакам, толькі б ім "падыгрываў". Так здрабняецца і глыбіня пачуццяў і перажыванняў герояў. Гэты недахоп недаравальны ўдвая: публіка слухае нібы "эрзац" арыгінала і часта "не пазнае" таго, што ведае па запісах на грампласцінках і па радыё, па кінафільмам. 

Хочацца таксама выказаць асобныя заўвагі адносна захавання ў чарговым спетаклі першапачатковага рэжысёрскага вырашэння асобных сцэн і эпізодаў. Тут больш адчувальнымі аказаліся страты. 

Нагадаем фінал першага акта. У сцэне заручын Эдвіна і Сільвы навіна павінна ўзрушыць усіх удзельнікаў эпізода. Дык ні здзіўлення, ні агіднасці да ўчынка Эдвіна, ні цікавасці да таго, што адбудзецца далей, не адчуваецца ні ў кога. Прысутныя – толькі ўдзельнікі "масоўкі". Яны чакаюць… узмаху дырыжорскай палачкі. Адно А. Прыходзька – Феры па-акцёрску "жыве" ў гэтай драматычнай сітуацыі, дзейнічае паводле задумы рэжысёра-пастаноўшчыка. 

Нешта згубілася ў параўнанні з прэм’ерай таксама і ў фінале спектакля. Ён неяк "спыняецца". А не ставіць патрэбную эмацыянальную "кропку" пасля завяршэння падзеі твора. 

І ўсё ж 73-ці спектакль "Сільва" добра прагучаў на мінскай сцэне. Гэта радуе, гэта зарука таго, што ў калектыве гартуецца сталасць майстроў складанага тэатральнага жанру. 

І. ІНІЧ. 
Літаратура і мастацтва. – 1973. – 13 крас.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: