Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/На сцэне – героі Шолахава (1976 г., Мінская праўда)

На сцэне – героі Шолахава (1976 г., Мінская праўда)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НА СЦЭНЕ – ГЕРОІ ШОЛАХАВА

Меладычна, працяжна, задушэўна гучыць дзесьці ўдалечыні песня, і перад намі ўзнікае на сцэне адзін з характэрных малюнкаў данскога пейзажу – курэнь, сланечнік, частакол. Ідуць па ваду казачкі…

Так рэжысёр-пастаноўшчык М. Лукавецкі, мастак А. Марозаў пераносяць нас на берагі ціхага Дона трыццатых гадоў, у адзін з хутароў. Тут гледача чакае сустрэча з вясёлымі, шчырымі, часам камічнымі персанажамі народнай музычнай камедыі "Бабін бунт" па матывах "Данскіх апавяданняў" М. Шолахава, якую паказаў нядаўна тэатр музкамедыі БССР.

…На чале са старшынёй хутара Сцешкам шумна гуляюць і спяваюць казакі: "Лёгка таму жывецца, хто чаркой забаўляецца…" Не адстаюць ад іх лепшы на хутары гарманіст Міколка і яго сябар Сёмка. Прыбраўшыся, яны прагульваюцца і спяваюць зазыўна: "Мы такія казакі заліхвацкія!". Але, як высвятляецца пасля, гуляюць яны на сваю ж бяду. Жаночай палавіне надакучвае п'янае і разгульнае жыццё мужыкоў і ўспыхвае "бабін бунт". Пусцее хутар. Пакінуўшы мужоў і гаспадарку, жанчыны ідуць на другі бераг Дона і арганізуюць там камуну: няхай паспрабуюць, маўляў, пажыць без нас, няхай зразумеюць, што такое жанчына ў сям'і.

Нялёгка давялося казакам: каровы падаіць не ўмеюць, спячы хлеб таксама, бялізну памыць – не атрымліваецца, замест баршча – адна соль… Не вытрымаўшы гэтых пакут, пасылаюць яны для перагавораў казака Фядота (артыст Ю. Лазоўскі). Нічога не выходзіць у казакоў з іх задумы. Місія Фядота правальваецца, "вайна" рагараецца з новай сілай…

Творы Міхаіла Шолахава часта параўноўваюць з сімфоніяй, у якой пераплятаюцца самыя складаныя музычныя тэмы, яе гучанне ў цэлым заўсёды аказваецца мажорным, поўным святла, любві да чалавека і веры ў яго высокае прызначэнне на зямлі. Разам з тым любому з нас не аднойчы давялося бачыць, як весела смяюцца людзі, чытаючы старонкі яго кніг. Смяюцца ад усёй душы і ў тэатры.

Праўда, за гэтым смешным адкрываеш напружаную барацьбу разняволеных рэвалюцыяй жанчын, бачыш, як усталёўваюць яны свае правы ў жыцці і ў быце. На сцэне не проста вясёлая гісторыя. Рэжысёр тактоўна шукае ў ёй сацыяльныя матывы, паказвае вобраз казацтва. Стварае яркі, паэтычна напоўнены спектакль, што дапамагае адчуць дух таго часу. Арганічна ўваходзіць у сюжэт, дапамагае раскрыць сітуацыю і музыка кампазітара Я. Пцічкіна – меладычная, запамінальная, простая і даходлівая, а галоўнае, блізкая па сваёй прыродзе стылістыцы твора.

У спектаклі нямала яскравых кульмінацыйных момантаў, дынамічнасці, напорыстасці, у якіх не апошняя роля належыць аркестру (дырыжор А. Лапуноў) і танцам (балетмайстар народны артыст БССР С. Дрэчын). Гучанне аркестра, як і добра ўпісаныя балетныя нумары ("Казачкі па ваду ішлі", "Званочкі", "Казацкія танцы") зліліся са сцэнічнай дзеяй. Але, як вядома, поспех кожнага твора залежыць галоўным чынам ад выканаўцаў.

Адна з удач спектакля – вобраз жонкі старшыні Марфы (заслужаная артыстка РСФСР Н. Равінская). Колькі ў ёй неўтаймаванай энергіі, запалу! Ад эпізода да эпізода актрыса надае вобразу характэрныя і вельмі індывідуальныя рысы; кранае яе рэакцыя на кожную рэпліку, уменне ўжывацца ў ролю.

Смех выклікае дзед Захар (заслужаны артыст БССР В. Шаўкалюк), які нагадвае нам дзеда Шчукара, па-хлапечаму шчуплы, хітры. Сустрэчу з ім успрымаеш як сустрэчу з шолахаўскім героем з народа, які даўно палюбіўся, – чалавечным, зварушлівым.

Нельга не адзначыць Ігната Рыгоравіча (артыст Ю. Шумакоў), яго маналога аб тым, як ён у грамадзянскую вайну "біўся з контрай", за што яго пачалі называць "старшыня рэўваенсавета рэспублікі". Акцёр не толькі адчуў ролю, але і данёс да гледача адкрытую натуру свайго героя, яе рамантычную прыўзнятасць.

Больш ініцыятывы хочацца бачыць у вобразах галоўных герояў: Насці (заслужаная артыстка БССР Н. Гайда) і Міколкі (артыст В.{У.} Лінкевіч). Разам з тым, вакальныя партыі праведзены імі на добрым прафесійным узроўні. З асаблівай сардэчнасцю і лірызмам гучыць арыя Насці "Аб бабінай долі".

Сцешка (артыст Ю. Харытонаў) – фігура каларытная, але больш яркаму раскрыццю вобраза акцёру часам перашкаджаюць неапраўданыя воклічы, крык. Яго паводзіны іншы раз нагадваюць фігуру трафарэтнага аперэтачнага героя.

Не выпадаюць з агульнага ансамбля Сямёнаўна (артыстка Е.{А.} Ажарэльева), Марынка (артыстка В. Пятліцкая), Сёмка (артыст В. Сердзюкоў), Дуняшка (артыстка А. Крайнікава).

Масавыя харавыя сцэны выконваюцца нядрэнна, ёсць нямала знаходак. Праўда, хацелася б большай напорыстасці, характарнага для ўсяго спектакля рытму. Ад гэтага агульная накіраванасць яго толькі выйграе.

…Жаночая камуна. Выйшаўшы пераможцамі, штосьці занудзіліся казачкі. Таму з асаблівай радасцю сустракаюць яны паяўленне цыганоў. Не падазраючы, што цыган, які з запалам спявае" "Касцёр – не касцёр, калі няма агню, цыган – не цыган, калі няма каня…" не хто іншы, як Міколка, ды і ўсе астатнія "цыганкі", што па-заліхвацку танцуюць, – гэта Сцешка, Фядот, дзед Захар, Сёка. Падман выяўляецца. Канфлікт вырашаецца.

Ярка, тэмпераментна, эмацыянальна, захоўваючы тэмпарытм завяршаецца спектакль. Ад душы танцуюць і весяляцца казакі і казачкі. Развітваючыся з героямі, верыш, што ад спектакля да спектакля будзе ўвасабляцца на сцэне шолахаўская глыбіня, ёмкасць. Будзе ўдасканальвацца ўжо знойдзенае. Увага і цікавасць гледачоў да новай работы тэатра музкамедыі – сведчанне яго пастаяннага росту.

Л. БЕСПРАЗВАНАЯ.
Мінская праўда. – 1976. – 27 крас.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: