Главная \ Пресса \ На сцэне "Халопка" (1971 г., Вячэрні Мінск)
« Назад

НА СЦЭНЕ "ХАЛОПКА"

Нядаўна Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР пачаў свой другі сезон. Ён паказаў мінчанам аперэту Б. Стрэльнікава "Халопка". 

З самага пачатку гледачоў захапіла ігра артыстаў. Вобраз Кутайсава – чалавека абмежаванага, подлага, які атрымаў тытул графа дзякуючы ўменню крывадушнічаць, уніжацца – цікава ўвасобіў на сцэне артыст Ю. Лазоўскі. Добра сыграла невялікую ролю хітраватай і карыслівай мяшчанкі Фёклы Пятроўны заслужаная артыстка БССР Е. Мацісава. Трэба адзначыць, што побач з вопытнымі майстрамі сцэны радуе сваімі поспехамі і артыстычная моладзь. Вельмі шчырая на сцэне салістка Люба Зубцова. Поленька у яе выкананні непасрэдная, простая і абаяльная. Артыст В. Фаменка – Мітрусь – мае моцны, прыемнага тэмбру голас. 

Адказная задача лягла ў гэтым спектаклі на выканаўцу ролі Анастасіі Батманавай, вобраз якой складаны як у акцёрскіх, так і ў вакальных адносінах. Умела спраўляецца з гэтай роллю Н. Гайда. Па-свойму трактуе гэты вобраз Н. Белавусава, якую вызначае пластычнасць, мяккасць. 

У новай рабоце тэатра музкамедыі значную ролю адыгрывае балет. З танцавальнымі нумарамі паспяхова спраўляюцца артысты кардэбалету – у асноўным выхаванцы Мінскага харэаграфічнага вучылішча. 

Прыцягвае ўвагу ў спектаклі работа балетмайстра народнага артыста БССР С.В. Дрэчына, які простыя карагоды "ператварыў" у цікавыя балетныя кампазіцыі. Ён умела выкарыстоўвае індывідуальныя магчымасці кожнага танцоўшчыка. У пастаноўны цыганскага танца С.В. Дрэчын выходзіць з вытокаў табарных танцаў. З запальваючым задорам выконваюць гэты танец салісты балета Г. Шылянкова, А. Кастрыцкі, Н. Навіцкі. 

Рэпертуар маладога тэатра пакуль невялікі – пяць спектакляў. Але ў бліжэйшы час на яго афішах з'явяцца новыя назвы: "Сільва" і "Баядэра". 

Л. КАЛЕЧЫЦ. 
Вячэрні Мінск. – 1971. – 12 кастр.