« Назад
ЮЛІЯ ДЗЯТКО, КАНСТАНЦІН КУЗНЯЦОЎ: "НАМ ЗАЎСЕДЫ ЦІКАВА РАЗАМ"
На рахунку гэтай цудоўнай балетнай пары ўжо дванаццаць удалых выступленняў на міжнародных конкурсах. Яны былі першымі танцоўшчыкамі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, якіх запрасілі выступаць у спектаклях Нацыянальнага акадземічнага тэатра балета. Іх тэхніка захапляе, а вобразы – зачароўваюць. Прыгожыя i маладыя Юлія ДЗЯТКО ды Канстанцін КУЗНЯЦОЎ – госці "ЛіMa".
– Цi даўно вы пазнаёміліся?
ЮЛІЯ. Гэта доўгая гісторыя. У 1984 годзе мы абое nacтупілі ў харэаграфічнае вучылішча. Але, канечне, тады нават не здагадваліся, што будзем танцаваць разам, што станем мужам і жонкай.
– Юлія, чаму менавіта балет?
Ю. Да гэтага я сем гадоў займалася фігурным катаннем. I мая настаўніца харэаграфіі прапанавала пайсці ў балет. Да таго ж, у мяне бабуля з дзядулем працавалі ў оперным тэатры. Я пастаянна бывала на спектаклях, і асабліва мне падабаўся балет.
– Цяжка было паступіць у харэаграфічнае вучылішча?
КАНСТАНЦІН. Так, на той час быў дастаткова вялікі конкурс – 12 чалавек на месца. Haбіралі 18 дзяцей: палову хлопцаў, палову – дзяўчат. Цяпер вучылішча зрабілася каледжам, і педагогі вымушаны павялічваць набор. Але ж харэаграфія – справа індывідуальная, трэба ўдзяляць увагу кожнаму вучню. І, на жаль, не заўсёды іх колькасць пераходзіць у якасць.
– Вы – вельмі прыгожая пара…
Ю. Калі нас пачалі ставіць разам у дуэтных танцах, мы прыгледзеліся адно да аднаго больш уважліва… I на адной навагодняй вечарыне прызналіся ў каханні. А ўвогуле, наш клас быў вельмі дружны, мы не разбягаліся пасля заняткаў, а кудысьці разам iшлi: у кіно, на дыскатэку…
– Дарэчы, як класічныя танцоўшчыкі ставяцца да дыскатэк?
Ю. Я – вельмі люблю. Танцую з задавальненнем.
К. А я з цяжкасцю пераношу сучасную музыку. Хаця пад добрую песню мне танцаваць падабаецца. Аднойчы ў Варшаве мы з двума калегамі пайшлі на дыскатэку. У выніку атрымалася так, што танцавалі толькі мы чацвёра. А астатнія проста на нас глядзелі.
– Як складваецца працоўны дзень артыста балета?
Ю. Ён у нас, канечне ж, ненармаваны. Працуем столькі, колькі трэба. А 10-й гадзіне раніцы пачынаецца ўрок, дзе мы выконваем набор абавязковых фізічных практыкаванняў, гэта штодзённы трэнінг. Праз гадзіну пачынаюцца рэпетыцыі. Kaлi прыязджае Раду Паклітару (гэта малады таленавіты харэограф з Малдовы, вучань Валянціна Елізар'ева), рэпеціруем амаль цэлы дзень. Beчарам – спектакль. Стамляемся, вядома, але гэта стомленасць прыемная.
К. Бывае, наадворот, пасядзіш, не танцуючы, два тыдні – i пачынаеш рыпець як стары зэдлік: i тут баліць, і там коле… Таму што наш арганізм настроены на нагрузкі. Вядома нават, што артысту балета нельга рэзка кідаць танцаваць. I нават калі ты трошкі захварэў, лепш прыйдзі, пазаймайся – i ўсё пройдзе!
– Цi прытрымліваецеся вы дыеты?
Ю. Kaлi многа працуеш, яна непатрэбная. Хіба што пасля летняга адпачынку можна есці трошкі менш – не абмяжоўваць сябе нi ў чым, але есці патрошку.
– Можа, ёсць у вас нейкія сямейныя традыцыі?
К. У нас ёсць добрая сямейная традыцыя: хадзіць разам на працу.
Ю. Проста ўсё наша асабістае жыццё завязана на працы. Нават дома за вячэрай мы гаворым пра рэпетыцыі i спектаклі.
К. Юля добра гатуе, я… добра ем!
Ю. Мы ўсё робім разам – нават прыбіраем удваіх.
К. Снеданне гатую я, бо прывык уставаць рана, а вячэра – гэта Юліна прэрагатыва.
– Kaлi вы сварыцеся, хто першы саступае?
К. Саступаю я.
Ю. Бо, напэўна, я больш наравістая.
К. Мы ўвогуле паводле гараскопа несумяшчальныя: я – Рак, Юля – Авен. Ды i натуры ў нас розныя. Я – песіміст, Юля – аптымісткa. Але гэта зусім не страшна. Мы прывыклі да сваёй асабістай манеры зносін – напаўжартоўнай. Любім адно аднаго "падкалоць". Нам заўсёды цікава разам.
– Як вы змагаецеся з дэпрэсіяй?
Ю. З дапамогай працы. Дэпрэсія з'яўляецца тады, калі работы няма.
К. Бывае, прыедзеш з гастроляў ці з конкурсу – i крылы за спіной. "Давайце мы будзем працаваць!" А гэта нікому больш не трэба. Вось тады пачынаецца дэпрэсія. Але наш галоўны балетмайстар Hiнa Мікалаеўна Дзьячэнка не дае нам расслабляцца. I ў многім дзякуючы ёй, наша трупа існуе. На харэаграфічныя спектаклі нашага тэатра гледачы ходзяць з задавальненнем, нават не горш, чым у Нацыянальны тэатр балета. У нашым рэпертуары ёсць 10 паўнавартасных спектакляў, ды i канцэрты мы можам пастаянна рабіць новыя. Мы рэгулярна ездзім на racтролi за мяжу – а гэта вельмі добры паказчык. У нас унікальная трупа! На жаль, гэта разумеюць не ўсе. Канешне, у любы момент можна перайсці ў іншую трупу, аднак мы аддалі гэтаму тэатру 10 гадоў i жадаем працаваць тут. Але ў добрых умовах.
– Сёлета вы паступілi ў Беларускую акадэмію музыкі на курс Елізар'ева. Чыя гэта была ідэя?
Ю. Мая. Шкада толькі, што ў гэтым годзе не набіралi балетмайстраў – я б паспрабавала.
– Канстанцін, а што сімвалізуюць чатыры вашыя завушніцы?
К. Аднойчы мне захацелася радыкальна змяніць імідж, але артыст балета не можа пафарбаваць валасы ў яркі колер ці зрабіць экстравагантную прычоску. Таму я npaбіў сабе вушы. Спачатку думалі: колькі конкурсаў, столькі завушніц… На чатырох спыніліся. Хачу павесіць яшчэ адну, але ж гэта цэлы рытуал, трэба настроіцца.
Ю. Мужчынам здаўна было ўласціва насіць завушніцы. Прыгадайце гістарычныя фільмы ці карціны. Прычым, раней мужчынскія завушніцы былі больш экстравагантныя.
– Цi не раскажаце пра які-небудзь смешны выпадак, што здарыўся з вамі на сцэне?
Ю. Гэта было на спектаклі "Шахеразада" ў эпізодзе, калi Джын павінен праляцець над сцэнай з адной кулісы ў другую, канечне ж, з дапамогай рабочых сцэны. Аднойчы для спектакля, які быў напярэдадні, пасярэдзіне сцэны наверсе naвесілi нейкую заглушку, а перад нашым спектаклем не знялі. Таму Джын, калі ляцеў над сцэнай, зачапіўся за гэтую заглушку, павіс пасярэдзіне i стаў пагойдвацца. Раптам рабочы сцэны пачаў апускаць яго уніз… А там Косця круціць гран-піруэт! Джына апусцілі амаль што яму на галаву. A калi Джын пачаў адыходзіць за кулісы, яго iзнoў узнялі… Увогуле, смешныя выпадкі – не рэдкасць у акцёрскай прафесіі.
Вольга НАВАЖЫЛАВА. Лiтаратура і мастацтва. – 2002. – 6 снеж.
|