Главная \ Пресса \ Напярэдадні Вербнай (2011 г., Культура)
« Назад

НАПЯРЭДАДНІ ВЕРБНАЙ

Сёння зранку ў Сендайскім скверы, што знаходзіцца каля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, з’явяцца ніцыя вербы, высаджаныя ў знак падтрымкі пацярпелых ад землятрусу ў Японіі.

Мінск і японскі горад Сендай – пабрацімы. Як сімвал сяброўства, сквер упрыгожвае алея горнай сакуры. Цяпер тут схіляць свае галіны нашы вербачкі. У акцыі прымуць удзел прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь і Музычнага тэатра.

Кажуць, сябры пазнаюцца ў бядзе. Два гарады і разам з імі дзве краіны напаткалі трагедыйныя падзеі, загінулі мірныя людзі. Аплакваць іх будуць і дрэвы, знакавыя для славянскай культуры ды хрысціянства. Галіны вербы, згодна з хрысціянскімі звычаямі, ахоўваюць хату ад маланак, пажараў і іншых няшчасцяў. Высаджаныя напярэдадні вялікага свята – Вербнай нядзелі, – няхай тыя дрэвы ахоўваюць сваімі галінамі нашы гарады.

Учора ж у тэатры адбыўся Вечар смутку. Музычная капэла "Санорус" пад кіраўніцтвам Аляксея Шута ўпершыню ў Мінску выканала Рэквіем англійскага кампазітара Джона Ратэра.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2011. – 16 крас. – С. 2.