Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Настальгія і роздум за "Шклянкай вады" (2007 г., Культура)

Настальгія і роздум за "Шклянкай вады" (2007 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАСТАЛЬГІЯ І РОЗДУМ ЗА "ШКЛЯНКАЙ ВАДЫ"

Адкрыццё 38-га сезона Беларускі дзяржаўны музычны тэатр сумясціў яшчэ з некалькімі значнымі тэатральнымі падзеямі. Па-першае, з прэм’ерным паказам адноўленага мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча "Шклянка вады". Праўда, спектакль быў адноўлены ў канцы мінулага сезона, але той яго паказ адбыўся неяк сціпла, "у рабочым парадку", без запрашэння прэсы, таму цяперашні ўспрымаўся сапраўднай прэм’ерай. Па-другое, спектакль стаўся бенефісным, прымеркаваным да 55-годдзя Анатоля Касцецкага – аднаго з вядучых салістаў тэатра, які аддаў яму больш як 30 гадоў свайго жыцця і аднойчы нават паспяхова "прымерыў" на сябе ролю рэжысёра-пастаноўшчыка. Гэтым жа вечарам адзначаўся і юбілей альтысткі Людмілы Уласюк, якая працуе ў тэатры літаральна з дня яго заснавання. 

Ужо адной з гэтых падзей было б дастаткова для адчування свята. А тут – усе яны разам! Ды ўсё ж да святочнага настрою не маглі не прымешвацца і ноткі роздуму: відаць, сама восень з яе настальгічна-філасофскай танальнасцю не спяшалася ператварыцца ў рамантызавана-гімнічную вясну. 

Так, не можа не радаваць з’яўленне ў тэатральнай афішы, пасля некаторага перапынку, хаця б аднаго беларускага твора. А тым больш такога, як "Шклянка вады". Здаецца, чым больш праходзіць часу пасля з’яўлення гэтага мюзікла ў 1994-ым, тым больш відавочным уяўляецца ўнёсак кампазітара ў станаўленне гэтага жанру ў Беларусі. 

Дзесяцігоддзе таму здавалася, быццам на музыку ў гэтым спектаклі застаецца надта мала месца. Сапраўды, сюжэт настолькі "закручаны" (гэта ж вам не жартачкі – з вялізнай 4-актовай п’есы зрабіць усяго 2-гадзінны мюзікл), што яго "падзейнасць" міжволі пакідае музычным нумарам не галоўную, а ўсяго дадатковую функцыю. Сёння ж, калі многія "падзеі" сюжэтнага разгорту ўспрымаюцца ўсяго гістарычным "фонам", цэнтральным "персанажам" становіцца менавіта музыка, якая выяўляе сапраўдныя думкі і пачуцці герояў, – не тыя, што запланаваны "паводле сцэнарыя", а тыя, што складаюць унутраны стрыжань павароту ў душах герояў: ад кахання да грошай і кар’еры. Таму, думаецца, гукарэжысёрам зусім не абавязкова выводзіць тумблеры на максімальную гучнасць (дзве жанчыны пажылога ўзросту, што сядзелі паперадзе мяне, увесь спектакль слухалі, прыкрыўшы вушы далонямі): музыку "не заўважыць" проста немагчыма (дырыжор – Мікалай Макарэвіч). Тым больш пры новых тэхнічных умовах, калі кожны саліст забяспечаны мікрафонам, а харавое гучанне ўзмацняецца ансамблевай групай, змешчанай у аркестравай яме, калі з’явілася магчымасць не фарсіраваць "па-опернаму" гук, а даносіць да апошняга раду нават шэпт. 

Па-новаму расстаўляе акцэнты і новы склад артыстаў. Ад былога ў ім застаўся хіба юбіляр Анатоль Касцецкі. Але ягоны Астролаг (і адначасова Камердынер Каралевы) змяніўся разам з артыстам і ўсім спектаклем: замест іранічнага "каментатара падзей" мы бачым самотнага "прадказальніка", які з вышыні свайго прадбачання суперажывае героям, намагаецца ім дапамагчы нават тады, калі адчувае марнасць намаганняў. Гулліва-вынаходлівы, спрытны на імправізаваныя ідэі, вечна малады, але ўмудроны жыццём Лорд Болінброк, якім яго маляваў непераўзыдзены Арнольд Ранцанц (і, дадамо, энергічна напорыстая музыка У. Кандрусевіча), у выкананні лірычнага Антона Заянчкоўскага становіцца гэткім задумлівым маладым чалавекам, паказная сівізна якога сімвалізуе "юнака з душой старога". 

Калі раней у спектаклі існавала рэзка кантрастнае супрацьпастаўленне моцнай, валявой, нават "жалезнай" Герцагіні Мальбара (у найвыдатным выкананні Наталлі Гайды) і мяккай, трапяткой, а часам і бездапаможнай Каралевы Ганны, дык зараз гэтыя жаночыя постаці шмат у чым сталі нібы адлюстраваннем адна адной: характары абедзвюх замешаны на нервовай імпульсіўнасці (Маргарыта Александровіч, Ірына Шыцікава). Іх "сярэднім арыфметычным" з’яўляецца Абігайль Ілоны Казакевіч, якая старанна "вучыцца" на будучую герцагіню Мальбара. Да пары ёй і "будучы лорд Болінброк" – Капітан Мэшэм (Віктар Цыркуновіч), якога ранейшыя выканаўцы бачылі больш рамантычным. 

Але ж ніякай рамантыкі няма ў тым, што трупа тэатра значна парадзела (гэта асабліва заўважна ў масавых сцэнах, накшталт каралеўскага балю ці мітынгу, у не надта яркіх выкананых харэаграфічных нумарах, якія для сучаснай пастаноўкі ўсё ж патрабавалі б новай рэдакцыі).

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2007. – 10 чэрв.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: