Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Настальгія ... па элітарнаму (1993 г., Літаратура і мастацтва)

Настальгія ... па элітарнаму (1993 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАСТАЛЬГІЯ ... ПА ЭЛІТАРНАМУ

Гэты сезон пачаўся для дзіцячага музычнага тэатра-студыі "Казка" з рэпетыцый новага спектакля, і менш чым за два месяцы ён быў падрыхтававы да выпуску. Прэм'ера сталася адметнай падзеяй. Гаворка пра "Дзіцячы альбом" Чайкоўскага, пастаўлены вядомым рэжысёрам з Санкт-Пецярбурга А. Пятровым (мастак I. Прэс). Ён – і аўтар лібрэта, асновай для якога з'явіліся творы У. Набокава, Л. Талстога і М. Гарына-Міхайлоўскага.

Музычны кіраўнік і дырыжор спектакля – Г. Аляксандраў (ён жа мастацкі кіраўнік тэатра-студыі). Аднойчы ў пецярбургскім дзіцячым музычным тэатры "Зазеркалье" ён пабачыў пастаноўку "Дзіцячага альбома", быў проста зачараваны і загарэўся жаданнем мець такі спектакль у небагатым пакуль рэпертуары свайго маладога калектыву. Вельмі прыцягальнай аказалася сама ідэя паяднання класічнага музычнага і літаратурнага матэрыялу адзінай тэмай, у выніку чаго ўзнік цэласны тэатральны твор. Вядомы зборнік фартэпіянных п'ес П. Чайкоўскага "Дзіцячы альбом" быў перакладзены для аркестра (аўтар аркестравай рэдакцыі – Л. Дзесятнікаў) і трактаваны ў нейкім сэнсе з пазіцый опернага тэатра. Тут няма разгорнутых музычных тэм, бо аснова музычнай драматургіі – своеасаблівая сюіта лёгкіх і невялікіх па аб’ёме п’ес. Але яны паяднаныя лейтматывам, напрыклад, тэма дарогі аб'ядноўвае дзеянне ўсяго II акта. Можна меркаваць, што сам тонкі музычна-літаратурны сплаў спарадзіў сінтэтычны жанр, у якім спалучыліся рысы опернага спектакля, драмы і пантамімы (у "Дзіцячым альбоме" вялікае значэнне надаецца пластыцы).

Спектакль А. Пятрова на музыку П. Чайкоўскага – гэта памяць-згадка пра дзяцінства, настальгія па страчанай шляхетнай культуры мінулай эпохі, разам з якой адышлі сапраўдныя паняцці духоўнасці, інтэлігентнасці, асаблівыя ўзаемаадносіны ў сям'і.

Сюжэтная канва пераплецена такім чынам: два персанажы (Хлопчык і Пісьменнік) увасабляюць на сцэне адну асобу: усё, што адбываецца з Хлопчыкам, жыве ў памяці Пісьменніка як згадка пра сваё дзяцінства. Поспеху спектакля "Дзіцячы альбом" П. Чайкоўскага на музычнай сцэне спрыяе дакладнасць акцёрскага "пападання": адразу ж адчуваецца выканальніцкая гармонія артыстаў С. Раманоўскай (Хлопчык) і А. Касцецкага (Пісьменнік). Ёсць у спектаклі моманты высокага эмацыянальнага напалу, калі два гэтыя персанажы ўспрымаюцца неадрыўнымі адно ад аднаго, як палавінкі адзінага цэлага, як грані адной душы. Тут можна гаварыць, пра баланс акцёрскага майстэрства, знойдзены выканаўцамі, пра тую нябачную планку, якую нельга ніводнаму з іх ні падняць, ні апусціць, каб не парушыць гармонію. Акцёры арганічна і ў сугучнасці спасціглі глыбіню задумы аўтараў незвычайнага спектакля.

Па ходзе дзеяння Пісьменнік быццам каменціруе ці тлумачыць тое, што адбываецца з Хлопчыкам. Гэта, так сказаць, вонкавае, спрошчанае ўражанне. На самай справе Пісьменнік быццам акумулюе ў сабе душэўную энергію, якая дапамагае яму ўяўныя вобразы зрабіць рэальнымі. Для акцёра гэтая роля складаная не толькі па псіхалагічнай насычанасці, але і па неабходнасці захоўваць вобраз у часта даволі працяглых паўзах: карціны ўспамінаў мяняюцца адна за другой, мяняюцца персанажы, а ён, Пісьменнік, быццам кожны раз удыхае ў іх жывую сілу. У гэтай ролі рэалізаваўся дар А. Касцецкага як драматычнага акцёра, ён дасягнуў сапраўднага псіхалагізму, чаго публіцы не даводзілася бачыць у спектаклях з ягоным удзелам на сцэне Тэатра музычнай камедыі. Артыст стварыў такі вобраз інтэлігента мінулага стагоддзя, якім уяўляеш яго, чытаючы рускую класічную літаратуру. I гэта пры тым, што дынамічнага дзеяння з удзелам Пісьменніка на сцэне не адбываецца, у асноўным вобраз раскрываецца праз маналогі, у якіх і заключаецца ўся моц эмацыянальнага ўздзеяння.

Эпізоды ўспамінаў Пісьменніка ідуць чарадой і нязменна – з удзелам Хлопчыка, поруч з якім Пісьменнік падаецца нібы саўдзельнікам. Але глядач ужо не можа ўспрымаць гэтыя персанажы адно без другога, Мнемазіна, багіня памяці, знітавала іх. Хлопчык у выкананні С. Раманоўскай як бы чэрпае сілу і энергію ў сваёй "дарослай палавінкі", і наадварот. Кожны адчувае душэўны імпульс і нерв другога.

Вельмі тонка і псіхалагічна дакладна даносіць С. Раманоўская да гледача ўсе нюансы глыбокіх перажыванняў свайго юнага героя, пераканальна перадае драматызм сітуацый, якія зведаў Хлопчык. Адно толькі тое, што ён у дзяцінстве страціў маму, было страшэнна балюча для дзіцячага сэрца, так балюча, што нават у сталым узросце той боль не сціхае. Або іншае, радаснае хваляванне Хлопчыка, калі ён з такім захапленнем, забыўшыся пра ўсё на свеце, танцаваў мазурку з дзяўчынкай, якая прыехала да іх на свята і якая вельмі яму спадабалася... Трэба бачыць С. Раманоўскую ў гэтай сцэне! Не, яе Хлопчык не падбягае да Сонечкі, каб запрасіць на танец, ён ляціць да яе на крылах, і гэту акрыленасць дало яму новае пачуцце. Відаць, эмацыянальную сілу і запамінальнасць надае гэтай сцэне музыка П. Чайкоўскага.

Спектакль разлічаны на дзяцей таго ўзросту, калі яны ўжо могуць усвядоміць многія філасофска-этычныя праблемы, закранутыя аўтарамі пастаноўкі. А для малодшых гледачоў будуць цікавейшымі вясёлыя відовішчныя сцэны, якія таксама тут ёсць. Напрыклад, сцэна з музычнымі зксцэнтрыкамі. Артыстаў В. Міціну і В. Шабуню нават трохі нечакана бачыць у такім амплуа і таму – асабліва цікава. Тым больш, наконт акцёрскага майстэрства абоім нельга не сказаць ухвальных слоў, мо толькі трошкі не хапае ім у гэтым нумары лёгкасці і пластычнай завершанасці. Таксама цікавая і відовішчная сцэна "італьянскага тэатра", дзе з'яўляюцца хрэстэмацыйна знаёмыя персанажы: Пульчынела, П'еро, Каламбіна і Арлекін у выкаванні В. Бажэнава, А. Арцем'ева, А. Бундзелевай і А. Кузьміна. Цудоўная музыка быццам натхняе выканаўцаў, у ігры якіх дынамічна і жыва спалучыліся вакал і ўдалы пластычны малюнак.

Не вельмі ўражвае сцэна калядавання. У ёй ёсць усё: і гурт калядоўшчыкаў, і калядныя песні, і фальклорныя маскі-персанажы Каза ды Мядзведзь, і нават Певень з Чортам. Не стае толькі ўсяму гэтаму сэнсавай завершанасці, дынамізму і жывога гумару. Бракуе гэтай сцэне, як ні дзіўна, – тэатралізаванасці. Праўда, сцэнка з Мядзведзем разыгрываецца, але вось Каза – галоўны калядны персанаж – у цэнтр дзеяння не трапляе, а Чорт наогул, я сказала б, не зусім адпаведны сваёй прыродзе, даволі статычны, пасіўны, хоць ролю яго выконвае артыст балета, якому наканавана быць рухавым.

Класічная вышыня абранага матэрыялу, яго гуманістычная накіраванасць, высокая пастановачная культура і чысціня атмасферы спектакля вымагаюць адпаведнага ўзроўню ад выканаўцаў і ад публікі. "Дзіцячы альбом" не разлічаны на лёгкі поспех і на лёгкае ўспрыманне, у ім ёсць элементы элітарнасці. Зусім слушнае рашэнне – паказваць гэты спектакль не толькі раніцай, для дзіцячай аўдыторыі, а і вечарам, каб дзеці ды бацькі маглі паглядзець яго разам. Бо ў спектаклі вельмі тонка пазначаюцца многія аспекты сямейных стасункаў і паказваецца іх культура, ненадакучліва падаецца думка пра агульначалавечыя каштоўнасці, закранаюцца самыя трапяткія струны ў душы і дарослага, і дзіцяці.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Літаратура і мастацтва. – 1993. – 22 студз. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: