« НазадНАСТАЛЬГІЯ ПА "ПРЫНЦЭСЕ…"Класічная аперэта "Містар Ікс" — бяспройгрышная латарэя ў афішы. Публіка заўсёды будзе прыходзіць на гэты спектакль у чаканні сустрэчы з любімымі героямі твора і незабыўнай музыкай Кальмана. Гэта — непарушная ісціна, з якой цяжка спрачацца. Але прэм'ера спектакля пакінула шмат пытанняў. Галоўнае з іх — якім чынам сёння трэба ставіць класіку? Асучасніваць наіўныя сюжэты ці пакідаць іх без усялякіх змяненняў? Рэжысёр Ганна Маторная скрыжавала першае з другім. Аперэта "Прынцэса цырка" атрымала назву "Містар Ікс" і набыла новыя, нечаканыя сюжэтныя павароты. I вось ужо галоўная гераіня, руская эмігрантка графіня Палінская, займела простае рускае імя Тэадора. I вось ужо Пуасон, гнюсны сакратар барона дэ Крэвельяка, раптам ператварыўся ў… мадэмуазэль Пуасон, "далёкую сваячку маркізы дэ Пампадур", безнадзейна закаханую ў свайго яшчэ больш гнюснага шэфа ("Смела!" — сказаў бы герой іншай кальманаўскай аперэты). Стары добры рэстаран "Зялёны папугай" рашуча перайменаваны ў "Танцуючы лобстар", а сярод яго наведвальнікаў з'яўляюцца дзіўныя "гібрыдныя" істоты, пазначаныя ў праграмцы як "дамы-бакалы"… У выніку атрымалася даволі спрэчная сюжэтная канва, багатая на мнагаслоўныя тэксты, якія замаруджваюць развіццё дзеі і часам пачынаюць неапраўдана дамінаваць над музыкай. А ў саму партытуру чамусьці трапляюць устаўныя нумары (арыя Раджамі з "Баядэры" ў выкананні спадарыні Пуасон) і з'яўляюцца "прыджазаваныя" рытмы, відавочна створаныя сучасным аранжыроўшчыкам у стылі "а-ля Кальман". Але галоўны сюрпрыз рэжысёр падносіць публіцы са з'яўленнем Тэадоры: напэўна, упершыню за ўсю гісторыю незлічоных увасабленняў кальманаўскай "Прынцэсы цырка" выхадную арыю галоўнай гераіні выконваюць адразу два сапрана — сама Тэадора і мадэмуазэль Пуасон. Нават шкада графіню Палінскую! Яна і так ахвяра зламыснай Пуасон, якая раўнуе яе да барона, а тут яшчэ і арыю даводзіцца спяваць з ёй разам! Дзеля чаго ўсе гэтыя новаўвядзенні? Айчынны слухач нічога не меў бы супраць апрабаванага на савецкіх аперэтачных сцэнах лібрэта, дзе галоўную гераіню завуць Тэадора Вердзье, а сакратар барона Пуасон — усё ж асоба мужчынскага полу, нягоднік і даносчык, апанаваны прагай нажывы, гэткі прататып будучых сексотаў. Нармальны адмоўны персанаж, скажу я вам, тым больш што ў фінале аперэты і ён, і барон дэ Крэвельяк церпяць поўнае фіяска. Так ім і трэба! А тут Пуасон раскайваецца, усведамляе віну перад Містарам Ікс! Гэткая вясёлая аперэтачная "дастаеўшчына"! У сцэнаграфіі "Містара Ікс" галоўнае — прастора, якая трансфармуецца, і гэта без цяжкасцей прачытваецца. Але падобныя плоскасныя рашэнні, заснаваныя на прынцыпе мінімалізму, больш падыходзяць для малых сцэн ці выязных варыянтаў спектакляў. А вялікая сцэна тэатра патрабуе ад сцэнографа большых маштабаў, большай вынаходлівасці, калі хочаце, пагатоў у сюжэце пра цыркавое закуліссе. Сцэнічнай прасторы відавочна не хапае аб'ёму, яна не спрыяе разгортванню цыркавога дзеяння. Стваральнікі спектакля чамусьці пабаяліся пасадзіць артыстаў на трапецыю, узняць іх над сцэнай, а дарма! Расказваючы пра цырк, варта хоць бы ў малой колькасці ўжываць атрыбуты і прыёмы цыркавога мастацтва, якія мусяць дэманстраваць выканаўцы галоўных роляў. Тое ж тычыцца і ўласна танцавальных эпізодаў. Тоні і Мары (Аляксандр Гелах і Ірына Кучынская) пасля выканання дуэта "Как можно цирка не любить" замест эфектнай танцавальнай "адбіўкі" весела бегаюць пад музыку адно за другім, а потым Мары пад барабанны пошчак урачыста накідвае на шыю Тоні хула-хупы. I гэта ўсё?! А дзе ж іскрамётны танец каскаднай пары, якога так чакае публіка і які ў класічнай аперэце абавязковы, як "Ойча наш"? Чаму ў спектаклі акцёры ўвогуле так мала рухаюцца, а "за іх" танцуюць артысты балета? Прыемна бачыць на сцэне прыгожых маладых герояў — Містара Ікс і Тэадору ў выкананні Андрэя Марозава і Наталлі Дзяменцьевай. Артысты спраўляюцца са складаным вакальным матэрыялам, але ў акцёрскім плане ім, на жаль, не стае арганічнасці. А вось пара каскадных старых у асобах Аляксея Кузьміна (Пелікан) і легенды айчыннай аперэты Наталлі Гайды (Караліна) дае моладзі фору з лішкам. Выканаўцы з асалодай увасабляюць свае мізансцэны, азартна падаючы адно аднаму акцёрскія пасы. Але і іх пару балетмайстар чамусьці пакінуў без эфектнага танца, у якім таленавітыя майстры маглі б па-сапраўднаму праявіць сябе. Голас Наталлі Гайды па-ранейшаму гучыць фенаменальна свежа, уражвае лёгкімі вярхамі і роўным гучаннем па ўсім дыяпазоне. Гайда — унікальная спявачка і актрыса, дзякуй Богу, што яна запатрабавана ў тэатры і што моладзь мае выдатную магчымасць пераймаць яе каласальны сцэнічны вопыт. Нечаканай для Лідзіі Кузьміцкай з яе амплуа гераіні аказалася характарная роля мадэмуазэль Пуасон. Але актрыса знайшла неабходныя фарбы, каб апраўдаць рэжысёрскую задуму. Яе партнёр Дзяніс Нямцоў у ролі барона дэ Крэвельяка парадаваў арыстакратычнымі манерамі і тонкай іроніяй у перадачы вобраза свайго недарэчнага героя. Крытычныя заўвагі ў адрас стваральнікаў спектакля наўрад ці нешта зменяць. Аперэта "Містар Ікс" пастаўлена, жыве самастойным жыццём, падабаецца гледачам. Магчыма, аўтар гэтых радкоў надта многага хоча? Але я чамусьці настальгую па папярэдняй "Прынцэсе цырка" ўзору 1989 года. Шыкоўны быў спектакль! Новая пастаноўка па вызначэнні мусіла быць лепшай. Але, на маю думку, гэтага не адбылося. Не атрымалася ўзняць планку, вось што крыўдна… Вольга БРЫЛОН. На здымку: Антон Заянчкоўскі (Містар Ікс), Наталля Дзяменцьева (Тэадора). |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by