« Назад НЕ КЛАСІКА... АЛЕ – ПРЫГОЖА!
– Бачылі прэм'еру?
– ??? – Тэатр музкамедыі паставіў "Шклянку вады"! – О, класіка! Трэба схадзіць: пэўна, незвычайнае нешта... – Схадзіць трэба. Але... Гэта не класіка. Гэта не славуты вадэвіль Скрыба. Гэта драматургія Рацэра і Канстанцінава. Паводле. – А, паводле... Уяўляю сабе. Адыёзная "касавая" савецкая камедыя. Ды яшчэ на глебе класікі... – Ну, вы не маеце рацыі: гэта "ачышчаны" варыянт п'есы "Ваш ход, каралева!", прыняты да працы кампазітарам Уладзімірам Кандрусевічам ды рэжысёрам Барысам Уторавым. У выніку працы атрымаўся мюзікл. I, здаецца, што пры ўсіх "але" ён будзе-такі касавым. – Вы, відаць, наведаліся ўжо на 2-3 спектаклі, бачылі рэакцыю публікі, таму й мяркуеце пра ягоную "касавасць"? – На жаль, бачыў толькі адзін спектакль. Але першае ўражанне не заўсёды памылковае. Зрэшты, можа, й памыляюся... Ну, якія мае аргументы на карысць глядацкай цікаўнасці й цікавасці? "Класічная" крыніца сюжэта. Прыдворная інтрыга: малады прыгажун, тры жанчыны вакол яго (каралева, герцагіня ды юная драпежніца ў абліччы анёлка), побач – спрактыкаваны палацавы палітык, які высноўвае з усіх падзей уласную кар'еру. Што адбудзецца? Чым скончыцца? Адвечныя абывацельскія пытанні, якія суправаджаюць прагляд "мыльнага" серыяла, нясуць з сабою ў тэатральную залу і прыхільнікі аперэты, якія не робяць розніцы паміж сваім улюбёным жанрам ды мюзіклам. Пра тое, што ў "Шклянцы вады" можа быць зусім не камедыйнае змесціва, наўрад ці хто задумаецца. – А што: яно ёсць? – Ды вось не магу сказаць пэўна. Падалося, што намёк на "сур'ёзны змест" зроблены: калі ў класічных аперэтах канфлікт нараджаецца з-за непаразумеласці паміж чыстымі, высакароднымі героямі ў выніку інтрыг ды хітрыкаў "зладзеяў", дык тут... Тут жа ўсе персанажы настолькі дурнаватыя ды падлаватыя, што ў фінале замест трыумфу маладога кахання гучыць амаль... абвінавачванне распуснаму жыццю і пошласці. Але, як у гэткіх выпадках кажуць, "акцэнты расстаўлены не надта выразна", таму і не бяруся рабіць пэўных высноў. – Ну, а яшчэ што? – А яшчэ – на дзіва прыгожае, густоўнае афармленне. Мастак Барыс Герлаван "апрануў" спектакль цалкам: сцэнаграфія, касцюмы... Трэба тут сказаць: нават чорна-белыя фотаздымкі са спектакля могуць натхніць глядацкую цікаўнасць. А калі дадаць, што герцагіня Мальбара (адзіная і непераймальная выканаўца – Наталля Гайда!) некалькі разоў мяняе шыкоўныя строі, дык... – Не сумняваюся, гераіня Наталлі Гайды трымае ўвесь спектакль. – Так. Але ж і партнёры ў яе цудоўныя: Арнольд Ранцанц (таксама ў гэтым спектаклі – незаменны), Валянціна Пятліцкая, Святлана Раманоўская, Васіль Мінгалёў ды іншыя... I дырыжор шчыруе: Аляксандр Сасноўскі... – Хацелася б дазнацца, што вы мелі на ўвазе, калі сказалі: "пры ўсіх "але"... – Ведаеце, нават няёмка... Вы маглі падумаць, што гэтую банальную пагаворку я ўставіў "дзеля адчэпнага", – дык не. Сапраўды: падзея, калі на сцэне, ды яшчэ ў такі неспрыяльны для мастацтва час, з'яўляецца новы твор беларускага кампазітара. Толькі вось я міжволі параўноўваю прэм'еру Уладзіміра Кандрусевіча, якая адбылася нейкі час таму, з гэтым творам і думаю сабе, як тая гогалеўская нявеста: вось калі б да музычнай драмагургіі першага мюзікла, створанага паводле "Тэатра" Сомерсета Моэма і названага "Джулія", дадаць сцэнаграфічнае мастацва, якое з лёгкай таленавітай рукі Барыса Герлавана набыла цяперашняя прэм'ера, – вось тады б... Зрэшты, спектаклі розныя бываюць. – Розныя, так... Хутчэй бы сярод гэтых "розных" пабачыць сапраўды адметнае. Можа, такую адметнасць мае "Шклянка вады"? Схаджу, гляну. Здымкі са спектакля й сапраўды прыгожыя. Але калі ўжо мы зможам пабачыць гэткія ж файныя здымкі з прэм'еры Голандавай "Агаткі", якую, здаецца, збіраўся ставіць Беларускі тэатр музычнай камедыі? Што замінае менавіта гэтаму тэатру ў добрым сэнсе прысабечыць камічную оперу, якая 210 гадоў таму пабачыла жыццё ў Радзівілавым Нясвіжы? Зрэшты, гэта я так, між іншым. Дзякуй за інфармацыю да роздуму. На прэм'еру пайду абавязкова!
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by