Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Не мог не стаць артыстам (1982 г., Літаратура і мастацтва)

Не мог не стаць артыстам (1982 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НЕ МОГ НЕ СТАЦЬ АРТЫСТАМ

Амаль парадаксальны факт: дыпламаваны інжынер, за плячамі якога сярэдняя школа з залатым медалём, політэхнічны інстытут, год працы на заводзе, а наперадзе перспектыва росту, раптам рашуча змяняе жыццё і ідзе вучыцца ў кансерваторыю…

Але ці так ужо і раптам? Для самога Рыгора Харыка такое рашэнне не было выпадковым. Прыродны талент, захопленасць мастацтвам – з маленства… Ён проста не мог не стаць спеваком, артыстам, і творчыя набыткі тых шасці гадоў, што ён працуе ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыіі БССР (з іх чатыры гады салістам), пацвярджаюць правільнасць яго рашэння.

Рыгор Харык спяваў яшчэ ў школьнай самадзейнасці, потым у інстытуце, наведваў вакальную студыю. Якраз у тыя гады захапленнем моладзі быў Клуб вясёлых і знаходлівых. Удзел у камандзе КВЗ Беларускага політэхнічнага інстытута, выступленні з вакальна-інструментальным ансамблем "Дойліцы" (які стаў, дарэчы, лаўрэатам Усесаюзнага тэлевізійнага конкурсу "Алё, мы шукаем таленты!"), канцэртныя паездкі з ім па краіне – усё гэта стала тым зыходным пунктам, з якога пачалася новая прафесія. 

Але патрэбна была вакальная школа… І тады прыйшло адзіна магчымае рашэнне: пайсці вучыцца ў кансерваторыю. 

Так перастаў існаваць інжынер-наладчык завода імя С. Арджанікідзе, і Рыгор Харык стаў студэнтам вакальнага факультэта Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў класе прафесара С. Асколкава. На трэцім курсе ён быў залічаны стажорам у тэатр музкамедыі, з 1978 года Р. Харык – саліст тэатра.

Спачатку былі так званыя ўводы ў спектаклі бягучага рэпертуару: роля графа Данілы ў "Вясёлай удаве" Ф. Легара, Эдвін у "Сільве" І. Кальмана, Ніколка ў "Бабскім бунце" Я. Пцічкіна і інш. Потым з’явіліся і "свае" ролі – у творах, пастаноўкі якіх ужо рыхтаваліся і з яго непасрэдным удзелам. Гэта розныя героі, жывуць і дзейнічаюць яны ў розныя часы і ў розных абставінах. І ў артыста, адпаведна, вельмі розныя задачы. Але ў кожным спектаклі мы пазнаём манеру сцэнічных паводзін Рыгора Харыка, яго імкненне надаць вобразам сучаснае гучанне.

Класічныя персанажы – граф Даніла, Эдвін, Фальк – у пэўным сэнсе для сённяшніх гледачоў персанажы "ўмоўныя", пастаўленыя ў акалічнасці ўяўныя. І мы загадзя ведаем фабулу. Так што акцёру не надта і лёгка ў сцэнічным існаванні гэтых герояў дамагчыся арганічнасці і праўдзівасці, унесці ў вобраз адметныя рысы "ад сябе". Рыгор Харык імкнецца менавіта да гэтага, і нярэдка яму гэта ўдаецца.

А вось героі спектакляў па творах сучасных аўтараў: Юрась ("Несцерка" Р. Суруса), Андрэй ("Старыя дамы" А. Фельцмана), Ніколка ("Бабій бунт" Я. Пцічкіна). У гэтых работах малады саліст старанна выбірае сцэнічныя сродкі, дакладна іх выкарыстоўвае, дамагаецца індывідуалізацыі характараў. Вельмі важнай падаецца і тая агульная рыса, якая ідзе ад душэўнага складу самога артыста і аб’ядноўвае ўсіх яго герояў: інтэлігентнасць. Ва ўсім – у манеры сцэнічных паводзін, у спевах, адносінах з партнёрамі. Гэта ўнутраная якасць у спалучэнні з добрым мастацкім густам абараняе акцёра ад уплыву танных штампаў, "славутай" пошласці, што не так і рэдка існуюць на аперэтачнай сцэне. 

Дарэчы, хто, як не сталы партнёр, можа слушна сказаць пра свайго малодшага калегу? Народная артыстка БССР Наталля Гайда выступае поруч з Р. Харыкам у "Сільве", "Вясёлай удаве", "Несцерку", "Бабскім бунце", "Лятучай мышы", "Старых дамах", "Маёй цудоўнай лэдзі". 

– Ён партнёр удумлівы, чуйны, – гаворыць Н. Гайда. – У тэатры прынята меркаваць, што малады акцёр – гэта акцёр малавопытны, без прафесійных навыкаў, шмат чаго на сцэне яму пакуль недаступна. Рыгор Харык у многім абвяргае гэту думку. Ён сваёй працай сцвярджае, што прафесіяналізм і майстэрства – гэта неабавязкова плён гадоў. У яго працэс назапашвання прафесіяналізму ідзе надзвычай інтэнсіўна. Чатыры гады працы салістам – тэрмін, як часам здаецца, вельмі кароткі, але сёння Харыка ўжо без аніякіх скідак можна назваць сапраўдным прафесіяналам. У ролі ён нічога не робіць "проста так". Ён дакладна прасочвае логіку характару свайго героя, уласцівасці яго натуры. І пралікі, якія, бывае, трапляюцца ў яго работах, – ад памылкова зробленай псіхалагічнай лініі. 

Зразумеўшы, у чым памылковасць, артыст надалей знаходзіць спосаб удакладніць логіку гэтай лініі. Ён арганічны і па-сапраўднаму жывы ў кожнай ролі… І ўсё ж не магу не зазначыць: штосьці пакуль замінае Харыку па-сапраўднаму раскрывацца ў асабліва эмацыянальных, лірычных ролях. Можа, тое, што для яго натуры, як мне здаецца, характэрны рацыянальна-іранічны пачатак, таму ў ролях герояў-любоўнікаў ён крыху рацыянальны. Хачу параіць Рыгору ў спектаклях не баяцца разліваць пачуцці, не прыстасоўваць эмоцыі сваіх герояў да свайго характару…

Рыгор Харык заняты амаль ва ўсім бягучым рэпертуары тэатра музкамедыі і, так сказаць, на "першых ролях". Сярод яго работ асабліва вылучаецца апошняя: Генры Хігінс у мюзікле Ф. Лоў "Мая цудоўная лэдзі". Вось словы рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля, народнага артыста БССР Сямёна Штэйна:

– Помню Рыгора Харыка ў рабоце над роллю Сцяпана ў дзіцячай аперэце Юрыя Семянякі "Сцяпан – вялікі пан", якую мне давялося ставіць. Тады, і нават пазней, я ніяк не мог уявіць, што ён здольны "падняць" ролю Хігінса, якая вымагае сталага майстэрства і таленту. Тое, што зроблена ім у спектаклі "Мая цудоўная лэдзі", – для мяне нечаканасць. Гэта больш, чым добра сыграная роля. З першых рэпетыцый гэты акцёр па-сапраўднаму сур’ёзна і вельмі адказна адносіўся да сваёй работы. Сціплы, нешматслоўны, ён ужо на пачатку працы ведаў дасканала тэкст ролі і адразу пачаў працаваць над характарам. Спрыяла і тое, што Рыгор Харык падцягнуты, спартыўны, пластычны, здольны лёгка пераходзіць ад прозы да танца, ад танца – да спеваў… Ды самае галоўнае – спасціжэнне своеасаблівай логікі прафесара Хігінса, яго ўчынкаў, алагічных для іншых і лагічных для яго. Гэта і ёсць тое зерне, якое выяўляе акцёр і гарэзліва нават, і з глыбінёй.

Не такі ўжо часты выпадак, калі вядомы рэжысёр дае высокую ацэнку рабоце зусім маладога саліста… 

Як саліст музычнага тэатра Р. Харык мае ўсе належныя якасці. Добры і пачатак яго творчага шляху. А яго працяг залежыць і ад самога артыста, і ад шчаслівых сустрэч з творчымі паплечнікамі, рэжысёрамі, якім змогуць "здабыць" тое лепшае, чым багата гэта артыстычная натура.

Алена РАКАВА.
Літаратура і мастацтва. – 1982. – 3 верас. – С. 13.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: