Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Новае ў аперэце (1973 г., Тэатральны Мінск)

Новае ў аперэце (1973 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НОВАЕ Ў АПЕРЭЦЕ

Прэм'ера новага сезону ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР – аперэта "Паўлінка" беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Юрыя Семянякі. Чытачам не трэба прадстаўляць бессмяротную камедыю класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, паводле якой напісана аперэта. Не адно дзесяцігоддзе "Паўлінка" ідзе на сцэне беларускага акадэмічнага драматычнага тэатра, які носіць імя выдатнага паэта. Прыход "Паўлінкі" на музычную сцэну – знамянальная падзея ў тэатральным і музычным жыцці Беларусі. 

"Паўлінка" – трэцяя работа Ю. Семянякі ў жанры музычнай камедыі. У "Рабінавых каралях" кампазітар расказаў аб жыцці нашай моладзі, закранаючы некаторыя маральныя праблемы, што паўстаюць перад ёю на пачатку жыццёвага шляху. "Пяе жаваранак" – гераічная музычная камедыя, сюжэт якой звязаны з падзеямі мінулай вайны; у творы адлюстроўваюцца эпізоды барацьбы савецкіх людзей з фашысцкімі захопнікамі. I вось новая работа кампазітара – аперэта "Паўлінка". Аўтар лібрэта – вядомы паэт, заслужачы дзеяч культуры Алесь Бачыла. 3 ім кампазітара звязвае шматгадовая творчая дружба. На вершы А. Бачылы Ю. Семяняка напісаў больш за дзесяць песень. Іх сумесная праца – тры оперы: "Калючая ружа", "Калі ападае лісце", "Зорка Венера", а таксама дакументальны фільм пра Максіма Багдановіча, у якім А. Бачыла і Ю. Семяняка выступілі як аўтары сцэнарыя і музыкі. 

Для А. Бачылы "Паўлінка" – першая работа ў жанры аперэты. У лібрэта беражліва захаваны насычаныя непадробным народным гумарам дыялогі і сцэны, якія, напэўна, наш чытач і глядач ведае напамяць. Шматлікія музычныя нумары – хор "Каруселі", арыі, арыёза, дуэты, трыё, квінтэт напісаны на вершы А. Бачылы, паэт у вершаванай форме передае змест сцэн і празаічных маналогаў купалаўскіх герояў. 

Музычная драматургія твора будуецца на спалучэнні і развіцці двух лейттэм, якія характарызуюць асноўныя вобразы: тэмы кірмаша, увасабляючай вобраз народа, поўны аптымізму, сакавітага гумару, і тэмы Якіма, якой кампазітар імкнуўся падкрэсліць гераічны, сацыяльны пачатак. Гэта апошняя акалічнасць уяўляецца аўтарам вельмі важнай у драматургіі твора. Песня Якіма з хорам "Мужык" вызначае, па сутнасці, асноўную тэму аперэты – тэму народа, беларускага мужыка, які, не гледзячы на цяжкасці жыцця, галечу і бяспраўе, повен гонару, пачуцця ўласнай годнасці: ён бессмяротны. Як персанаж аперэты, Якім удзельнічае толькі ў першым акце, але ў музыцы ён "прысутны" да канца дзеяння. Аперэта мае драматычны фінал – Якіма арыштоўваюць (гэтак жа, як і ў п'есе Янкі Купалы), Паўлінка ў горы... Але па ўсім сваім строі гэты фінал не надае спектаклю характар драмы; ён сцвярджае гераічную лінію твора. У фінале песню Якіма "Мужык" (з якой і пачынаецца спектакль) пяюць усе ўдзельнікі (зразумела, акрамя пана Адольфа Быкоўскага). 

Музыка "Паўлінкі" прасякнута беларускімі народнымі інтанацыямі ад першай да апошняй старонкі. Кампазітар імкнуўся пранікнуць у інтанацыйны лад беларускай песенна-танцавальнай творчасці, і гэта яму ўдалося. Акрамя таго, Ю. Семяняка выкарыстаў некалькі сапраўдных народных песень – "Чаму ж мне не пець", "Ой, там у бору", "А ў полі ніўка", "Туман ярам" і мелодыю народнага танца "Крыжачок". У двух музычных нумарах скарыстаны вершы Янкі Купалы, створаныя паэтам у розныя гады: у песні Якіма – "Мужык", у яго ж арыёзе – "Як у лесе зацвіталі ліпа ды з калінай". 

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР С. Штэйн расказвае аб рабоце над спектаклем: "Аўтары аперэты і ўсе мы, удзельнікі спектакля, узялі на сябе вялікую адказнасць. Па-першае, бессмяротная купалаўская камедыя ўпершыню ў сваёй гісторыі ступае на музычную сцэну. Па-другое, вядома, што ў Мінску многія гады "Паўлінка" ідзе ў праслаўленым купалаўскім тэатры, у свой час цудоўныя вобразы стварылі буйныя майстры беларускай сцэны Л. Ржэцкая, В. Пола, Р. Кашэльнікава, Г. Глебаў, У. Дзядзюшка, Б. Платонаў. I зараз спектакль вельмі цёпла прымаецца гледачамі. Мы, разумеючы ўсю адказнасць нашай работы, не ставілі задачай сыграць драматычную п'есу на музычнай сцэне. Мы хацелі стварыць прынцыпова новы спектакль, расказаць п'есу Янкі Купалы мовай музыкі. I музыка Юрыя Семянякі з'яўляецца тут не ілюстрацыяй, а галоўнай дзеючай асобай спектакля..." 

Спектакль "Паўлінка" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР атрымаўся сакавітым, каларытным, поўным хітрынкі, агністага народнага гумару, вяселля і дабраты, і, адначасова, гэта спектакль значнага сацыяльнага гучання. 

Акцёры нібыта існуюць на сцэне ў двух планах: па-першас, яны – удзельнікі кірмаша, вясёлых падзей, што там адбываюцца, і між імі быццам бы размеркаваны ролі гэтага святочнага дзеяння, якія яны павінны разыграць. Па-друтое, яны – выканаўцы гэтых роляў. На вачах у гледача артысты "выключаюцца", з гарэзлівасцю, весела і імкліва мяняюць дэкарацыі, потым "уключаюцца" зноў у дзеянне, і спектакль працягваецца. Ён ідзе ў хуткім тэмпе, гледачы прысутнічаюць на яркім, маляўнічым відовішчы і прымаюць яго з захапленнем. 

Дырыжор спектакля – галоўны дырыжор тэатра М. Фоцін. Танцы паставіў балетмайстар – народны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР С. Дрэчын. Хормайстар – Н. Андросава, мастак А. Марозаў. 

...Скончылася дзеянне. Якіма павезлі ў турму, народ праводзіў яго мужнай, гераічнай песняй ... I вось ужо на сцэне ўсе ўдзельнікі спектакля. Пад музыку "Кірмаша" яны раскланьваюцца з гледачамі. 3 літараў, што яны трымаюць у руках, спачатку, у спешцы, складваецца слова "пан" ... Але не, гэта не тое... Зноў вясёлая мітусня, і вось ужо вялікія літары складаюць слова "Паўлінка". 

Алена РАКАВА. 
Тэатральны Мінск. – 1973. – № 3.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: