Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Новае жыццё "Несцеркі" (1982 г., Звязда)

Новае жыццё "Несцеркі" (1982 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НОВАЕ ЖЫЦЦЁ "НЕСЦЕРКІ"

На атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР 

Музычная камедыя – жанр асаблівы. Дэмакратычнасць, сплаў элементаў розных мастацтваў (музыкі, тэатра, танца), арыентацыя на масавую аўдыторыю ўжо даўно прынеслі ёй шырокую папулярнасць і вядомасць. Але сёння ад кампазітара, які працуе ў гэтым жанры, патрабуецца немалая мужнасць. Даступнасць музычнай мовы для аперэты абавязковая, але яна не павінна грунтавацца на банальнасці. Штосьці падобнае можна сказаць пра сюжэтную лінію і музычную драматургію: зберажэнне адпаведных норм, відаць, неабходнае, але не павінна набываць характар шаблону. Адным словам, аўтар знаходзіцца як бы паміж двух агнёў. З аднаго боку, яму пагражае неразуменне масавага слухача, якое абумоўлена складанасцю музычнай мовы і вельмі рэзкім парушэннем традыцый жанру. З другога – страта аўтарытэту сярод калег-прафесіяналаў, папрокі ў безгустоўнасці, банальнасці, шаблоннасці. Спецыфіка аперэты накладае шмат абмежаванняў, ставіць шмат нялёгкіх пытанняў і задач. Таму кожная творчая ўдача ў гэтым жанры, кожны музычна-камедыйны твор са знойдзенай "залатой сярэдзінай", які б задавальняў і радавога слухача, і музыканта-прафесіянала, успрымаецца як вялікая падзея, прыцягвае ўсеагульную ўвагу і выклікае асаблівую цікавасць. 

Для культурнага жыцця нашай рэспублікі адной з такіх падзей стала пастаноўка музычнай камедыі Р. Суруса "Несцерка". Трэці сезон ідзе яна на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. 

Рыгор Сурус – кампазітар, якога зусім яшчэ нядаўна адносілі да творчай моладзі. Вучань прафесара А.В. Багатырова (у беларускай кансерваторыі) і А.С. Лемана (у асістэнтуры – стажыроўцы Ленінградскай кансерваторыі), ён вядомы перш за ўсё як аўтар вялікай колькасці "сур’ёзных" твораў: сімфоніі, скрыпічнага канцэрта, сімфаніеты для камернага аркестра, вакальна-сімфанічнай паэмы "Памяці герояў", трох фартэпіянных санат, шматлікіх п’ес для фартэпіяна і іншых інструментаў. Два творы Р. Суруса – вакальна-інструментальная сюіта "Сваток" і марш для духавога аркестра – былі ўдастоены прэмій на ўсесаюзных конкурсах і фестывалях. Разам з тым яшчэ са студэнцкіх гадоў ён праяўляў цікавасць да песні і эстраднай музыкі. Таму зварот яго да музычна-камедыйнага жанру, які спалучае ў сабе прыкметы і "лёгкага", і "сур’ёзнага" мастацтва, успрымаецца як даволі натуральны і заканамерны. 

Думаецца, што адной з прычын удачы "Несцеркі" з’яўляецца асаблівы, незвычайны характар, абумоўлены не зусім звычайнай для традыцыйнай аперэты сюжэтнай асновай. 

Музычная камедыя Р. Суруса напісана паводле п’есы В. Вольскага "Несцерка", якая ўжо шмат гадоў з’яўляецца своеасаблівай "візітнай карткай" Акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. Галоўная дзеючая асоба – Несцерка – герой шматлікіх беларускіх народных казак, жартаў, гумарэсак. Збіральныя і іншыя персанажы – уладарная Мальвіна і яе бязвольны муж Мацей, іх прывабная і добрая дачка Насця, працавіты бядняцкі хлопец Юрась, пыхлівы шкаляр Самахвальскі і тупы пан Бараноўскі. Дзеянне саткана з разнастайных фальклорных матываў і вобразаў, якія знітаваны ў адзіную сюжэтную лінію. Жывая гутарковая мова багата насычана характэрнымі бытавымі выразамі, прымаўкамі, загадкамі, тэкстамі народных песень, а ў само дзеянне ўводзяцца сцэны з побыту даўнейшай беларускай вёскі: кірмаш, прадстаўленне батлейкі, пародыя на вучоны дыспут, вясельны абрад. 

У аперэце зберагаецца змест п’есы, але яшчэ больш узмацняецца ідэя лубачнасці. Матыў скамарохаўства, які бачым у п’есе толькі адзін раз, тут разрастаецца ў самастойную лінію. Скамарохі распачынаюць і заканчваюць дзею, каменціруюць яе. Гэта ўжо не эпізадычныя, другарадныя персанажы, а яшчэ адзін рэльефны вобраз, дзейнае аблічча спектакля, якое знаходзіцца на пярэднім плане і ўзмацняе лінію галоўнага героя. 

Некаторыя новыя штрыхі дапоўнілі і аблічча Несцеркі. У яго характарыстыцы ўзрасло значэнне сацыяльных матываў (паказальная ў гэтых адносінах сцэна выгнання Несцеркі паслугачамі пана), з’явіліся лірычныя ноткі любві да роднага краю. Але гэтыя новыя элементы, зразумела, не адсунулі на задні план "спрадвечныя" якасці характару галоўнага героя – веселуна і жартаўніка. 

Тытульны ліст партытуры невыпадкова мае падзагаловак "Народная музычная камедыя". Музычная тканіна твора мае мноства элементаў, якія выклікаюць прамыя асацыяцыі з народным мастацтвам. Адсюль – зразумелая народна-нацыянальная афарбоўка, найбольш відавочна выяўленая ў меладычным ладзе. Музыка аперэты шырока выкарыстоўвае сапраўдныя народныя мелодыі, якія вельмі натуральна спалучаюцца з арыгінальным кампазітарскім тэкстам. Адзначым, што яны напоўнены дасціпнымі дэталямі і знаходкамі (аркестравымі, рытмічнымі, структурнымі), якія надаюць знаёмым тэмам новыя нюансы, новыя штрыхі. 

Але, бадай, яшчэ больш характэрны для музычнай тканіны "Несцеркі" некалькі іншы метад работы з фальклорным матэрыялам, калі ў ролі цытаты выступае не цэлая мелодыя, а яе асобная папеўка. Кампазітар "уплятае" ў свой тэкст асобныя характэрныя інтанацыі, якія служаць "знакам" той або іншай мелодыі, як правіла, вельмі вядомай – "Бульбы", "Юрачкі" і г. д. У выніку мелодыка паўстае перад слухачом як стылістычна аднародны паток, у якім слых "выхоплівае" знаёмыя папеўкі. Такія цытаты-папеўкі становяцца як бы сімваламі нацыянальнай культуры. Адчуванню яскравай нацыянальнай афарбоўкі садзейнічаюць і асобныя прыёмы аркестроўкі, якія выклікаюць асацыяцыі з гучаннем народных інструментаў – цымбалаў і жалейкі. 

Думаецца, што яскравая народная аснова – несумненная вартасць музычнай камедыі Р. Суруса, якая ў многім вызначае своеасаблівасць яе сутнасці. 

Музычная драматургія "Несцеркі" знітоўваецца са сцэнарнай, яна ідзе за ёй, дапаўняе і каменціруе яе. Паказальная ў гэтым сэнсе музычная экспазіцыя персанажаў аперэты, якая звязана з раскрыццём іх характараў у сольных нумарах і ансамблях першай дзеі. Паказальныя таксама і даволі развітая сістэма лейтматываў, прадуманыя і знітаваныя з дзеяннем тэматычныя "аркі" і рытма-інтанацыйная характэрнасць музыкі тых або іншых персанажаў. 

Але, бадай, самая галоўная функцыя музыкі ў гэтым спектаклі – не столькі ілюстрацыя сцэнарнай канвы, колькі канкрэтызацыя, глыбіннае "патаўшчэнне", а іншы раз і эстэтычная ацэнка яе важнейшых момантаў. Дваццаць чатыры нумары партытуры ўключаюць у сябе ўсе асноўныя сцэнарна-драматургічныя этапы дзеяння, у многім вызначаюць агульную атмасферу спектакля, яго эмацыянальны тонус, характар персанажаў і іх адносін паміж сабой. 

Спектакль выклікае яўныя асацыяцыі з вясёлымі прадстаўленнямі народнага тэатра батлейкі. У музыцы "Несцеркі" ёсць нямала яркіх, эфектных гумарыстычных нумароў. Гэта – і ансамблі скамарохаў, і песні Несцеркі, і дасціпныя музычныя характарыстыкі Шкаляра і Пана. 

Але не менш прывабная і лірычная лінія аперэты. Сцэны Насці і Юрася, як сольныя, так і ансамблевыя, – несумненная ўдача Р. Суруса. Прыгожы, выразны меладызм, тонкае, неназойлівае суправаджэнне, выразнае адчуванне нацыянальнага характару – усё гэта прыцягвае і простага слухача, і музыканта-прафесіянала. Асабліва вылучаюцца песня Юрася "Кацілася ды ясна зоранька", песня Насці "Мне матулька загадала", а таксама вельмі выразная і нетрадыцыйная ў стылістычных адносінах сцэна перадвясельнага плачу Насці. 

Усё сказанае дазваляе высока ацаніць вартасці музычнай камедыі Р. Суруса. Цяпер, праз два з палавінай гады пасля прэм’еры, можна смела гаварыць пра яе высокую грамадскую ацэнку. Спектаклі "Несцеркі" ідуць з аншлагам. Летась аперэта была адзначана дыпломам другой ступені на Усесаюзным аглядзе-конкурсе спектакляў музычных і драматычных тэатраў (у конкурсе ўдзельнічалі амаль 800 спектакляў). Яна выклікала цікавасць і за межамі рэспублікі: у бліжэйшы час будзе паказана ў Нікалаеве. Думаецца, што "Несцерка" Р. Суруса – значнае дасягненне ў развіцці нацыянальнага музычна-тэатральнага жанру, сведчаннем чаго з’яўляецца вылучэнне гэтага твора на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР.

А. ДРУКТ,
кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага.
Звязда. – 1982. – 1 кастр.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: