Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Новы подых "Вольнага ветру" (1986 г., Звязда)

Новы подых "Вольнага ветру" (1986 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НОВЫ ПОДЫХ "ВОЛЬНАГА ВЕТРУ"

Аперэта I. Дунаеўскага "Вольны вецер" – найбольш значная з'ява пасляваеннага музычнага жыцця краіны. Спектакль застаўся адным з дасягненняў гэтага жанру і ў наступныя дзесяцігоддзі. Удала знойдзены сюжэт з вострым палітычным гучаннем у спалучэнні з бліскучай музыкай Дунаеўскага, які ўклаў у яе ўвесь свой вопыт тэатральнага кампазітара, стварылі гэтаму твору заслужаную славу. "Вольны вецер" не сыходзіць са сцэны савецкіх і зарубежных тэатраў, карыстаецца неаслабнай любоўю слухачоў.

Лібрэта "Вольнага ветра" закранае праблему, характэрную для многіх краін Захаду: узрастаючае супраціўленне народа сілам палітычнай рэакцыі, хітрыкам падпальшчыкаў вайны. Гэтыя сілы яскрава прадстаўлены ў спектаклі Георгам Станам – былым памагатым фашыстаў, зграяй паліцэйскіх і шпікоў. З іх ганебнай палітыкай змагаюцца простыя людзі партовага горада, маракі, докеры, партызанскі важак Янга, яго каханая Стэла. Стан прапануе беспрацоўным маракам тэрмінова загрузіць карабель. Але яго выкрываюць: груз гэты – не фрукты, а зброя для зняволення вольналюбівага народа па той бок мора. Матросы і докеры адмаўляюцца ад доўгачаканай работы.


Як жа справіўся пастановачны калектыў Дзяржаўнага тэатра музкамедыі БССР з прэм'ерай? У першую чаргу трэба сказаць пра тэатральны аркестр (музычны кіраўнік і дырыжор А. Лапуноў). Паколькі акустыка сцэны тэатра не самая дасканалая, ствараліся непрыемныя моманты, калі галасы салістаў былі амаль не чуваць з-за фарсіраванага гуку аркестра. У гэтай сувязі варта напомніць дырыжору, што голас спевака не аркестровая фарба, а сольная партыя, якой неабходны чулы і больш "тактоўны" акампанемент.

Сапраўдным упрыгожаннем спектакля была народная артыстка БССР Н. Гайда у партыі Стэлы. Валодаючы надзвычай высокай вакальнай тэхнікай і драматычным талентам, яна паказала сваю гераіню то гарэзлівай, вясёлай дзяўчынай, то сапраўднай пакутніцай. З высокім трагізмам правяла яна апошнюю сцэну другой дзеі, у якой Стэла, запалоханая пагрозай закаханага ў яе Стана, адмаўляецца ў дзень вяселля ад свайго жаніха Янга. А ў трэцяй дзеі яна зноў становіцца самаадданай, няўрымслівай, мужнай і вынаходлівай.

Шырока выкарыстоўваючы ў "Вольным ветры" невялікія музычныя формы – куплеты, песенькі, Дунаеўскі разам з тым паказвае сябе і майстрам вялікіх дынамічных ансамблевых сцэн. Да іх адносіцца цудоўнае жаночае трыо ў пачатку другой карціны. Пепіта (В. Міціна), Монна (Л. Кудзелка) і Берта (Л. Зубцова) прыбіраюць кабачок да прыходу гаспадара і гасцей, горача абмяркоўваючы свае асабістыя справы, абменьваючыся жартамі. Гэтая каларытная сцэна заканчваецца вогненнай песенькай, танцам Пепіты.

Натуральнасць пераходу вакальных нумароў у танцы, пругкая рытміка многіх эпізодаў, якая дыктуе артыстам падтанцоўкі – характэрная асаблівасць "Вольнага ветру" і аперэтачнай творчасці I. Дунаеўскага наогул. Сімпатыі слухачоў выклікала камедыйная пара Пепіты і пляменніка караблеўладальніка Стана – Мікі (арт. А. Кузьмянкоў). Прывабныя вобразы маці Стэлы – Кліменціны Марыс і акцёра Цэзара Галя стварылі заслужаная артыстка РСФСР Н. Рэвінская і заслужаны артыст БССР К. Лосеў. За выкананне вызваленчай песні яго герой быў звольнены з тэатра, але не страціў мужнасці і застаўся актыўным змагаром за свабоду. К. Лосеў здолеў удала і пераканаўча выканаць гэту ролю. Цікавы вобраз легкадумнай маркізы Рэгіны дэ Сен-Клу стварыла заслужаная артыстка рэспублікі В. Мазур.

У спектаклі было нямала танцавальньіх эпізодаў, якія цікава вырашыў балетмайстар-пастаноўшчык В. Бутрымовіч, але найбольш запомніўся "Матроскі танец" у выкананні заслужанай артысткі БССР Н. Івановай і артыстаў балета Л. Рабушкі, Н. Юнцэвіч, В. Казінец, Ю. Лапша і В. Пячэні.

Рухаючай сілай музычнай драматургіі спектакля з'яўляецца гераічная "Песня пра вольны вецер".

Хочацца адзначыць плённую працу хормайстра Н. Андросавай, якая здолела дабіцца ад харыстаў інтанацыйнай чысціні, злітнага гучання і добрай нюансіроўкі.

Рэжысёр-пастаноўшчык Б. Втораў цікава вырашыў усе мізансцэны з салістамі, здолеў дэталёва распрацаваць масоўкі і зрабіць спектакль па-сапраўднаму жывым, дасціпным і вясёлым.

У поўнай адпаведнасці са зместам спектакля мастак-пастаноўшчык I. {У.} Жданаў стварыў сціплыя, але надзвычай маляўнічыя дэкарацыі.

Аперэта I. Дунаеўскага "Вольны вецер" вылучаецца "класічнай" пастаноўкай і глядзіцца з прыемнасцю і ўвагай, пра што сведчыць гарачы прыём слухачоў. Трэба спадзявацца, спектакль надоўга захаваецца ў рэпертуары Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР.

Д. ЖУРАЎЛЁЎ,
музыказнавец, заслужаны дзеяч культуры БССР.
Звязда. – 1986. – 16 мая.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: