Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ну ве–е–ельмі смешныя кашмары! (1994 г., Літаратура і мастацтва)

Ну ве–е–ельмі смешныя кашмары! (1994 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НУ ВЕ-Е-ЕЛЬМІ СМЕШНЫЯ КАШМАРЫ!

"Viva la Mamma" Г. Даніцэці ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі

Самы сапраўдны кашмар – тое, што зараз у мяне вылузвацца з-пад пяра. Бо, як вядома, і экспромт вымагае сур'ёзнай падрыхтоўкі. А неабмазгаваная імправізацыя на далікатна-белым аркушы скончваецца не чым іншым, як вульгарным чарнавіком. Што ёсць чарнавік для старонняга вока? Суцэльны кашмар! /г. зн., паводле тлумачальных слоўнікаў, нешта гнятлівае, жахлівае, накшталт жудаснага сну/.

Зрэшты, пардон, пардон: зашмат гонару простаму чарнавіку... Але ўсё ж такі чаму творцы спектакля "Viva la Mamma" далі яму, пасля коскі, такое крутое тлумачэнне: "...ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця"? Нішто сабе кашмары, калі ўвесь вечар зала дрыжыць ад рогату! Вось кажуць, напачатку сам твор Г. Даніцэці называўся "Тэатральныя прыемнасці". Дык жа слушна! Так яно і ёсць, і сустрэчу гледачоў з гэтым творам у пастаноўцы нашага тэатра музкамедыі суправаджае букет прыемнасцей. Пікантных.

Праграмка інтрыгуе: і двайною назвай спекакля, і нязвыклым папярэджаннем: "Толькі для дарослых!" I – не сваім жанравым вызначэннем: "камічная опера". Ой, яшчэ раз пардон і пардон: хіба камічная опера знакамітага італьянца не ёсць музычная камедыя? А наш тэатр як называецца? Ну, дык значыць, "Viva la Mamma" – цалкам сваё.

Ох, гэтая праграмка-інтрыганка: глядзіце, колькі тут "пікантных прыемнасцей"!

Рэжысёр пастаноўшчык Ю. Аляксандраў, пецярбуржац, які ў свой час падарыў беларускай опернай сцэне два выбітныя спектаклі: "Дон Паскуале" /зноў жа, камічная опера Г. Даніцэці/ і афенбахаўскія "Казкі Гофмана". А цяпер вось адкрыў мінчанам партытуру XIX ст., першую пастаноўку якой ажыццявіў у сваім камерным музычным тэатры. /Першую – і для Расіі/.

Побач з маэстра А. Сасноўскім, музычным кіраўніком пастаноўкі, – імя маладога перспектыўнага дырыжора В. Чарнухі. Новы галоўны хормайстар /дарэчы, воляю рэжысёра – актыўны чыннік дзеяння/ – Т. Гуліна.

Адзіная /без дублёраў!/ й непаўторная выканаўца галоўнай ролі, ролі мамы Агаты... Пардон, аўтарам роля прызначана для выканаўцы-мужчыны. Так што нашай увазе – адзіны й непаўторны саліст А. Ранцанц.

Можна і далей глядзець-вывучаць праграмку, да ўсяго /і гэта важна/ забяспечаную кароткім асветніцкім каментарыем. А можна зрабіць гэта пасля спектакля, бо падчас відовішча пазіраць яшчэ куды-небудзь, дайце веры, проста не будэе ахвоты. Таму што артысты, музыкі /уяўляеце – увесь аркестр на чале з дырыжорам/, якія атабарацца на сцэне, быццам у сваім закулісным свеце, – укруцяць і вас у свой свет, спакусіўшы "прыемнасцямі" тэатральнага жыцця. І вас мо ўжо менш за ўсё будзе цікавіць фабула. Бо вы з асалодай і захапленнем будзеце сачыць за тым, з якім захапленнем і з якой асалодаю пражываюць на сцэне артысты кавалак тэатральнай будзёншчыны, што за паўтара стагоддзя не змянілася, засталася і такой банальнай, і такой загадкавай, і такой урачыстай.

Шэраг ну зусім банальных падзей разгортваецца на сцэне. "Тэатр у разрэзе": рыхтуюцца да прэм'ерьі, рэпеціруюць оперу. Тут вам і прымадона бальзакаўскага ўзросту са сваімі выбрыкамі, і маладзейшы за яе муж, нягеглы акцёрык, але адважны каханак, здатны пайсці нават у партэр, каб сам-насам з публікай апець імпэт і хараство сваёй бязмежна любімай жонкі. Тут вам і дыпламатыя імпрэсарыо, аздобленая ціхім творчым вар'яценнем аўтара прэм'ернага шэдэўра, – на выйгрышным фоне закулісных плётак ды боек за ролю. Тут вам чаго толькі не давядзецца пачуць ды ўбачыць!

Сказаць? Скажу. Вы пабачыце расфарбаваную пад зебру таўстабокую свінню, на якой, вершкі, упершыню паўстане перад публікай галоўная гераіня падзей – матухна Агата. І гэта не будзе мужчынская пародыя на кабету, а ля славутая донна Роза. Вы пабачыце элегантную меднавалосую даму з мілавідным тварам, усмешкай, паставай ды голасам яшчэ не старой актрысы, якая хоць і трымае за далікатнай панчохай пляшку "Smirnoff", але кеміць і дзейнічае больш цвяроза за ўсіх іншых. Гэта дазваляе ёй не толькі наладзіць тэатральны лёс уласнай дачкі, але й прымірыць між сабою ўсіх гэтых капрызлівых "дзяцей сцэны" – чыннікаў прэм'еры.

Яшчэ пабачыце вы крыўдлівага зуха-тэнара з Сібіры, чый суровы мужчынскі стрыптыз не надта шакіруе публіку, бо "касцюм Адама" ў гэтым варыянце больш выдае на "касцюм рускага мядзведзя" /дакладней, проста... чорціка/. А потым увогуле з'явяцца родныя валёнкі, аблавушка, ватоўка, і загучыць гэтак настальгічна, узмоцненая "кантрапунктам" сібірскага краявіду, знакамітая тэнаровая арыя з іншай, ну вельмі вядомай оперы Г. Даніцэці "Любоўны напітак" /прыдумка Ю. Аляксандрава/.

Вы абавязкова звернеце ўвагу і на дакучлівую прыгажуню ў цеснай міні-сукенцы і... у пікантным стане. Вы будзеце сведкам таго, як ператворыцца яна ў парадзіху і, палюляўшы немаўлятка, неўзабаве зноў паўстане ў тым самым "цікавым" абліччы...

Ах, тэатр, тэатр! Ну які толк – пра яго чытаць? Яго глядзець трэба. "Viva la Mamma!" – гэта сцэна, аформленая У. Жданавым, і касцюмы, прыдуманыя В. Жалонкінай. Гэта вельмі артыстычныя дырыжоры А. Сасноўскі ды В. Чарнуха і музыканты аркестра, якія ў II дзеі спектакля ўсё ж такі пакідаюць сцэну і дабіраюцца да свайго законнага месца – да, перапрашаю, ямы. Акцёры: А. Ранцанц, Н. Гайда, З. Вяржбіцкая, Л. Лют, А. Ісаеў, У. Пятроў, I. Лінкевіч, А. Тузлукоў, В. Мінгалёў... Можна пералічыць усіх, і не памыліцца.

Праўда, гэта, на маю думку, не той спектакль, у якім трэба параўноўваць выканаўчыя склады. Ці можна тое рабіць, калі "матэрыял" не толькі падабаецца ўсім акцёрам, але і захапляе кожнага, а гэта значыць, што кожны выканаўца пачуваецца ў новай рабоце творцам – сваёй канкрэтнай ролі, сцэнічнага вобраза, тэатральнай атмасферы. I – стварае ў меру свайго разумення рэжысёрскай задачы і, вядома, уласнага таленту. Даруйце, але тут я адмаўляюся параўноўваць таленты артыстаў, якія раскрыліся так шчыра ў стасунках з партнёрамі, з гледачамі і, канечне, з музыкай. Яны заспявалі прыгожую італьянскую оперную музыку!

За ўсе гэтыя "тэатральныя прыемнасці" – пардон, кашмар-ры! – дзякуй Ю. Аляксандраву. Наўрад ці давядзецца пабачыць "Viva la Mamma!" ў інтэрпрэтацыі германскіх артыстаў, якая так уразіла рэжысёра і натхніла яго на ўласную пастаноўку. Але не трэба нешта з нечым параўноўваць або зазіраць у першакрыніцу, каб здагадацца, што россыпы дасціпных прыдумак на сцэне, вастраслоўе ў рэпліках – гэта сваё, тое, што магло нарадзіцца з фантазіі гэтага рэжысёра, і толькі сёння, і толькі ў працы з гэтай трупай.

Што: няўжо захваліла? Не тое і няўцямна распавяла? Ой, даруйце. Усё ж такі – экспромт... Дык няхай жыве Мама Агата!


С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1994. – 25 сак. – С. 11.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: