Гастроли Свердловского государственного академического театра музыкальной комедии
« НазадОПЕРНЫЯ "ІНТЭРНЫ": ЗАМЕНА ЦІ НОВАЯ ЗМЕНА?"У кадры" – вакальныя кадры Якім павінен быць сучасны артыст музычнага тэатра: оперны спявак, выканаўца аперэты і мюзікла? Гэтае пытанне, здаецца, ніколі не страчвала сваёй актуальнасці, але яшчэ больш абвастрылася ў час правядзення Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якая нечакана для ўсіх пакінула на роўных, у адной намінацыі, пералічаныя катэгорыі салістаў з артыстамі драматычных і лялечных тэатраў. Сапраўды, цяперашні спявак, акрамя шыкоўнага вакалу, павінен таксама валодаць акцёрскім майстэрствам і пластыкай. Менавіта такія артысты патрабуюцца, каб рэалізоўваць смелыя рэжысёрскія задумы не толькі ў драме і камедыі, але і ў музычным тэатры – у яго самым шырокім жанравым азначэнні. Дзе ўзяць такія кадры? Як іх рыхтаваць? Што робіцца ў нашай краіне, каб узрошчваць у гэтым кірунку таленавітую творчую моладзь? Дадзеныя пытанні і паспрабавала высветліць "К". Прыкладныя веды ці базавая адукацыя? У адрозненне ад Еўропы, музычны тэатр Беларусі развіваўся прыступкава, перажываючы перыяды, калі патрабавалася найхутчэй падрыхтаваць неабходныя кадры. Адзін з такіх этапаў, што прыпадаў на ХVIII стагоддзе, выпрацаваў схему своеасаблівай "школы-студыі" пры тэатры. У прыватны оперны тэатр таго або іншага магната запрашаўся замежны спецыяліст, які займаўся з найбольш адоранымі артыстамі, набранымі з прыгонных сялян. Тыя адораныя, у сваю чаргу, рыхтавалі астатніх. Але навучанне было скіравана, найперш, на падрыхтоўку пэўнага спектакля. У ХХ стагоддзі Беларусь, як і іншыя савецкія рэспублікі, клапацілася, наадварот, пра выхаванне спецыялістаў шырокага профілю. І хутка прыйшла да трохпрыступкавай сістэмы (дзіцячая музычная школа – музычны тэхнікум – дзяржаўная кансерваторыя), скіраванай на грунтоўную адукацыю. Праўда, на сольныя спевы і дагэтуль можна паступіць без папярэдніх прафесійных ведаў, але – на падрыхтоўчае аддзяленне, пасля якога, паскорана вывучыўшы неабходнае, давядзецца трымаць уступныя іспыты разам з астатнімі абітурыентамі. Ды ўсё ж у савецкі час беларускія оперныя кадры "каваліся", пераважна, у іншых рэспубліках, а потым "імпартаваліся" ў Мінск. Да нас з радасцю размяркоўваліся выпускнікі Маскоўскай і Пецярбургскай кансерваторый, ехалі працаваць лаўрэаты конкурсаў. Хтосьці затрымліваўся на год-два, іншыя – на ўсё жыццё. Вабіла і блізкасць да культурных цэнтраў былога СССР, і еўрапейскасць нашай нацыянальнай культуры... Добрых спецыялістаў "заманьвалі" і творчымі перспектывамі (маўляў, у Маскве ўвесь час будзеш на другім плане, а ў Мінску– атрымаеш усе цэнтральныя партыі), і побытавымі выгодамі (замест шматгадовага блукання па інтэрнатах – адразу ўласная кватэра). Таму мэтанакіравана рыхтаваць тых жа артыстаў аперэты і мюзікла ў нас пачалі толькі з канца 1990-х, калі рэжысёр Барыс Утораў набраў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў свой, папраўдзе "зорны", курс. Першы выпуск 2001 года прынёс нашай нацыянальнай культуры рэжысёра-пастаноўшчыка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Настассю Грыненка, яе брата Аляксея Грыненку, які цяпер стажыруецца ў ЗША, харэографа Дзмітрыя Якубовіча, салістку Кацярыну Дзегцярову, артыстку Купалаўскага тэатра Юлію Шпілеўскую. З выпуску 2009-га (курс Міхаіла Кавальчыка) у тэатры працуе Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова. Цяперашнія студэнты – пакуль на 3-м курсе. – Акадэмія мастацтваў рыхтуе, найперш, добрых акцёраў з прыгожымі галасамі адметных тэмбраў,– адзначае мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра Адам Мурзіч. – Але задзейнічаць іх у класічнай аперэце бывае цяжкавата: не хапае добрай вакальнай школы, якая дазваляла б спраўляцца з вельмі складанымі вакальнымі партыямі. Праўда, цяпер там пачаў выкладаць Віктар Скорабагатаў, які ўзгадаваў не адно пакаленне маладых перспектыўных оперных салістаў. Таму будзем спадзявацца на ўзаемаразуменне. Я пачаў хадзіць на ўсё іх спеўныя залікі і іспыты, каб падабраць у нашу трупу патэнцыйных артыстаў. З Акадэміі музыкі, наадварот, да нас часта прыходзяць добрыя вакалісты, а вось над іх сцэнічным абліччам, сцэнічнымі паводзінамі даводзіцца папрацаваць. Стажоры і сумяшчальнікі Дык дзе ж выйсце? Яшчэ колькі гадоў таму адзіным варыянтам вырашэння праблемы бачылася вяртанне да ранейшай схемы – умацавання трупы таго ж Вялікага тэатра запрошанымі спецыялістамі. Але сёння выпускнікі той жа Маскоўскай кансерваторыі куды больш ахвотна едуць у далёкае замежжа, чым у блізкае. Дый тэатр, каб забяспечыць ранейшыя перавагі, не ў стане набываць кожнаму салісту па кватэры. А галоўнае – навошта гадаваць чужых, калі можна і трэба ўзрошчваць сваіх? І кожны з тэатраў пачаў шукаць свой шлях. У Вялікім, да прыкладу, набралі стажорскую групу – гэтакіх "інтэрнаў" ад оперы. Прычым зыходзілі менавіта з запытаў тэатра, таму праслухоўвалі толькі мецца-сапрана і тэнараў: барытонаў ды сапрана ў тэатры хапае. – Яшчэ ўвесну, – распавяла народная артыстка Беларусі Наталля Руднева, якая ўзначальвае гэтую працу,– я пачала пільна прыглядацца да нашых студэнтаў, запрашала лепшых з іх у стажорскую групу. У верасні мы правялі дадатковае праслухоўванне, на якое маглі трапіць усе ахвотныя. У выніку стажорская група сфарміравалася цалкам. У ёй – шасцёра маладых спевакоў: тры мецца-сапрана і тры тэнары. Сярод іх – студэнты нашай Акадэміі музыкі 3-га – 5-га курсаў, адна дзяўчына з Універсітэта культуры і мастацтваў, якая займаецца ў маім класе, і нават адзін кітайскі навучэнец, прыняты з выпрабавальным тэрмінам на месяц. Кожны вакаліст – са сваёй "разыначкай". У апошнім, дарэчы, можна было пераканацца пад час нядаўніх канцэртных праграм, у якіх ужо паспелі паўдзельнічаць стажоры. Да таго ж, кожны з іх распачаў працу над адной ці нават некалькімі невялічкімі опернымі партыямі. А днямі, калі на партыю Радамэса ў "Аідзе" ўводзіўся Васіль Мінгалёў, на аркестравай рэпетыцыі Наталля Салавей праспявала Аіду. Гэта для яе – вялізны вопыт. Як жа ажыццяўляецца стажыроўка? І ці не перашкаджае яна навучальнаму працэсу? – Яна яго толькі дапаўняе, – лічыць Наталля Руднева, – бо пераносіць атрыманыя ў класе веды на практыку. Двойчытройчы на тыдзень стажоры сустракаюцца з канцэртмайстрамі і вучаць оперныя партыі. Да таго ж, займаюцца з харэогр а фам, ходзяць на спеўкі і сцэнічныя рэпетыцыі. Калі партыя, да прыкладу, на італьянскай мове, дадаткова займаюцца з перакладчыкам. Потым яны павінны будуць здаць партыю дырыжору, прайсці рэпетыцыі з рэжысёрам. Нарэшце, камісія вырашыць, ці можна выпусціць таго або іншага спевака на спектакль. Усё вельмі сур'ёзна!.. У Музычным тэатры пайшлі крыху па іншым шляху, але – у тым жа кірунку. – Творчую моладзь, большасць якой – яшчэ студэнты, – распавядае мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч, – мы бяром на паўстаўкі. Калі бачым добрыя вынікі, залічваем у штат. Цяпер у нас сямёра такіх салістаў-"кандыдатаў". Гэта, пераважна, студэнты і выпускнікі Акадэміі музыкі. А тая ж ураджэнка Беларусі Ірына Кучынская, у якой я бачу цудоўную субрэтку, прыехала да нас, скончыўшы СанктПецярбургскі педагагічны ўніверсітэт. Нават калі з гэтай сямёркі застануцца толькі чацвёра, гэта ўсё роўна будзе ўжо не часовая "замена", а добрая новая змена. І стымул для старэйшага пакалення, якое часам любіць спачываць на лаўрах. Уся маладыя спевакі прайшлі "выпрабаванне" на нядаўнім канцэрце памяці Павароцці, дзе ім давялося выступіць побач са знанымі нашымі і замежнымі салістамі. Будуць задзейнічаны яны і ў іншых праграмах: у "Навагоднім кабарэ", у канцэрце "Наталля Гайда і новыя галасы", які пройдзе на стары Новы год. Там прагучыць музыка самых розных стыляў, фрагменты тых опер, аперэт і мюзіклаў, якія не ідуць у нашым тэатры. Маладыя спевакі прымуць удзел і ў вясновай пастаноўцы аперэты "Граф Люксембург". Кожны з іх атрымлівае на тыдзень па два-тры ўрокі вакалу, якія вядуць такія знаныя салісты нашага тэатра, як Наталля Гайда і Пётр Рыдзігер. Займаліся яны і з амерыканскімі пастаноўшчыкамі, якія будуць увасабляць у нас "Вестсайдскую гісторыю". Увогуле, такі тэатр, як наш, павінен мець творчую лабараторыю, дзе быў бы рэжысёр, педагог па вакале, педагог па пластыцы. Мы да гэтага ідзём... Яшчэ адной "лабараторыяй" ці "школай-студыяй" Музычнага тэатра сталася... яго харавая трупа на чале з галоўным хормайстрам Святланай Пятровай. Апошнім часам з хору выйшла багата салістаў! Тыя ж студэнты БДАМ спачатку прызвычаіліся да сцэнічных выкрунтасаў у масоўцы ды эпізадычных ролях (да слову, тая самая "масоўка" ў многіх пастаноўках тэатра часцей за ўсё персаніфікаваная), а потым атрымалі і больш працяглыя і складаныя партыі. Вам – білет на балет Да танцавальных па салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра мы прызвычаіліся літаральна з моманту з'яўлення самога тэатра. За гэтыя гады харэаграфічнае майстэрства спевакоў так узрасло, што ўжо і не адрозніш, хто з артыстаў– вакаліст, а хто і папраўдзе танцоўшчык. Дый артысты хору гэтага тэатра танцуюць не горш за артыстаў балета, замяняючы іх ледзь не ва ўсіх пастаноўках, акрамя класічных балетаў. А што ж у Беларускай оперы? З пачатку сезона з салістамі стаў працаваць педагог-рэпетытар па харэаграфіі. Для оперных артыстаў наступіла "новая эра": заняткі двойчы ў тыдзень, якія праводзіць Генадзь Кулінковіч, уключаюць, як і мае быць, практыкаванні ля станка, па цэнтры ўяўнай сцэны, маленькія пластычныя эцюды і нават разнастайныя паклоны. Вынікі нашага "даследавання" праблемы падвёў першы намеснік дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Рылатка: – У краіне павінна існаваць свая палітыка падрыхтоўкі маладых спевакоў. Апошнім часам здаралася так, што нашы лепшыя галасы не даходзілі нават да Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, бо адразу з'язджалі вучыцца ў Санкт-Пецярбург ці Маскву. Не вярталіся яны да нас і пасля навучання. Цяперашняя ж практыка стварэння стажорскай групы і хуткі ўвод пачаткоўцаў у рэпертуар дае ім добры творчы стымул, адкрывае перад імі тыя перспектывы, якіх яны, вядома, не атрымаюць у замежжы. Да таго ж, такі ранні прыход студэнтаў у тэатр, дзе ім даюць час на адаптацыю, ашчадна ставяцца да голасу, садзейнічае не канфрантацыі, а ўзаемадапамозе паміж навучальнымі ўстановамі і тэатрам як месцам працы іх будучых выпускнікоў. З'яўленне стажорскай групы, на нашу думку, павінна стымуляваць і тых салістаў, што ўжо працуюць у трупе. Будзе замацоўвацца пераемнасць пакаленняў, а з імі – і традыцый. Праз час жа штосьці падобнае з'явіцца і ў балетнай трупе: навучэнцы нашага харэаграфічнага каледжа павінны прыходзіць да нас у тэатр нашмат раней, чым скончаць навучанне. Надзея БУНЦЭВІЧ. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by